Хадзіць можна толькі на пару з сябрам – арыгінальны туалет у крычаўскім парку

У парку Перамогі ў цэнтры Крычава ў драўляны туалет варта ісці толькі з сябрам або сяброўкай, бо закрыць дзверку самастойна магчымасці няма ад слова зусім: шпінгалеты размешчаны звонку, адтулінаў для закрыцця няма. 

Аказалася, што грамадскія прыбіральні ў Крычаве могуць прымусіць ламаць галаву. Менавіта такія туалеты знаходзіцца каля кургана Славы ў крычаўскім парку Перамогі. Звонку акуратныя драўляныя прыбіральні выглядаюць прыстойна і дабротна.

Але, калі прыглядзецца, то адкрываецца зусім іншая карціна. 

На адным туалеце шпінгалет для закрыцця ёсць, але толькі звонку і выемка для закрыцця знаходзіцца абсалютна на іншай вышыні і зачыніць клямку немагчыма. На другім туалеце засаўка таксама звонку, а адтуліны для закрыцця зусім няма. Па логіцы атрымліваецца, што адзін ты ў прыбіральню ў гэтым парку схадзіць не зможаш, бо знутры зачыніцца не атрымаецца – рэзюмуе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Навошта засаўкі звонку – сапраўды застаецца загадкай, хоць няма сумневаў, што па ўсіх дакументах крычаўскай камунальнай службы ўсё добра і правільна зроблена. Пагэтаму прыйдзецца хадзіць гараджанам у драўляную прыбіральню на пару. 

Фота: “Крычаўскае жыццё”