На Магілёўшчыне сітуацыя з рэспіраторнымі і кавід-інфекцыямі «дастаткова напружаная». Медыкі ў чаканні росту захворванняў

Штотыдзень фіксуецца павелічэнне колькасці хворых з рэспіраторнымі інфекцыямі да 10-15 працэнтаў, а з кавід-інфекцыямі да 40-50 працэнтаў.

«Сітуацыя застаецца дастаткова напружаная і мы ў чаканні чарговага ўздыму рэспіраторных інфекцыяў, у тым ліку і кавід-інфекцыяў» – кажа галоўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці Святлана Нячай у інтэрв’ю тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў».

Яна лічыць, што заўчасна, на дадзены момант, казаць пра кавід-інфекцыю, як сезоннае захворванне.

Па яе словах, захворвальнасць рэспіраторнымі інфекцыямі, у тым ліку кавід-інфекцыямі, нарастае.

«Па рэспіратарным гэта блізу 10-15 працэнтаў штотыднёва, па кавід-інфекцыі, па статыстыцы дыягностыкі, гэта лічба нават вышэй. Яна даходзіць да 40-50 працэнтаў за тыдзень. Але пры гэтым захворвальнасць у абсалютных лічбах даволі невялікая. Усё гэта гаворыць пра неабходнасць ужывання прафілактычных захадаў, аналагічна тым, якія выкарыстоўваліся і раней», – тлумачыць сітуацыю Святлана Нячай.

Яна адзначае, што актуальнай застаецца асабістая гігіена, а ў месцах, дзе немагчыма вытрымліваць сацыяльную дыстанцыю, трэба бараніць органы дыхання. Што да масачнага рэжыму, то, на погляд галоўнага санітарнага ўрача, яго будуць выкарыстоўваць кропкава.

Па словах Нячай, з канца верасня ў паліклініках будзе даступная вакцына супраць грыпу і вакцынацыя ад яго ў цяперашніх умовах дужа актуальная.

фота: belinstitute.com

Магілёўскія ВНУ не дабралі больш за чатырыста студэнтаў

Не стае студэнтаў на бюджэтным і платным навучанні. Бракуе навучэнцаў ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. 

Не выканалі плану прыёму на платнае навучанне 4 дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі і 1 прыватная. Недабор сягнуў 337 чалавек. 32 месцы засталіся вакантнымі ў 2 установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, піша рэсурс «Golk.by», спасылаючыся на звесткі Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Паводле іх, кантрольныя лічбы прыёму на навучанне за кошт сродкаў бюджэту не выканалі 2 дзяржаўныя ўстановы вышэйшай адукацыі. Недабор у цэлым склаў 86 чалавек. 75 чалавек недабрала 1 установа сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці.

Ва ўступных іспытах у 5 дзяржаўных установах вышэйшай адукацыі Магілёўскай вобласці на бюджэтныя формы навучання (вочную і завочную) узялі ўдзел 3147 абітурыентаў пры плане набору 2548 чалавек, на 1161 платнае месца прэтэндавалі 913 чалавек.

На Магілёўшчыне кіроўца «засеяў» 26 тонамі зерня дарогу

Гэта другі вядомы інцыдэнт у рэгіёне, звязаны з памылкамі пры транспартаванні збожжа. Трыма днямі раней у Кіраўскім раёне 4 тоны зерня рассыпаліся на двух кіламетрах дарогі з незачыненага кузава.

У Чавускім раёне 26 тон збожжа высыпаліся на праязную частку дарогі з перакуленай машыны. Кіроўца не пацярпеў. На яго склалі два адміністрацыйныя пратаколы.

Інцыдэнт здарыўся ў вёсцы Хількавічы. За рулём МАЗа з паўпрычэпам быў 29-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Краснаполле. Рухаючыся пад гару, кіроўца праявіў няўважлівасць, грузавік перакуліўся, піша БелТА.

З апублікаванага фота бачна, што інцыдэнт адбыўся ў цёмную пару содняў.

Здарэнне ў Кіраўскім раёне абышлося без пакарання кіроўцы. Інспектар ДАІ папярэдзіў яго, каб той больш падобнага не ўчыняў. Да дзясятай гадзіны раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі, паведамляў Магілёў.media.

 

Анонс суботніх забаваў на Магілёўшчыне. Кірмаш народных рамёстваў, фестываль сямейнай творчасці і Дзень гурка

Апошнія фэсты лета правядуць у Глуску, Асіповічах і Шклове.

Імі завяршаецца абласная праграма фестываляў і святаў клубных арганізацыяў рэгіёну «Яскравае свята лета».


У Асіповічах чакаюць на фестываль-кірмаш народных рамёстваў «Асіпоўшчына рамесная».

Пройдзе на пляцоўцы ля Раённага цэнтру культуры.

У праграме: выстава і продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Канцэрт духавога аркестру.

Арганізатары запрашаюць на майстар-класы па ткацтву паясоў, вырабу керамічных гаршкоў і кашоў з лазы.


У Глуску запрашаюць на рэгіянальны фестываль сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў».

Адкрыюць ля Дому рамёстваў.

Тут пройдзе музычна-песенны фестываль, конкурс на лепшую прэзентацыю «атрыбута побыту беларускай сям’і».

У гарадскім парку плануюць правесці конкурс «Тата, мама і я – спартыўная сям’я», а таксама спаборніцтвы па шахматах і футболу.

Увечары абяцаюць канцэрт і салют.


У Шклове ў 16 раз правядуць Свята летняга ўраджаю «Дзень агурка».

Арганізатары запэўніваюць: цікава будзе і малых, і старым.

«Дзень агурка» адзначаць на пляцоўцы вакол комплексу будынкаў гарадской ратушы, у якой месціцца гімназія.

У праграме парад страваў, тэматычная тэатралізацыя, конкурсы, квэсты, інтэрактыў для дзяцей, фестываль фарбаў.

Ля ратушы створаць спартыўна-гульнявую пляцоўку. Тут жа адбудзецца агурочны гастрафест. Не абыдзецца свята без гораду майстроў, фотаасяродка.

Завершыцца «Дзень агурка» канцэртам і дыскатэкай.

 

У Беларусі вырасла загрузка складскімі запасамі. Лідар – сталічны рэгіён

На Магілёўшчыне заляжалай прадукцыі ў параўнанні з мінулых годам паболела на 13,5 працэнтаў. Кошт не прададзенага сягае 622,4 мільёнаў рублёў.

Рэсурс Banki24.by піша, што ва ўсіх рэгіёнах павялічыўся ўзровень запасаў гатовай прадукцыі ў параўнанні з мінулым годам. Асноўны аб’ём не прададзенага генеруе дзяржаўны сектар.

«На 1 жніўня 2022 года запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў склалі 8,024 млрд. BYN у эквіваленце. У грашовым выражэнні прыбаўка ў складскіх запасах за 12 месяцаў (слізгальны год) склала 53,3%», – паведамляе выданне.

Паводле яго, цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі ў ліпені ў параўнанні з ліпенем мінулага году выраслі на 15,8 працэнтаў і на столькі ж узняліся за 7 месяцаў у параўнанні з 7 месяцамі 2021-га. Таму, рост складскіх запасаў за слізгальны год адбыўся і ў рэальным выражэнні – больш чым на 32%.


За студзень-ліпень прамысловая вытворчасць у Беларусі скарацілася на 6,2 працэнты да ўзроўню 2021 году. Выраб прадукцыі за 7 месяцаў знізіўся ва ўсіх абласцях і ў Мінску – у Брэсцкай на 3,4 працэнты, у Віцебскай на 5,8 працэнтаў, у Гомельскай на 4,1 працэнт, у Гродзенскай на 4,7 працэнты, у Мінскай на 14,7 працэнты, у Магілёўскай на 4,4 працэнты, у Менску на 1,8 працэнтаў.


Паводле Banki24.by лідарства па грашовым эквіваленце запасаў захапіла Мінская вобласць з 1,630 мільярдаў рублёў. Узровень не прададзенага да сярэднямесячнага вырабу прадукцыі ў рэгіёне склаў 80,1 працэнт (76,4 працэнта годам раней).

Найвышэйшыя суадносны запасаў прадукцыі паказала Гродзенская вобласць – 91,7% ад сярэднямесячнага вырабу (61% годам раней). У грошах на складах рэгіёну ляжыць не прададзенага тавару на 1 мільярд 188 мільёнаў рублёў.

У астатніх абласцях паказчыкі былі наступнымі:

– Брэсцкая – 919,7 млн ​​BYN (75,3% супраць 57,7%);

– Віцебская – 1,262 млрд BYN (88,9% супраць 44,4%);

– Гомельская – 1,049 млрд BYN (42 % супраць 22,5%);

– Магілёўская – 622,4 млн BYN (66,3% супраць 52,8%).

Фота мае ілюстрацыйны характар

На Магілёўшчыне 2 кіламетры дарогі засыпалі 4 тонамі зерня

Яно высыпалася на праезную частку з незачыненага, як мае быць, кузава аўтамабіля. Да 10 гадзінаў раніцы работнікі сельгаспрадпрыемства прыбіралі збожжа з дарогі.

Здарылася гэта ў Кіраўскім раёне.

«На дарозе аказалася больш за 4 тоны збожжа, якое рассыпалася прыкладна на 2 – 2,5 кіламетры», паведамляе абласная міліцыя.

Паводле рэсурсу MOGILEVNEWS інспектар ДАІ папярэдзіў кіроўцу, каб той больш падобнага не ўчыняў. У выпадку паўтарэння такога парушэння яму пагражае штраф да 4 базавых велічыняў (128 рублёў).

фота ілюстрацыйнае з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў

 

Дзяржкантроль заняўся лясной гаспадаркай Магілёўшчыны і ўгледзеў парушэнні

Распачатыя 6 крымінальных справаў.

Апошнія некалькі тыдняў кантрольныя органы і міліцыя паведамляюць пра выяўленне масавых парушэнняў у розных сферай эканамічнай дзейнасці.

Спачатку расказвалі пра выкрыванне злодзеяў, якія крадуць у сельгаспрадпрыемстваў дзясяткамі літраў фарбаванае паліва, а таксама сотнямі кілаграмаў камбікорм і зерне.

Пазней, сталі з’яўляцца паведамленні пра злоўжыванні і нядбайнасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, якія дапусцілі гібель жывёлаў на фермах.

Цяпер чарга дайшла да лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўкі. Камітэт дзяржкантролю Магілёўскай вобласці выявіў там злоўжыванні:

– Утойвалася фіктыўнымі дакументамі нястача лесапрадукцыі, яе перапрацоўка і продаж;

– Камерцыйныя структуры завышалі абʼёмы паслуг па лесанарыхтоўках, хавалі лішкі драўніны з дапамогай фіктыўных актаў агляду лясных дзялянак;

– Перавышаліся паўнамоцтвы падчас выдзялення камерцыйнымі структурамі драўніны на карані, прызначанай для абʼектаў сельгаспрызначэння і сацыяльнай інфраструктуры.

Па вынікаў праверкі кантралёры завялі 6 крымінальных справаў, паведамляе інтэрнэт-рэсурс Golk.by.

фота: belprauda.com

Магілёўшчына застаецца з найменшымі заробкамі ў краіне. Крыху статыстыкі

У ліпені намінальная налічаная сярэдняя заработная плата тутэйшых работнікаў склала – 1343,6 рубля. У параўнанні з чэрвенем яна вырасла на 16,2 рублі (1327,4 рублі). 

У маі ж заробак быў 1277,7 рублі і за месяц тады вырас на 49,7 рублі. 

Вынікі такой арыфметыкі падказваюць, што тэмпы росту зарплаты запавольваюцца. Нязначную надбаўку з’ядае інфляцыя. Гадавая інфляцыя за ліпень склала 18,1 працэнт, што на 0,5 працэнтаў больш, чым у чэрвені, калі гэты паказчык быў 17,5 працэнта.

Ацэньваючы намінальны сярэдні заробак варта ўлічваць, што яго памер падаецца да адлічэння 13 працэнтаў падаходнага падатку і іншых абавязковых выплатаў.

Намінальная налічаная сярэдняя заработная плата па Беларусі ў ліпені 2022 года склала 1644 рублі. Гэта на 18,5 рублі больш, чым у чэрвені.

Найбольшы налічаны заробак да мінусавання падаткаў маюць працаўнікі сталіцы – 2265,7 рублі.

У Віцебскай вобласці, якая таксама ў заробкавых аўтсайдэрах, налічвалі працаўнікам зарплату большую, чым суседзям з Магілёўшчыны на 50,7 рублеў. Яны мелі – 1397,3 рублі.

фота: belmarket.by

На Магілёўшчыне забаронена наведваць усе мясцовыя лясы

Забарона ўведзеная ў сувязі з кліматычнымі ўмовамі. На карце Міністэрства лясной гаспадаркі Магілёўшчына – «чырвоная».

 

Пастановы аб недапушчальнасці перабывання ў лясах прынятыя выканкамамі ўсіх 21 раёну вобласці.

Тое вынікае з абноўленай інтэрактыўнай карты забароны і абмежаванняў на наведванне лясоў у раёнах Беларусі. Такі рэсурс размешчаны на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. На ёй уся Магілёўшчына «чырвоная».

 

У войска праз кадравыя аддзелы і з пагрозамі аб крымінальнай адказнасці

Прымус і запалохванне становяцца памагатымі ў справе развязання праблемы з прызыўнікамі. Службу ў войску можа адтэрмінаваць судзімасць.

У Беларусі са жніўня па лістапад абвешчаная прызыўная кампанія. 4 ліпеня быў выдадзены ўказ «Аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве». Выкананне ўказу мусяць забяспечваць мясцовыя ўлады.

“Пагрузілі ў аўтобус і хуценька адправілі на месяц на бабруйскі палігон”

У Магілёве ваенкаматы ўжо сталі папярэджваюць прызыўнікоў аб адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці за ўхіленне ад службы ў войску. На вайсковыя зборы і тэрміновую службу выклікаюць цяпер не толькі позваю, але і з дапамогаю супрацоўнікаў аддзелаў кадраў.

У перыяд прызыўной кампаніі працаўнікі, якім па ўзросце выпадае абуць боты, староняцца кадравікоў. Забраць у войска, як цвердзяць на заводах, могуць без развітання з сям’ёй і пакавання рэчаў.

Выкарыстанне аддзелаў кадраў – новая тактыка ваенкомаў, каб набраць «ахвотнікаў» на вайсковыя зборы.

Адзін з суразмоўцаў, у якога цяжарная жонка, апавёў Магілёў.media, што яму кадравік загадаў з’явіцца раніцай у ваенкамат. Мужчыну не дасылалі позвы і, як ён кажа, у яго былі падставы праігнараваць патрабаванне. Але ён таго не зрабіў, бо «ў строгім голасе супрацоўніка аддзелу кадраў чулася пагроза адказнасці за няяўку».

«Прыйшоў у ваенкамат, а там такіх ёлупаў як я сабралі, некаторых нават без асабістых рэчаў, пагрузілі ў аўтобус і хуценька адправілі на месяц на бабруйскі палігон…» – згадвае магілёвец.

У 2021 годзе было 5 тысяч ухілістаў

У Беларусі служба ў войску зʼяўляецца абавязковай павіннасцю грамадзян, якія сталі паўналетнімі, аднак, як сведчыць практыка, папулярнасць такой службы невысокая. 

У кожным беларускім рэгіёне знаходзіцца да 100 і болей маладых людзей, якія не прыходзяць на прызыўныя пункты. Летась за першыя паўгода, як вынікае з публікацыі Белта, ад ваенных камісараў у органы ўнутраных спраў паступіла блізу 5 тысяч зваротаў па ўхіленні і 3 тысяч – аб прыцягненні прызыўнікоў да адміністрацыйнай адказнасці. Сёлетнюю статыстыку па ўхілістам адшукаць не ўдалося. 

У 2021 годзе была агучаная прапанова аб магчымасці ўзбуджаць крымінальную справу ў выпадку адсутнасці прызыўніка ў краіне.

Пракурор: “ці трэба ламаць сабе жыццё”

Грамадская небяспека ігнаравання прызыўніком, ваеннаабавязаным або рэзервістам ваеннай службы зніжае ступень боегатоўнасці ўзброеных сіл Беларусі, што асабліва небяспечна падчас розных узброеных канфліктаў. Такая грувасткая фармулёўка не заўжды дапамагае.

Прымус і запалохванне становяцца памагатымі ў справе развязання праблемы з прызыўнікамі. Пракуроры са старонак раённых газетаў папярэджваюць, што чакае ўхілістаў.

Памочнік пракурора Магілёва Андрэй Качанаў, прыкладам, нагадвае ўхілістам са старонак рэсурсу «Шклов инфо», што «санкцыя часткі 1 артыкула 435 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, штрафу, арышту, або абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўлення волі на той жа тэрмін».

Уратаваць ад вайсковай службы, як тлумачыць Качанаў, можа судзімасць, якая, праўда, толькі дае адтэрміноўку ад прызыву на службу.

Праз год, як скончыўся тэрмін пакарання, былога асуджанага чакаюць у ваенкамаце для накіравання па выніках медычнага агляду на ваенную службу.

«Хочацца ў чарговы раз нагадаць, што ў перыяд прызыўной кампаніі маладым людзям варта задумацца, ці трэба «ламаць сабе жыццё», пазбягаючы воінскага абавязку, бо войска – гэта школа мужнасці і адвагі для кожнага мужчыны», – засцерагае пракурор Андрэй Качанаў.

фота з рэсурсу mogilev-region.gov.by, а таксама з адкрытых у інтэрнэце крыніцаў