Пратэст прадпрымальнікаў у Магілёве – на Віленскім рынку не працуюць дзясяткі гандлёвых кропак

На Быхаўскім адзінкавыя шапікі таксама зачыніліся. 

Пачынаючы з 27 кастрычніка прадпрымальнікі ў 13 гарадах краіны абвясцілі пра часовае прыпыненне працы ў знак пратэсту супраць нявызначанасці з правіламі цэнаўтварэння пасля прыняцця беларускім урадам пастановы №713 «Аб сістэме рэгуліроўкі цэн». Дадзеная пастанова атрмала шэраг змен пасля прыняцця, але да 26 кастрычніка ніхто са службовых асобаў так і не растлумачыў, якія цяпер працуюць прынцыпы цэнаўтварэння. А гэта значыць, што любая гандлёвая кропка можа аказацца пад ударам катрольных органаў, а любы выстаўлены кошт за тавар можа стаць прычынай для спагнанняў. 

На Віленскім рынку ў Магілёве частка прадпрымальнікаў вырашыла не адкрываць свае гандлёвыя кропкі ў сітуацыі падобнай нявызначанасці яшчэ 27 кастрычніка. Не працавалі яны і сёння. Усяго на кірмашы можна было налічыць некалькі дзясяткаў зачыненых ралетаў. Большая частка шапікаў, аднак, працавала. Сярод прадаўцоў і прадпрымальнікаў толькі і бязрадасных размоў, што пра цэнаўтварэнне. Не працавалі многія секцыі і ў закрытым павільёне на рынку.

Быхаўскі рынак выглядае больш ажыўленым, аднак адзінкавыя закрыцці павільёнаў – часам па два-тры на шэраг – назіраюцца і там.

У асабістых размовах прадпрымальнікі з асцярожнасцю называюць сваё прыпыненне працы пратэстам. Нявызначанасць, немагчымасць працаваць без стратаў, пагрозы пераследу ад кантралёраў – у паветры на рынках лунаюць абурэнне і дэпрэсіўная апатыя.