Спікерка парламенту ЗША завяршыла візіт у Тайвань і бяспечна пакінула краіну

Тым часам, Кітай праводзіць вайсковыя вучэнні па ўсім перыметры астраўной дзяржавы, якую лічыць сваёй тэрыторыяй.

Нэнсі Пэлосі прыбыла  ў Тайвань 2 жніўня. Яна сустрэлася з прэзідэнткай краіны Цай Інвэнь.

Пэлосі – самы высокапастаўлены амерыканскі палітык за апошнія 25 гадоў, які наведаў Тайвань. Спікерка парламенту ЗША заявіла, што яе дэлегацыя прыбыла, каб даць «адназначна» зразумець, што яе краіна не перастане супрацоўнічаць з востравам і не адмовіцца ад абавязанняў.

«Сорак тры гады таму Амерыка паабяцала заўсёды падтрымліваць Тайвань» – казала Нэнсі Пэлосі.

«Свет стаіць перад выбарам паміж дэмакратыяй і аўтакратыяй. Рашэнне Амерыкі захаваць дэмакратыю тут, на Тайвані, застаецца жалезным» – падкрэсліла яна.

Прэзідэнтка Тайваню заявіла, што яе краіна застаецца «вартым даверу і надзейным партнёрам ЗША».

Паводле яе, Тайвань «сутыкаецца з наўмысным узмацненнем ваенных пагроз» і «зробіць усё магчымае, каб умацаваць свой патэнцыял самаабароны».

Візіт Нэнсі Пэлосі на Тайвань выклікаў эскалацыю напружанасці між Кітаем і ЗША. Кітай выказаў «рашучы пратэст» і страшыць мерамі ў адказ.

Кітайскія вайскоўцы знаходзяцца ў стане «павышанай боегатоўнасці». Яны адначасова пачалі некалькі вучэнняў побач з Тайванем.

Паводле агенцтва «Сіньхуа» Кітай заявіў, што з 4 па 7 жніўня правядзе ваенныя вучэнні ў шасці раёнах вакол Тайваню.


Кітай лічыць Тайвань сепаратысцкай правінцыяй. Суверэнітэт Тайваню прызнаны шэрагам уплывовых краінаў свету, у тым ліку ЗША. 

Тайвань лічыць сябе Кітайскай рэспублікай. Мае 19-ю па велічыні эканоміку свету. Яе тэхналагічная індустрыя адыгрывае важную ролю ў сусветнай эканоміцы.

Узровень жыцця з’яўляецца вельмі высокім, паводле звестак МВФ на 2019–2020 гады краіна па ВУП на душу насельніцтва значна пераўзыходзіць узровень мацерыковага Кітаю.


Публікацыя падрыхтавана паводле звестак з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Нацыянальны аэрапорт пагражалі ўзарваць. Выбуховых рэчаў не выявілі

Нацыянальнаму аэрапорту рэгулярна паступаюць паведамленні аб пагрозах мініравання будынку аэравакзала, узлётна-пасадачнай паласы, а таксама паветраных суднаў авіякампаніяў. За ліпень 2022 года зафіксаваны 4 такія выпадкі. За паўгода – 52.

Апошні здарыўся 27 ліпеня. У 7:53 раніцы на электронную пошту аднаго з аддзелаў ад невядомай асобы паступіла паведамленне аб наяўнасці самаробнай узрыўчаткі на тэрыторыі аэрапорту, а таксама на борце паветранага судна авіякампаніі Belavia рэйса В2 738 Батумі – Мінск, інфармуе прэс-служба Нацыянальнага аэрапорту «Мінск».

Вобшук паветранага судна, дадатковы агляд зарэгістраванага багажу і праверка аэравакзальнага комплексу ды прывакзальнай плошчы не выявілі небяспечных рэчаў або прадметаў.

Паводле прэс-службы за першае паўгоддзе сталічны аэрапорт 52 разы атрымліваў паведамленні аб актах незаконнага ўмяшання ў дзейнасць грамадзянскай авіяцыі, якія класіфікуюцца ICAO як падманнае паведамленне інфармацыі.

У 100% выпадкаў паведамленні аб пагрозах аказваліся непацверджанымі.

Тым не менш, падраздзяленні авіяцыйнай бяспекі сумесна з праваахоўнымі органамі аператыўна рэагуюць на ўсе атрыманыя пагрозы бяспецы незалежна ад адэкватнасці паведамленняў, разглядаючы іх як рэальныя.

Адноўлены транзіт падсанкцыйных тавараў у Калінінградскую вобласць. Расія пагражала мерамі ў адказ

Літва дазволіла транзіт грузаў у Калінінградскую вобласць, якія знаходзіліся пад еўрапейскімі санкцыямі. Забарона трывала з сярэдзіны чэрвеня. Расія страшыла мерамі ў адказ, каб абараніць «свае нацыянальныя інтарэсы».

Пра аднаўленне транзіту падсанкцыйных тавараў у расійскі анклаў паведаміла напярэдадні кампанія грузаперавозак LTG Cargo, якая належыць Літоўскай чыгунцы.

«Згодна з рэгламентам Савету Еўрапейскага саюзу і кіраўніцтвам ЕК (Еўрапейскай камісіяй), а таксама тлумачэнням кампетэнтных органаў, у адпаведнасці з умовамі ўзмацнення кантролю транзітных тавараў, прадугледжанымі ў кіраўніцтве ЕК, LTG Cargo адновіць такія перавозкі з сённяшняга дня, г.зн. 22 ліпеня. Яны будуць ажыццяўляцца з захаваннем умоў узмацнення кантролю транзітных тавараў, прадугледжаных у кіраўніцтве ЕК», – гаворыцца ў паведамленні для кліентам кампаніі грузаперавозак LTG Cargo.

Транзіт тавараў, забароненых санкцыямі, будзе дазволены толькі ў выпадку, калі яны неабходныя, не лічацца незвычайным патокам і не абыходзяць абмежаванні, піша выданне Delfi.

Літва спыніла транзіт некаторых расійскіх тавараў у Калінінград пасля таго, як у сярэдзіне чэрвеня набылі моц санкцыі Еўрасаюзу, уведзеныя праз уварванне Масквы ва Украіну.

17 чэрвеня набыла моц забарона на ўвоз на тэрыторыю ЕС расійскай сталі і чорных металаў, 10 ліпеня – цэменту, алкаголю, вырабаў з драўніны, шкла, алюмінію, папяровых вырабаў, гіпсу, суднавых дэталяў. З 10 жніўня набудзе моц забарона на транспартаванне вугалю і іншага цвёрдага выкапнёвага паліва, а з 5 снежня – на расійскую нафту і нафтапрадукты.

20 чэрвеня Расія запатрабавала аднавіць транзіт. Такія дзеянні былі названыя «варожымі». Яго спыненне было расцэнена, як парушэнне міжнародна-прававых абавязацельстваў Літвы аб транзіце паміж Калінінградскай вобласцю і астатняй тэрыторыяй Расійскай Федэрацыі.

Калі транзіт не будзе адноўлены ў поўным аб’ёме, пагражала Міністэрства замежных спраў, то “Расія пакідае за сабой права на дзеянні па абароне сваіх нацыянальных інтарэсаў”.