Разбой у Воршы. Мужчына абрабаваў пошту, забіў супрацоўніцу і падпаліў памяшканне

Рабаўніком і забойцам аказаўся 71-гадовы жыхар Воршы. Устаноўлена, што ён неаднаразова судзімы за крадзяжы, хуліганства, разбой і забойства. Яго затрымалі з ужываннем зброі і ён з агнястрэльнымі раненнямі шпіталізаваны.

Забойства з асаблівай жорсткасцю было ўчыненае 26 жніўня ў адным з паштовых аддзяленняў Воршы. Невядомы наведаўся туды, калі не было наведнікаў.

Па словах начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму Андрэя Любімава мужчына забіў супрацоўніцу, скраў больш за 3 тысячы рублёў і, каб утоіць злачынства, падпаліў памяшканне.

Нарад міліцыі, які прыехаў на пошту па спрацоўванні сігналізацыі, адшукаў у задымленым памяшканні труп жанчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці.

«У выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў зламыснік быў устаноўлены. Ім аказаўся неаднаразова судзімы за крадзяжы, хуліганства, разбой і забойства жыхар Воршы. Пры затрыманні ён паспрабаваў уцеклы, супрацоўнікі міліцыі ўжылі зброю. З агнястрэльнымі раненнямі мужчына шпіталізаваны», – адзначае ў тэлеграм-канале «МВД Беларуси» Андрэй Любімаў.

Цяпер следчыя занятыя высвятленнем абставінаў здарэння. Аператыўна-вышуковымі мерапрыемствамі ў Воршы кіраваў асабіста міністр унутраных спраў Іван Кубракоў.