Магілёўскія пляжы на Фацінскай затоцы і кар’еры ў Брадах адкрыюць для купання

Да сёлятняга сезона купання ў Магілеве будуць адкрыты 5 афіцыйных пляжаў. Летась іх было 3.

У гэтым годзе купацца будзе дазволена на пляжы Пячэрскага вадасховішча, на Святым возеры, на гарадскім пляжы ракі Днепр, а таксама на пляжы вадаёма ў вёсцы Брады і на Фацінскай затоцы Дняпра. 

Купанне ў апошніх двух месцах у мінулыя гады было забаронена, што не спыняла жыхароў Магілёва, і яны станавіліся масавымі парушальнікамі закону. Людзі цягнуліся ў спякоту да гэтых вадаёмаў, часам на гэтай глебе здараліся канфлікты з праваахоўнікамі, пра што пісалі mogilev.media. 

Найперш, трэба павіншаваць гараджан з легалізацыяй пляжа на Фацінскай затоцы. Яно лагічнае, бо вакол заліва ўжо праведзена добраўпарадкаванне: створана вулічная мэбля для адпачынку, створана ўтульная пляжная зона і месцы для паркоўкі транспарту. 

Пляж у Брадах яшчэ патрабуе навядзення парадку. 

На Магілёўшчыну ідзе шторм, будзьце асцярожныя

На Мінскай трасе зараз вось такая абстаноўка. МНС і ДАІ папярэджваюць пра неспрыяльную абстаноўку на дарогах. Снегам заваліла пераважна Міншчыну, але мінусавыя тэмпературы і ападкі паступова набліжаюцца да заходніх раёнаў Магілёўшчыны. 

Моцныя снегапады паралізуюць рух транспарта, выклікаюць пашкоджанне дрэў, ліній электраперадач, дахаў будынкаў і збудаванняў – папярэджваюць ратавальнікі. Пагэтаму рэкамендуецца пазбягаць дрэў і разнастайных збудаванняў падвышанай рызыкі – мастоў, эстакад, трубаправодаў, ліній электраперадач, патэнцыйна небяспечных прамысловых аб’ектаў.

Пракуратура стварае пад Палыкавічамі новае гісторыка-мемарыяльнае пахаванне

У Магілёўскім раёне Генпракуратура ініцыюе прысваенне статусу гісторыка-мемарыяльнага месца брацкім магілам каля Палыкавіч – паведамляе БелТА.

Каля Палыкавічаў, што пад Магілёвам, знаходзіцца месца масавага расстрэлу і спалення больш як 10 000 мірных жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Даследчыкі мяркуюць, што большая частка пахаваных тут людзей, гэта ахвяры Халакосту. У афіцыйных жа крыніцах у апошнія гады нацыянальная прыналежнасць забітых не праблематызуецца, іх усіх агулам залічваюць да ахвяр “генацыду беларускага народа”.

Пры Міністэрстве абароны па ініцыятыве Генпракуратуры створана міжведамасная камісія, якая вызначае памятныя ўзбуйненыя месцы пахаванняў астанкаў ахвяр генацыду.

Фота мае ілюстрацыйны характар.

Дождж змыў апошні снег і пераўтварыў гарадскі пляж у Магілёве ў востраў. Фотазамалёўка.

Начныя дажджы змылі снег і абверглі прагнозы на мінімальную паводку Дняпра. Рака ўжо выйшла месцамі з берагоў у Магілёве і падтапіла гарадскі пляж.

Яшчэ пару дзён таму крыгі ад студзеньскага крыгахода ўпрыгожвалі берагі Дняпра. І здавалася, што паводка зноўку будзе мінімальнай, як і ўсе апошнія гады. Але адзін моцны дождж змыў снег з палеткаў і дазволіў Дняпру выйсці месцамі ў пойму.

Дняпро ў Магілёве ўпёрся ў мураваную набярэжную. Толькі маленькая дарожка яшчэ вядзе на тэрыторыю гарадскога парку.

Месцамі ўжо затоплены пешаходныя і веладарожкі гарадскога парку.

Ужо некалькі дзён стражытная ратуша ізноў бачыць былую веліч Дняпра.

Любавацца шырынёй паўнаводнага Дняпра ў Шклове, Магілёве, Быхаве можна будзе яшчэ некалькі дзён. 

У Клімавічах затапіла прыватны сектар

Адразу на некалькіх вуліцах райцэнтра былі затоплены дамы ў прыватным квартале горада.

Дажджы і актыўнае раставанне снегу даставілі нямала праблем жыхарам Клімавіцкага раёна. Як паведамляе rodniva.by у саміх Клімавічах аказаліся падтопленымі нямала прыватных падворкаў па вуліцах Куйбышава, Герцэна, Пралетарскай, Камуністычнай і некаторых іншых. 

Пры гэтым затапляе не проста тэрыторыі вакол прыватных дамоў, але вада трапляе ў скляпы, гаражы і іншыя гаспадарчыя збудаванні. 

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях Клімавічаў паведамляе, што пацярпелых няма і жыццезабеспячэнне насельніцтва не парушана. На цяперашні момант вядзецца маніторынг гідралагічнага становішча ў горадзе і раёне.

Фота rodniva.by 

Камсамольскую вуліцу ў Магілёве пашыраюць для аўтамабіляў і звужаюць для пешаходаў

У еўрапейскіх гарадах вуліцы ў цэнтры звужаюць, каб абмежаваць рух аўтамабіляў, а ў Магілёве наадварот – пашыраюць. 

Рэканструкцыя вуліцы Камсамольской дайшла да прыпынка “Каледж мастацтваў”, і стала бачна, што праезджую частку пашыраюць за кошт пешаходных тратуараў. 

Магілёўскія гарадскія актывісты звярнулі ўвагу на брукаванку, якую знайшлі каля Драматычнага тэатру. Яе ўжо знялі і некуды прыстроілі. 

Але цяпер стала зразумелым, што беды магілёўцаў на гэтым не скончыліся. Гарадская архітэктура аказваецца, вырашыла, што машынам і аўтобусам цесна на Камсамольскай, і звужае і так вузкія каля Каледжа мастацтваў пешаходныя дарожкі. 

У многіх еўрапейскіх гарадах для машын звужаюць вуліцы, каб абмежаваць рух транспарту. Там уводзяць аплату за ўезд у цэнтр, выносяць дарогі ў тунэлі, развіваюць велаінфраструктуры і г.д. Гэта робіць цэнтры гарадоў вальнейшымі ад аўтамабіляў і больш экалагічнымі, а людзей здаравейшымі. 

На вуліцы Камсамольскай усё адбываецца з дакладнасцю наадварот. Што дасць з’яўленне новай паласы для аўтобусаў і тралейбусаў? Праезд для аўтамабільнага транспарту стане сапраўды лягчэйшым. Але пешаходам да раварыстам і сёння там цяжка разыйсціся. А заўтра гэта стане зусім цяжкавырашальнай задачай.

Фота: mogilev.media

Новыя кіраўнікі прызначаныя на “Белшыну” і ў тры раёны Магілёўшчыны

27 сакавіка адбылося прызначэнне новых старшынь райвыканкамаў у Круглым, Хоцімску і Чавусах. Кіраўнікамі сталі адпаведна Сяргей Ермаліцкі, Геворг Мелканян і Дзмітрый Акуліч. 

Замест затрыманага з-за карупцыйнага скандала, пра які пісалі mogilev.media Андрэя Бунакова новым генеральным дырэктарам “Белшыны” прызначаны былы намеснік галоўнага інжынера па тэхнічным развіцці Аляксандр Кавалёў – піша БелТА.

Фота: БелТА

На Магілёўшчыне пачынаецца нераст – уводзяцца абмежаванні рыбакам, нельга будзе плаваць на лодках

З 1 красавіка і па 30 мая на тэрыторыі Магілёўскай, Мінскай і Гарадзенскай абласцей уводзяцца абмежаванні на рыбную лоўлю і на перамяшчэнне па вадаёмах. У Віцебскай вобласці абмежаванні і забароны пры аматарскім рыбалоўстве будуць дзейнічаць з 10 красавіка да 8 чэрвеня 2023 года. У Берасцейскай і Гомельскай абласцях абмежаванні на нераст дзейнічаюць з 20 сакавіка і будуць працягвацца да 18 мая.

Увесь гэты час лавіць рыбу можна будзе толькі адной вудой з адным кручком або адным спінінгам, абсталяваным адной штучнай прынадай, якая мае не больш за два адзінарных, або падвойных, або трайных гаплікаў. Лавіць можна толькі ў светлы час сутак з берага, альбо з мастоў і іншых канструкцый, без заходу ў ваду. 

Таксама забараняецца выкарыстанне грамадзянамі маламерных судоў і суднаў з рухавікамі.

Фота ілюстрацыйнае.

У горадзе Горкі пройдзе грамадскае абмеркаванне бярозы

Так-так, райвыканкам Горак прыняў рашэнне пра грамадскае абмеркаванне аднаго дрэва.

Грамадскае абмеркаванне адбудзецца 3 красавіка (у наступны панядзелак) каля будынка Горацкага райвыканкама па адрасе: горад Горкі, вуліца Якубоўскага, 9. Пачатак а 10:00. 

На сайце райвыканкама сказана, што бяроза “перашкаджае эксплуатацыі будынкаў, збудаванняў і іншых аб’ектаў, бо расце на адлегласці менш за 5 метраў да восі аб’екта”.

Верагодна, гэтая бяроза засталася апошняй ад бярозавага гаю, што рос каля райвыканкама і што быў спілаваны, бо мясцовым чыноўнікам птушкі гадзілі на вопратку – пісалі mogilev.media.

Фота ілюстрацыйнае.

Культурнай сталіцай Беларусі ў 2024 годзе будуць Бялынічы

Культурнай сталіцай-2024 стануць Бялынічы Могілёўскай вобласці. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры па выніках разгляду прэзентацыйных матэрыялаў на наданне статусу “Культурная сталіца года” ў 2024 годзе – паведамляе афіцыйны Тэлеграм-канал Міністэрства культуры Беларусі.

У спісе прэтэндэнтаў былі таксама гарады Камянец Брэсцкай вобласці, Глыбокае Віцебскай вобласці, Мазыр Гомельскай вобласці, Свіслач Гродзенскай вобласці.