Дождж, мокры снег – прагноз надвор’я на выходныя

Надвор’е на Магілёўшчыне будуць вызначаць цыклон і няўстойлівыя паветраныя масы, якія рухаюцца з Карпат і Польшчы на тэрыторыю Бранскай вобласці – паведамляе Белгідрамет.

Сёння, 27 кастрычніка надвор’е ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы, у ранішні час месцамі чакаецца галалёд, слабы туман. Тэмпература паветра днём складзе ад 0°С да +5°С.

28 кастрычніка, у суботу надвор’е будзе вызначаць цыклон, які перамяшчаецца з Карпат праз паўднёвы ўсход Беларусі на Бранскую вобласць. Будзе воблачна з праясненнямі. Чакаюцца ападкі – дождж, мокры снег. Ноччу па паўднёвым усходзе Беларусі чакаюцца моцныя ападкі – дождж, мокры снег). Магчымы слабы галалёд на дарогах. Тэмпература паветра мінімальная ноччу складзе каля +6°С, днём +4 – +5°С.

29 кастрычніка Беларусь апынецца ў вільготнай няўстойлівай паветранай масе, у дзённыя гадзіны адаб’ецца ўплыў франтальнага падзелу, які перамяшчаецца з Польшчы. Будзе воблачна з праясненнямі. Чакаюцца кароткачасовыя ападкі – мокры снег, дождж. Уначы і раніцай – слабы туман і галалёд. Вецер ноччу няўстойлівы, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу будзе ад каля +2°С,  днём каля +3°С.

Фота: mogilev.media

Плюс 146 хворых на ВІЧ на Магілёўшчыне ў гэтым годзе

Колькасць хворых на сто тысяч насельніцтва – больш чым па краіне.

За перыяд са студзеня па верасень у Магілёўскім рэгіёне было зафіксавана 146 новых выпадкаў захворвання на ВІЧ – паведамляе прэс-служба Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Сярэдні паказчык захворвання – 14,8 чалавекі на 100 тысяч насельніцтва рэгіёну. Па Беларусі гэты паказчык складае 12,1 на 100 тысяч.

Асноўная доля грамадзян, у якіх упершыню выяўляюць вірус – людзі старэйшыя за 30 гадоў (87,5%). У агульнай структуры зарэгістраваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі 60,8% прыпадае на мужчын.

Фота ілюстрацыйнае, з адкрытых крыніц.

Шторм на Магілёўшчыне абрынуў дзясяткі дрэў, былі разбітыя машыны, абрываліся правады

Вечарам 7 кастрычніка парывы моцнага ветру на Магілёўшчыне дасягалі хуткасці 25 метраў у секунду. Падраздзяленні МНС 37 разоў выязджалі на ўборку паваленых дрэў у Магілёве, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Бабруйскім, Бялыніцкім, Быхаўскім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Мсціслаўскім, Асіповіцкім, Чэрыкаўскім, Чавускім і Шклоўскім раёнах. У Магілёве і Шклове паваленымі дрэвамі пашкоджаны 2 легкавыя аўтамабілі.

У Бабруйску па вуліцы Ракасоўскага дрэва ўпала на прыпынак грамадскага транспарту. У гэты момант транспарту і людзей на прыпынку не было, ніхто не пацярпеў.

У Магілёве па вуліцы Алтайскай з-за падзення дрэва пашкоджана прыбудова жылога дома. Гаспадар у гэты час знаходзіўся на вуліцы, мужчына не пацярпеў.

На Магілёўшчыне падчас штармавога ветру парушалася электразабеспячэнне 177 населеных пунктаў, 449 трансфарматарных падстанцый – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС

Кожны шосты беларус – пенсіянер. Менш за ўсё іх на Магілёўшчыне

Паводле дадзеных Белстата на пачатак 2023 года ў Беларусі жыло каля палутара мільёнаў чалавек. Гэта кожны шосты жыхар краіны. Сярод абласцей найбольшая колькасць пенсіянераў на Міншчыне – 234 тысячы. Менш за ўсё іх жыве ў Магілёўскай вобласці, 168 тысяч чалавек.

Летась больш за 3 тысячы беларускіх пенсіянераў ажаніліся ці выйшлі замуж. Шлюбаў, дзе і жаніх, і нявеста былі ў старэчым узросце зарэгістравана 978. З гэтага ліку 8% жанчын і 5,5% мужчын ніколі не насілі пярсцёнкі. 18% і 25% страцілі сваіх мужа і жонкі, а 70% былі разведзены.

Тых, хто вырашыў яшчэ папрацаваць усяго каля 80 тысяч, ці 1,9% ад усяго працоўнага насельніцтва краіны. Застаюцца працаваць яны звычайна ў сферах адукацыі, аховы здароўя і ў навуцы. Шмат пенсіянераў удзельнічае ў валанцёрскім руху, іх доля каля 15 працэнтаў.

Фота ілюстрацыйнае

У Магілёўскім раёне 18 чалавек кантактавалі з шалёным сабакам, яшчэ двух ён пакусаў

У пачатку верасня магілёўскія эпідэміёлагі зафіксавалі выпадак кантакту людзей з хворым на шаленства хатнім сабакам, што не быў прывіты. У Магілёўскім раёне два чалавекі пацярпелі ад яго ўкусаў, а яшчэ 18 чалавек мелі з ім кантакт – гладзілі, лашчылі і кармілі, паведамляе прэс-служба абласнога Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Усе пацярпелыя былі шпіталізаваны, зараз ім праводзіцца курс антырабічных прышчэпак супраць шаленства. У сярэдзіне жніўня ў населеным пункце была заўважаная ліса, пазней побач з населеным пунктам быў знойдзе труп лісы, хворай на шаленства.

Фота ілюстрацыйнае

За гвалт над шасцігадовай затрыманы педафіл

Па гарачых слядах быў затрыманы 66-гадовы жыхар аднаго з раённых цэнтраў Магілёўскай вобласці, які здзейсніў сэксуальны гвалт над 6-гадовай дзяўчынкай. Як паведамляе прэс-служба УУС, пенсіянер пазнаёміўся з дзяўчынкай у гандлёвым цэнтры і прапанаваў праводзіць дадому. Замест гэтага ён завёў малалетнюю ў бязлюднае месца, дзе здзейсніў з ёй гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару.

Дзяўчынка расказала пра гэта сваёй маці, і тая тэрмінова выклікала міліцыю. Праз некалькі гадзін мужчына быў затрыманы.

Фота: УУС, скрыншот

“Зменш 500 чалавек” – што не так з магілёўскімі Дошкамі гонару

Карыстальнікі соцсетак заўважылі прыкрыя памылкі на магілёўскіх дошках гонару. “Новая пампезная Дошка гонару ў цэнтры Магілёва. – піша ў сваім інстаграме вядомы гарадскі блогер з нікам prasalovich – А ведаеце, чаму “зменш 500 чалавек”? Таму што на суседняй шыльдзе – “звыш 500 чалавек”!”

“А гэты выпадак я нават памылкай не наважваюся назваць – працягвае назіральнік – А раптам гэта праява лакальнай гендэрнай рэвалюцыі? Памятаеце сацыяльную рэкламу “Человек изобрела колесо”? Дык, можа, таму і ў Мугілеві “суб’ект” – “лепшая”?”

Mogilev.media прыглядзеліся да магілёўскіх Дошак гонару і знайшлі не толькі пацвярджэнне прыведзеным памылкам, але і яшчэ пару. На той жа гарадской Дошцы спартсмен, у гонар якога названая школа Алімпійскага рэзерву “Багіма” Алег Рыгоравіч Мішчанка пададзены з ініцыяламі – А.Г. Мішчанка. 

На асноўнай Дошцы гонару Магілёўшчыны, якая размяшчаецца за аблвыканкамам, беларусізацыі не паддалося ўжо імя дырэктара прадпрыемства “БелЭмса” Тэйіпа Учара.

Фота: mogilev.media, prasalovich

Заўтра на Магілёўшчыне пройдзе праверка сістэм апавяшчэння

27 верасня з 9:00 да 12:00 па ўсёй Магілёўскай вобласці будуць уключаць сірэны – сістэмы апавяшчэння, паведамляе МНС. Пачуўшы сірэну, нічога рабіць не трэба, ігнаруйце – папярэджваюць у ведамстве.

Фота з адкрытых крыніц

Доўгае бабіна лета – прагноз надвор’я на наступны тыдзень

Як і амаль увесь верасень, апошні яго тыдзень будзе працягваць радаваць цёплым і камфортным надвор’ем. Тэмпература паветра пачынаючы ад панядзелка чакаецца пераважна ў калідоры +11 +15°С ноччу – толькі ў ноч на аўторак і ў самым канцы тыдня начная тэмпература можа ўпасці да +9°С. 

Днём на працягу ўсяго тыдня тэмпература будзе падымацца да +18 +20 градусаў – у першыя дні, а пад канец тыдня да +24, +25 градусаў – прагназуе Белгідрамет.

Чакаецца малавоблачна, пераважна яснае надвор’е за выключэннем наступнай суботы – 30 верасня па Магілёўшчыне можа быць дажджліва.

Фота: mogilev.media

Пракуратура знайшла незаконную рэкламу на дамах па ўсім Магілёўскім рэгіёне

Аб’явы пра мікракрэтыды, развешаныя на пад’ездах жылых дамоў у Асіповічах, Бабруйску, Магілёве парушалі дзейснае заканадаўства – выявілі ў Генпракуратуры. Так, у аб’явах адсутнічалі звесткі аб памеры гадавой працэнтнай стаўкі, інфармацыя аб нарматыўных прававых актах, згодна з якімі рэкламадавец дае наўзаем грашовыя сродкі – як патрабуе заканадаўства.

У Магілёве выяўлены 21 выпадак размяшчэння індывідуальнымі прадпрымальнікамі аб’яў з тэкстам: «Деньги. Заем по договору. Официальное трудоустройство не обязательно» на пад’ездах і інфармацыйных дошках жылых дамоў, дзе былі пазначаны толькі мабільныя тэлефоны і ўліковыя нумары плацельшчыкаў.

Адзначаецца, што мясцовыя органы ўлады пакідалі падобныя аб’явы без ніякай увагі. Па патрабаванні пракурора горада Магілёва ў дачыненні да асоб, якія размясцілі аб’явы, Магілёўскі гарвыканкам ініцыяваў адміністрацыйныя працэсы па артыкуле 13.9 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Фота: Генпракуратура