Адкрылі новы фантан у Тэатральным скверы Магілёва – фота

Сёння ў 17.00 адбылося ўрачыстае адкрыццё новага фантана ў Магілёве. Тэатральны сквер атрымаў новую кампазіцыю, упрыгожаную скульптурай Андрэя Вараб’ёва.

Фота: mogilev.media

Магілёўскія метадысты зрабілі вышытую мапу рэгіёна

У Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці завяршылі вышыўку мапы Магілёўшчыны з этнаграфічнымі і культурнымі адметнасцямі і перадалі яе ў Мінск для складання ў агульны вялікі вышыты габелен. 

Майстры з усяго рэгіёна актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні карты. Па ўсталяваным графіку яны прыязджалі ў Магілёў і ўносілі ў гэтую карту тыя элементы, якія дэманстравалі культуру і здабыткі сваёй малой радзіны. 

Яе стваралі ў рамках рэспубліканскага праекта “Культурная спадчына Беларусі”. Згодна задуманай ідэі, майстры народнай творчасці стваралі карты рэгіёнаў, якія будуць сабраны ў адзіную карту Беларусі памерам 3х2,5 м. Карта-габелен стане сімвалам культурнай спадчыны беларускага народа – паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”.

Нагадаем, што вышытая карта Магілёўскага краю прадстаўлена рознымі брэндамі. Гэта і «Крычаўскі канёк» Крычаўскага раёна, і «Залатая пчолка» Клімавіцкага раёна, і «Саламяныя павукі» Быхаўскага раёна, і «Блакітная крыніца» Слаўгарадскага раёна, а таксама абрад «Варвараўская свечка», якім рэпрэзентуецца Мсціслаўшчына, пра што некалькі месяцаў таму пісалі mogilev.media. 

Фота: “Магілёўскія ведамасці”

На Магілёўшчыне лавілі нелегалаў – 11 дэпартацый, 2 крымінальныя справы

У Магілёўскай вобласці завяршыўся першы этап аперацыі па супрацьдзеянні незаконнай міграцыі пад умоўным найменнем “Нелегал-Трафік” – паведамляе прэс-служба УУС Магаблвыканкама.

У выніку мерапрыемстваў супрацоўнікамі УУС вобласці выяўлена 217 адміністрацыйных правапарушэнняў, з якіх 208 – парушэнняў правілаў уезду, выезду, знаходжання і транзітнага праезду. 

Выдварана ў адміністрацыйным парадку і дэпартавана 11 замежных грамадзян.

Падчас правядзення «Нелегал-2023» узбуджаны 2 крымінальныя справы за парушэнне замежнікамі тэрміну забароны ўезду ў краіну.

Фота з адкрытых крыніц

Выскачыў на сустрэчку – у жорсткай аварыі ў Шклоўскім раёне пацярпелі чатыры чалавекі

Вечарам 29 чэрвеня кіроўца аўтамабіля Peugeot, які вёз на лафеце яшчэ адзін аўтамабіль, BMW, не справіўся з кіраваннем і вылецеў на паласу сустрэчнага руху – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. Там ён сутыкнуўся з мікраўтобусам Volkswagen, які ўдарам выкінула ў кювет. Пацярпелі і былі дастаўленыя ў лякарню чацвёра – кіроўцы і пасажыры абодвух аўтамабіляў.

Фота: УУС

Эпідэміёлагі забракавалі восем пляжаў на Магілёўшчыне, але на іх усё роўна можна купацца

Актуальная інфармацыя па стане месцаў для адпачынку каля вады – куча парушэнняў і перавышэнняў, і ўсяго адна забарона.

За мінулы тыдзень у рэгіёне былі адабраны 104 пробы вады адкрытых вадаёмаў. З іх не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках – 18, па санітарна-хімічных – 11. Такой інфармацыяй дзеліцца Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.  

Эпідэміёлагамі накіравана хадайніцтва ў Магілёўскі райвыканкам аб забароне купання і занятку воднымі відамі спорту на на вадасховішчы в. Вільчыцы.

Але нягледзячы на папярэджанні санітарных служб, мясцовымі ўладамі не былі прыняты рашэнні аб забароне купання і занятку воднымі відамі спорту на наступных аб’ектах – на гарадскім пляжы на Дняпры, на пляжы на сажалцы ў Брадах, на Святым возеры, на  затоцы ў раёне Фаціна, Пячэрскім вадасховішчы ў Магілёве. Таксама – на пляжы ў вёсцы Палыкавічы Магілёўскага раёна, на шклоўскім гарадскім пляжы, на пляжы ў вёсцы Путнікі Шклоўскага раёна. 

Таксама на дзвюх зонах рэкрэацый – кар’ер «Пяшчаны» Клімавіцкага раёна, і каля вёскі Падлужжа Кіраўскага раёна ўстаноўлены парушэнні ў частцы іх ўтрымання.

Актуальную інфармацыю аб месцах для купання можна знайсці тут.

Фота з адкрытых крыніц

Скандал у магілёўскім “Дняпры” – варатар “забухаў” і “паслаў каманду на тры літары”

Памочнік галоўнага трэнера магілёўскага футбольнага клуба “Днепр” Сяргей Кузьмініч распавёў рэсурсу football.by балючую гісторыю здрады асноўнага варатара каманды Уладзіміра Журава.

На наступны дзень пасля вяселля аднаго з гульцоў каманды, Красіміра Капава, Жураў перастаў паяўляцця на трэніроўках і не з’явіўся на вырашальную гульню Першай лігі Чэмпіяната Беларусі з віцебскім “Макслайнам””.

– Жураў, груба кажучы, забухаў. – расказаў трэнер Сяргей Кузьмініч – І мне хочацца, каб ён панёс за гэтае пакаранне. У нас меўся быць матч з “Макслайнам” на выездзе, а ён перастаў з’яўляцца на трэніроўках. Прапусціў з-за гэтага два запар дні трэніровак – пятніцу і суботу, уключаючы і перадгульнявы занятак, напярэдадні нашай нядзельнай сустрэчы. Натуральна, і на саму гульню ён таксама не паехаў.

Каманда вымушана была разлічваць на маладых галкіпераў, якія не выратавалі – “Днепр” прайграў 5:2, хоць у пачатку сустрэчы вёў з лікам 0:2. Але не толькі паражэнне ставяць у віну Уладзіміру Жураву, але яшчэ і чалавечыя адносіны.

– Скажу больш. – працягвае Кузьмініч – Усе ж ведаюць, што на “Днепр” накладзена забарона на трансферы, якая заканчваецца 9 ліпеня. І вось зімой Жураў хацеў паляпшэння асабістых умоў кантракта. А нам з-за гэтай забароны дзявацца асабліва не было куды. І вось [галоўны трэнер] Герашчанка гатовы быў даплочваць Жураву гэтую частку са сваіх грошай – з уласнай кішэні. Быццам бы да гэтага не дайшло, але сам факт. А тут такая здрада – і самога футбола, і ўсіх нас…

Журава ў дзень выяздной гульні знайшлі прадстаўнікі каманды.

– Нам сказалі, што адбываецца. А потым наш трэнерскі штаб прыехаў туды, дзе знаходзіўся Жураў, і ўбачылі ўсё гэта самі. Ён проста спаў п’яны за сталом. Што за ўстанова? Нейкае гарадское, летняга тыпу. Потым начальнік каманды спытаў у Журава, ці не хоча ён папрасіць прабачэння. А той хлопцаў, груба кажучы, на тры літары паслаў. Што зараз з ім будзе? Не ведаю. Будзе каля магазіна стаяць.

Уладзімір Жураў ужо адлічаны з каманды “Днепр”.

Фота: fc-dnepr.by

Пажар на чавускай “Бабулінай крынцы”, на якім загінуў галоўны інжынер, нанес стратаў на 200 тысяч

Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ведамства. У выніку пажару ў цэху чавускага філіяла “Бабулінай крынкі” загінуў 62-гадовы работнік прадпрыемства, галоўны інжынер. Агнём пашкоджана і знішчана маёмасць на агульную суму звыш 200 тысяч рублёў.

Працоўная версія здарэння звязвае пажар з працамі па дэмантажу труб пры дапамозе газазварачнага абсталявання, што праводзіліся нанятай арганізацыяй.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Скралі грошай і бутэльку гарэлкі – дайджэст тыповых здарэнняў з глыбінкі на Магілёўшчыне

У жыхаркі Мсціслава сужыцель забраў 185 рублёў, а крычаўлянін скраў карту сабутэльніка і разгуляўся на поўную.

Два здарэнні, звязаныя з грашыма, адбыліся ў Мсціславе. У першым выпадку жыхарка горада паведаміла аб тым, што сужыцель забраў у яе 185 рублёў і купіў на іх спірт.

Другі не менш занятны. Мсціслаўчанка давала грошы брату мужа на лячэнне. Аднак ён іх не вяртаў. Больш за тое, у сацсетцы апублікаваў паведамленне аб тым, што менавіта яна вінна яму грошы. 

Адбыўся таксама крадзёж на вуліцы Кірава, дзе ў мужчыны з аўтамабіля выцягнулі дакументы, а ў краме “Дабраном” жанчына скрала бутэльку гарэлкі – паведамляе раённая газета “Святло кастрычніка”.

Нетрывіяльны выпадак здарыўся і ў Крычаве. Два таварышы выпівалі разам. У працэсе адзін выкраў у другога банкаўскую карту, палічыўшы гэта лёгкай здабычай. Спачатку “закляты сябар” закупіўся прадуктамі і спіртым, а пасля вырашыў яшчэ прагуляцца па крамах Крычава. Агулам разгуляўся на суму ў 258 рублёў – паведамляе газета “Крычаўскае жыццё”. 

Фота ілюстрацыйнае 

Ліцэй МУС адкрыецца ў Магілёве ў наступным годзе – падпісаны ўказ

Яшчэ ў саквіку стала вядома, што першы абласны ліцэй Міністэрства ўнутраных спраў з’явіцца ў Магілёве ў 2024 годзе. Цяпер жа адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка – паведамляе прэс-служба абласнога УУС. 

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёве выявілі небяспечны расійскі сідр і медавуху

Сідр “Чорная вішня” і “Блакітная лагуна”, а таксама медавуха “Класічная” расійскага завода па вытворчасці він і напіткаў “Каскад”, як высветлілася, утрымлівалі ў сваім складзе сінтэтычныя фарбавальнікі і аказаліся ў два разы мацней, чым заяўлена на этыкетках.

Магілёўскі занальны цэнтр гігіены і эпідеміялогіі паведамляе, што выяўленыя ў крамах “За півам” на Пушкінскім праспекце ў Магілёве, і “Вясёлы лось” па вуліцы Якубоўскага напіткі ўтрымліваюць рэчывы, не прамаркіраваныя на этыкетцы. 

Так, сідр “Чорная вішня” Злынкаўскага завода “Каскад” (Расія, Бранская вобласць) меў у сваім складзе сінтэтычныя фарбавальнікі азарубін і бліскучы сіні, не паказаныя на маркіроўцы прадукцыі. Таксама выяўлены кансервант – бензойная кіслата, не прадугледжаны ў вытворчасці сідру. Пры заяўленай моцнасці напоя ў 6%, ён аказаўся амаль у два разы мацней – 11%.

Гэтаксама, 11-12% этылавага спірту замест шасці выявілася ў сідру “Блакітная лагуна” і медавусе “Класічнай” таго ж завода. У сідры таксама знайшлі непрамаркіраваны на этыкетцы сінтэтычны фарбавальнік.

Фота з адкрытых крыніц