У Крычаве на гарадскім пляжы выявілі снарад часоў Другой сусветнай вайны

Артснарад часоў вайны знайшлі на беразе Сожа – на гарадскім пляжы. Тэрыторыя знаходкі ачэплена супрацоўнікамі міліцыі.

На месца здарэння прыбыла сапёрна-піратэхнічная група. Цяпер на гарадскім пляжы спецыялісты правяраюць на наяўнасць іншых выбухованебяспечных прадметаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

На дадзены момант гараджанам нічога не пагражае, знойдзены аб’ект знаходзіцца пад аховай.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі на Крычаўшчыне знаходзяць снарад часоў вайны. Два месяца таму ў некалькіх кіламетрах ад Крычава, каля вёскі Сакольнічы, ужо быў знойдзены снарад, пра што пісалі mogilev.media.

Фота ілюстрацыйнае

Развальваецца абарончае ўмацаванне XVI-XVII стагоддзяў на гарадзішчы ў Крычаве

На гарадзішчы Замкавая гара ў Крычаве знаходзіцца не толькі драўляная Свята-Мікалаеўская царква, але і малапрыкметны помнік абарончай архітэктуры, зроблены з цэглы-пальчаткі. На сённяшні час ён у занядбаным стане, патрабуе належнага дагляду спецыялістаў, да таго ж ахоўны статус у яго адсутнічае.

Даволі ўнікальным помнікам на прасторах Магілёўшчыны з’яўляецца цагляная пабудова, што ўваходзіць у комплекс абарончых збудаванняў на Замкавай гары ў Крычаве. На гарадзішчы Замкавая гара няблага захаваўся абарончы вал і фрагменты ўмацаванняў, зробленыя з цэглы-пальчаткі. Аб’ект з’яўляецца помнікам абарончай архітэктуры прыблізна XVI-XVII стагоддзяў эпохі ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Пры гэтым у пазнейшыя часы цаглянае збудаванне магло выкарыстоўвацца як ляднік, дзе захоўвалі запасы харчавання. 

Гэты помнік ужо “пабіты” часам, хаця яшчэ з дзясятак гадоў таму ўяўляў сябой суцэльную цагляную пабудову. Цяпер жа пад уздзеяннем часу і прыродных ападкаў ён пакрысе развальваецца і патрабуе неадкладнай кансервацыі, а ў далейшым і рэстаўрацыі. На жаль, ніякага ахоўнага статусу збудаванне не мае.

Згодна з гарадскімі легендамі, цагляныя скляпенні маркіруюць уваход у патаемны падземны ход, што вёў праз Сож. Помнік згадваецца таксама ў рознай гістарычнай літаратуры ХІХ стагоддзя кшталту “Опыт описания Могилевской губернии”. 

Нязграбны на першы погляд аб’ект з’яўляецца даволі значным помнікам для Крычава і ўнікальным збудаваннем па ступені захаванасці. На вялікі жаль, уэкскурсійныя маршруты па старому Крычаву гэты аб’ект не ўваходзіць. Калі ж брацца за захаванне помніка, то патрэбна будзе папрацаваць: зрабіць кансервацыю аб’екта, пашукаць інфармацыю пра яго ў гістарычных крыніцах, а магчыма і археалагічна даследаваць.

Фота: mogilev media і з адкрытых крыніц

Вось як выглядае ўчастак дарогі каля дзіцячай паліклінікі ў Крычаве

Участак дарогі на мікрараёне Камсамольскім у Крычаве пагражае падвескам аўто крычаўлян сваімі ямамі і выбоінамі. 

Раней mogilev.media ужо звярталі ўвагу чытачоў на кепскі стан дарог у розных частках Крычава. Аднак тое было ранняй вясной і сітуацыя павінна была ўжо даўно змяніцца. Але з таго часу, як паказвае практыка, мало што зрушылася ў лепшы бок. 

Яскравым прыкладам з’яўляецца ўчастак дарогі на шляху да дзіцячай паліклінікі – каля дома № 13 па вуліцы Мікрараён Камсамольскі. Па шырыні ўсяго асфальтавага палатна знаходзіцца шырокая выбоіна з ямкамі. Раніцай у гэтым месцы часта можна ўбачыць сітуацыю, калі вадзіцелі сустрэчных напрамкаў руху прапускаюць адзін аднаго, каб кожны мог пераадолець гэты ўчастак з мінімальнымі наступствамі для падвескі ўласнага аўто – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.  

Што цікава, гэты ўчастак дарогі бачаць мясцовыя камунальшчыкі, калі прыязджаюць, каб вывезці смецце, аднак не прадпрымаюць ніякіх дзеянняў па ўладкаванню асфальтнага пакрыцця.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

У Крычаве згарэў гараж разам з машынай, пашкоджаны дом

Пажар адбыўся на завулку Камарова ў старой частцы горада.

Па прыбыцці на месца здарэння ратавальнікаў, ішло гарэнне ўнутры і даху драўлянага гаража, стварылася шчыльнае задымленне.

У выніку пажару была знішчана палова гаража і аўтамабіль, які знаходзіўся ў ім. Другая пашкоджаная палова гаража не падлягае аднаўленню. Акрамя таго, пашкоджана аздабленне дома, што знаходзіўся побач з гаражом. На шчасце, пацярпелых няма. – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Меркаваная прычына пажару – неасцярожнае абыходжанне з агнём пры правядзенні агнявых работ.

Фота: “Крычаўскае жыццё”

Агароджа здоўж возера Маладзёжнага ў Крычаве аказалася небяспечнай

Крычаўляне неаднаразова звярталі ўвагу на небяспечную і неналежную бакавую агароджу ўздоўж возера Маладзёжнае, асабліва на скрыжаванні вуліц Пугачова і Маладзёжнай. Справа ў тым, што агароджа досыць кволая і не зможа стрымаць аўтамабіль, які, не разлічыўшы, будзе ехаць на вялікай хуткасці. У такой сітуацыі ён патрапіць наўпрост у вадаём.

У сувязі з гэтым крычаўская аўтаінспекцыя на ўчастку дарогі каля былога кар’ера правяла праверку бакавой агароджы і высветліла, што яна не адпавядае тэхнічным патрабаванням арганізацыі дарожнага руху. Пытанне пра небяспечную бакавую агароджу на ўчастку дарогі ўздоўж возера Маладзёжнага на працягу года будзе вынесена на абмеркаванне ў раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху, для прыняцця рашэння па ўсталяванню надзейнай бар’ернай агароджы згодна з ўсімі тэхнічнымі патрабаваннямі – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Возера Маладзёжнае – былы кар’ер, які распрацоўвалі для патрэб мясцовага цэмзавода, а яго глыбыня сягае больш за 30 метраў.  

Фота: “Крычаўскае жыццё” і з адкрытых крыніц

Каля праблемнага доўгабуда ў Крычаве з’явіўся яшчэ і стыхійны сметнік

Пра будаўніцтва новага чытарохпавярховіка з кучай парушэнняў тэхнікі бяспекі і правілаў аховы працы нядаўна пісалі mogilev.media. Працягам гэтай гісторыі стала стыхійная звалка побач, на якой валяецца будаўнічае смецце. Усё гэта ў двух-трох дзясятках метраў ад будаўнічай пляцоўкі будучага жылога дома №38, на месцы зліцця завулка Выганскі з часткай мікрараёна Камсамольскі.

Горкі пяску з’явіліся тут у выніку расчысткі пляцоўкі для будаўніцтва чатырохпавярховіка яшчэ год таму, але да гэтага часу яны так і не былі прыбраны. Больш за тое, з нядаўняга часу там з’явіўся стыхійны сметнік, куды жыхары вакольных дамоў пачалі скідваць розныя бытавыя адыходы і галлё. 

І гэты пры тым, што побач знаходзяцца шэраг кантэйнераў для смецця. Вось так неахайнае будаўніцтва стварыла дурны прыклад і прэцэдэнт для засмечвання прасторы мікрараёна. 

Пры гэтым горкі з пяску зусім неагароджаны і на іх часта ўзбіраюцца дзеці, што можа ўяўляць небяспеку для іх здароўя і жыцця – яшчэ восенню мінулага года пісалі mogilev.media. 

Фота: mogilev.media

У Крычаўскім раёне за мінулы год не было зроблена ніводнага хірургічнага аборту

Па словах загадчыцы жаночай кансультацыі крычаўскай раённай бальніцы Марыі Патапенка хірургічных абортаў за мінулы год у Крычаўскім раёне не рабілі ніводнага. Былі толькі медыцынскія, так званыя вакуумы – малатраўматычная медыцынская маніпуляцыя па перапыненні цяжарнасці, якая робіцца на самых ранніх тэрмінах развіцця плода – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”. 

Як адзначае Патапенка, перапыненне або захаванне цяжарнасці – гэта рашэнне сям’і, рашэнне самой мамы. Нават калі лекары ведаюць, што ёсць паталогія, калі генетыкі раяць перапыніць цяжарнасць, выбар застаецца за сям’ёй. 

Адсутнасць хірургічных абортаў за год у цэлым раёне – сведанне, што вырасла адказнасць у сферы інтымных адносін.

Фота ілюстрацыйнае

Ніводнай кнігарні ў горадзе – крычыўская рэальнасць

Жыхары Крычава хацелі б мець кнігарню ў горадзе, але мясцовая ўлада так і не можа вырашыць праблему. 

У рэдакцыю мясцовай раённая газеты звяртаюцца жыхары горада з пытаннем пра адсутнасць кніжнай крамы ў Крычаве. Адзін з жыхароў наогул звярнуў увагу на прысутнасць «Табакерак» на кожным куце і пры гэтым недаступнасць часопісаў, газет і кніг для крычаўлянаў.  

Кіраўнік раёна неаднаразова падкрэсліваў неабходнасць заняць гэту нішу, здаўшы ў арэнду будынак “Магілёўсаюздруку” дастойнаму прадстаўніку, які зойме сегмент прэсы і канцэлярыі ў раёне, але, на жаль, работа ў гэтым накірунку пакуль ідзе павольна, і будынак толькі набывае неахайны выгляд – канстатуе раёнка “Крычаўскае жыццё”. 

Пра закрыццё адзінай кнігарні ў Крычаве mogilev.media пісалі яшчэ ў лютым і адзначалі, што на сённяшні дзень будынак былой крамы проста пустуе. А вось пра масавае з’яўленне “Табакерак” на фоне закрыцця шапікаў “Магілёўсаюздруку” mogilev.media паведамлялі яшчэ ў кастрычніку мінулага года.   

Фота: “Крычаўскае жыццё”

У Крычаве ўжо год ніяк не дабудуюць чатырохпавярховік, яшчэ і парушаюць правілы бяспекі

Агароджы небяспечных зон адсутнічаюць, горкі з пяску і смецця на будоўлі ствараюць непрыгожы выгляд і небяспеку для дзяцей, а будаўнічы вагончык “1000 дробязей” смяшыць навакольных жыхароў. 

Восенню мінулага года mogilev.media ужо пісалі пра пабудову новага шматкватэрнага дома ў раёне пяціпавярховікаў № 8,9,30,34 па вул. Мікрараён Камсамольскі, які пачалі будаваць на месцы зручных дарожак, дзіцячай пляцоўкі і зялёнай прасторы паміж дамамі, што прынесла нязручнасці для мясцовых жыхароў. 

З пачатку будаўніцтва дома №38 прайшоў ужо цэлы год, але заканчэнне і не бачна. Асноўны корпус дома ўжо пабудавалі, аднак яшчэ шмат працы давядзецца рабіць па знешняй і ўнутранай апрацоўцы пабудовы. 

Між іншым, падчас маніторынгу аховы працы на розных будаўнічых аб’ектах менавіта на будаўніцтве дома №38 былі зафіксаваны шэраг парушэнняў: адсутнасць агароджы небяспечных зон, знакаў бяспекі і кантролю за выкананнем работнікамі патрабаванняў па ахове працы. Дахавыя работы выконваюцца без спецпропуска.

Таксама былі зафіксаваны парушэнні пры выкарыстанні сродкаў індывідуальнай аховы і пры выкарыстанні драўляных драбін і пад’ёмных механізмаў (аўтакрана) – пісала яшчэ ў красавіку раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Сапраўды, прылеглая тэрыторыя да будаўнічага аб’екта цяпер засмечана рознымі адыходамі, горы пяску і будаўнічага смецця ствараюць непрыгожы і сумны выгляд. Больш за тое, яны нясуць пэўную небяспеку не толькі дзецям, але і дарослым, бо ніякім чынам не агароджаны і не пазначаны. Фактычна знішчаны дзве невялікія дзіцячыя пляцоўкі каля вакольных дамоў, а горкі са смеццем і пяском не змяншаюцца, а з’яўляюцца новыя.  

Вішанькай на торце стаў будаўнічы вагончыў “1000 дробязей”, які выклікае ў мясцовых жыхароў смех і жарты. А магчыма ў вагончыку проста спрабуюць адкрыць крамку з продажам рознай гаспадарчай драбязы?

Фота: mogilev.media

Паглядзіце, што за фантан працуе ў цэнтры Крычава

На тэрыторыі мікрараёна Камсамольскі ў Крычаве ў зоне адпачынку, дзе знаходзяцца лаўкі, альтанка і карусель для дзетак, ёсць таксама фантан. Але струмяні яго б’юць зусім крыва і пералівацца за межы фантана, утвараючы лужыны вакол яго. 

Падыйсці блізка да фантана не атрымаецца, бо ў такім выпадку вада абавязкова абалье чалавека. Да і глядзець там няма чаго, бо мясцовыя камунальныя службы горада не пераймаюцца з-за таго, што ў фантане плавае рознае смецце.

А вось як працаваў фантан летась

Фота: mogilev.media