Нарваўся на буйны штраф — у цэнтры Глуска мясцовыя жыхары завальваюць кантэйнерныя пляцоўкі галлём і будаўнічымі адходамі

Гэта адбываецца ў самым цэнтры горада, на вуліцы Кірава, дзе людзі на спецыяльных пляцоўках побач з кантэйнерамі для цвёрдых бытавых адходаў навальваюць галлё, траву, паламаныя дошкі і іншае. Адзін з удзельнікаў інцыдэнта можа атрымаць штраф больш за 1100 рублёў. 

На жаль гэта не адзінкавы выпадак, а так робяць нямала жыльцоў прыватных дамоў раённага цэнтра, размешчаных недалёка ад шматпавярховак у цэнтры Глуска. Яны проста прыносяць і кідаюць на кантэйнерныя пляцоўкі мяхі са смеццем, а таксама прывозяць кучы травы і галля. У выніку кантэйнеры перапоўнены, пляцоўкі завалены, няма як падысці, няма куды пакет бытавога смецця выкінуць. Жыльцы кватэр у сваю чаргу скардзяцца на камунальныя службы, што тыя кепска працуюць. 

Па словах прадстаўнікоў мясцовага “Жылкамгаса” адзін з парушальнікаў (з суседняй вуліцы Тэльмана) быў зафіксаваны, калі той каля кантэйнернай пляцоўкі з каляскі звальваў кучу вецця… Калі мужчыну, які прывёз галлё на тачцы, рабочыя жылфонда зрабілі заўвагу, а ён аблаяў іх бруднымі словамі і дадаў: я плачу вам грошы, так што прыбірайце. 

Аднак для яго гісторыя мела працяг — мужчыну выклікалі ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як высветлілася, чалавек вывез галлё не са свайго саду, а дапамагчы яго папрасіў стары сусед, мужчына не доўга думаючы наваліў галіны і павёз на бліжэйшую кантэйнерную пляцоўку. Вось і атрымалася, што суседу дапамог, а сабе непрыемнасці набыў. 

За парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі на грамадзяніна быў складзены адміністрацыйны пратакол. Цяпер яму пагражае буйны штраф, які за такое паружэнне можа дасягаць да трыццаці базавых велічыняў, а гэта больш за 1100 беларускіх рублёў — паведамляе глуская раённая газета “Радзіма”. 

Фота “Радзіма”

Трава, дрэвы і сабакі – вось як выглядае тэрыторыя былога дарожнага прадпрыемства ў Крычаве

Тэрыторыя былога транспартнага прадпрыемства амаль у цэнтры Крычава цяпер закінутая і асабліва нікому непатрэбная – парасла травой і дрэвамі, дзе бегаюць дзікія сабакі. 

Гледзячы на некалі адміністрацыйны будынак і тэрыторыю СПМК-113 трапляеш у паралельную рэчаіснасць нібы гэта не цэнтр Крычава, а закінутае прапрыемства ў нейкім далёкім пасёлку ці мястэчку.  

Гісторыі будаўнічай арганізацыі СПМК-113 вельмі сумная. Дарожнае прадпрыемства СПМК-113 – арганізацыя, якая была некалі ў абласным падпарадкаванні (пра гэта сведчыць нават шыльда на ўваходзе ў адміністрацыйны будынак). На сёння яна фактычна ўжо перастала існаваць хоць, магчыма, на паперы недзе і лічыцца. Адміністрацыйны будынак СПМК-113 занядбаны, як і прылеглая тэрыторыя. 

Такое ўражанне, што тут не было жыцця год 20 як мінімум, а то і больш.

Адзначым, што яшчэ напачатку 2010-х арганізацыя крыху працавала, аднак ужо пакрысе развальвалася. Банкрутам крычаўскае СПМК-113 прызналі ў 2013 годзе, а гэта значыць роўна 10 год таму назад. На сёння тут працуе толькі адзін вартаўнік, а гаспадарчы падворак выкарыстоўваецца для стаянкі некалькіх грузавых машын. Фактычна пасля развалу будаўнічай арганізацыі, адміністрацыйны будынак і прылеглая тэрыторыя перасталі выкарыстоўвацца, а з цягам часу ператварыліся ў занядбанае месца, дзе бегаюць сабакі і іншыя жывёлы, а ганак будынка зарастае дрэвамі і высокай травой.

Фото mogilev media

У Мсціслаўскім раёне пенсіянер тушыў траву і атрымаў апёкі першай ступені

У вёсцы Краснае Мсціслаўскага раёна гаспадар участку 1943 года нараджэння спрабаваў самастойна тушыць траву, але атрымалася няўдала і ён апёкся. Як выявілася, на ўчастку адбывалася гарэнне травы на плошчы 100 метраў квадратных. Медыкі на месцы аказалі пенсіянеру неабходную дапамогу, з дыягназам “тэрмічны апёк першай ступені” ён быў шпіталізаваны ў цэнтральную раённую бальніцу – паведамляе мсціслаўская газета “Святло Кастрычніка”.

Фота “Святло Кастрычніка”

Жыццё глыбінкі. Не даяжджае аўталаўка, кепскія дарогі, някошаная трава і могілкі ў бураломе

Дарогі і праца камунальных службаў – асноўныя праблемы паселішчаў Мсціслаўскага раёну. Паводле чыноўнікаў, пытанні на гэтыя тэмы найбольш уздымаюцца вяскоўцамі на сустрэчах з імі. Людзям абяцаюць дапамагчы.

Для жыхароў вёскі Рамястова актуальная праблема – аўталаўка. Вяскоўцы наракаюць, што яна не даяжджае да іхнага паселішча.

У Рамястове жыве меней за тры дзясяткі чалавек. Ад яго да Мсціслава 26 кіламетраў. У 1910 годзе ў вёсцы было 35 двароў, у якіх жыло 258 чалавек.

У Капачах дзе месціцца адзін з сельсаветаў Мсціслаўшчыны, жыве больш за паўтысячы чалавек. Тут ёсць школа, паштовае аддзяленне, крама ды нарыхтоўчы пункт. Паводле чыноўнікаў, мясцовыя вяскоўцы наракаюць на стан дарогі, якая пасля рамонту цеплатрасы прасела і цяпер ёсць праблемы з праездам.

Капачы за 25 кіламетраў ад Мсціслава. У 1997 годзе насельніцтва вёскі сягала пад 1 тысячу чалавек.

Той жа клопат – дарогі – ў жыхароў Падсолтава. Яны даймаюць чыноўнікаў тым, што не могуць па-людску даехаць да суседняй Занькаўшчыны, якая за 5 кіламетраў ад іх.

Жыхары Пірагова не даюць чыноўнікам спакою праз «глыбокія яміны», зноў жа, на дарозе. Паселішча за дзясятак кіламетраў ад райцэнтру. Дванаццаць гадоў таму ў вёсцы было прапісана 27 чалавек.

Старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў не могуць даць рады бураломам на вясковых могілках. А некаторыя паселішчы просяць скасіць разрослую траву.

Старшыня Мсціслаўскага райсавету Алена Клеянкова на семінар-нарадзе па павышэнні якасці работы з насельніцтвам сельскіх выканаўчых камітэтаў паабяцала калегам, што праблемы вяскоўцаў будуць занесеныя ў пратакол даручэнняў, а тэрміны выканання ўзятыя на кантроль, піша на сваім сайце мсціслаўская раёнка «Святло кастрычніка».

Нарада з прадстаўнікамі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дэпутацкага корпуса праходзіла ў Капачах, дзе «прасела» дарога пасля рамонту цеплатрасы.

фота: mstlife.by

У Клімавіцкім раёне згарэла 250 тон сена, у Асіповіцкім гарэла трава

Як паведамляе Магілёўскі рэгіянальны аддзел МНС, за мінулыя суткі ў вобласці былі зарэгістраваныя два пажары.

З аграгарадка Макеевічы ў 01:57 ночы паступіў званок пра ўзгаранне навеса з сенам. Усе 250 тон сена разам з навесам згарэлі. Пацярпелых няма, прычыны пажару высвятляюцца.У Асіповіцкім раёне палала сухая расліннасць.

Фота: “Родная ніва”

 

Фотафакт. У магілёўскіх камунальнікаў няма рэсурсаў на касавіцу. Двары зарастаюць травой

Чытачы Магілёў.media скардзяцца, што падворкі шматкватэрнай забудовы зараслі травой. Месцамі яна сягае па пояс даросламу чалавеку.

Просьбы жыхароў супрацоўнікі жыллёва-камунальных арганізацыяў выслухоўваюць, абяцаюць прыняць меры, але трава застаецца не скошанай.

Людзі адзначаюць, што ў мінулыя гады смецяры выкошвалі траву дысцыплінавана раз на месяц, нават тады, калі ў тым не было патрэбы.

Цяпер жа гукаў іхнага рыштунку не чуваць. У прыватных гутарках камунальнікі прызнаюцца, што на касавіцу няма рэсурсаў. Яны ўпарадкавалі толькі броўкі ля праезнай часткі, на выпадак, калі заявіцца начальства.