У Хоцімскім раёне мужчына вырашыў падвезці сябра і трапіў на штраф і пазбаўленне правоў

Хацімчанін трапіў у непрыемную сітуацыю не проста так, бо падвозіў сябра ў нецвярозым стане. У бліжэйшыя гады вадзіць транспартны сродак ён не будзе.

Як паведамілі ва ўпраўленні Магілёўскага аблвыканкама, на адной з дарог у Хоцімскім раёне ўвагу супрацоўнікаў ДАІ прыцягнуў аўтамабіль Volkswagen. Пасля спынення транспартнага сродку інспектар звярнуў увагу, што ад вадзіцеля моцна пахне спіртным.

 У выніку агляд 47-гадовага мясцовага жыхара паказаў 1,5 праміле алкаголю ў яго крыві. Мужчына растлумачыў, што знаёмы папрасіў падвезці яго дадому, а ён не стаў яму адмаўляць. Цяпер парушальніку пагражае штраф у памеры 200 базавых і пазбаўленне правоў на 5 гадоў — паведамляюць “Магілёўскія ведамасці”. 

Фота з адкрытых крыніц

Пад Крычавам мужчыны злавілі шэсць карасей, а штраф атрымаюць да 1100 рублеў

Двое крычаўлян адправіліся на незаконную рыбалку сеткамі. Цяпер ім пагражае штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў – менавіта так скончылася рыбалка для мужчынаў.

Рыбакі ажыццяўлялі незаконную здабычу рыбы забароненымі прыладамі рыбалоўства – чатырхстаўнымі лескавымі сеткамі агульнай даўжынёй 210,5 метра на вадаёме зусім недалёка ад Крычава.

На вадаёме паблізу вёскі Калініна з выкарыстаннем надзіманай лодкі незаконна яны здабылі шэсць асобін карася. У выніку незаконнай здабычы рыбы навакольнаму асяроддзю была прычынена шкода ў памеры 6 базавых велічынь. У адносінах да рыбакоў складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні і накіраваны для разгляду ў суд Крычаўскага раёну. Ім пагражае накладанне штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў з канфіскацыяй прыладаў па здабычы рыбы – паведамляе газета “Крычаўскае жыццё”.

Фота ілюстрацыйнае

60 зон рэкрэацыі вобласці гатовы да купальнага сезона, але на некаторых ёсць абмежаванні і забароны

Рашэннямі мясцовых адміністрацый у маі 2023 года на Магілёўшчыне вызначана 61 месца адпачынку з арганізацыяй купання на водных аб’ектах – пісалі mogilev.media. 

Па стане на 15 чэрвеня пашпарты гатоўнасці пляжаў падпісаны для 60 зон рэкрэацыі. Не падпісаны такі дакумент толькі для пляжа на вуліцы Казлоўскай у горадзе Асіповічы – паведамляе Магілёўскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

За апошні тыдзень праверана 173 пробы вады вадаёмаў для купання. Не адпавядаюць гігіенічным нарматывам па мікрабіялагічных паказчыках – 15 вадаёмаў для купання. 

Эпідэміёлагі прапануюць абмежаваць купанне дзяцей на пляжах на р. Дняпро ў  Палыкавічах, на затоцы ў раёне вуліцы Фаціна, на Пячэрскім вадасховішчы ў Магілёве, на Чыгірынскім вадасховішчы каля в. Падлужжа. 

А таксама – забараніць купанне дзяцей, дарослых на сажалцы Броды, на Святым возеры ў Магілёве, на Дняпры ў раёне Шклоўскага гарадскога пляжа, на сажалцы вёскі Путнікі Шклоўскага раёна. 

Пры гэтым, нагадаем, што ў Горацкім раёне здымаецца абмежаванне купання дзяцей на базе адпачынку “Мярэя” ў Леніно. 

Фота з адкрытых крыніц.

 

Пад Мсціславам рыбака пакаралі за “тэлевізар”

На вадаёмах Мсціслаўшчыны былі ўстаноўлены абмежаванні і забароны на аматарскае рыбалоўства. На рацэ Віхра каля Мсціслава затрымалі мужчыну, які вырашыў парушыць гэтую забарону.

З дапамогай лодкі і трох прыладаў рыбалоўства, што ў народзе называюць “тэлевізар”, мужчына вылавіў з вадаёма аднаго галаўня. 

У выніку на рыбака склалі адміністрацыйны пратакол, згодна якому яму пагражае штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічыняў паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”. 

Фота: “Святло кастрычніка”.

У Крычаве ўжо год ніяк не дабудуюць чатырохпавярховік, яшчэ і парушаюць правілы бяспекі

Агароджы небяспечных зон адсутнічаюць, горкі з пяску і смецця на будоўлі ствараюць непрыгожы выгляд і небяспеку для дзяцей, а будаўнічы вагончык “1000 дробязей” смяшыць навакольных жыхароў. 

Восенню мінулага года mogilev.media ужо пісалі пра пабудову новага шматкватэрнага дома ў раёне пяціпавярховікаў № 8,9,30,34 па вул. Мікрараён Камсамольскі, які пачалі будаваць на месцы зручных дарожак, дзіцячай пляцоўкі і зялёнай прасторы паміж дамамі, што прынесла нязручнасці для мясцовых жыхароў. 

З пачатку будаўніцтва дома №38 прайшоў ужо цэлы год, але заканчэнне і не бачна. Асноўны корпус дома ўжо пабудавалі, аднак яшчэ шмат працы давядзецца рабіць па знешняй і ўнутранай апрацоўцы пабудовы. 

Між іншым, падчас маніторынгу аховы працы на розных будаўнічых аб’ектах менавіта на будаўніцтве дома №38 былі зафіксаваны шэраг парушэнняў: адсутнасць агароджы небяспечных зон, знакаў бяспекі і кантролю за выкананнем работнікамі патрабаванняў па ахове працы. Дахавыя работы выконваюцца без спецпропуска.

Таксама былі зафіксаваны парушэнні пры выкарыстанні сродкаў індывідуальнай аховы і пры выкарыстанні драўляных драбін і пад’ёмных механізмаў (аўтакрана) – пісала яшчэ ў красавіку раённая газета “Крычаўскае жыццё”.

Сапраўды, прылеглая тэрыторыя да будаўнічага аб’екта цяпер засмечана рознымі адыходамі, горы пяску і будаўнічага смецця ствараюць непрыгожы і сумны выгляд. Больш за тое, яны нясуць пэўную небяспеку не толькі дзецям, але і дарослым, бо ніякім чынам не агароджаны і не пазначаны. Фактычна знішчаны дзве невялікія дзіцячыя пляцоўкі каля вакольных дамоў, а горкі са смеццем і пяском не змяншаюцца, а з’яўляюцца новыя.  

Вішанькай на торце стаў будаўнічы вагончыў “1000 дробязей”, які выклікае ў мясцовых жыхароў смех і жарты. А магчыма ў вагончыку проста спрабуюць адкрыць крамку з продажам рознай гаспадарчай драбязы?

Фота: mogilev.media

Дрыбінская камунальная служба незаконна атрымала з бюджэта больш за 110 тысяч рублёў

Грошы атрымалі незаконна, парадку на вытворчых аб’ектах прадпрыемства няма, зямельнае заканадаўства парушалася – вынікі праверкі работы дрыбінскіх камунальшчыкаў.

На пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці разглядзелі вынікі кантролю за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў і дзяржмаёмасці ў камунальнай службе Дрыбінскага раёна.

Высветлілася, што было дапушчана незаконнае атрыманне бюджэтных сродкаў у суме больш за 110 тысяч рублёў, не выконваўся ўстаноўлены парадак уліку дзяржаўнай маёмасці, парушалася зямельнае заканадаўства, не на ўсіх вытворчых аб’ектах падтрымліваўся належны санітарны парадак – паведамляецца на афіцыйным сайце камітэта дзяркантролю.

На паседжанні было адзначана, што выяўленыя парушэнні і недахопы сведчаць аб нізкім узроўні выканальніцкай дысцыпліны ў арганізацыях гэтай сферы, непрыняцці органамі дзяржкіравання вычарпальных мер па іх недапушчэнні.

У выніку матэрыялы калегіі накіраваны зацікаўленым дзяржаўным органам для прыняцця адпаведных мер.

Фота ілюстрацыйнае.

У Клімавічах забракавана больш за дванаццаць кілаграм прадукцыі ў крамах

Спецыялістамі клімавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі быў праведзены маніторынг крамаў унітарнага прадпрыемства «Ніваторг». Ва ўсіх гандлёвых аб’ектах былі выяўлены парушэнні. 

У краме №3 «Каласок» прадаўцамі дапускалася рэалізацыя тушкі кураня-бройлера з парушэннем цэласнасці спажывецкай упакоўкі. У гэтым жа гандлёвым аб’екце адсутнічала маркіроўка прадпрыемства-вытворцы на салёную рыбу.

Рэалізацыя садавіны з прыкметамі псоты была ўстаноўлена ў крамах № 5 «Пятачок» і № 6 «Калабок», а ў магазіне № 1 не выконваўся тэмпературны рэжым захоўвання гародніны. У некаторых гандлёвых аб’ектах былі выяўлены факты рэалізацыі харчовай прадукцыі са скончаным тэрмінам прыдатнасці – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. 

У выніку ўстаноўленых парушэнняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства вынесена 5 прадпісанняў аб забароне рэалізацыі тавараў, забракавана 12,3 кілаграм, у тым ліку 7,6 кілаграм імпартнай прадукцыі. Пачаты адміністрацыйны працэс у дачыненні да вінаватых асобаў.

Фота ілюстрацыйнае

Работы на Камасмольскай вуліцы, на месцы касцёла Ксаверыя груба парушылі заканадаўства – Акадэмія навук

Магілёўскі гісторык Яўген Балбераў атрымаў афіцыйны адказ з Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі наконт земляных прац у Магілёве. “Зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў” – гаворыцца ў дакуменце.

Як паведамлялі mogilev.media, на месцы касцёла Ксаверыя ў цэнтры Магілёва камунальнікі праводзілі земляныя работы ў 20-х чыслах красавіка, прычым археолагі пры гэтым заўважаныя не былі. Таксама мы пісалі, што падчас рамонту дарожнага палатна на вуліцы Камсамольскай у Магілёве была выяўлена магчыма дарэвалюцыйная брукаванка, якая потым канчаткова знікла

З пытаннем пра законнасць падобных дзеянняў магілёўскі гісторык Яўген Балбераў звярнуўся ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі – пра што ён напісаў у сваім FacebookЗемляныя работы па вуліцы Камсамольскай, а таксама на падмурках былога езуіцкага касцёла Святога Францыска Ксаверыя ў г. Магілёве праводзіліся незаконна, без апавяшчэння і ўзгаднення з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі – адказалі Балбераву.

Профільны інстытут даведаўся пра правядзенне гэтых работ з публікацый у інтэрнэце. Быў неадкладна праведзены агляд, але на яго момант брук па Камсамольскай вуліцы ўжо не выяўлены, яго лёс не вядомы. Інстытутам зафіксавана грубае парушэнне заканадаўства Рэспублікі Беларусь у сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. Земляныя работы, праведзеныя з выкарыстаннем цяжкай тэхнікай, знішчаюць верхнія напластаванні культурнага пласта Шклоўскага пасада. Дадзены ўчастак знаходзіцца на тэрыторыі матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр г. Магілёва: будынкі і збудаванні, планіровачная структура, ландшафт і культурны пласт».

Фота: mogilev.media, Яўген Балбераў

У клімавіцкім Еўраопце прадавалі пратэрмінаваную каўбасу, сыр без маркіроўкі

Спецыялістамі клімавіцкага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі былі выяўлены парушэнні ў краме гадлёвай сеткі “Еўраопт”.

Работнікі санітарнай службы падчас праверкі крамы гандлёвай сеткі “Еўраопт” выявілі крывяную каўбасу на пяць з паловай кілаграм са скончаным тэрмінам прыдатнасці. Акрамя гэтага, у магазіне не выконваліся ўмовы захоўвання крошкі сухарнай “Сонейка” і прадаваўся сыр “Мацарэла” без маркіроўкі прадпрыемства-вытворцы. 

Быў выяўлены таксама салат “Селядзец пад футрам”, які не адпавядаў мікрабіялагічным паказчыкам, а гэта значыць, што ён не павінен прадавацца ў гандлёвым аб’екце – паведамляе клімавіцкая раённая газета “Родная ніва”. 

Уся забракаваная прадукцыя была знята з абарачэння, рэкамендацыі па ліквідаванню выяўленых парушэнняў спецыялісты санітарнай службы накіравалі кіраўніцтву крамы.

Фота: “Родная ніва”

У магілеўскім супермаркеце «Марцін» прадавалі гнілыя таматы і пратэрмінаваную кулінарыю

Камітэтам дзяржкантролю Магілёўскай вобласці за грубейшыя парушэнні заканадаўства прыпынена работа гандлёвага аб’екта сеткі «Марцін» 

Як паведамляе БелТА, камітэтам дзяржкантролю былі выяўлена рэалізацыя пратэрмінаваных тавараў, у тым ліку кулінарнай прадукцыі ўласнай вытворчасці больш чым на 120 беларускіх рублёў. Акрамя таго, у продажы знаходзіліся падгнілыя таматы і звыш 30 найменняў тавараў без маркіроўкі. У спісе такіх прадуктаў – каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, рыбная прадукцыя і замарожаная гародніна.

У гэтым жа гандлёвым аб’екце прадстаўнікі дзяржкантролю знайшлі парушэнні заканадаўства аб маркіроўцы ўніфікаванымі кантрольнымі знакамі, парадку распрацоўкі пераліку тавараў, абавязковых да наяўнасці ў продажы. У дадатак крама завышала кошты на паўфабрыкаты з мяса птушкі.

Фота ілюстрацыйнае