У Краснаполлі «Джылі» збіла дваіх дзяцей. Пацярпелым у раённай больніцы не далі рады і іх адправілі ў Магілёў

Дзеці на ровары нечакана выехалі на праезную частку і трапілі пад машыну.

Пацярпелыя дзяўчынка 2008 і хлопчык 2010 году нараджэння забаўляліся, катаючыся ў дваіх на адным ровары.

У нейкі момант яны раптоўна выехалі на праезную частку дарогі, дзе адбылося сутыкненне з аўтамабілем «Джылі», піша мясцовая раёнка «Чырвоны сцяг».

«З рознымі цялеснымі пашкоджаннямі дзеці былі шпіталізаваны ў Краснапольскую ЦРБ (Цэнтральную раённую больніцу, ММ), адтуль – у Магілёўскую абласную дзіцячую больніцу», піша выданне.

Па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіцца праверка.

фота: redflag.by

У Магілёве выпаў з акна студэнт

Трагедыя адбылася ў адным з інтэрнатаў беларуска-расійскага ўніверсітэту.

Вядома, што хлопец выпаў з акна чацвёртага паверху і з траўмамі дастаўлены ў шпіталь.

Міліцыя занятая расследаваннем.

Сачыў за прадпрымальнікам і ноччу скраў з яго машыны інструмент

Раней ужо асуджаны за крадзеж, 49-гадовы жыхар Воршы здзейсніў прадуманае рабаўніцтва ў Магілёве – паведамляе.

Ён доўга сачыў за мікрааўтобусам індывідуальнага прадпрымальніка, паведамляе прэс-служба абласной міліцыі.

33-гадовы магілёўскі бізнесмен на вачах у зламысніка доўгі час пагружаў і раскладваў тэхніку ды інструмент у сваім транспартным сродку. Пра факт знаёмства паміж зламыснікам і ахвярай нічога не паведамляецца – верагодна, аршанец стаў выпадковым сведкай маніпуляцый магілёўца.

А другой гадзіне ночы жыхар Воршы пад’ехаў да прыпаркаванага ў двары мікрааўтобуса прадпрымальніка. Узламаўшы замок багажніка, скраў з аўтамабіля маёмасці на 10 000 рублёў і з’ехаў з ім у Воршу.

Зламысніка выкрылі па гарачых слядах, паведамляюць у прэс-службе УУС, а ўсё нарабаванае вернута ўласніку.

Разбіўся п’яным на машыне і пакінуў пасажыра паміраць. Вінаватага ў ДТЗ на Асіповіччыне давялося дзве гадзіны лавіць

34-гадовы мінчанін кіраваў па трасе Барысаў-Беразіно-Бабруйск на аўтамашыне Citroen каля 14.45 28 жніўня. Разам з ім у аўтамабілі знаходзіўся 46-гадовы пасажыр, які і стаў ахвярай злачыннай бяспечнасці. Як выявіла потым медыцынская экспертыза, у крыві кіроўцы падчас руху было 1,4 праміле алкаголю.

Трагедыя адбылася на 106-м кіламетры дарогі. Кругавы паварот дарогі налева апынуўся занадта цяжкім для п’янага мінчаніна. Колы Citroen зачапілі правую ўзбочыну, машына згубіла кіраванне і ўдарыла ў прыдарожнае дрэва.

Пасажыр быў яшчэ жывы, калі кіроўца вырашыў пакінуць месца здарэння. Ці аказаў ён хоць нейкую першую дапамогу пацярпеламу – не паведамляецца. Вядома, што 46-гадовы мужчына памёр па дарозе ў больніцу.

Тэрміновыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы дазволілі знайсці вінаватага ў ДТЗ амаль праз дзве гадзіны. У 16.30 таго ж дня 34-гадовы мінчанін быў затрыманы.

На Магілёўшчыне кіроўца «засеяў» 26 тонамі зерня дарогу

Гэта другі вядомы інцыдэнт у рэгіёне, звязаны з памылкамі пры транспартаванні збожжа. Трыма днямі раней у Кіраўскім раёне 4 тоны зерня рассыпаліся на двух кіламетрах дарогі з незачыненага кузава.

У Чавускім раёне 26 тон збожжа высыпаліся на праязную частку дарогі з перакуленай машыны. Кіроўца не пацярпеў. На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

Інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Хількавічы. За рулём МАЗа з паўпрычэпам быў 29-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Краснаполле. Рухаючыся пад гару, кіроўца праявіў няўважлівасць, грузавік перакуліўся, піша БелТА.

З апублікаванага фота бачна, што інцыдэнт адбыўся ў цёмную пару содняў.

Здарэнне ў Кіраўскім раёне абышлося без пакарання кіроўцы. Інспектар ДАІ папярэдзіў яго, каб той больш падобнага не ўчыняў. Да дзясятай гадзіны раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі, паведамляў Магілёў.media.

 

Разбой у Воршы. Мужчына абрабаваў пошту, забіў супрацоўніцу і падпаліў памяшканне

Рабаўніком і забойцам аказаўся 71-гадовы жыхар Воршы. Устаноўлена, што ён неаднаразова судзімы за крадзяжы, хуліганства, разбой і забойства. Яго затрымалі з ужываннем зброі і ён з агнястрэльнымі раненнямі шпіталізаваны.

Забойства з асаблівай жорсткасцю было ўчыненае 26 жніўня ў адным з паштовых аддзяленняў Воршы. Невядомы наведаўся туды, калі не было наведнікаў.

Па словах начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму Андрэя Любімава мужчына забіў супрацоўніцу, скраў больш за 3 тысячы рублёў і, каб утоіць злачынства, падпаліў памяшканне.

Нарад міліцыі, які прыехаў на пошту па спрацоўванні сігналізацыі, адшукаў у задымленым памяшканні труп жанчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці.

«У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў зламыснік быў устаноўлены. Ім аказаўся неаднаразова судзімы за крадзяжы, хуліганства, разбой і забойства жыхар Воршы. Пры затрыманні ён паспрабаваў уцеклы, супрацоўнікі міліцыі ўжылі зброю. З агнястрэльнымі раненнямі мужчына шпіталізаваны», – адзначае ў тэлеграм-канале «МВД Беларуси» Андрэй Любімаў.

Цяпер следчыя занятыя высвятленнем абставінаў здарэння. Аператыўна-вышуковымі мерапрыемствамі ў Воршы кіраваў асабіста міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.

 

Укус змяі, атака шэршняў – судмедэксперты распавялі пра смяротныя выпадкі на Магілёўшчыне ад небяспечных жывёлаў

Судова-медыцынскія экспертыза паведаміла пра два такія выпадкі. Ад укусу змяі сканала пажылая жанчына, а атакі шэршняў памёр мужчына сярэдняга ўзросту.

Першай ахвярай у чэрвені ад сутыкнення з дзікай прыродай стала 80-гадовая дачніца. Яна працавала на сваім гародзе, калі яе, як яна вырашыла, укусіла нейкае насякомае. З гэтай трывогай яна падбегла да суседкі, з якой потым прышла ў свой дом, і ўжо лежачы  захрыпела, пасінела і памерла.

animalstend.com

Медыкі з хуткай дапамогі не змаглі рэанімаваць жанчыну і вымушаныя былі канстатаваць смерць, апавядае  дзяржаўны медыцынскі судовы эксперт Святлана Валетава.

Як высветлілі судмедэксперты, сканала пенсіянерка ад укусу змяі. Пра гэта сведчылі дзве ранкі на назе і характар кровазліцця ва ўнутраных органаў жанчыны. Ад моманту ўкусу і смерці прайшло ўсяго некалькі хвілін.

Другі лятальны выпадак ад сутыкнення з атрутнымі дзікімі жывёламі здарыўся ў пачатку жніўня. 40-гадовы мужчыну ў сельскай мясцовасці атакаваў рой шэршняў, два з якіх укусілі яго. Пра тое ён паспеў паведаміць родным. Пазней у яго прапаў зрок, з роту пайшла пена і ён знепрытомнеў.

i.ytimg.com

Як і ў папярэднім выпадку, хуткая дапамога толькі канстатавала смерць, а судмедэкспертыза прыйшла да высновы, што наступіла яна ад анафілактычнага шоку.

Раней – паведамілі родныя ахвяры – атакаваны шэршнямі мужчына неаднаразова перажываў алергічныя рэакцыі ад укусу насякомых.

фота: medvestnik.by

У мінскім рэстаране затрыманы магілёўскі прамыслоўца з 300 рублямі хабару, хваліцца міліцыя

Кіраўнік магілёўскага прадпрыемства з дапамогай хабару спрабаваў дамовіцца з бізнесоўцам аб пастаўцы заводу металаканструкцыяў. Месцам сустрэчы «кампаньёны» абралі сталічны рэстаран.

Паводле тэлеграм-канала «Милиция Минска» агульная сума хабару склала 900 рублёў (350 долараў ЗША, ММ). Першая яе частка была перададзеная кіраўніку магілёўскага заводу раней, а падчас сустрэчы ў рэстаране яго затрымалі з 300 рублямі (117 долараў ЗША, ММ).

Паведамляецца, што 59-гадовага мужчыну зняволіла мінскае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі сумесна з супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС сталіцы з сілавой падтрымкац АМАП.

П’яны кіроўца-рэцыдывіст спрабаваў уцячы ад патрульнай машыны. Міліцыя пахвалілася відэа з пагоняю

Мужчыну пазбавілі правоў за ваджэнне ў нецвярозым стане, неаднаразова штрафавалі і нават за тое ж крымінальна пераследавалі.

Інцыдэнт адбыўся ў Бабруйску па вуліцы Гагарына. 30-гадовы кіроўца за рулём мікрааўтобуса Mersedes пачуў сігнал ад патрульнай машыны пра неабходнасць спыніцца. Але замест гэтага, ён пачаў манеўраваць, павярнуўшы ў двары і прыпаркаваўся каля крамы «Санта».

Прэс-служба абласной міліцыі апублікавала відэа пагоні.

 

Медыцынскае асведчанне паказала ў яго крыві 1,59 праміле алкаголю. Цяпер яму пагражае абмежаванне, альбо пазбаўленне волі.

У Магілёве тры вагоны сышлі з рэек. Пацярпелых няма (абноўлена)

Аварыя адбылася непадалёк ад станцыі «Магілёў-2».

У выніку аварыі ніхто не пацярпеў, з рэек сышло тры вагоны. Адзін быў наладаваны бярвеннем, а два цэлюлозай. Затрымкі іншых саставаў не было.

Аварыя на Магілёўскай чыгунцы адбылася ў 14.10 на ўчастку дарогі каля станцыі «Магілёў -2» – паведамляе абласное МНС. Прычыны здарэння высвятляюцца.

Чыгуначнікі занятыя пастаноўкай вагонаў на рэйкі. Для гэтага выкарыстоўваецца адмысловы аднаўленчы цягнік.

фота з крыніц адкрытых у інтэрнэце