Украінскія вайскоўцы сцвярджаюць, што па Ўкраіне з Беларусі раніцай стралялі ракетамі

Аператыўнае камандаванне «Поўнач» пра ракетны абстрэл Чарнігаўскай вобласці паведамляе, абапіраючыся на «беларускія крыніцы».

Паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, Чарнігаўшчыну атакавалі 28 ліпеня ранкам ад 7.20 да 8.30. Ракеты трапілі ў лясны масіў. Пра ахвяры сярод насельніцтва гаворкі няма.

«Паступіла інфармацыя аб запуску больш за 20 ракет з Беларусі», – даводзяць украінскія вайскоўцы ў паведамленні на сваёй старонцы ў Фэйсбук.

«У цяперашні час вядома аб прыбыцці 9 ракет па тэрыторыі Ганчарыўскай абшчыны Чарнігаўшчыны, якія ўпалі ў лясны масіў, – адзначана ў паведамленні. – Наша сістэма супрацьпаветранай абароны таксама працавала».

Аператыўнае камандаванне «Поўнач» абяцае падрабязней апавесці пазней.

Тым часам, старшыня Чарнігаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Вячаслаў Чавус кажа пра 10 зафіксаваных “варожых прылётаў” ракет.

У сваім тэлеграм-канале ён піша што, з меркаванняў бяспекі ўстрымліваецца паведамляць падрабязнасці.

Па яго словах інфармацыя аб ахвярах і разбурэннях удакладняецца.

“Такім чынам вораг віншуе нас з Днём украінскай дзяржаўнасці. Мы людзі ўдзячныя і абавязкова ворагу за гэта аддзячым”, – піша ён.

Паводле прэс-сакратара камандавання Вайскова-паветраных сіл Украіны Юрыя Ігната па Чарнігаўшчыне стралялі ракетамі «Іскандэр» з раёну Зябраўкі Гомельскай вобласці Беларусі, перадае  выданне «Українська правда».

Навіны пабрацімых. Мэр Мікалаева апублікаваў фотаздымкі з наступствамі бамбавання гораду

Прыфрантавы Мікалаеў зноў зведаў масіраванае бамбаванне расійскімі войскамі. Пасля 4 гадзінаў раніцы ў горадзе адбылося больш за 20 выбухаў.


Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці


Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча ракеты трапілі ў дзве больніцы. У будынках выбітыя вокны, у некаторых пакояў абвалілася столь.

«Персанал і пацыенты не пацярпелі. У адной установе пацярпеў ахоўнік», – паведаміў ён у сваім тэлеграм-канале.

Пазней стала вядома, што ў выніку атакі на горад пацярпела 12 чалавек. Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Інше.ТВ».

Пабрацімства Мікалаева з Магілёвам было замацаванае дамовай у 2009 годзе.

31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.

Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».