Жыццё глыбінкі. Не даяжджае аўталаўка, кепскія дарогі, някошаная трава і могілкі ў бураломе

Дарогі і праца камунальных службаў – асноўныя праблемы паселішчаў Мсціслаўскага раёну. Паводле чыноўнікаў, пытанні на гэтыя тэмы найбольш уздымаюцца вяскоўцамі на сустрэчах з імі. Людзям абяцаюць дапамагчы.

Для жыхароў вёскі Рамястова актуальная праблема – аўталаўка. Вяскоўцы наракаюць, што яна не даяжджае да іхнага паселішча.

У Рамястове жыве меней за тры дзясяткі чалавек. Ад яго да Мсціслава 26 кіламетраў. У 1910 годзе ў вёсцы было 35 двароў, у якіх жыло 258 чалавек.

У Капачах дзе месціцца адзін з сельсаветаў Мсціслаўшчыны, жыве больш за паўтысячы чалавек. Тут ёсць школа, паштовае аддзяленне, крама ды нарыхтоўчы пункт. Паводле чыноўнікаў, мясцовыя вяскоўцы наракаюць на стан дарогі, якая пасля рамонту цеплатрасы прасела і цяпер ёсць праблемы з праездам.

Капачы за 25 кіламетраў ад Мсціслава. У 1997 годзе насельніцтва вёскі сягала пад 1 тысячу чалавек.

Той жа клопат – дарогі – ў жыхароў Падсолтава. Яны даймаюць чыноўнікаў тым, што не могуць па-людску даехаць да суседняй Занькаўшчыны, якая за 5 кіламетраў ад іх.

Жыхары Пірагова не даюць чыноўнікам спакою праз «глыбокія яміны», зноў жа, на дарозе. Паселішча за дзясятак кіламетраў ад райцэнтру. Дванаццаць гадоў таму ў вёсцы было прапісана 27 чалавек.

Старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў не могуць даць рады бураломам на вясковых могілках. А некаторыя паселішчы просяць скасіць разрослую траву.

Старшыня Мсціслаўскага райсавету Алена Клеянкова на семінар-нарадзе па павышэнні якасці работы з насельніцтвам сельскіх выканаўчых камітэтаў паабяцала калегам, што праблемы вяскоўцаў будуць занесеныя ў пратакол даручэнняў, а тэрміны выканання ўзятыя на кантроль, піша на сваім сайце мсціслаўская раёнка «Святло кастрычніка».

Нарада з прадстаўнікамі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дэпутацкага корпуса праходзіла ў Капачах, дзе «прасела» дарога пасля рамонту цеплатрасы.

фота: mstlife.by