Фотаздымкі з такой школьнай агароджай даслалі Магілёў.media чытачы.
«Рамонт агароджы перад першым верасня ў 11-й школе. Гэта канчатковы вынік», – напісалі чытачы.
11 школа знаходзіцца ў Магілёве на вуліцы Мянжынскага. Гэтая гарадская мясціна ўдалечыні ад людных вуліц. Сюды рэдка наведваецца начальства.
Паводле старажылаў, агароджу перад галоўным уваходам у школу ўзвялі па Другой Сусветнай вайне. Ад таго часу яе рамантуюць. Адбіткі рамонту розных гадоў можна прасачыць па тынкоўцы. Яе напластаванні прыхарошаныя фарбаю.
Школа №11 з даўнімі традыцыямі і адна з найстарэйшых у горадзе. Яе адкрылі ў 1925 годзе, неўзабаве як Магілёў вярнула Беларусі савецкая Расія. Навучальная ўстанова, паводле старажылаў, была беларускамоўнай, бо тады ў краі трываў перыяд беларусізацыі. У цяперашнім будынку школа ад 1938 году.
З інтэрв’ю кіраўніцы канцэрну «Беллёгпрам» Таццяны Лугіной тэлеканалу «БТ» вынікае, што беларусам няма куды падзецца, як купляць адзежу, вырабленую мясцовымі прадпрыемствамі. Лугіна апавядае праўладнаму медыя пра сітуацыю са школьнай формай. Сёлета вучні павінны ісці ў школу ў форме дзелавога стылю.
Па словах Лугіной, каб апрануць дзяўчыну-школьніцу хопіць 280 рублёў, а хлопца ад 160 да 260 рублёў.
Яна кажа, што «Беллёгпрам» прагназаваў у сакавіку і красавіку павышаны попыт на беларускае, бо людзі сталі меней перасоўвацца ў сувязі з закрыццём межаў.
Лугіна запэўнівае: блізу аднаго мільёна беларускіх вучняў не застанецца без адзежы да школы. Яе вырабляе 18 мясцовых прадпрыемстваў.
Кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам» лічыць, што цяперашні час дазваляе насельніцтву не «бегчы за нечым модным і замежным, а расплюшчыць вочы і палюбіць тое, што ў нас ёсць».
«Калі чуеш, што ZARA сышла з Расіі. ZARA сышла, і што тут такога трагічнага. У нас жа сваіх ZAR», – кажаяна ў інтэрвʼю «БТ».
Што казала раней кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам»
У чэрвені Таццяна Лугіна казала, што за 150 рублёў можна будзе купіць спрошчаны варыянт школьнай формы. Кошт шарсцяной адзежы даступным будзе не кожнай сям’і, даводзіла кіраўніца канцэрну «Беллёгпрам».
Яна прызнаецца: верхняя і ніжняя планкі кошту школьнай формы знаходзяцца далёка адна ад адной, пісаў Магілёў.media.
Лугіна адзначала, што паводле падлікаў ведамства, каб сабраць вучня ў школу бацькам трэба мець ад 150 да 750 рублёў. У гэтую суму ўваходзяць абутак і заплечнік.
Пішам, як вайна ва Ўкраіне ўплывае на жыццё еўрапейскіх гарадоў, якія маюць партнёрскія дачыненні з гарадамі Магілёўскай вобласці
Рух параднёных гарадоў паўстаў падчас Другой сусветнай вайны. Дзеля супрацоўніцтва ў інтарэсах міру і дабрабыту ў 1942 годзе сяброўскія адносіны наладзілі пацярпелыя ад наступстваў вайны Кавэнтры (Вялікая Брытанія) і Сталінград (СССР). У красавіку 1957 года была заснавана Сусветная федэрацыя параднёных гарадоў. Паводле яе статуту мэта руху гарадоў пабрацімаў – развіццё супрацоўніцтва паміж народамі незалежна ад іх расы, мовы, рэлігіі і палітычнай сістэмы. Параднёныя гарады абменьваюцца досведам у эканамічнай, культурнай, гуманітарных сферах, а таксама самакіраванні, чым умацоўваюць давер між грамадзянамі.
Мікалаеў, Украіна
Пабрацімства з Магілёвам замацаванае дамовай у 2009 годзе. 31 мая 2022 году мэр Мікалаева заявіў, што Пагадненне аб пабрацімстве з Магілёвам скасаванае і выказаў спадзеў, што яно будзе адноўленае, калі Беларусь стане свабоднай. Магілёў. media працягне сачыць за жыццём Мікалаева, нягледзячы на спыненне партнёрскіх сувязяў з Магілёвам.
Мікалаеў месціцца за 65 кіламетраў ад Чорнага мора. Да вайны ў ім жыло 490 тысяч чалавек. Траціна з іх вымушана была пакінуць горад. Паводле Генштабу Узброеных сіл Украіны Мікалаеў адзін з асноўных кірункаў наступу расіян. Яго рэгулярна абстрэльваюць, знішчаючы гарадскую інфраструктуру і змушаючы мясцовую ўладу капітуляваць. Прэзідэнт Украіны Уладзімер Зяленскі прысвоіў Мікалаеву ганаровае званне «Горад-герой».
Раніцай і ўвечары 28 ліпеня Мікалаеў двойчы зазнаў ракетны абстрэл.
Увечары ракеты пацэлілі ў прыватны сектар гораду. Параненая жанчына. Пашкоджана некалькі дамоў.
Раніцаю вайскоўцы зафіксавалі каля дзясятка ракет, якія пацэлілі ў гімназію, склады і гарадскі яхт-клуб.
Навучальная ўстанова цалкам разбураная. Пашкоджаны будынак Дому пенсіянераў, паведамляе тэлеканал «5.ua».
static2.gazeta.ua
Паводле мэра Аляксандра Сянкевіча, у разбуранай гімназіі вучылася блізу 200 дзяцей і працавала 27 настаўнікаў. Летась былі адкрытыя два інклюзіўныя класы. Гімназію скончыў Алег Калодзій, чэмпіён Еўропы па скачках у ваду.
static2.gazeta.ua
У ноч на 27 ліпеня ў выніку расійскага абстрэлу Мікалаева атрымалі раненні чатыры чалавекі, сярод іх двое дзяцей: 14-гадовы і 12-гадовы хлопчыкі.
Пашкоджана больш за 20 прыватных жылых дамоў, 3 аўтамабілі.
static2.gazeta.ua
Пад ракетны абстрэл трапіў раён, дзе няма ваенных аб’ектаў, паведамляе выданне Rivne.media.
Даўгаўпілс, Латвія
Горад пабрацім Бабруйску. У 2018 годзе ў Даўгаўпілсе жыло 90 399 жыхароў. У ім месціцца консульства Рэспублікі Беларусь. Дзеіць цэнтр беларускай культуры. Знаходзіцца ён у латвійскім рэгіёне Латгале, якая мяжуе з Беларуссю. Даўгаўпілс за 30 кіламетраў ад мяжы. Беларуская назва гораду Дзвінск.
Прадпрыемства Latvijas gāze аднавіла закуп газу ў Расіі. Кіраўніцтва заяўляе, што расплачваецца за яго не рублямі, а еўра.
Газ Latvijas gāze купляе не ў кампаніі «Газпром». Называць новага пастаўшчыка ў кампаніі адмаўляюцца, аргументуючы гэта камерцыйнай інфармацыяй, піша выданне «Delfi».
static.dw.com
Па ўварванні расійскіх войск ва Украіну пастаўкі газу з Расіі ў Латвію некалькі разоў перарываліся і спыняліся зусім.
З 1 студзеня 2023 году Латвія мае цалкам адмовіцца ад расійскага газу. Падтрыманыя Соймам папраўкі да Закона аб энергетыцы прадугледжваюць дыверсіфікацыю маршрутаў яго паставак і назапашванне стратэгічных аб’ёмаў для жыццядзейнасці краіны.
Амаль 10 мільёнаў кантрабандных цыгарэт у першым паўгоддзі латвійскія мытнікі выявілі на мяжы з Беларуссю.
Калі б яны былі легальнымі, то бюджэт Латвіі папоўніўся на 1,7 мільёнаў еўра падаткаў.
grani.lv
Апошняя спроба незаконна ўвесці ў краіну 9 000 пачак цыгарэт была перадухілена на латвійска-беларускай мяжы 27 ліпеня. Паводле службы дзяржаўных даходаў, кантрабандны тавар з акцызнымі маркамі Беларусі быў выяўлены сярод торбаў з імпартнымі рэчамі, піша аб’яднаны партал Латвійскага радыё і тэлебачання «LSM.lv».
Клайпеда, Літва
8 сакавіка 1997 году падпісаная дамова аб аднаўленні пабрацімскіх сувязяў літоўскага гораду з Магілёвам. Месціцца на захадзе краіны і з’яўляецца портам на Балтыйскім моры. Насельніцтва 160 тысяч чалавек.
Цела беларуса, які патануў у моры 23 ліпеня непадалёк ад Клайпеды, знойдзена.
Пра тое паведаміла паліцыя 28 ліпеня. 42-гадовы беларус сёлета стаў
першай ахвяра мора на пляжах Клайпеды, піша выданьне Atvira Klaipeda.
atviraklaipeda.lt
У дзень, калі адбылася трагедыя, трое беларусаў выбраліся пакупацца – паведамляў Магілёў.media. На моры былі дужыя хвалі. Выратавальнікі дваіх выцягнулі з вады, а трэці знік у моры.
Сёлета камплект падручнікаў для вучняў з 1 па 11 класы абыдзецца ў 16 рублёў. Летась кошт таго ж камплекту складаў 14,5 рублёў.
Школьнікам са шматдзетных сем’яў за карыстанне дапаможнікамі трэба будзе заплаціць – 8 рублёў. Вучням з сацыяльна неабароненых семʼяў кнігі выдадуць бясплатна.
Кошт падручнікаў прывязаны да паловы базавай велічыні. Год таму яна была 29 рублёў. Сёлета – 32 рублі.
З аказання спонсарскай дапамогі кіраўніцтва раёну зрабіла паказушную імпрэзу з фотасесіяй удзельнікаў.
Поруч з гадаванцамі школы на фотаздымках зафіксаваныя мужчыны з выгляду не падобныя на спартоўцаў, ці трэнераў, але апранутых у стыльную ўніформу.
slavgorod.by
Гэта гісторыя адбылася ў Слаўгарадскім раёне. Як вынікаез публікацыі газеты «Прысожскі край» у мясцовай спартовай дзіцячай школы не было сродкаў, каб прыдбаць неабходны інвентар. Дапамог спонсар, акцыянернае таварыства «Бабушкіна крынка».
Для перадачы рыштунку арганізавалі свята «Твори добро». На яго прыехаў кіраўнік раёну Сяргей Міхалюта з групай падначаленых. Старшыня райвыканкаму і дзякаваў спонсару за дапамогу.
slavgorod.by
На фотаздымках выхаванцы вінавата пазіруюць перад камерай, а чыноўнікі стрымана задаволеныя.
За 150 рублёў можна будзе купіць спрошчаны варыянт школьнай формы. Кошт шарсцяной адзежы даступным будзе не кожнай сям’і.
Старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Тацяна Лугіна прызнаецца: верхняя і ніжнія планкі кошту школьнай формы знаходзяцца далёка адна ад адной.
«Паводле нашых разлікаў ад 150-750 рублёў», – кажа яна і дадае, што ў кошт формы ўваходзіць абутак і заплечнік.
Паводле Тацяна Лугіной за заплечнік бацькам трэба выкласці ад 60 да 120 рублёў. Іх цана залежыць ад «унутранага начыння» – кішэняў і маланак, піша інтэрнэт-выданне «Бобруйский курьер».
Абутак беларускай вытворчасці абыдзецца ў дыяпазоне ад 45 да 160 рублёў у залежнасці ад матэрыялу і памеру.
Права пазабавіцца «польскіх» класаў даў уладам зменены Кодэкс аб адукацыі.
Міністэрства адукацыі не ўгледзела парушэння канстытуцыі ў закрыцці класаў, дзе школьнікі паглыблена вывучалі польскую мову. Яна ў Беларусі лічыцца моваю нацыянальнай меншасці, а атрыманне на ёй ведаў – канстытуцыйнае права грамадзяніна.
У 50 яе артыкуле гаворыцца, што дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.
У петыцыі, якая была адрасаваная Міністэрству адукацыі 19 мая, яе аўтары звяртаюць увагу чыноўнікаў, што заняткі па-польску збіраюцца абмежаваць вывучэннем мовы і літаратуры адным урокам на тыдзень. Астатнія дысцыпліны будуць выкладацца па-расійску.
У петыцыі, якую падпісалі 106 чалавек, адзначаецца: новая рэдакцыя Кодэксу аб адукацыі ўшчамляе правы нацыянальных меншасцяў на атрыманне адукацыі на роднай мове.
На падпраўлены Кодэкс аб адукацыі, спасылаецца начальнік упраўлення агульнай, сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Марыя Кіндзірэнка. Яе подпіс стаіць пад адказам на петыцыю. Паводле службоўкі ў 82 артыкуле Кодэксу вызначаныя мовы навучання ў Беларусі, а таксама прадугледжаныя магчымасці вывучэння мовы і літаратуры нацыянальных меншасцяў ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі.
«Такім чынам, заканадаўствам Рэспублікі Беларусь вывучэнне мовы нацыянальнага меншасці, рэгламентавана», – настойваюць у Міністэрстве адукацыі.
«Польскія» класы закрываюць у Магілёве, Брэсце, Гродно і Ваўкавыску.