Шторм на Магілёўшчыне абрынуў дзясяткі дрэў, былі разбітыя машыны, абрываліся правады

Вечарам 7 кастрычніка парывы моцнага ветру на Магілёўшчыне дасягалі хуткасці 25 метраў у секунду. Падраздзяленні МНС 37 разоў выязджалі на ўборку паваленых дрэў у Магілёве, Магілёўскім, Мсціслаўскім, Бабруйскім, Бялыніцкім, Быхаўскім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Мсціслаўскім, Асіповіцкім, Чэрыкаўскім, Чавускім і Шклоўскім раёнах. У Магілёве і Шклове паваленымі дрэвамі пашкоджаны 2 легкавыя аўтамабілі.

У Бабруйску па вуліцы Ракасоўскага дрэва ўпала на прыпынак грамадскага транспарту. У гэты момант транспарту і людзей на прыпынку не было, ніхто не пацярпеў.

У Магілёве па вуліцы Алтайскай з-за падзення дрэва пашкоджана прыбудова жылога дома. Гаспадар у гэты час знаходзіўся на вуліцы, мужчына не пацярпеў.

На Магілёўшчыне падчас штармавога ветру парушалася электразабеспячэнне 177 населеных пунктаў, 449 трансфарматарных падстанцый – паведамляе прэс-служба МНС.

Фота: МНС