Дабавіць мільярд. Улады прагнуць прадаць за мяжу рэкордную колькасць харчоў

Аднаго мільярда долараў не хапае, каб нарасціць экспарт харчавання да 7,8 мільярдаў долараў па выніках году.

Паводле міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году сёлета тэмп росту ў вартасным выражэнні сягае 114 працэнтаў.

«Мы рэалізавалі нашу прадукцыю больш як у 100 краін свету на суму 2,8 мільярда долараў. Стаіць задача дасягнуць лічбы 7,8 мільярдаў па выніках года. Дадаць да ўзроўню мінулага года трэба будзе больш за 1 мільярд долараў», – заяўляе ён.

Па яго словах асноўным рынкам збыту харчоў застаецца Расія, піша «Белта». 

На расійскі рынак пастаўляецца 70 працэнтаў прадукцыі. Павялічаныя пастаўкі ў Кітай і іншыя краіны Азіі, а таксама ў Акіянію, Афрыку, кажа Брыло.

«Наша прадукцыя пазнавальная, канкурэнтаздольная, на складах практычна няма рэшткаў», – настойвае чыноўнік.