Дыяна і Бахус з Магілёва прадказалі надыход зімы. Яны яшчэ ніводнага разу не памыліліся. Фотазамалёўка

Услед за мядзвядзём Фёдарам з Буйніцкага заасаду, які прадказаў надыход зімы, пра што пісалі Магілёў.media, магілёўскія антычныя бажкі прадказалі тое самае. 

Німфа ля фантану ў мікрараёна “Саломенка” апранула на сябе белую вуаль. Дакладней, прыгажуня захінулася ва ўсё белае і заснула да вясны. Тутэйшы люд называе яе то Дыянай (багіняй расліннага і жывёльнага свету, палявання, жаноцкасці і ўрадлівасці), то Венерай (багіняй прыгажосці, цялеснай любові, жадання, урадлівасці і росквіту).   

Антычны мужчына побач, які найбольш падобны да Бахуса (апекуна аматараў спіртовых напояў і ўвогуле п’яніц) таксама захінуўся ў покрыва і спіць. Прачнецца ён зноў-такі толькі ўвесну. 

Мясцовыя аматары спіртовых напояў – а менавіта каля Бахуса яны збіраюцца штодня раніцой – без ценю сумневу кажуць, што спаць скульптуры будуць да вясны. Дыяна і Бахус не распрануцца, пакуль не стане цёпла. Гэта верная прыкмета. Яны яшчэ ніводнага разу не памыліліся.

Як бачым, яшчэ адна прыкмета сведчыць пра хуткі надыход зімы ў Магілёве. 

А летам яны зноўку будуць вось такімі вясёлымі маладымі і спакуслівымі. 

Мядзведзь Фёдар з Буйніцкага заасаду прадказаў набліжэнне зімы

Мядзведжыя прагнозы спраўджваліся ўсе апошнія гады. Днямі галоўны сіноптык Магілёўскай вобласці з заасада пачаў прадвяшчаць пахаладанне і надыход зімы. Як ён распавядае пра будучыню, расказваюць заатэхнікі. 

У заасадзе, які першапачаткова быў прытулкам для жывёлаў у нядолі, сабраны самыя разнастайныя віды жывёлінаў. Візіткамі магілёўскага заасада ў Буйнічах называюць зуброў і аленяў, знакамітага льва. Камусьці падабаюцца ламы і вярблюды. Хтосьці фотаграфуецца з лебедзямі. 

Але ў садзе жыве і самы вядомы прадказальнік надвор’я – мядзведзь Фёдар. Работнікі заасада паўжартам называюць яго галоўным сіноптыкам Магілёўскай вобласці. З самага засялення ў сваіх сінаптычных прагнозах ён ні разу не памыліўся.

Увогуле ў заасадзе месцяцца два мядзведзя. Каля ўваходу вялізны драўляны мядзведзь добразычліва сустракае гасцей. А ў вальеры бавіць час жывы мядзведзь па мянушцы Фёдар. У навучальную лабараторыю «Заасад» ён прыехаў яшчэ медзведзянём.

“Цяпер Фёдар вядзе актыўны лад жыцця і есці любы корм, каб назапасіцца перад спячкай тлушчам і добра перажыць зіму. – падзяліўся назіраннем загадчык навучальнай лабараторыі “Заасад” Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П. Арлоўскага Іван Ніжнікаў – Яго любімы ласунак – мёд, а таксама перад зімой шмат даем яму мяса, рыбы, сухафруктаў.” 

Што ж прадказваюць паводзіны мядзведзя? Фёдар актыўна спажывае ўсё прадукты, каб назапасіць тлушч на зіму, а гэта азначае, што кліматычная зіма не за гарамі.