У Кітай павязуць беларускія фартэпіяна, спадзяюцца прадаваць іх у Расіі. Еўрапейскі рынак не згадваецца

Раней «Фабрыка фартэпіяна» камплектуючыя для музычных інструментаў купляла ў Германіі. Цяпер вязе з Кітаю і спрабуе прадаваць туды сваю прадукцыю.

Змену пастаўшчыка намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрашэнка тлумачыць санкцыйнымі абмежаваннямі.

«Прадпрыемства заключыла кантракт з Кітаем на пробную пастаўку ста інструментаў», – кажа ўрадовец.

На ягоны погляд вялікі патэнцыял для экспарту ўяўляе расійскі рынак. Летась у Расію было пастаўлена блізу 16 штук, у гэтым паўгоддзі кантракты падпісаны на 14, піша  Белта.

Паводле чыноўніка беларускія фартэпіяна каціруюцца як якасныя інструменты ручной работы. За час эксплуатацыі новых інструментаў, пастаўленых ва ўстановы культуры і адукацыі Беларусі, ніводнага наракання не было.

У далейшым плануецца задзейнічаць усе меры фінансавай падтрымкі беларускіх экспарцёраў для пастаўкі на рынкі, дзе гэтыя тавары запатрабаваны, абяцае Петрашэнка.

«Фабрыка фартэпіяна» пачала выпускаць айчынныя інструменты ў Мінску ў 2018 годзе. Яна прыйшла на змену знакамітай барысаўскай фабрыцы, якая раней была зачыненая.