“Шалёныя грошы” не выклікалі фурору ў Магілёве, але і не праваліліся

Прэм’ера спектакля “Бешенные деньги” адбылася ў Магілёўскім драматычным тэатры і мела станоўчую прэсу. Апладысменты артысты сапраўды заслужылі, але штосьці пайшло не так, як было заяўлена. 

Заўзятары чакалі прэм’еры з нецярплівасцю і насцярогай. Пасля 2020 года з трупы тэатру былі звольнены або сышлі самі многія артысты. З гэтай прычыны частка былых тэатралаў дагэтуль байкатуе спектаклі тэатра. Ці ўдасца новаму пакаленню артыстаў і рэжысёраў трымаць даволі высокую планку былога складу калектыву – пытанне, на якое прэм’ера не дала пэўнага адказу.

П’еса Аляксандра Астроўскага (1870 года) пастаўлена галоўным рэжысёрам тэатра Каміліяй Хусаінавай праз 150 гадоў пасля напісання. Спектакль паказаў, што п’еса не страціла сваёй актуальнасці і сёння. Пра тое, што ў сучасным яе прачытанні, яна набыла да болю вядомае гучанне, у якім на раз счытваюцца прыкметы нашага часу, ужо паведамлялі Магілёў.media. Сапраўды, атрымаўся займальны мікс 19 і 21 стагоддзяў. 

Спектакль найперш пра прагнасць, карысць, бяздзейнае баўленне часу, пра здрады і неабавязковасць у адносінах. Менавіта гэтым жыве большасць персанажаў п’есы. Ці можна супрацьстаяць іх свету, ці можна застацца чалавекам і не ператварыцца ў іх падабенства? – пытанні актуальныя як тады, так і сёння. Нездарма цудоўны спектакль “Беда от нежного сердца” на падобную тэматыку быў пастаўлены некалькі гадоў таму і дагэтуль у рэпертуары. 

Са станоўчага найперш адзначым, што ў спектаклі маецца шмат цікавых мікразнаходак, алегорый якія спалучаюць такія далёкія эпохі. Экстравагантным і цікавым выглядае рашэнне прасторы мастаком-пастаноўшчыкам Міхаілам Лашыцкім. Добра ўпісаны ў дзеянне кардэбалет. Што ні кажы, але прысутнасць танцавальнай і адначасова ігравой групы зрабіла спектакль дынамічным і больш яркім. Маладыя артысты з задавальненнем дэманстравалі свае злёгку прыкрытыя адзеннем хударлявыя фігуры. Менавіта танцавальныя мініяцюры дазволілі спектаклю 2,5 гадзіны з 2 антрактамі трымаць гледачоў у зале. І ўсё было б выдатна, ды недзе ў другім акце выхад танцораў ужо не здзіўляў, а ў трэцім – папросту прыеўся. 

П’еса заяўлена ў стылі prank comedy (16+) (жартоўная камедыя). Нібыта ўсё верна, але чамусьці смеху ў залі было няшмат. Па шчырасці, смяяліся гледачы зрэдку. Малая колькасць смеху прымушала думаць, што іграецца не камедыя, а драма з некаторымі гумарыстычнымі рэплікамі і сітуацыямі. Магчыма, не дайгралі артысты? 

Ігра артыстаў, па шчырасці, не ўразіла. Не расчаравала, але і не ўразіла. З аднаго боку, усе старанна гралі, ролі вывучылі, самі артысты або каларытныя, або сімпатычныя. Асобныя затрымкі з прамаўленнем дыялогавых фраз можна спісаць на хваляванне і дараваць фактам першых прагонаў спектаклю. Але з іншага боку, і гэта галоўнае, асалоды ад артыстызму, захаплення ад майстэрства пераўвасаблення чамусьці не ўзнікала. 

Да ўсяго падалося, што тыпажы, якія стварылі артысты, нейкія “плоскія” – вельмі аднастайныя. А ў жыцці аднамернасці небагата, характары людзей супярэчлівыя. Нават у злых геніяў ці злачынцаў ёсць і станоўчыя рысы. 

Так, галоўная гераіня Лідачка Чабаксарава па свайму характару цынічная беспрынцыповая маладая жанчына, якая хоча жыць за кошт свайго мужа. Але размаўляць, як яна, магла б саракагадовая кабета з трыма няўдалымі шлюбамі і безліччу карацейшых сувязяў, якая ўжо шмат грашыла і гатовая на ўсё дзеля грошаў. Як уяўляецца, маладая, хай сабе і спешчаная, дзяўчына, якая шукае грошай, а не кахання, усё ж павінна паводзіць сябе крыху інакш. Яна хутчэй бяздумна паўтарала б цынічныя фразы дарослага акружэння, але была б пры гэтым яшчэ і ахвярай выхавання ў багемным асяроддзі. Ёй, распешчанай “залатым пылам”, даводзіцца ж таксама несалодка з мужам-”эканомкай”. Бадай што, вобраз Лідачкі празмерна прагматычны і нацэлены на багатага мужа. Яе граюць па чарзе артысткі Марыя Рудакова і Ангеліна Цімаховіч.

Адзін з самых сімпатычных і смешных вобразаў – легкадумны і спяваючы песенькі маскоўскі барын, якога добра сыграў Аляксей Цыбін. Ён лёгка ідзе па жыцці не маючы грошай і не задумваючыся пра абавязкі перад іншымі людзьмі. Артыст скапіраваў многімі любімага спевака Ільва Лешчанку. Манеры, вонкавы выгляд, убранне, спевы – ўсё ад яго. Гледачы цёпла ўспрымалі яго выхады, але вобраз барына ізноў абсалютна “плоскі”.

Маці Чабаксаравай сыграла артыстка Наталля Калакустава. Вось яна іграла натуральна, верылася, што ведае каго грае, што адчувае жанчына ў становішчы безграшовай арыстакраткі. Але артыстка за прыклад узяла Рэнату Ліцвінаву, скапіравала яе манеры і не замарочвалася далей развіццём вобраза. 

Не блага сыграны хлопцы з акружэння Чабаксаравай. Маладыя прахвосты былі натуральнымі, гэткія сучасныя бэйбусы ва ўмовах 19 стагоддзя. Як не дзіўна, але ў іх характарах было больш разнастайнасці, натуральнасці, чым у іншых герояў. Артысты мабыць падобных тыпаў ужо пабачылі ў жыцці. Рэспект Аляксандру Куляшову, а Алене Крыванос за пераўвасабленне ў мужчыну – двайны рэспект. Яе ў вобразе маладога хлопца выдаваў толькі жаночы голас. Да і то, колькі цяпер развялося хлапцоў з жаночымі манерамі. Таму пазналі пані Алену найхутчэй толькі сапраўдныя тэатралы. 

І нарэшце галоўны герой – дзелавы лох-правінцыял Васількоў (Дзмітрый Дудкевіч), які ведае цану кожнаму рублю і ў якога падлічана кожная капейчына. Ён закахаўся ў маладую сталічную прыгажуню на выданне. Яго характар наадварот дваісты. То ён дурнавата-тупаваты закаханы мужчына, які паўтарае маральныя сентэнцыі, то ў канцы хваткі сучасны круты бізнесмен, які аказваецца не толькі багаты, але і ўсю інтрыгу з жаніцьбай прадумаў загадзя. Тут нібыта сабраны два вобразы ў адным персанажы, а які герой насамрэч, так і засталося за кадрам. 

Апладысменты – простая падзяка за працу і ветлівасць, ці прызнанне і захапленне?

Водгукі на спектакль у антрактах чуліся пераважна станоўчыя:

Тэатрал Уладзімір: “Не дрэнны атрымаўся спектакль. Востры, актуальны, сучасны… Я бы параіў яго паглядзець.”

Таццяна: “Неблага сыгралі. Толькі мне гэтыя танцоры – сапраўдныя чарцяняты, якія спакушаюць герояў пьесы, напрыканцы ўжо надакучылі.” 

У супрацьвагу хвалебным рэцэнзіям падаецца, намі напісана зашмат крытыкі. Але што маем у сухім астатку? Тэма ўзнята вечная, актуальная і сёння. Спектакль дынамічны. Ігралі артысты добра. Фурору, па праўдзе (хацелася б перабольшыць, але ісціна даражэй), не атрымалася, але свае апладысменты рэжысёр і артысты шчыра зарабілі. Зразумець, дзе апладысменты былі простай ветлівасцю і падзякай за працу, а дзе прызнаннем і захапленнем, нялёгка. Толькі наступныя паказы пакажуць, чаго ж было болей. 

Таму віншуем са святам прэм’еры калектыў драмтэатру. Ёсць пра што пагаварыць і што абмеркаваць гледачам пасля спектаклю. Паболей бы падобных прэм’ер. 

І застаемся пры сваёй ужо выказанай у ранейшых публікацыях думцы: у тэатр трэба хадзіць. 

Фотагалярэя mycity.by

Шапікі «Магілёўсаюздрук» аднаўляюць працу па вобласці

З канца кастрычніка сталі аднаўляць працу асобныя кіёскі “Магілёўсаюздруку” ў Магілёве, Бабруйску, Чавусах. Супрацоўнікі сеткі нясмела выказваюць аптымізм, што да канца года адновяць працу некалькі дзясяткаў гандлёвых кропак прадпрыемства. Шматлікія шапікі прадпрыемства не працавалі з чэрвеня-ліпеня бягучага года.

Кіраўніцтва ААТ «Магілёўсаюздрук» ў жніўні падало хадайніцтва ў суд аб прызнанні банкруцтва – пісалі Магілёў.media – хаця яшчэ ў чэрвені на прадпрыемстве заяўлялі, што не збіраюцца ліквідавацца. 

Праблемы ў прадпрыемства пачаліся яшчэ ў 2016 годзе, калі ўзніклі цяжкасці ў разліках з дзелавымі партнёрамі. Затрымкі выплат пацягнулі за сабой штрафныя санкцыі. На 1 студзеня 2020 года чыстая страта ад яе дзейнасці павялічылася амаль у 50 разоў – з 19 да 900 тысяч рублёў.

У 2022 годзе «Магілёўсаюздрук» стаў паступова закрываць свае гандлёвыя кропкі. Паліцы ж многіх з аб’ектаў гандлю, якія засталіся, стаялі напаўпустымі. З-за фінансавых цяжкасцей прадпрыемства не магло закупаць увесь ранейшы асартымент тавараў.

Сярод крэдытораў “Магілёўсаюздруку” было 523 арганізацыі, і далёка не ўсе з іх згодныя былі цярпліва чакаць вяртання даўгоў. Ужо да сярэдзіны ліпеня было ўзбуджана 289 выканаўчых спраў па запазычанасцях.

«Магілёўсаюздрук» мусіў на жнівень выплаціць агульную суму ў 4 859 087 рублёў. Немагчымасць пагасіць такую буйную суму і прымусіла прадпрыемства самому хадайнічаць аб прызнанні яго банкрутам.

У жніўні быў прызначаны крызісны кіраўнік, «Магілёўсаюздрук» узяў курс на вяртанне пазык крэдыторам.


Даведка. На студзень 2018 года “Магілёўсаюздрук”, які якраз адзначаў свой 100-гадовы юбілей, меў гандлёвую сетку з 224 кропак, у тым ліку 10 магазінаў, 28 павільёнаў і 186 кіёскаў.


На жнівень 2022 года засталося толькі 43 аб’екты ў Магілёве, Бабруйску і Чавусах, але і тыя да верасня закрыліся.

Безумоўна, гандаль друкаванымі выданнямі сёння не з’яўляецца самай прыбытковай справай. Па-першае, наймацнейшую канкурэнцыю тут складаюць сеткавыя рэсурсы. Па-другое, з-за розных прычын людзі ўвогуле сталі менш чытаць. Па-трэцяе – “Саюздрук” у значнай меры выжывае за кошт гандлю рознымі дробнымі таварамі, уключаючы тытунёвыя вырабы, талоны і праязныя білеты. Напрыклад, у некаторых кіёсках цыгарэты давалі да 65% абароту. Але сёння розныя гандлёвыя сеткі запоўнілі сабой і сваімі таварамі ўсё навокал, у тым ліку вядуць рознічны гандаль і праз вулічныя кіёскі.

Пры гэтым РУП “Белсаюздрук”, куды ўваходзіць і яго магілёўскае падраздзяленне, з’яўляецца найбуйнейшай нацыянальнай сеткай па распаўсюджванні перыёдыкі.

У Магілёве арыштавалі шайку злодзеяў, што рабавалі падворкі

Трое беспрацоўных каля 50-гадоў узростам адсочвалі прыватныя гаспадаркі жылога сектара ў Магілёве і ў адсутнасць гаспадароў забіраліся ў іх – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС. Пераважна злодзеі забіраліі металічныя вырабы каб здаць у пункт прыёму металалома, але таксама сярод скрадзенага значацца электраматор і газавы кацёл. Бандай серыйных злодзеяў кіраваў 50-гадовы магілёвец, а кампанію яму складалі 48-мі і 55-гадовыя беспрацоўныя жыхары абласнога цэнтра. Узбуджана крымінальная справа.

Паглядзіце, які аўтобус заўважылі ў Магілёве нашы чытачы – фотафакт

Іржавыя, дзіравыя панэлі насучых канструкцый рэйсавага аўтобуса на лініі шакавалі пасажыраў грамадскага транспарта ў Магілёве.

“Паглядзіце на гэтую іржу і дзіркі, на грубую сварку рамонту панэляў транспартнага сродку, якому мы давяраем сваё жыццё і здароўе. – напісалі чытачы Магілёў.media – Пытанне, чаму гэтага не бачыць кіраўніцтва аўтапарка і шматлікія правяраючыя органы – рытарычнае. Яны ж на аўтобусах не ездзяць.” 

А каб кантралюючым органам было лягчэй разабрацца з сітуацыяй, нам выслалі таксама і нумар аўтобуса. Хаця лепш бы праверылі ўвесь аўтапарк.

Е-дастаўка перастае працаваць па ўсёй вобласці акрамя Магілёва на нявызначаны тэрмін

З 1 лістапада “Еўраопт” спыняе дастаўку тавараўпа ўсёй краіне, за выключэннем абласных цэнтраў, Мінскай вобласці і Баранавіч. Паведамленне пра адмену даставак самым буйным беларускім онлайн-гіпермаркетам было распаўсюджана праз месенджары сеткі. Прычыны гэтага кроку не паведамляюцца, як і тэрмін адмены.

Адначасова “Е-дастаўка” павышае мінімальную суму замовы для бясплатнай дастаўкі, цяпер яна будзе складаць для Магілёва 150 рублёў. Платная дастаўка каштуе 4,99 рублі.

У кампаніі заяўляюць, што ў хуткім часе дастаўка ў рэгіёны будзе адноўлена.

Дыяна і Бахус з Магілёва прадказалі надыход зімы. Яны яшчэ ніводнага разу не памыліліся. Фотазамалёўка

Услед за мядзвядзём Фёдарам з Буйніцкага заасаду, які прадказаў надыход зімы, пра што пісалі Магілёў.media, магілёўскія антычныя бажкі прадказалі тое самае. 

Німфа ля фантану ў мікрараёна “Саломенка” апранула на сябе белую вуаль. Дакладней, прыгажуня захінулася ва ўсё белае і заснула да вясны. Тутэйшы люд называе яе то Дыянай (багіняй расліннага і жывёльнага свету, палявання, жаноцкасці і ўрадлівасці), то Венерай (багіняй прыгажосці, цялеснай любові, жадання, урадлівасці і росквіту).   

Антычны мужчына побач, які найбольш падобны да Бахуса (апекуна аматараў спіртовых напояў і ўвогуле п’яніц) таксама захінуўся ў покрыва і спіць. Прачнецца ён зноў-такі толькі ўвесну. 

Мясцовыя аматары спіртовых напояў – а менавіта каля Бахуса яны збіраюцца штодня раніцой – без ценю сумневу кажуць, што спаць скульптуры будуць да вясны. Дыяна і Бахус не распрануцца, пакуль не стане цёпла. Гэта верная прыкмета. Яны яшчэ ніводнага разу не памыліліся.

Як бачым, яшчэ адна прыкмета сведчыць пра хуткі надыход зімы ў Магілёве. 

А летам яны зноўку будуць вось такімі вясёлымі маладымі і спакуслівымі. 

Пакроўская царква ў Магілёве зараз – відэазамалёўка з адноўленай святыняй

Царква была пабудаваная ў 1860-х гадах, але моцна пацярпела ў часы Другой Сусветнай вайны і была канчаткова разбураная ў 1949 годзе. У 2017 годзе пачалося аднаўленне храма на ранейшым месцы, а ў 2022 годзе будаўніцтва завяршылася.

 

У Магілёве пачаліся работы па рамонту прамянёў сонечнага гадзінніка. Фотазамалёўка

Напярэдадні зімы дайшлі рукі гарадскіх службаў да рамонту пліткі прамянёў, якія  паказваюць час у сонечны дзень на плошчы Зорак ля кінатэатра Радзіма. 

Прамяні гадзінніка даўно палопаліся і сталі ламанымі, але на гэта даўно не звярталі ўвагі. Бадай, ніхто нават не задумваўся, што зламаныя часткі гарадскога гадзінніка – гэта кепская прыкмета для ўсяго горада. 

Відаць, правядзенне фестывалю “Анімаёўка” прыцягнула гасцей і гаспадароў гораду на плошчу перад кінатэатрам і хтосьці заўважыў непарадак. І вось работы пачаліся. 

Ці будзе рамонт добрым пакажа, хай даруюць тут таўталогію, менавіта час. Ведаючы брутальныя метады ачысткі тратуараў ад снегу ўзімку ў нашым грорадзе, з цяжкасцю верыцца, што рамонт надоўга выправіць сітуацыю. Але ж заўжды хочацца верыць у лепшае. 

Пратэст прадпрымальнікаў у Магілёве – на Віленскім рынку не працуюць дзясяткі гандлёвых кропак

На Быхаўскім адзінкавыя шапікі таксама зачыніліся. 

Пачынаючы з 27 кастрычніка прадпрымальнікі ў 13 гарадах краіны абвясцілі пра часовае прыпыненне працы ў знак пратэсту супраць нявызначанасці з правіламі цэнаўтварэння пасля прыняцця беларускім урадам пастановы №713 «Аб сістэме рэгуліроўкі цэн». Дадзеная пастанова атрмала шэраг змен пасля прыняцця, але да 26 кастрычніка ніхто са службовых асобаў так і не растлумачыў, якія цяпер працуюць прынцыпы цэнаўтварэння. А гэта значыць, што любая гандлёвая кропка можа аказацца пад ударам катрольных органаў, а любы выстаўлены кошт за тавар можа стаць прычынай для спагнанняў. 

На Віленскім рынку ў Магілёве частка прадпрымальнікаў вырашыла не адкрываць свае гандлёвыя кропкі ў сітуацыі падобнай нявызначанасці яшчэ 27 кастрычніка. Не працавалі яны і сёння. Усяго на кірмашы можна было налічыць некалькі дзясяткаў зачыненых ралетаў. Большая частка шапікаў, аднак, працавала. Сярод прадаўцоў і прадпрымальнікаў толькі і бязрадасных размоў, што пра цэнаўтварэнне. Не працавалі многія секцыі і ў закрытым павільёне на рынку.

Быхаўскі рынак выглядае больш ажыўленым, аднак адзінкавыя закрыцці павільёнаў – часам па два-тры на шэраг – назіраюцца і там.

У асабістых размовах прадпрымальнікі з асцярожнасцю называюць сваё прыпыненне працы пратэстам. Нявызначанасць, немагчымасць працаваць без стратаў, пагрозы пераследу ад кантралёраў – у паветры на рынках лунаюць абурэнне і дэпрэсіўная апатыя.