Жыхар Крычаўскага раёна загінуў, адправіўшыся забіваць ўкраінцаў

Ураджэнец вёскі Зуі Крычаўскага раёна загінуў на расійска-ўкраінскай вайне, ваюючы на баку акупантаў.

У спісе загінулых наймітаў расійскай арміі, які вядзецца ўкраінскім праектам “Хачу жыць”, знайшлі імя Сяргея Клімянкова. 

Пры гэтым у Беларусі ён лічыўся зніклым без вестак ад 7 лістапада 2024 года і нібыта знаходзіўся на тэрыторыі Расіі. Яго шукаў рэсурс “ПСО-Беларусь”. 10 студзеня 2025 года там жа з’явілася паведамленне, што Клімянкоў загінуў.

Паводле праекта “Хачу жыць”, беларус загінуў 1 снежня 2024 года, ваюючы на баку расійскай арміі, забіваючы ўкраінцаў і захопліваючы іх зямлю. Яму быў 51 год.

Фота: ПСО-Беларусь

У Асіповіцкім раёне Яўген Прыгожын зарэгістраваў кампанію

Як высветлілі беларускія СМІ, у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў кампанію «Канкорд Мэнэджмент і Кансалтынг». Яе кіраўніком указаны Яўген Прыгожын. Інфармацыя пра гэта ўтрымліваецца ў Адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асоб і ІП Мінюста Беларусі.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Канкорд Менеджмент і Кансалтынг” са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў 19 ліпеня 2023 года. Асноўным відам дзейнасці новай кампаніі заяўлена “Кіраванне нерухомай маёмасцю”. Поўны адрас юрыдычнай асобы – Рэспубліка Беларусь, 213727, Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, Пратасевіцкі сельсавет, в. Цэль, вул. Усходняя, д. 2а. Менавіта там знаходзіцца палявы лагер, куды з Расіі прыбылі найміты ПВК “Вагнер”.

Фота з адкрытых крыніц

З’явіліся фота ваеннага лагера пад Асіповічамі, што будуецца, верагодна, для “вагнераўцаў”

Расійскі Тэлеграм-канал “Сігнал” апублікаваў фотаздымкі, атрыманыя ад аднаго з мясцовых жыхароў, якія пацвярджаюць інфармацыю пра будаўніцтва пад Асіповічамі ваеннага лагера для ПВК “Вагнер”.

Ваенны лагер разгортваецца ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. На фота можна заўважыць намёты, усталяваныя ў іх буржуйкі і насцілы. У адной такой палатцы можа размясціцца да 60 чалавек, а на ўстаноўку кожнай палаткі ідзе не больш за 30 хвілін.

Нядаўна ў каналах вагнераўцаў паявілася інфармацыя, што ПВК часова прыпыняе прыём на працу новых наймітаў у Расіі ў сувязі з няўдзелам у вайне і пераездам у Беларусь. 

Фота: Тэлеграм-канал “Сігнал””

Расійскае СМІ заяўляе, што пад Асіповічамі пачалі будаваць лагер для ПВК “Вагнер” на восем тысяч чалавек

Расійскае выданне “Вёрстка” паведамляе, што на Магілёўшчыне ў Асіповіцкім раёне ўжо пачалося будаўніцтва лагера для байцоў ПВК “Вагнер” на 24 000 квадратных метраў і на восем тысяч чалавек. 

Па словах суразмоўцы, лагераў будзе некалькі, адзін з іх размесціцца недалёка ад горада Асіповічы. Выданне заяўляе, што гэтую інфармацыю ім пацвердзілі ў Асіповіцкім лясніцтве. “Мы працуем, ужо сёння працуем. Заўтра да абеду стаіць задача [пабудаваць]» – сказаў суразмоўца «Вёрсткі». Ён дадаў, што плошча лагера складзе 24 тысячы квадратных метраў, ён будзе разлічаны на восем тысяч ложкаў.

Крыніца «Вёрсткі», блізкая да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці, пацвердзіла, што ўладам дадзена ўказанне пабудаваць лагер для ПВК у рэгіёне. Інфармацыю аб тым, што наймітаў адправяць у Беларусь, пацвярджаюць і сваякі ўдзельнікаў групы “Вагнер” – адзначае выданне.

Адна са сваячак са спасылкай на свайго знаёмага паведаміла, што падраздзяленні ПВК Вагнера, якія засталіся ў Растове-на-Доне, накіруюць у Беларусь. Яшчэ адна суразмоўніца выдання распавяла “Вёрстцы”, што яе муж, які ў суботу знаходзіўся ў Растове, паведаміў ёй аб адпраўцы ў Беларусь “хутчэй за ўсё”, але больш на сувязь не выходзіў.

Адначасова, гэтую інфармацыю ставяць пад сумнеў аўтары Тэлеграм-канала “Рыбарь”, заклікаючы не давяраць “апазіцыйнаму СМІ”, не разабраўшыся ў сітуацыі.

Фота з адкрытых крыніц

Ноччу расійскія ракеты атакавалі Крывы Рог – разбіты жылы дом, ёсць ахвяры

У ноч на 13 чэрвеня расійскія войскі правялі чарговую масавую асату тэрыторыі Украіны. Адным з найбольш пацярпелых гарадоў стаў Крывы Рог – радзіма прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.

Кіраўнік адміністрацыі горада Аляксандр Вілкул паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што ёсць прылёты па мірных аб’ектах, у тым ліку адна з ракет трапіла ў пяціпавярховік. Ёсць пацярпелыя ў крайне цяжкім стане, у паведамленні РБК-Украіна гаворыцца пра ахвяр – загінулі тры чалавекі, каля 25 пацярпелі. Пад заваламі можа знаходзіцца яшчэ сем чалавек.

Фота з адкрытых крыніц

Украінскі контрнаступ ідзе ўжо некалькі дзён – Міхаіл Падаляк

Дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк заявіў, што некалькі дзён таму пачалося контрнаступленне Узброеных сіл Украіны. 

У рамках украінскага контрнаступлення ўжо ідуць “асобныя аперацыі”, яно было пачата некалькі дзён таму – заявіў дарадца кіраўніка офіса ўкраінскага прэзідэнта Міхаіл Падаляк італьянскаму тэлеканалу RAI, паведамляе выданне “Камерсант”.

“Контрнаступленне ідзе ўжо некалькі дзён, [гэтыя баявыя дзеянні] расцягнуты на 1,5 тыс. км уздоўж мяжы, але асобныя аперацыі ўжо пачаты” – сказаў Падаляк.

Ён таксама заявіў, што Украіна збіраецца прымяняць заходняе ўзбраенне толькі на тых тэрыторыях, якія лічыць сваімі.

Фота з адкрытых крыніц

Украінскія войскі атрымалі першы поспех пад Бахмутам – генерал Сырскі

Камандуючы Сухапутных войскаў Узброеных сіл Украіны генерал-палкоўнік Аляксандр Сырскі назваў першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута.

“Прасоўванне нашых войскаў на Бахмуцкім напрамку – гэта першы поспех наступальных дзеянняў у ходзе правядзення аперацыі па абароне Бахмута. – заявіў Сырскі – Апошнія некалькі дзён паказалі, што мы можам рухацца наперад і знішчаць ворага нават у такіх звышскладаных умовах.”

Таксама Сырскі зазначыў, што Украіна ваюе меншым рэсурсам, чым вораг. Разам з тым, украінцам удаецца разбураць планы расійскіх акупантаў.

“Зрэшты, гэта толькі частковы поспех. І менавіта так яго трэба ўспрымаць. Аперацыя па абароне Бахмута працягваецца” – прыводзіць словы камандуючага агенцтва Unian.

У сваім штодзённым дакладзе аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) адзначылі, што расійскім акупантам не ўдалося дабіцца ніякіх прасоўванняў у Бахмуце.

У справаздачы адзначаецца, што расійскія сілы правялі беспаспяховыя наступальныя аперацыі ў самім Бахмуце, за 9 кіламетраў на паўночны захад ад Бахмута ў раёне Грыгараўкі, Багданаўкі і Хромавага а таксама за 14 км на паўднёвы захад ад Бахмута ў раёне Белай Гары і Прадцечына.

Ваенны аналітык Юрый Фёдараў выказаў меркаванне, што пад Бахмутам украінская армія пачала браць расіян у клешчы. 

“Для таго, каб зразумець, што адбываецца пад Бахмутам, трэба паглядзець на карту, на якой ясна бачна, што ўзброеныя сілы Украіны рухаюцца, пачынаюць сціскаць абцугі вакол такга “языка”, які накіраваны ў бок Іваноўскага. Гэта населены пункт на паўднёвы захад ад Бахмута і там ёсць такі “язык”, занятая расійскімі войскамі, і там пачынаюць сціскаць “абцугі”. ВСУ падразаюць з поўначы і з поўдня” – прыводзіць словы аналітыка Unian.

На сайце DeepStateMap прадэманстраваная дынаміка баёў пад Бахмутам (на фота). Сінім колерам выдзеленыя тэрыторыі, адваяваныя ўкраінскімі войскамі за апошнія некалькі дзён.

Фота: “Украінская праўда”.

Пад Бранскам была збіта расійская авіягрупа, якая атакавала Украіну – падрабязнасці

Днём 13 мая ў ваколіцах горада Клінцы Бранскай вобласці былі збітыя два верталёты Мі-8, а таксама самалёты Су-34 і Су-35. Самалёты пры гэтым падымаліся ў паветра для нанясення ўдараў па тэрыторыі Харкаўскай вобласці Украіны, а верталёты выкарыстоўваіся для прыкрыцця і на выпадак неабходнасці падбіраць пілотаў самалётаў.

Як пісалі mogilev.media, першая атака на расійскі верталёт адбылася апоўдні 13 мая ў небе над горадам Клінцы, у якім размяшчаецца вялікая вайсковая база. Верталёт Мі-8 разбіўся ў прыватным сектары горада, экіпаж загінуў. Губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў пра разбурэнне пяці дамоў у Клінцах у выніку падзення верталёта – перадаюць “Навіны Бранска”.

Крушэнне самалёта Су-34 адбылося следам за падзеннем верталёта і пэўны час прычына аварыі была няяснай. Да вечара 13 мая правяралася інфармацыя пра магчымае збіццё альбо аварыю яшчэ двух “бартоў” расійскай арміі – самалёта і верталёта. Пазней інфармацыя пацвярдзілася – сумарна 13 мая ў Бранскай вобласці былі збітыя два верталёты і два самалёты.

Як мяркуецца, самалёты павінны былі нанесці ўдары па цэлях у Чарнігаўскай вобласці (Украіна), а верталёты іх падстрахаваць, у тым ліку падабраць экіпажы – піша “Свабодная прэса”.

У сацсетках з’явіўся выкладзены мясцовымі жыхарамі відэазапіс атакі на адзін з верталётаў. Мяркуючы па ім, па Мі-8 нанеслі ўдар з зямлі. Для пошуку магчымых дыверсантаў у Бранскай вобласці быў абвешчаны план “Перахоп”. Вынікі пакуль невядомыя. Гэтаксама, няма дакладнай інфармацыі, адкуль быў ненесены ўдар па іншых верталёце і самалётах – з зямлі, ці з паветра.

Як паведамляе тэлеграм-канал Baza, у выніку крушэння загінулі дзевяць чалавек. У верталёце Мі-8 у Клінцах знаходзіліся тры члены экіпажа. Другі верталёт Мі-8 упаў ва Унецкім раёне. Там таксама знаходзіліся тры члены экіпажа. У вёсцы Ніжняе загінулі два пілоты знішчальніка-бамбардзіроўшчыка Су-34. У вёсцы Сурэцкі Муравей загінуў пілот знішчальніка Су-35.

Па масштабах, страта расійскай арміяй цэлай авіягрупы за адзін дзень, супастаўляльная толькі з масавымі стратамі ў самым пачатку агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Фота з адкрытых крыніц

Украінская армія пачала контрнаступ – заяўляюць ваенкоры і аналітыкі

Днём 11 мая Тэлеграм-каналы расійскіх ваенкораў выбухнулі паведамленнямі пра тое, што ўкраінская армія прарвала лінію фронта пад Бахмутам. Так, Аляксандр Сіманаў напісаў пра адступленне расійскай арміі і прарыве Узброеных сілаў Украіны ў накірунку Берхаўкі і Ягаднага. Блогер Паддубны выказаў меркаванне, што украінская армія пачала аперацыю па акружэнні расійскай групіроўкі пад Бахмутам, а таксама распаўсюдзіў алярмісцкія з’яўленні, быццам Украіна нацэлілася на ўварванне на тэрыторыю Расіі.

“Нашы таварышы з Харкава паведамляюць, што па аб’язной дарозе ўвесь дзень ідуць калоны ваеннай тэхнікі ВСУ ў бок мяжы з Белгарадскай вобласцю і на купянскі напрамак. У калонах танкі, САУ, РСЗА, бронемашыны з пяхотай.” – напісаў блогер.

Паспяховыя контрнаступальныя дзеянні ўкраінскіх вайскоўцаў зафіксаваныя таксама складальнікамі мапы DeepState https://t.me/DeepStateUA/16533. “Упершыню за доўгі час на мапе з’явіўся сіні колер”, пішуць аўтары канала – сінім колерам адзначаецца тэрыторыя, вызваленая ад расійскіх войскаў.

Высокапастаўлены вайсковы аналітык з ЗША, імя якога не называецца, распавёў CNN, што ЗСУ пачалі “фарміраваць аперацыі” напярэдадні доўгачаканага контрнаступлення, што выяўляецца ў нанясенні ўдараў па расійскіх складах зброі, камандных цэнтрах і зборах тэхнікі для падрыхтоўкі поля бою да пачатку наступальных дзеянняў. 

Як растлумачыў выданню вайсковец, гэта стандартная тактыка перад буйнымі наступальнымі аперацыямі.

Адначасова аналітыкі з амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) заявілі, што небяспека маштабнага акружэння сіл украінскай арміі з боку акупантаў у Бахмуце, верагодна, мінула. 

Мінабароны РФ больш не ставіць гэта за мэту, а некваліфікаваныя падраздзяленні ворага не здольныя ўтрымаць флангі вакол горада, каб ажыццявіць задачу. Аналітыкі лічаць, што абароннае ведамства Расіі прадэманстравала першыя прыкметы дэпрыярытызацыі намаганняў на Бахмуцкім напрамку яшчэ ў студзені 2023 года. Пра гэта сведчыць спыненне вярбоўкі на фронт зняволеных ПВК “Вагнер”.

Расійскае міністэрства абароны выступіла з заявай,  што інфармацыя пра прарыў украінцамі лініі фронта пад Бахмутам “не адпавядае рэчаіснасці” – піша Meduza.

У Кіеве ніякіх каментароў наконт магчымага перамяшчэння сваіх войскаў не давалі. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю брытанскім СМІ напярэдадні заяўляў, што для падрыхтоўкі контрнаступлення ВСУ неабходна “яшчэ крыху часу”.

Фота з адкрытых крыніц

Беспілотнікі атакавалі Крэмль, Крэмль абвінаваціў Украіну, Украіна адмахнулася

На сайце Крамля з’явілася паведамленне пра атаку двума украінскімі беспілотнікамі сёння ноччу. Пазней У сацыяльных сетках з’явілася відэа з дымам над Крамлём і ўспышкай над дахам Сенацкага палаца.

Улады Расіі адзначаюць у сваім паведамленні, што «ў выніку распачатых вайскоўцамі і адмысловымі службамі своечасовых дзеянняў» дроны вывелі са строю. Сам Пуцін, падкрэсліваюць у Крамлі, не пацярпеў, яго працоўны графік не змяніўся. Па словах прэс-сакратара прэзідэнта Дзмітрыя Пяскова, Пуціна ў момант нападу ў Крамлі не было, бо ён працуе ў рэзідэнцыі ў Нова-Агарове.

Прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў заявіў у каментары для СМІ, што Украіна не атакуе чужыя тэрыторыі.

«У нас няма інфармацыі аб так званых начных атаках на Крэмль. Але, як неаднаразова заяўляў прэзідэнт [Уладзімір] Зяленскі, усе наяўныя сілы і сродкі Украіна накіроўвае на вызваленне ўласных тэрыторый, а не на атаку чужых» – заявіў Нікіфараў.

Ён таксама пракаментаваў словы прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, які назваў атаку дронаў на Крэмль “тэрактам”. «Тэракт – гэта разбураныя пад’езды дамоў у Дняпры і Умані або ракетны абстрэл вакзала ў Краматорску і многія іншыя трагедыі. А тое, што адбылося ў Маскве, відавочна нагнятанне сітуацыі перад 9 траўня. Чаканы прыём ад нашых супернікаў» – заявіў Нікіфараў.

Фота: скрыншот