Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва спагнаў 8 тысяч рублёў з транспартага прадпрыемства “Магілёўаблаўтатранс” – кампенсацыю за маральную шкоду, прычыненую здароўю дзіцяці. Праўда, гэта ў пяць разоў меней чым складала першапачатковая сума пазовы.
21 лістапада 2022 года падчас паездкі ў аўтобусе 11-гадовай дзяўчынцы заціснула правую руку паміж дзвярыма і поручнем. У той жа дзень ёй аказалі медыцынскую дапамогу ў сувязі з закрытым пераломам правай прамянёвай косткі.
Маці дзяўчынкі падала пазоў з патрабаваннем спагнаць з Магілёўаблаўтатранса на карысць дзіцяці 50 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Але суд задаволіў патрабаванні толькі часткова, бо спагнана з транспартага прадпрыемства сума ў памеры васьмі тысяч рублёў.
Суд улічыў, што шкода дзіцяці прычыненая крыніцай падвышанай небяспекі, але сума кампенсацыі вызначалася зыходзячы з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці. Апеляцыйная скарга, пададзеная “Магілёўаблаўтатрансам”, была пакінутая без задавальнення, рашэнне суда ўжо набыло моц – паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА.
12 ліпеня 2023 года завяршылася шматгадовая эпапея з банкруцтвам “Магілёўсаюздрука”, пра якое пісалі mogilev.media і якое пакінула жыхароў рэгіёна без шапікаў са свежай прэсай. Усюды па Магілёўшчыне зачыніліся не толькі кіёскі, але часам – адзіныя друкарні на ўвесь горад, як, напрыклад, у Крычаве. У Бабруйску каля 50 шапікаў перасталі працаваць яшчэ ў мінулым годзе.
Але пачынаючы з чэрвеня гэтага года ў Бабруйску, Магілёве і Шклове сталі зноў працаваць некаторыя шапікі. У Бабруйску – два раней зачыненыя кіёскі, але цяпер ужо не пад вывескай “Магілёўсаюздрук”, а – “БелДрук”. Бабруйскія пры гэтым знаходзяцца ў падпарадкаванні Гомелскага філіяла “Белсаюздрука” – піша “Камерцыйны кур’ер”. Шклоўскія – ў падпарадкаванні Віцебскага філіяла.
У Бабруйску зараз працуюць два шапікі. Адзін знаходзіцца на вуліцы 50 гадоў ВЛКСМ, другі – на праспекце Будаўнікоў, побач з прыпынкам грамадскага транспарту каля гарадской паліклінікі №7. У найбліжэйшыя дні ў Бабруйску будзе адкрыты яшчэ адзін павільён “БелДрук” на вуліцы Ванцэці. Усяго ж да канца года плануецца, што бабруйчане змогуць набываць неабходныя тавары ў пяці павільёнах “БелДрук”, размешчаных у розных раёнах горада.
У Магілёве працуюць каля дзесяці, і ў іх, выглядае – мінскае падпарадкаванне. Графік развіцця адноўленай сеткі газетных кіёскаў на Магілёўшчыне можна пабачыць на сайце “БелДрука”.
На ўікенд у Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць сярэднесутачныя тэмпературы крыху ніжэй за +20°С. Ноччу да +13°С, днём да 22°С. Будзе пераважаць воблачнае з ападкамі надвор’е. Працягласць дня паменшылася амаль на гадзіну і скарачаецца па 2 хвіліны на суткі. 23 ліпеня сонца ўзыйдзе ў 4:48, зойдзе ў 21:13, працягласць дня 16 гадзін 15 хвілін.
21 ліпеня, пятніца. Надвор’е абяцае быць воблачным і без ападкаў у большасці раёнаў. Уноч да +13°С, раніцай да +17°С, днём тэмпература падрасце толькі да +22°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы з паўночнага-захаду, захаду, хуткасць вятроў да 2-4 м/с. Растучы Месяц. Магнітнае поле неўстойлівае.
У суботу, 22 ліпеня, на большай частцы тэрыторыі вобласці на працягу сутак прагназуюцца дажджы, вынікам якіх стане падзенне тэмператур. Уноч і ўранні да +12°С, днём слупок тэрмометра падымецца толькі да +15°С, месцамі і ў асобных раёнах да +17°С. На працягу сутак будуць паступаць паветраныя масы паўднёвых напрамкаў, к вечару – з паўночнага захаду, хуткасць вятроў да 4 м/с. Месяц расце. Магнітнае поле неўстойлівае.
У нядзелю, 23 ліпеня, прагназуецца воблачнае надвор’е, на большай часцы вобласці дажджы, уноч і раніцай да +11°С, удзень паветра прагрэецца да +19°С. З рання і да вечара вызначаць надвор’е будуць заходнія вятры хуткасцю да 4-6 м/с. Месяц расце.
Ранак панядзелка, 24 ліпеня, пачнецца з даждлівага надвор’я, з ранішнімі тэмпературамі да +12°С, з паўднёва-заходнімі вятрамі хуткасцю да 3-5 м/с. У другой палове дня захаваецца даждлівае надвор’е, тэмпература да +22°С.
Да праваахоўнікаў звярнуліся некалькі ашуканых грузаперавозчыкаў, якія заявілі, што іх ашуквае дырэктар лагістычнай фірмы ў Мінскім раёне, сістэматычна не разлічваецца за аказаныя паслугі – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.
Аператыўнікі аддзела барацьбы з эканамічнай злачыннасцю Бабруйскага ГУУС высветлілі, што 34-гадовы кіраўнік фірмы, са студзеня па верасень 2022 года, ведаючы аб стратнай дзейнасці і немагчымасці ў поўным аб’ёме разлічыцца па сваіх абавязацельствах, працягнваў арганізацыю дастаўкі грузаў.
Пры гэтым грашовыя сродкі, што атрымліваліся ад замоўцаў лагістычных паслуг, расходаваліся ім на розныя выплаты. У выніку запазычанасць грузаперавозчыкам склала больш за 417 000 рублёў.
Узбуджана крымінальная справа па факце прычынення маёмаснай шкоды.
Фота носіць ілюстрацыйны характар, з адкрытых крыніц.
Сем матчаў дзясятага тура другой лігі Магілёўскай вобласці па футболе скончыліся перамогамі гаспадароў і толькі адзін – буйной перамогай гасцей. Аўтсайдэры прайгралі з буйным лікам, лідары паказалі сваю моц, некалькі сустрэч скончыліся з не зусім чаканым лікам.
Самыя буйныя вынікі матчаў адбыліся ў зоне “Усход” Магілёўскай вобласці па футболе. Адразу дзве сустрэчы завершыліся з лікам 8-0 на карысць гаспадароў. У першым матчы сустракаліся лідар і аўтсайдэр – горацкія футбалісты і клуб “Віхра“ з Мсціслава.
Ужо ў першыя дзесяць хвілін гаспадары захапілі ініцыятыву, дзейнічаючы вельмі ўпэўнена, востра і прыгожа. У першым тайме горацкімі гульцамі забіта было чатыры мячы, хоць атак было столькі на браму гасцей, што здавалася, галоў мсціслаўцы прапусцяць больш.
Другі тайм у гульні нічога не змяніў: госці абараняліся, рэдка спрабуючы беззуба кантратакаваць, а гаспадары яскрава і востра гулялі наперадзе. Заўзятары ў другой палове матча пабачылі таксама чатры мячы з розных палажэнняў, стандартаў і прыгожых розыгрышаў. Вынік больш чым заканамерны – 8-0 упэўненая перамога горацкага клуба.
Аналагічны вынік матча быў зафіксаваны паміж крычаўскімі і дрыбінскімі футбалістамі. Гаспадары адразу “ўзялі быка за рогі” і забілі хуткі мяч на восьмай хвіліне сустрэчы. З гэтага моманту абарона гасцей не магла спыніць форвардаў крычаўскага “Сожа”, якія з лёгкасцю заходзілі ў штрафную суперніка, забіваючы галы адзін за адным.
Дрыбінскія футбалісты выглядалі значна слабейшымі за гаспадароў і іх атакі выглядалі слабымі, якія з легкасцю адбівалі абаронцы “Сожа”. А крычаўскія футбалісты ў сваю чаргу забівалі галы на розны густ, чым радавалі мясцовых заўзятараў. Усяго за першы перыяд было забіта ажно пяць мячоў.
У другім тайме кардынальна гульня не змянілася. Гаспадары расслабіліся, дазвалялі дрыбінцам час ад часу атакаваць. Але атакі гасцей не былі небяспечнымі, а вось гаспадароў наадварот – вострымі і добра арганізаванымі. У выніку футбалісты “Сожа” у другой палове матча забілі яшчэ тры мячы гасцям і выйгралі з сукупным лікам 8-0.
Яшчэ адзін матч скончыўся з буйным лікам паміж футбалістамі “Сервалюкс Агра” і слаўгарадскім клубам. Гульцы “Сервалюкса” гулялі не проста на правах гаспадароў, а пацвярджалі свой высокі статут аднаго з лідараў турнірнай табліцы зоны “Усход”. Першы тайм прынёс шмат небяспечных момантаў каля брамы гасцей, якія спрабавалі супраціўляцца фаварытам гэтага матча.
Рэдкія атакі слаўгарадскіх гульцоў не былі рэалізаваны, затое шквал вострых і небяспечных момантаў каля брамы гасцей скончыліся трыма забітымі галамі. Чакалася, што ў другой палове матча слаўгарадскія футбалісты могуць прыбавіць у гульні і выдаць шэраг небяспечных атак, але адбылося наадварот.
Гаспадары ў другім тайме прыбавілі і выглядалі надзвычай моцна, забіўшы адносна хуткіх два мячы, а ў канцы матчы паставіўшы тлустую кропку сустрэчы – 6-0. Каб размачыць браму гаспадароў госці мелі няшмат магчымасцяў, але рэалізаваць і іх не змаглі.
Больш упартай атрымалася сустрэча паміж клімавіцкімі футбалістамі і клубам “Ніва” з Чавусаў. Гульня пачалася дастаткова роўнай, хоць гаспадары стваралі больш вострыя атакі каля брамы суперніка. Аднак некаторыя небяспечныя моманты мелі і чавускія гульцы, але напрыканцы першага тайма змагла адзначыцца толькі клімавіцкая каманда.
Заўзятары на гарадскім стадыёне ў Клімавічах чакалі напружанага другога тайму. Але ж гаспадары ў другой палове выглядалі на галаву мацнейшымі за гульцоў “НІвы”. Яны кантралявалі мяч, ствараючы адну атаку за другой. Чавускія гульцы агрызаліся, але вялікай небяспекі для брамніка гаспадароў іх контрвыпады не ўяўлялі.
У сярэдзіне другога тайма клімавіцкія гульцы забілі спачатку адзін мяч гасцям, а праз пяць хвілін другі. У выніку сустрэчу клімавіцкія футбалісты без асаблівых цяжкасцяў давялі да сваёй лагічнай перамогі 3-0.
Яшчэ больш напружаны матч адбыўся ў Краснаполлі паміж мясцовым футбольным клубам і гасцямі з Касцюковічаў. Першая палова сустрэчы глядзелася адносна роўна, хоць на нейкі кароткі адрэзак часу краснапольскія футбалісты перахапілі ініцыятыву і забілі прыгожы гол у вугал брамы супернікаў.
Аднак пасля гульня зноўку выраўнялася, а касцюковіцкія форварды нават мелі пару небяспечных момантаў у штрафной гаспадароў. Другі тайм распачаўся з хуткага гола краснапольцаў, на які праз дзесяць хвілін адказалі дакладным ударам са штрафнога госці.
Сустрэча пачала несці вязкі характар, з барацьбой у цэнтры поля і пазіцыйнымі атакамі. Шмат хто з заўзятараў падумаў, што гульня з такім лікам і скончыцца, але напрыканцы перыяду краснапольцы зноўку завалодалі ініцыятывай, пачалі навальвацца на штрафную суперніка і як вынік змаглі забіць трэцці гол – філігранна прабіў кранапольскі форвард. Такім чынам, сустрэча скончылася з лікам 3-1 на карысць гаспадароў.
Адзіны матч дзе прайгралі гаспадары – гэта сустрэча паміж футбольным клубам з Быхава і бабруйскім “Тарпеда”. Бабруйскія футбалісты з’яўляюцца аднымі з лідараў турнірнай табліцы зоны “Захад” і сваё лідарства яны дэманстравалі на полі на працягу усёй гульні.
Першы тайм заўзятарам прынёс тры мяча ў выніку добра арганізаваных атак “тарпедаўцаў”. Але бабруйскія футбалісты маглі забіць і яшчэ, бо выглядалі нашмат мацнейшымі за гаспадароў.
У другім тайме быхаўскія гульцы паспрабавалі адказаць хуткім мячом, зладзіўшы некалькі небяспечных вылазак у штрафную суперніка. Але забіць быхаўцам не атрымалася. А вось госці працягвалі свой моцны футбол і без праблем змаглі яшчэ двойчы адзначыцца, давёўшы лік матча да 0-5 на сваю карысць.
Апошнія дзесяць хвілін “тарпедаўцы” не асабліва стараліся востра гуляць, цалкам кантралюючы матч і гульню. У выніку адбылася чарговая буйная хатняя параза быхаўскіх аўтсайдэраў.
Бадай самым напружаным матчам сталася сустрэча круглянскай “Зары” і глускага “Пціча”. Першы тайм хоць і быў пад кантролем гаспадароў, якія стваралі нямала атак каля брамы суперніка, аднак па-сапраўднаму вострых момантаў было мала.
Глускія футбалісты атак арганізавалі няшмат, пагэтаму шансаў забіць гаспадарам амаль не было. Такім чынам, першая палова матча прайшла сумнавата, пераважна з упартай барацьбой у цэнтры поля.
Другі тайм быў не менш вязкім. На дзіва, глускія футбалісты не толькі паспяхова ліквідавалі атакі суперніка, але маглі часам заняцца уласнымі атакамі, хоць і дастаткова бяззубымі.
У апошнія дваццаць хвілін матча круглянскія футбалісты змаглі перахапіць ініцыятыву і навязаць гасцям свой малюнак гульні. Як вынік – адзіны забіты мяч у сустрэчы, што заляцеў у браму глускай каманды на 77-й хвіліне матча. Пасля поспеху круглянскія футбалісты маглі забіць яшчэ, але абаронцы “Пцічы” змаглі адбіцца ад атак суперніка. Сустрэча скончылася з мінімальнай перавагай гаспадароў з лікам 1-0.
Нечаканы вынік адбыўся ў сустрэчы паміж шклоўскім “Спартаком” і бялыніцкай “Друццю”. Чакалася вельмі напружаная сустрэча з непрадказальным вынікам.
У першым тайме абедзьва каманды глядзеліся зматываванымі на перамогу і актыўна атакавалі браму суперніка. Гульня радавала багатым наборам небяспечных момантаў, актыўнымі і зладжанымі дзеяннямі камандаў. Але свой небяспечны момант змаглі рэалізаваць толькі шклоўскія футбалісты, адкрыўшы лік на 33-й хвіліне.
Другі тайм прынёс хуткі адказ гасцей, якія змаглі прыгожым моцным голам свайго форварда зраўняць лік. Пэўны час гульня ішла роўная, пакуль гаспадары на 65-й хвіліне не арганізавалі хуткую вылазку да брамы суперніка, што завяршылася дакладным ударам шклоўскага футбаліста.
Гэта сталася ключавым момантам, калі бялыніцкія футбалісты зламіліся і не змаглі сабрацца, прайграўшы сустрэчу з лікам 3-1 роўнаму па сіле суперніку.
Работніца прадпрыемства па вытворчасці хлебабулачных вырабаў у Магілёве атрымала траўмы на працы – з пераломамі рукі яна была дастаўленая ў шпіталь. Жанчына расказала, што пры ўборцы свайго рабочага месца яна ўключыла абсталяванне па падачы нарыхтовак хлеба ў печ, каб ачысціць з валоў наліплае цеста. Аднак у нейкі момант адчула, што яе руку са скрабком зацягвае ў валы. Яна стала крычаць па дапамогу. Калегі, якія прыбеглі на крык, адключылі абсталяванне і выклікалі хуткую. Было ўстаноўлена, што ў парушэнне тэхнікі бяспекі жанчына пры ўборцы рабочага месца запусціла абсталяванне, што катэгарычна забаронена – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.
Посуд, які не адпавядае патрабаванням па якасці і бяспецы быў выяўлены ў Магілёве ў гіпермаркеце “Білд” – паведамляе Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
У чатырох найменнях прадукцыі выяўлены неадпаведнасці ўстаноўленым патрабаванням па міграцыі жалеза, марганцу, нікелю ў мадэльныя асяроддзі. Прадукцыяй з парушэннямі аказаліся дуршлагі і рашоткі для грыля і барбекю індзійскай, кітайскай і расійскай вытворчасці.
У выхадныя дні ў Беларусі адзначалася ўстойлівае спякотнае надвор’е. Людзі масава накіраваліся да вады, каб правесці свой вольны час. На жаль, адпачынак прынёс 11 смерцяў за выходныя ў Беларусі, сур’ёзныя траўмы пры купанні атрымаў падлетак – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Трагедыі адбыліся ва ўсіх абласцях краіны, у Віцебскай – адразу 5, трагедыя здарылася і на Магілёўшчыне. Увечары 36-гадовая ўраджэнка Горацкага раёна са сваім сужыцелем ужывала спіртныя напоі на беразе возера Аршанскае. У нейкі момант жанчына вырашыла выкупацца. Яна зайшла ў вадаём і знікла. Праз некаторы час труп у вадзе знайшоў рыбак, які знаходзіўся на беразе.
Адразу два чалавекі загінулі на Магілёўшчыне за панядзелак, 17 ліпеня – паведамляе МНС. У вёсцы Залахвенне Быхаўскага раёна загінуў пенсіянер 1952 года нараджэння.
У вёсцы Каменка Магілёўскага раёна патануў хлопчык 2015 года нараджэння з вёскі Брылі.
Маці хлопчыка, занепакоеная тым, што дзіця доўга не вяртаецца дадому, адправілася яго шукаць. Убачыла адзенне сына на беразе і патэлефанавала ратавальнікам. Як высветлілася, хлопчык купаўся ў возеры разам з сябрам. Калі ён пачаў тануць, дзеці, што купаліся разам, разбегліся.
У Магілёве і ў іншых абласных цэнтрах Беларусі два дні – з 18 па 20 ліпеня не будуць працаваць банкаматы Беларускага народнага банка. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні на сайце ўстановы. Чакаецца, што банкаматы перастануць працаваць у 15:00 18 ліпеня, а ўключацца ў 12:00 20-га. Банк рэкамендуе карыстацца банкаматамі іншых арганізацый, папярэдне даведаўшыся пра ліміты на сайце.