у цэнтры Глуска мясцовыя жыхары завальваюць кантэйнерныя пляцоўкі галлём і будаўнічымі адходамі

Нарваўся на буйны штраф — у цэнтры Глуска мясцовыя жыхары завальваюць кантэйнерныя пляцоўкі галлём і будаўнічымі адходамі

Гэта адбываецца ў самым цэнтры горада, на вуліцы Кірава, дзе людзі на спецыяльных пляцоўках побач з кантэйнерамі для цвёрдых бытавых адходаў навальваюць галлё, траву, паламаныя дошкі і іншае. Адзін з удзельнікаў інцыдэнта можа атрымаць штраф больш за 1100 рублёў. 

На жаль гэта не адзінкавы выпадак, а так робяць нямала жыльцоў прыватных дамоў раённага цэнтра, размешчаных недалёка ад шматпавярховак у цэнтры Глуска. Яны проста прыносяць і кідаюць на кантэйнерныя пляцоўкі мяхі са смеццем, а таксама прывозяць кучы травы і галля. У выніку кантэйнеры перапоўнены, пляцоўкі завалены, няма як падысці, няма куды пакет бытавога смецця выкінуць. Жыльцы кватэр у сваю чаргу скардзяцца на камунальныя службы, што тыя кепска працуюць. 

Па словах прадстаўнікоў мясцовага “Жылкамгаса” адзін з парушальнікаў (з суседняй вуліцы Тэльмана) быў зафіксаваны, калі той каля кантэйнернай пляцоўкі з каляскі звальваў кучу вецця… Калі мужчыну, які прывёз галлё на тачцы, рабочыя жылфонда зрабілі заўвагу, а ён аблаяў іх бруднымі словамі і дадаў: я плачу вам грошы, так што прыбірайце. 

Аднак для яго гісторыя мела працяг — мужчыну выклікалі ў інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як высветлілася, чалавек вывез галлё не са свайго саду, а дапамагчы яго папрасіў стары сусед, мужчына не доўга думаючы наваліў галіны і павёз на бліжэйшую кантэйнерную пляцоўку. Вось і атрымалася, што суседу дапамог, а сабе непрыемнасці набыў. 

За парушэнне патрабаванняў заканадаўства аб абыходжанні з адходамі на грамадзяніна быў складзены адміністрацыйны пратакол. Цяпер яму пагражае буйны штраф, які за такое паружэнне можа дасягаць да трыццаці базавых велічыняў, а гэта больш за 1100 беларускіх рублёў — паведамляе глуская раённая газета “Радзіма”. 

Фота “Радзіма”