З тэрыторыі фермы ў вёсцы Гута Клімавіцкага раёна было выкрадзена амаль 700 кг камбікорму – паведамляе УУС.
Устаноўлена, што крадзеж учыніў 42-гадовы работнік свінагадоўчага комплексу. На сваім мікрааўтобусе ён вывез 15 мяшкоў камбікорму і выгрузіў іх у суседняй вёсцы, схаваўшы ля дарогі ў кювеце. 697 кг камбікорму агульным коштам каля 470 рублёў вернута ў гаспадарку. Па факце крадзяжу праводзіцца праверка.
У Клічаўскім раёне адбылося аналагічнае злачынства. 300 кг мукі і зерня кукурузы выкраў работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў у Клічаўскім раёне
Іспектары ДАІ спынілі 41-гадовага жыхара райцэнтра, які перавозіў у багажніку 5 мяшкоў камбікорму агульнай вагой больш за 200 кг – паведамляе прэс-служба УУС.
Высветлілася, што кіроўца ўчыніў крадзеж са склада свінафермы, на якой жа і працаваў.
Камбікорм вернуты ў гаспадарку. Фігурант прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
У красавіку гэтага года адбылося сутыкненне двух транспартных сродкаў на вуліцы Савецкай у Клімавічах. Аўтамабіль Peugeot, якім кіраваў 58-гадовы мясцовы жыхар пайшоў на абгон мотаблока з прычэпам, якім кіраваў 53-гадовы клімаўчанін. Падчас абгону машыні і мотаблок сутыкнуліся, прычым абодва кіроўцы абвінавацілі ў парушэнні правілаў язды адзін аднога – паведамляе прэс-служба Камітэта судовых экспертыз.
Так, кіроўца Peugeot абвінаваціў 53-гадовага апанента ў небяспечным манёўры, а той у адказ заявіў, што 58-гадовы выбраў недастатковую дыстанцыю. Абодва транспартныя сродкі атрымалі пашкоджанні – аўтамабілю парвала пасажырскую пярэднюю дзвер, а ў матаблока выламала адно кола.
У выніку вінаватым прызналі кіроўцу мотаблока – як выявілася, на культыватары забаронена ездзіць па дарогах агульнага карыстання, акрамя таго інструкцыя мотаблока не прадугледжвае буксіроўку на ім прычэпа. 53-гадовы клімаўчанін атрымаў штраф, яго таксама на адзін год пазбавілі правоў.
Яма для адыходаў знаходзіцца за будынкам мастацкай дзіцячай школы. У цёмны час сутак у яе можна з лёгкасцю праваліцца і калі не патануць у гноі, дык добра пабіцца.
Адтуліна для зліву бытавых адыходаў выкарыстоўваецца жыхарамі бліжэйшых дамоў, не забяспечаных каналізацыяй. Яна павінна была б быць прыкрыта спецыяльнай накрыўкай, але на дадзены момант тая адсутнічае. Побач з гэтым месцам знаходзіцца яшчэ і грамадскі туалет. У цёмны час сутак, ідучы туды, чалавек можа спакойна патрапіць у нечаканую пастку. І добра, калі ён абыдзецца толькі запэцканым абуткам і адзеннем – паведамляе пра ўсю сур’ёзнасць сітуацыі раённая газета “Родная ніва”.
Новае жыццё крыніца атрымала дзякуючы братам Андрэю і Сяргею Волікавым – ураджэнцам вёсцы Юр’евічы, якая ў сярэдзіне 2010-х гадоў знікла з карты Клімавіцкага раёна. Але крыніца раней не з‘яўлялася святой, таму яе асвячэнне – з’ява выключна сучасная.
Браты Волікавы хоць нарадзіліся і выраслі ў Юр’евічах, але з цягам часу з’ехалі ў горад і цяпер займаюцца перавозкамі пасажыраў на маршрутных таксі. Тым не менш пра месца, дзе нарадзіліся, не забыліся, і ў роднай вёсцы вырашылі ўладкаваць пасеку. Падчас прыездаў у родныя мясіны браты і ўспомнілі пра крыніцу, якая некалі паіла вяскоўцаў смачнай вадой.
Волікавы прызнаюцца, што было няпроста адшукаць гэтую крыніцу, бо знаёмыя з дзяцінства месцы зараслі дрэвамі і густой травой. Імі шмат зроблена ў справе ўпарадкавання юр’еўскай крыніцы. Побач з самой крыніцай з цягам часу была зроблена яшчэ і купеля, у якую вернікі могуць акунацца.
На выходных адбылося асвячэнне крыніцы і купелі ў былой вёсцы Юр’евічы, якое правёў настаяцель Мілаславіцкай і Звянчацкай цэркваў айцец Мікалай. Крыніца была асвечана ў гонар Ціхвінскай іконы Божай Маці. На асвячэнні воднага аб’екта было нямала людзей, бо Волікавы арганізавалі на сваіх маршрутках бясплатны падвоз клімаўчан да крыніцы. Жадаючых прыехаць было нямала. Былі таксама вяскоўцы з навакольных паселішчаў – Мілаславічаў, Макеевічаў, Перавалачні і нават некаторыя жыхары суседняга Шумяцкага раёна Расійскай Федэрацыі – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”.
Пасля асвячэння ўсе ахвочыя змаглі набраць крынічнай вадзічкі ў прынесеныя з сабой ёмістасці, а некаторыя не прамінулі і магчымасці акунуцца ў новаствораную купелю.
Ад рэдакцыі. “Упарадкаванне” крыніцы з удзелам праваслаўнай царквы і мясцовых уладаў адбылося тыпова бязграматнае, бо не адпавядае народным традыцыям і толькі шкодзіць экалогіі вясковага воднага аб’екта. Замест традыцыйнага драўлянага зруба і акуратнага экалагічнага падыходу да вады пляцоўка вакол крыніцы зацэментавана, быў зроблены абсалютна непатрэбны дрэнаж. Сама крыніца закавана ў бетонныя кольцы і ўсёй прыроднай яе прыгажосці цяпер не ўбачыш.
Таксам важна адзначыць, што вясковая крыніца ў Юр’евічах колісь не лічылася святой, а вызнавалася мясцовымі жыхарамі выключна як добрая пітная вада. Аднак цяпер мясцовая праваслаўная царква яе асвяціла і прызнае святой, праўда звязана сакральнасць выключна з царкоўным культам без аніякіх народных традыцый, бо ранейшага ўшанавання воднага аб’екта папросту не было. Даследчыкі-этнографы называюць падобную з’яву сучаснай сакралізацыяй крыніц, калі водны аб’ект асвячаецца царквой ў гонар нейкага святога, хоць крыніца ніколі мясцовым насельніцтвам не вызначалася асаблівай.
На возеры ў Клімавіцкім раёне патануў 41-гадовы мужчына, які спрабаваў дагнаць лодку. Яго цела з дна вадаёма паднялі работнікі асвода.
Сталі вядомымі падрабязнасці трагедыі, пра якую пісалі mogilev.media. Загінулы з’яўляўся жыхаром г. Касцюковічаў, і разам з 64-гадовым знаёмым яны прыехалі на возера паблізу вёскі Якімовічы Клімавіцкага раёна каб парыбачыць. Паралельна з лоўляй рыбы мужчыны ўжывалі спіртное.
Увечары 41-гадовы касцюкаўчанін вырашыў праверыць закінутыя прыстасаванні для лоўлі шчупака, для чаго адштурхнуў маторную лодку ад берага, каб маторам не закрануць дно. Лодку стала адносіць ад берага, і мужчына паплыў даганяць яе. Дагнаў, але забрацца ў лодку не змог і стаў тануць. Яго напарнік паспяшаўся на дапамогу, але з-за таго што не ўмеў плаваць, не змог дабрацца да лодкі, якая знаходзілася на глыбіні – паведамляераённая газета “Родная ніва”.
Супрацоўнікаў міліцыі і ратавальнікаў пасля здарэння выклікалі ўжо відавочцы драматычнай падзеі. Цела патанулага са дна паднялі супрацоўнікі клімавіцкага асвода, а яго лодку даставілі на бераг.
Трагедыя здарылася на гэтых выхадных на вадаёме каля вёскі Мілаславічы Клімавіцкага раёна. 42-гадовы жыхар Касцюковіч адпачываў на беразе разам з сябрам, лавілі рыбу. У нейкі момант касцюкаўчанін захацеў паплаваць на лодцы. Адплыўшы на 50 метраў ад берага, мужчына звалтўся ў ваду. Самастойна вярнуцца ў лодку ён не здолеў, не змог яму дапамагчы і сябар. Назаўтра ратавальнікі знайшлі ў вадаёме цела мужчыны – паведамляе прэс-служба МНС.
Менахем-Мендл, Леві і Міхаіл разам з блізкімі сваякамі прыехалі ў Клімавічы, каб пабыць на магілах сваіх дзядоў і прадзедаў.
У Клімавічы наведаліся рабін Менахем-Мендл Альпяровіч з Магілёва, рабін Леві Камянецкі з Томска і Міхаіл Шагалаў з Масквы. Мужчынаў паміж сабой аб’ядноўвае не толькі сяброўства, але і агульныя карані, бо ва ўсіх продкі жылі ў Клімавічах і пахаваныя на мясцовых яўрэйскіх могілках.
Менахем-Мендл Альпяровіч і Леві Камянецкі – далёкія сваякі. У іх агульны прапрадзед Мардэхай Пэўзнер, які быў адным з сябраў абшчыны Хабад у Клімавічах. Пэўзнер набыў шырокую вядомасць як выдумшчык нігуноў, некаторыя з якіх пад назвай «Мелодыі Клімавічаў» захаваліся і ўзнаўляюцца дагэтуль.
Госці горада разам з прадстаўніком грамадскай арганізацыі «Магілёўская габрэйская абшчына» Ідай Шэндэровіч спачатку наведаліся на магілы продкаў, каб дасканала вывучыць мацэвы, а пасля прайшліся па вуліцы Пралетарскай, на якой некалі пражывала шмат яўрэяў.
Акрамя таго сямейная дэлегацыя пабывалі каля памятнага знака, які быў усталяваны на месцы масавага растрэлу яўрэяў у 1941 годзе. Прычым дзеці паклалі на магільную пліту каменьчыкі, што згодна яўрэйскай традыцыі, сведчыць пра памяць аб продках – паведамляе раённая клімавіцкая газета “Родная ніва”.
Адзначым, што Клімавічы ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з’яўляліся адным з цэнтраў Любавіцкага хасідызму – рэлігійнага кірунку, які да гэтага часу застаецца адной з найбольш шматлікіх плыняў у юдаізме (Хабат).
У мястэчку, якое яўрэі называлі Клімэвіч жылі нашчадкі сям’і заснавальніка Хабата Шнэура Залмана (Шнэйрсана) з Ляд і яго паслядоўнікі. З Клімавічаў бяруць пачатак карані многіх вядомых рэлігійных дзеячаў, якія жывуць зараз у розных краінах свету.
Цела 50-гадовага пастуха было знойдзена ў старожцы – паведамляе прэс-служба МНС.
Пажар вартоўні адбыўся апоўначы з 20 на 21 чэрвеня. Загарэлася старожка на полі каля прадпрыемства “Прымежны-Агра” ў аграгарадку Звянчатка Клімавіцкага раёна. Ратавальнікі знайшлі на месцы трагедыі 50-гадовага мясцовага жыхара, які працаваў пастухом і даглядаў статак цялят на летнім выпасе. Прычына пажару высвятляецца, але гледзячы па публікацыі навіны на сайце МНС, супалі такія частыя фактары, як алкаголь і неасцярожнасць з агнём.
Пра выпадак паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. Мінак шпурнуў недакурак праз плот у двор рэдакцыі, той патрапіў на трухлявы пень, які задыміўся і загарэўся. Пажар своечасова пабачылі супрацоўнікі рэдакцыі і залілі агонь вадой з вядра.
Здарэнне адбылося ў працоўны дзень, таму рэдакцыі ўдалося пазбегнуць большай бяды.