Tag: охрана труда
У Крычаве ўжо год ніяк не дабудуюць чатырохпавярховік, яшчэ і парушаюць правілы бяспекі
Агароджы небяспечных зон адсутнічаюць, горкі з пяску і смецця на будоўлі ствараюць непрыгожы выгляд і небяспеку для дзяцей, а будаўнічы вагончык “1000 дробязей” смяшыць навакольных жыхароў.
Восенню мінулага года mogilev.media ужо пісалі пра пабудову новага шматкватэрнага дома ў раёне пяціпавярховікаў № 8,9,30,34 па вул. Мікрараён Камсамольскі, які пачалі будаваць на месцы зручных дарожак, дзіцячай пляцоўкі і зялёнай прасторы паміж дамамі, што прынесла нязручнасці для мясцовых жыхароў.
З пачатку будаўніцтва дома №38 прайшоў ужо цэлы год, але заканчэнне і не бачна. Асноўны корпус дома ўжо пабудавалі, аднак яшчэ шмат працы давядзецца рабіць па знешняй і ўнутранай апрацоўцы пабудовы.
Між іншым, падчас маніторынгу аховы працы на розных будаўнічых аб’ектах менавіта на будаўніцтве дома №38 былі зафіксаваны шэраг парушэнняў: адсутнасць агароджы небяспечных зон, знакаў бяспекі і кантролю за выкананнем работнікамі патрабаванняў па ахове працы. Дахавыя работы выконваюцца без спецпропуска.
Таксама былі зафіксаваны парушэнні пры выкарыстанні сродкаў індывідуальнай аховы і пры выкарыстанні драўляных драбін і пад’ёмных механізмаў (аўтакрана) – пісала яшчэ ў красавіку раённая газета “Крычаўскае жыццё”.
Сапраўды, прылеглая тэрыторыя да будаўнічага аб’екта цяпер засмечана рознымі адыходамі, горы пяску і будаўнічага смецця ствараюць непрыгожы і сумны выгляд. Больш за тое, яны нясуць пэўную небяспеку не толькі дзецям, але і дарослым, бо ніякім чынам не агароджаны і не пазначаны. Фактычна знішчаны дзве невялікія дзіцячыя пляцоўкі каля вакольных дамоў, а горкі са смеццем і пяском не змяншаюцца, а з’яўляюцца новыя.
Вішанькай на торце стаў будаўнічы вагончыў “1000 дробязей”, які выклікае ў мясцовых жыхароў смех і жарты. А магчыма ў вагончыку проста спрабуюць адкрыць крамку з продажам рознай гаспадарчай драбязы?
Фота: mogilev.media