У Кітай павязуць беларускія фартэпіяна, спадзяюцца прадаваць іх у Расіі. Еўрапейскі рынак не згадваецца

Раней «Фабрыка фартэпіяна» камплектуючыя для музычных інструментаў купляла ў Германіі. Цяпер вязе з Кітаю і спрабуе прадаваць туды сваю прадукцыю.

Змену пастаўшчыка намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрашэнка тлумачыць санкцыйнымі абмежаваннямі.

«Прадпрыемства заключыла кантракт з Кітаем на пробную пастаўку ста інструментаў», – кажа ўрадовец.

На ягоны погляд вялікі патэнцыял для экспарту ўяўляе расійскі рынак. Летась у Расію было пастаўлена блізу 16 штук, у гэтым паўгоддзі кантракты падпісаны на 14, піша  Белта.

Паводле чыноўніка беларускія фартэпіяна каціруюцца як якасныя інструменты ручной работы. За час эксплуатацыі новых інструментаў, пастаўленых ва ўстановы культуры і адукацыі Беларусі, ніводнага наракання не было.

У далейшым плануецца задзейнічаць усе меры фінансавай падтрымкі беларускіх экспарцёраў для пастаўкі на рынкі, дзе гэтыя тавары запатрабаваны, абяцае Петрашэнка.

«Фабрыка фартэпіяна» пачала выпускаць айчынныя інструменты ў Мінску ў 2018 годзе. Яна прыйшла на змену знакамітай барысаўскай фабрыцы, якая раней была зачыненая.

Носьбітаў ВІЧ-інфекцыі паболела. Пераважаюць людзі старэйшыя за 30 гадоў і найбольш заражаюцца праз сексуальныя адносіны

За першыя сёлетнія паўгода ў Беларусі зарэгістравана 856 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Гэта на 13,6 працэнты больш чым за той жа перыяд мінулага году.

На Магілёўшчыне выяўлена 86-выпадкаў.


ВІЧ-інфекцыя – павольна прагрэсаванае захворванне, выкліканае вірусам імунадэфіцыту чалавека. Хвароба мае некалькі стадыяў, апошнюю з якіх з разнастайнымі клінічнымі праявамі абазначаюць тэрмінам «сіндром набытага імунадэфіцыту» (СНІД). Тэрмін «сіндром» абазначае сукупнасць сімптомаў хваробы.

Арганізм хворага губляе магчымасць абараняцца ад інфекцыяў і пухлін, узнікаюць апартуністычныя захворванні, якія не характэрны для людзей з нармальным імунным статусам.


Паводле Рэспубліканскага цэнтру гігіены эпідэміялогіі і грамадскага здароўя носьбітаў ВІЧ-інфекцыі на 100 тысяч насельніцтва складае 9,3 выпадкі. Год таму было 8,2.

У эпідаміялагічны працэс, адзначаюць спецыялісты цэнтру, уцягнутыя ўсе ўзроставыя групы насельніцтва, аднак, асноўная доля беларусаў, у якіх выяўлены вірус складаюць людзі старэйшыя за 30 гадоў.

60,8 працэнтаў носьбітаў вірусу – мужчыны. 79,1 працэнт носьбітаў заразіліся праз палавыя стасункі.

 

Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што па Ўкраіне з Беларусі раніцай стралялі ракетамі

Аператыўнае камандаванне «Поўнач» пра ракетны абстрэл Чарнігаўскай вобласці паведамляе, абапіраючыся на «беларускія крыніцы».

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, Чарнігаўшчыну атакавалі 28 ліпеня ранкам ад 7.20 да 8.30. Ракеты трапілі ў лясны масіў. Пра ахвяры сярод насельніцтва гаворкі няма.

«Паступіла інфармацыя аб запуску больш за 20 ракет з Беларусі», – даводзяць украінскія вайскоўцы ў паведамленні на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«У цяперашні час вядома аб прыбыцці 9 ракет па тэрыторыі Ганчарыўскай абшчыны Чарнігаўшчыны, якія ўпалі ў лясны масіў, – адзначана ў паведамленні. – Наша сістэма супрацьпаветранай абароны таксама працавала».

Аператыўнае камандаванне «Поўнач» абяцае падрабязней апавесці пазней.

Тым часам, старшыня Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслаў Чавус кажа пра 10 зафіксаваных “варожых прылётаў” ракет.

У сваім тэлеграм-канале ён піша што, з меркаванняў бяспекі ўстрымліваецца паведамляць падрабязнасці.

Па яго словах інфармацыя аб ахвярах і разбурэннях удакладняецца.

“Такім чынам вораг віншуе нас з Днём украінскай дзяржаўнасці. Мы людзі ўдзячныя і абавязкова ворагу за гэта аддзячым”, – піша ён.

Паводле прэс-сакратара камандавання Вайскова-паветраных сіл Украіны Юрыя Ігната па Чарнігаўшчыне стралялі ракетамі «Іскандэр» з раёну Зябраўкі Гомельскай вобласці Беларусі, перадае  выданне «Українська правда».

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Галіна Дзербыш

61-гадовую жанчыну, якую вінавацяць у тэрарызме і датычнасці да «групы Аўтуховіча» змясцілі ў карцар на 7 дзён.

Пенсіянерку з інваліднасцю з-за праблем з сэрцам і анкалогічнай хваробы адміністрацыя гродзенскай турмы №1 пакарала за тое, што адмаўлялася праходзіць праз сканер.

Жанчыну судзяць за «змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме» ды «акт тэрарызму».

На адным з пасяджэнняў яна заявіла, што падчас следства ёй увесь час пагражалі і прымушалі агаворваць сябе. Праваабарончай супольнасцю прызнаная палітзняволенай.


Анджэй Почабут

Не выйшаў 25 ліпеня на волю па сканчэнні тэрміну зняволення.

Ягоная жонка дапускае, што мужу працягнулі тэрмін утрымання пад вартай.

Журналіста і актывіста не прызнанага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі затрымалі 25 сакавіка 2021 года. Яму выстаўленае абвінавачванне ў «распальванні варожасці ці варажнечы».

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем. Утрымліваецца ў Гродзенскай турме №1.


Міхаіл Добыш

Змененае пакаранне на больш жорсткае – яго пераводзяць з «хіміі» у калонію.

Паводле праваабаронцаў суддзя Дзмітрый Сасноўскі Круглянскага раённага суду пастанавіў перавесці Добыша ў калонію тэрмінам на 10 месяцаў. 

У Круглянскай папраўчай установе адкрытага тыпу ён утрымліваўся з 12 чэрвеня 2021 году.

Быў асуджаны за тое, што 17 верасня 2020 года ў прадуктовай краме пагражаў учыніць гвалт міліцыянту.

Праваабарончай супольнасцю прызнаны палітвязнем.


Аляксей Парэцкі

Асуджаны за распальванне варажнечы і нагавор на Лукашэнку на 3 гады калоніі агульнага рэжыму.

Нагодай для крымінальнага пераследу сталі апублікаваныя паведамленні ў інтэрнэце. У сукупнасці, мужчыну было прызначанае пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі.

Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў Парэцкага ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да «тэрарыстычнай дзейнасці». Прычыны такога рашэння невядомыя.


Сяргей Красоўскі, Вольга Сыраватка

На волі

Паводле праваабаронцаў абодва былі затрыманыя па справе аб блакаванні чыгуначных шляхоў і развешванні пудзілаў з надпісамі «АМАП».

Праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі.

 

Дабавіць мільярд. Улады прагнуць прадаць за мяжу рэкордную колькасць харчоў

Аднаго мільярда долараў не хапае, каб нарасціць экспарт харчавання да 7,8 мільярдаў долараў па выніках году.

Паводле міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году сёлета тэмп росту ў вартасным выражэнні сягае 114 працэнтаў.

«Мы рэалізавалі нашу прадукцыю больш як у 100 краін свету на суму 2,8 мільярда долараў. Стаіць задача дасягнуць лічбы 7,8 мільярдаў па выніках года. Дадаць да ўзроўню мінулага года трэба будзе больш за 1 мільярд долараў», – заяўляе ён.

Па яго словах асноўным рынкам збыту харчоў застаецца Расія, піша «Белта». 

На расійскі рынак пастаўляецца 70 працэнтаў прадукцыі. Павялічаныя пастаўкі ў Кітай і іншыя краіны Азіі, а таксама ў Акіянію, Афрыку, кажа Брыло.

«Наша прадукцыя пазнавальная, канкурэнтаздольная, на складах практычна няма рэшткаў», – настойвае чыноўнік.

Нацыянальны аэрапорт пагражалі ўзарваць. Выбуховых рэчаў не выявілі

Нацыянальнаму аэрапорту рэгулярна паступаюць паведамленні аб пагрозах мініравання будынку аэравакзала, узлётна-пасадачнай паласы, а таксама паветраных суднаў авіякампаніяў. За ліпень 2022 года зафіксаваны 4 такія выпадкі. За паўгода – 52.

Апошні здарыўся 27 ліпеня. У 7:53 раніцы на электронную пошту аднаго з аддзелаў ад невядомай асобы паступіла паведамленне аб наяўнасці самаробнай узрыўчаткі на тэрыторыі аэрапорту, а таксама на борце паветранага судна авіякампаніі Belavia рэйса В2 738 Батумі – Мінск, інфармуе прэс-служба Нацыянальнага аэрапорту «Мінск».

Вобшук паветранага судна, дадатковы агляд зарэгістраванага багажу і праверка аэравакзальнага комплексу ды прывакзальнай плошчы не выявілі небяспечных рэчаў або прадметаў.

Паводле прэс-службы за першае паўгоддзе сталічны аэрапорт 52 разы атрымліваў паведамленні аб актах незаконнага ўмяшання ў дзейнасць грамадзянскай авіяцыі, якія класіфікуюцца ICAO як падманнае паведамленне інфармацыі.

У 100% выпадкаў паведамленні аб пагрозах аказваліся непацверджанымі.

Тым не менш, падраздзяленні авіяцыйнай бяспекі сумесна з праваахоўнымі органамі аператыўна рэагуюць на ўсе атрыманыя пагрозы бяспецы незалежна ад адэкватнасці паведамленняў, разглядаючы іх як рэальныя.

Беларусь пазмагаецца за азіяцкія інвестыцыі – старшыня ўраду Галоўчанка

Ён заяўляе, што краіна зацікаўленая ў з’яўленні на беларускім рынку азіяцкіх вытворцаў, бо еўрапейскія кампаніі згортваюць сваю дзейнасць у рэгіёне.

“Ва ўмовах згортвання заходнімі кампаніямі вытворчасцяў у Расіі, разгорнецца сапраўдная барацьба за азіяцкія інвестыцыі. Іх прыцягненне таксама зʼяўляецца вельмі запатрабаваным напрамкам работы кіраўнікоў замежных устаноў у адпаведных краінах”, цытуе прэм’ер-міністра БелТА.

Паводле яго слоў, замежныя інвестыцыі ў Беларусь працягваюць расці.

“У першым квартале на чыстай аснове іх рост склаў 45 працэнтаў”, – настойвае ўрадовец.

У беларускіх універсітэтах зноў прымаюць абітурыентаў на бюджэт – недабор па ўсёй краіне

Вакантныя месцы на бясплатнае навучанне амаль у кожным універсітэце. Сярод магілёўскіх ВНУ вылучаецца ўніверсітэт імя Куляшова – тут колькасць заявак ад абітурыентаў на дзённы бюджэт перавышае колькасць вакантных месцаў па ўсіх спецыяльнасцях.

Беларуска-Расійскі універсітэт і універсітэт харчовых і хімічных тэхналогій абвясцілі пра дадатковы прыём на бюджэтныя месцы. 

Так, у БРУ ёсць вольныя месцы па спецыяльнасцях аўтамабілебудаванне (6 вакансій), інавацыйная тэхніка для будаўнічага комплексу (16), тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці (17), абсталяванне і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі матэрыялаў (13), абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці (3), аўтамабільныя дарогі (9), метады і прыборы кантролю якасці і дыягностыкі стану аб’ектаў (10).

У Беларускім універсітэце харчовых і хімічных тэхналогіяў ёсць таксама вакансіі – яна на фота.

 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Сяргей Сацук


Следчы камітэт перадаў супраць рэдактара выдання «Ежедневник» крымінальную справу ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.

Журналіст за кратамі ад 8 снежня 2021 года. Першапачаткова яго абвінавацілі ў «Атрыманні хабару». У траўні сканчаўся максімальны тэрмін утрымання рэдактара пад вартай па гэтай справе, і яму выставілі абвінавачанні па новых артыкулах: «Распальванне варожасці з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў» і «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў з карысных ці іншых памкненняў».

Ірына Слаўнікава


Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе для журналісткі 4 гады пазбаўлення волі.

Пра гэта даведаліся яе калегі. Працэс над Слаўнікавай праходзіць у закрытым рэжыме ў Гомелі.

Журналістку затрымалі разам з мужам 30 кастрычніка ў мінскім аэрапорце. Яе судзяць за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», або «актыўны ўдзел у іх, а таксама за стварэнне ці ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».

Аляксандр Казакевіч


Музыку і экс-палітвязня затрымалі ў Маладзечне

Праваабаронцы паведамляюць, што прычына невядомыя.

19 ліпеня Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым за «абразу прадстаўніка ўлады» і прысудзіла 1,5 гады «хатняй хіміі», а таксама выплаціць 2 тысячы рублёў на карысць трох «пацярпелых».

Падаражэлі школьныя падручнікі. На колькі і чаму, чытайце ў матэрыяле

Сёлета камплект падручнікаў для вучняў з 1 па 11 класы абыдзецца ў 16 рублёў. Летась кошт таго ж камплекту складаў 14,5 рублёў.

Школьнікам са шматдзетных сем’яў за карыстанне дапаможнікамі трэба будзе заплаціць – 8 рублёў. Вучням з сацыяльна неабароненых семʼяў кнігі выдадуць бясплатна.

Кошт падручнікаў прывязаны да паловы базавай велічыні. Год таму яна была 29 рублёў. Сёлета – 32 рублі.