Будынкі ўсяго цэнтра Бабруйска будуць узяты пад ахову як помнікі культуры

Рашэннем Магілёўскага аблвыканкама статус гістарычнага цэнтра Бабруйска павысіўся да ўзроўню нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі. Ён забяспечвае не толькі захаванасць аб’ектаў, але і доступ да іх спецыялістам і грамадзянам.

Будынкі, як паведамляе сайт Bobrlife, размешчаныя паміж цэнтральным рынкам і тэатрам. Іх поўны спіс можна знайсці на старонцы выдання.

Уладальнікі і арандатары гістарычных будынкаў Бабруйска ў адпаведнасці з артыкулам 75 Кодэкса Рэспублікі Беларусь па культуры павінны падпісаць абавязацельствы па іх ахове да 27 снежня 2022 года.

Будаўніцтва новай і самай паўночнай вуліцы Бабруйска павінна распачацца ў пачатку 2023 года

Вуліца Пухоўская пашырыць горад на поўнач у сёмым мікрараёне горада. 

Рашэнне ад 11 жніўня 2009 г. пра будаўніцтва вуліцы Пухоўская нарэшце падыходзіць да стадыі рэалізацыі. Як паведамляе “Коммерческий курьер”, у мінулым годзе гарадская тэрыторыя павялічылася на 70 га. Рост адбыўся за кошт лесу і зямель, якія прылеглыя да Моладзёвага (альбо сёмага) мікрараёна. Праект нядаўна прайшоў экзамен, тэндар на выбар генеральнага падрадчыка адбудзецца неўзабаве.

Плануецца, што працы распачнуцца ў студзені 2023 года. Пры своечасовым фінансаванні трафік па новай вуліцы адкрыецца да канца наступнага года. Яе разліковая даўжыня будзе каля аднаго кіламетра. Усяго ўздоўж вуліцы, паводле агульнага плана, будуць пабудаваны дзесяць шматпавярховых жылых будынкаў.

Пухоўская стане самай паўночнай вуліцай Бобруйска, яна злучыць вуліцу Дняпроўскай флатыліі, праспект Будаўнікоў і Прыбярэзінскі бульвар.

Фота: Коммерческий курьер

Вось такія яміны на вуліцы ў цэнтры Бабруйска – відэа

Для вымярэння аўтару відэа прыйшлося выкарыстаць вогнетушыцель.

Ролік з ямінай на вуліцы Валадарскага ў Бабруйску з’явіўся ў папулярных пабліках у беларускіх сацыяльных сетках.

Інклюзіўны конкурс творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі пройдзе ў Бабруйску

Конкурс творчасці людзей з інваліднасцю “Мы шукаем таленты” пройдзе ў Палацы мастацтваў Бабруйска 13 снежня.

Спаборніцтвы будуць праводзіцца па некалькіх намінацыях – сольны вакал, вакальны ансамбль, харэаграфія, мастацкае чытанне, дэкаратыўна-прыкладная творчасць. 

Удзельнічаць у конкурсе талентаў можна як індывідуальна, так і калектыўна. Пераможцы атрымаюць дыпломы і каштоўныя падарункі.

Арганізатарамі конкурсу выступілі Палац мастацтваў Бабруйска сумесна з Бабруйскай гарадской арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”. Гэта ўжо будзе другі падобны конкурс у Бабруйску.

Інклюзія (ад inclusion – уключэнне) уяўляе сабой працэс уключэння людзей з фізічнай і ментальнай інваліднасцю ў паўнавартаснае грамадскае жыццё, а таксама распрацоўку і прыняцце канкрэтных рашэнняў для гэтага.

Фото Pixabay

Бабруйск першым у вобласці пачаў мантаж навагодняй ёлкі

За месяц да пачатку Калядаў на галоўнай плошчы горада распачаліся працы па мантажу галоўнай ёлкі горада і катка побач з ёй. Зялёная прыгажуня тут заззяе агнямі раней, чым у абласным Магілёве. 

Адметнасцю гэтага году стала размяшчэнне побач яшчэ і адкрытага катка. Яго змантавалі напярэдадні. Для чаго выкарысталі старыя агароджы з Бабруйск-Арэны.

Чакаецца, што плошча Леніна стане эпіцэнтрам навагодніх святаў у Бабруйску. Прынамсі, месца тут хопіць усім. 

Фота: bobr.by

Бабруйскі дуб-волат можна выратаваць – лічыць эколаг

300-гадоваму дрэву, помніку прыроды пагражае знішчэнне – пісалі Магілёў.media. 

– Дрэва страціла галіну першага парадку з часткай ствала. – тлумачыла праблему кандыдат біялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Святлана Цярэшчанка – У месцы разгалінавання шкілетных галін з’явіліся дуплы, а трутавыя грыбы на ствале дрэва сведчаць аб наяўнасці ствалавой гнілі… Калі ламаюцца шкілетныя галіны, дрэвы губляюць устойлівасць. У Дуба-волата ў Бабруйску зламаная адна з буйных шкілетных галін, а другая мае нахіл каля 30 градусаў. Моцны вецер можа яе зламаць.

Праблема з захаваннем дуба-волата, які памятае яшчэ часы Рэчы Паспалітай, сталі рэзананснымі ў Беларусі. На бабруйскім партале 1387.by з’явілася інтэрв’ю з эколагам Ігарам Куталоўскім, які спрабуе выратаваць помнік прыроды.

– Паводле дзейсных крытэраў ацэнкі стану аб’ектаў расліннага свету гэтае дрэва знаходзіцца ў даволі добрым стане. – лічыць эколаг – Сухавяршыннасць адсутнічае, маецца добры і здаровы новы прырост.  Аварыйнасць дадзенага дрэва можа ўзнікнуць праз яго шырокую разгалістую крону толькі падчас ураганнага ветру, у сувязі з блізкім знаходжаннем ходніка і праезджай часткі.

Пазбаўляць унікальнае дрэва ахоўнага статусу помніка прыроды з прычыны магчымай аварыйнай сітуацыі ні ў якім выпадку нельга – гэта незаконна, непрафесійна і бязглузда, лічыць эксперт, бо як раз ахоўны статус абавязвае прафесійна абследаваць дрэва і прызначаць яму індывідуальны і рэгулярны догляд.

Каб перадухіліць узнікненне аварыйнай сітуацыі, дастаткова выканаць пісьменную санітарную і амаладжальную абрэзку – адзначае Ігар Куталоўскі. Гэта аблегчыць крону дрэва, зробіць яе больш кампактнай, зменшыць даўжыню галінаў, якія навісаюць над праезджай часткай, і адпаведна перадухіліць іх абломванне і падзенне.

– Старыя дрэвы праз пісьменную абрэзку можна амалоджваць. Калі мы цяпер узімку гэта зробім, то ўвесну будзе зразумела, ці ўсё добра, – кажа спадар Ігар. – Калі ўсё зрабіць, як трэба, то дуб прастаіць яшчэ сто год і нават больш. А калі мы нічога не будзем рабіць, сапраўды рызыкуем застацца без гэтага дрэва. Але лямантаваць тут не трэба, а проста працаваць з дубам. У інспекцыі прызналі, што да гэтага часу з ім нармальна ніхто нічога не рабіў. Так, зрабілі сцяжкі на ствале, але гэта ні пра што.

КУП “ДЭП г. Бабруйска” у 2015 годзе сцягнула дрэва стальным абручом, які замацаваў расколіну ў драўніне ад канчатковага разлому.

Фота: 1387.by

 

Бабруйскі абсурд – мазаіку з Леніным знішчылі ў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі

Разам з будынкам былой футравай фабрыкі на Бахарава да свята 7 лістапада знеслі рэвалюцыйную мазаіку. Думкі бабруйчан з нагоды здарэння супрацьлеглыя. 

Мазаіка з чырвонай жанчынай – цэнтральнай фігурай твора, дзе фонам ішоў Ленін і рэвалюцыянеры – на будынку былой футравай фабрыкі адпавядала камуністычнай ідэалогіі, але ж і ўпрыгожвала індустрыяльны пейзаж Бабруйска. У 2000-х фабрыка збанкрутавала, а новыя гаспадары пачалі перабудову. Сімвалічна, што мазаіку з рэвалюцыйным сюжэтам і Леніным знішчылі ў «святочны» дзень 7 лістапада.


Бабруйская футравая фабрыка – прадпрыемства па вытворчасці футравых вырабаў была створана ў 1959 годзе. У канцы 1970-х гадоў на фабрыцы працавала  1800 чалавек. Выпускалася больш за 10 фасонаў мужчынскіх шапак з меха розных жывёл, да 12 фасонаў жаночых шапак, а таксама дзіцячыя шапкі, манто, паліто, каўняры. У 2015 годзе прадпрыемства было ліквідавана.


Тым часам меркаванні бабруйцаў з нагоды знішчэння мазаікі ў сацсетках падзяліліся.

Адны пішуць: «Не шкада», «Дзякуй Богу. Такая сабе творчасць», «Адным Леніным менш – толькі лепш. Мастацкай вартасці не бачу, а як помнік эпохі – іх дзяваць няма куды».

Некаторыя аматары даўніны прытрымліваюцца зусім іншых думак. Так, адзін з іх сумуе: 

–  Безумоўна, да мазаікі можна ставіцца выключна адмоўна, з улікам цалкам ідэалагічнай скіраванасці сюжэту. Аднак,… мазаічнае пано выканана на дастаткова добрым узроўні, верагодна мясцовымі мастакамі. Я заўважаю ў цалкам сацрэалістычным сюжэце яўныя цытаты з твораў мінулага, …наўпростую цытату з сакральнага жывапісу, а менавіта з сюжэту, які прынята называць Маці Божая Валадарка Нябёсаў, дзе галоўным пасылам ёсць паведамленне свету, што Марыя зацяжарыла беззаганна. І ў гэтым ёсць сведчанне надыходу новага часу, у якім з чалавекам будзе ўкладзены Новы запавет. Мастак гуляе са здабыткам культуры, пераносячы яго ў новыя (савецкія) умовы. А ва ўмовах тых часоў… адбывалася кшталтаванне майстроў новага погляду і шырыні творчых амбіцыяў, якія, прадзіраючыся скрозь ідэалагічныя штампы, пачыналі казаць уласным голасам, што нёс ужо на сабе адбіткі ранейшых беларускіх выяўленчых дасягненняў. 

Дыскусія з нагоды знішчэння мазаікі яшчэ раз нагадала, што каб узбагаціць сябе, варта ўсё ж больш разумна і ашчадна адносіцца да нашай спадчыны.

фота: 1387.by

У Бабруйску знайшлі наркалабараторыю

У сваім дачным доме 29-гадовы бабруйчанін абсталяваў памяшканне для вырошчвання канопляў – піша Тэлеграм-канал прэс-службы МУС.

Падчас обшуку было знойдзена абсталяванне для вентыляцыі і асвятлення, рэгулятар кіслотнасці глебы, угнаенні, сістэма паліву. Канфіскаваны кусты канабісу, гашыш і марыхуана агульнай вагой больш за 100 г.

Фігурант затрыманы, следчымі, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Бабруйскія алкаголікі, не забудзьцеся закупіцца сёння!

У Бабруйску заўтра дзень не будуць прадаваць алкаголь з 00.00 да 24.00. Чаму абраны менавіта гэты дзень дакладна невядома. 

На тэрыторыі горада пройдзе прафілактычная антыалкагольная акцыя «Дзень цвярозасці», паведамляе Бабруйскі гарвыканкам. Не будуць прадавацца алкагольныя напоі, але выключэнне зрабілі для рознічнага гандлю спіртным у разліў у аб’ектах грамадскага харчавання. Таксама абмежаванні не распаўсюджваюцца на рэалізацыю алкагольных напояў раздробнымі гандлёвымі аб’ектамі для правядзення рытуальных абрадаў.

Пра падобныя акцыі ў розных раёнах вобласці ўжо паведамлялі Магілёў.media. Традыцыйна антыалкагольную акцыю «Дзень цвярозасці» чыноўнікі тлумачаць неабходнасцю правядзення мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця, прафілактыку пʼянства і алкагалізму ды барацьбу з імі.

Чаму абрана менавіта пятніца 11 лістапада дакладна невядома. Гэтым разам гарадам і раёнам краіны ў рамках агульнанацыянальнай акцыі «Дзень цвярозасці» далі свабоду выбару, вось яны яшчэ напачатку года выбралі тыя даты, якія ім падаліся лагічнымі.

План акцыі ў Бабруйску быў зацверджаны яшчэ ўзімку 21 студзеня 2022 г. , і сёлета ў Бабруйску былі абвешчаны чатыры дні цвярозасці – 11 лютага, 13 траўня, 12 жніўня і 11 лістапада.

Ці варта закупляць сёння алкагольныя напоі на заўтра, кожны бабруйчанін вырашыць самастойна. Але памятаць пра неабходнасць разумнага абмежавання іх выкарыстання трэба заўжды. 

Фота носіць ілюстрацыйны характар і ўзята з адкрытых крыніц

Жанчына распрадала сядзібу сваякоў пад Бабруйскам – і дом па частках, і тэхніку, і нават плот

Гаспадары дома рэдка прыяжджалі на радзіму з Расіі, а махлярка высылала ім старыя фотаздымкі каб пераканаць, што ўсё ў парадку.

45-гадовая жыхарка Бабруйскага раёна знайшла ключы ад дачнага доміка сваіх родных у сядзібе маці, калі тая памерла ў 2020 годзе. Раней асуджаная за махлярства і прысваенне чужой уласнасці, жанчына стала пастаянна наведвацца на прысядзібны ўчастак сваякоў – паведамілі прадстаўнікі Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці агенцтву БелТА.

Падчас візітаў жанчына паступова распрадавала маёмасць сваіх родных, выкладаючы паведамленні пра продаж на папулярнай інтэрнэт-пляцоўцы. 

– Інструменты, газонакасілку, трымер, бетонамяшалку і мэблю яна рэалізавала праз віртуальную гандлёвую пляцоўку, затым пайшлі ў ход будаўнічыя матэрыялы, з якіх быў пабудаваны прысядзібны домік, і заборная агароджа – расказала агенцтву БелТА афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Таццяна Старасотнікава.

З уласнікамі сядзібы звязаліся прадстаўнікі сельскага савета, калі на ўчастку ўтварылася пустка, якая праз дэмантаж агароджы і збудавання стала небяспечнай для жыхароў населенага пункта. Супрацоўнікі сельсавета прадманстравалі рэальны стан дачнага ўчастка на фотаздымках гаспадарам, якія даўно не прыяжджалі ў Беларусь з Расіі.

45-гадовая жанчына, што падазраецца ў махлярстве, спрабавала пераканаць сваякоў, што з іх уласнасцю нічога не здарылася. Дзеля гэтага яна высылала ім старыя фотаздымкі сядзібы, якія зрабіла да продажу маёмасці. Супраць жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле “Крадзёж.

фота з адкрытых крыніц