У Маскве знайшлі цела экс-музыканта групы “БІ-2”

Цела Мікалая Плявіна, які з 1999 па 2006 гады граў у гурце “БІ-2” як ударнік і клавішнік, было знойдзена ў здымнай кватэры ў Міскве. Паведаляецца, што музыкант быў увесь у крыві, але паводле папярэдняй версіі яго смерць мае негвалтоўны характар. Мужчыну знайшоў сын, пасля таго як беспаспяхова спрабаваў датэлефанавацца бацьку на мабільны. Апошні раз ён звязваўся з ім 10 лістапада. Цела накіравалі на судова-медыцынскую экспертызу.

Фота: НТВ

Мужчыну і жанчыну, што заблукалі ў лесе пад Клічавам, пакуль так і не знайшлі

Позна вечарам 15 лістапада ратавальнікам паступіла паведамленне пра прапажу двох чалавек у лесе каля вёскі Развадава Клічаўскага раёна. Зніклымі з’яўляюцца жанчына 1973 года нараджэння і яе спадарожнік, мужчына, асоба якога невядомая. Пачынаючы з 22.46 іх шукалі сем адзінак тэхнікі і 14 чалавек, але пошукі аказаліся безвыніковымі і працягнуцца сёння, 16 лістапада – паведамляе МНС.

Фота ілюстрацыйнае

Без флікераў, каля перахода – пад Магілёвам фура насмерць збіла мужчыну

87-гадовы жыхар вёскі Сялец загінуў пад коламі аўтамабіля MAN вечарам 15 лістапада. Наезд адбыўся недалёка ад пешаходнага перахода, а вясковец пры гэтым не быў адзначаны святлоадбівальнымі элементамі. Грузавіком кіраваў 58-гадовы магілёвец – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС

Сёння апошні дзень для аплаты падаткаў

Калі не аплаціць падаткі своечасова, за кожны дзень пратэрміноўкі будзе прызначаная пеня.

Сёння, 15 лістапада 2023 года, заканчваецца тэрмін выплаты транспартнага падатку, зямельнага падатку, падатку на нерухомасць і арэнднай платы. Падатковыя інспекцыі раней выслалі па пошце падаткаплацельшчыкам усе сумы маёмасных падаткаў у адзіным паведамленні. Сума арэнднай платы, якая падлягае выплаце, указваецца ў дагаворы арэнды зямельнага ўчастка.

У выпадку несвоечасовай выплаты падаткаў, а таксама арэнднай платы за кожны каляндарны дзень пратэрміноўкі будзе налічвацца пеня. Таксама ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць за невыкананне падатковага заканадаўства ў выглядзе 15 працэнтаў ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш як 0,5 базавых велічынь. Калі нявыплата або несвоечасовая выплата падатку ўчынена наўмысна, прымяняецца штраф у памеры 40 працэнтаў ад нявыплачанай сумы падатку, але не менш як 10 базавых велічынь.

Фота ілюстрацыйнае

Затрыманы магілёвец, які душыў сваю дачку. Раней ён ужо пагражаў забіць маці і сужыцельніцу

За спробу задушыць сваю 13-гадовую дачку, 42-гадовы магілёвец быў затрыманы пад варту па санкцыі намесніка пракурора горада. Яму інкрымінаваная пагроза забойствам. У верасні 2023 года ён, п’яны, напаў на сваю дачку і стаў сціскаць ёй горла, адначасова пагражаючы забойствам. Раней мужчына ўжо прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за пагрозу забойства. Тады ахвярамі магілёўца сталі яго маці і сужыцельніца – паведамляе БелТА.

Фота ілюстрацыйнае

Беларуска “паляцела” на Месяц – пачаўся эксперымент па гадавой ізаляцыі касманаўтаў

Беларуска Вольга Масціцкая ўдзельнічае ў эксперыменце Sirius-2023 у складзе расійскага экіпажа з шасці чалавек у якасці даследчыка, піша smartpress.by.

“Касманаўты” рыхтуюцца да рэальнага палёту на Месяц. Удзельнікі місіі ізаляваны на год з 14 лістапада. Праект запушчаны ў Расіі Інстытутам медыка-біялагічных праблем акадэміі навук.

Згодна з эксперыментам, “касманаўты” “адправіліся на “Месяц” на транспартным караблі. “Ляцець” яны будуць чацвёра сутак. Далей адбудзецца “састыкоўка” з калямесячнай арбітальнай станцыяй. Праз месяц будзе “дастаўлены” дадатковы транспартны карабель. Экіпаж будзе працаваць на ім двое сутак без перапынку.

Акрамя таго, запланаваны “высадкі” на “Месяц”. Праз 362 дні пачнецца зваротны “палёт”, які таксама працягнецца чацвёра сутак. Падчас яго ўдзельнікі эксперыменту сутыкнуцца з “няштатнымі сітуацыямі”.

У рамках даследавання будзе вывучацца стан здароўя чалавека ва ўмовах ізаляцыі. У праграме эксперыменту ўдзельнічаюць вучоныя з Расіі, Беларусі, ЗША, Канады, Італіі, Чэхіі, Турцыі, Індыі і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.

Вольга Масціцкая – малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі, была ў ліку кандыдатак, якія прэтэндавалі на палёт на МКС. Кандыдаткамі на МКС былі абраны бортправаднік авіякампаніі “Белавія” Марына Васілеўская і хірург РНПЦ дзіцячай хірургіі Анастасія Ленкава (дублёр).

Фота з адкрытых крыніц

Пенсіянер, якога выратавалі на пажары пад Клімавічамі, памёр у лякарні

Пажар адбыўся 12 лістапада ў вёсцы Галічы Клімавіцкага раёна. Тады мясцовыя жыхары выратавалі з агня гаспадара дома, пенсіянера 1960 года нараджэння – пісалі Магілёў.медыя. Сёння стала вядома, што ад атручэння прадуктамі гарэння ён памёр у лякарні. Прычына пажару высвятляецца – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: БелТА

Дзве студэнткі выскачылі на чырвонае святло і справакавалі аварыю ў Магілёве

Вечарам на вуліцы Касманаўтаў у Магілёве дзве студэнткі перабягалі дарогу на чырвонае святло – прычым проста перад двума аўтамабілямі, што ехалі па дарозе. Кіроўца аднаго з аўто паспеў своечасова адрэагаваць і рэзка павярнуў руль управа. Машыну занесла на ўзбочыну і ўдарыла аб іншы, прыпаркаваны аўтамабіль. Студэнткі спалохана ўцяклі з месца здарэння, але пазней былі знойдзеныя супрацоўнікамі ДАІ. Цяпер ім пагражае штраф за стварэнне аварыйнай сітуацыі – ад 3 да 8 базавых велічыняў – паведамляе прэс-служба абласнога УУС.

Фота: УУС, скрыншот

Двухтомнік Дуніна-Марцінкевіча прызнаны “экстрэмісцкім” – ён выйшаў у дзяржаўным выдавецтве

У рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэннем суда Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці быў уключаны збор твораў В. Дуніна-Марцінкевіча з двух тамоў, выдадзены “Мастацкай літаратурай” у 2007 – 2008 гадах. З тлумачэнняў, якія суправаджаюць тэкст рашэння вынікае, што гэта звязана з наяўнасцю ў першым томе збора твораў прадмовы Язэпа Янушкевіча, а ў другім – вершаў “Плывуць вятры” і “Гутарка старога дзеда”, якія раней ужо былі прызнаныя “экстрэмісцкімі”.

Літаратуразнаўцы мяркуюць, што гэтыя два вершы Дунін-Марцінкевіч напісаў падчас паўстання Кастуся Каліноўскага супраць улады Расійскай імперыі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

“Мастацкая літаратура” – дзяржаўнае выдавецтва, якое існуе з 1972 года і спецыялізуецца на публікацыі арыгінальных твораў беларускіх аўтараў. Пачынаючы з 2021 года ў склад выдавецтва ўваходзяць таксама літаратурныя часопісы “Маладосць”, “Нёман” і “Полымя”.

Фота з адкрытых крыніц

Лукашэнка расказаў пра затрыманне гендырэктара “Бабушкінай крынкі” і яшчэ 14 чалавек

Кіраўнік прадпрыемства Генадзь Скітаў, па яго словах, сабраў вакол сябе каманду з самых блізкіх і “цалкам замкнуў на сябе фінансавыя патокі”.

Пра затрыманні ў кіраўніцтве “Бабушкінай крынкі” і на некаторых іншых прадпрыемствах малочнай галіны раней паведамлялі незалежныя беларускія СМІ. Цяпер жа Аляксандр Лукашэнка расказаў падрабязнасці справы падчас нарады, прысвечанай пасажырскім грузаперавозкам. 

«У верасні 2019 года на пасаду дырэктара прызначаны спадар Скітаў, сфармаваў сваю каманду. Шмат хто любіць пра гэта казаць: „Каманда, мы, тут…“ Я заўсёды вас ахоўваў ад гэтага – ніякіх каманд. Павінна быць структура кіраўнічая, іншае. Сваю каманду менеджэраў, цалкам замкнуў на сябе фінансавыя патокі» – паведаміў Лукашэнка. Не абыйшлося без абвінавачванняў у кумаўстве. Так, Скітаў прызначыў начальнікам  вытворчасці сыроў свайго кіраўцу, іншымі прызначэнцамі былі “стрыечны пляменнік, стрыечны брат і сын. Ну як жа без гэтага.”.  

Генадзь Скітаў. Фота: БелТА

Кіраўнік КДБ Іван Церцель паведаміў на нарадзе, што ўсяго на “Бабушкінай крынцы” і на іншых прадпрыемствах малочнай галіны былі затрыманыя 26 чалавек. 15 з іх арыштаваныя, уключаючы Скітава.

У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў узяты ў распрацоўку восем камерцыйных груп, якія ўстанавілі кантроль на выгадных для сябе ўмовах над экспартам у Расію прадукцыі шэрага айчынных малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў – прагучала на нарадзе.

Паводле заяўленняў Лукашэнкі, у Расіі былі створаны падкантрольныя суб’екты гаспадарання, што дазваляла прадаваць малочную прадукцыю з мінімальнай нацэнкай, а затым рэалізоўваць тавар канчатковаму спажыўцу па больш высокай цане.

Фота з адкрытых крыніц