П’яны вадзіцель разбіў дзве машыны ў Магілёве

Едучы па вуліцы Маўчанскага ад гандлёвага цэнтра “Атлас” у бок “Гіпа”, кіроўца Hyundai Equus выехаў на сустрэчную паласу, каб абагнаць іншую машыну. У выніку адбылося сутыкненне з машынай Ford, якая ад удару зачапіла Mitsubishi – паведамляе Тэлеграм-канал прэс-службы абласнога УУС.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 50-гадовы вадзіцель Hyundai Equus быў у нецвярозым стане. Аварыя адбылася ў 9.00.

Рух цягнікоў на перагоне Магілёў – Галынец адмяняецца з 10 па 14 кастрычніка. Арганізуецца дастаўка пасажыраў аўтобусамі

Па гарадскіх праязных на іх ездзіць будзе нельга.

З 10 па 14 кастрычніка адмяняецца рух цягнікоў на перагоне Магілёў – Галынец у сувязі з будаўнічыми работами падземнага пешаходнага пераходу ад вуліцы Будаўнікоў да вуліцы Пысіна. 

Магілёўскі філіял «Аўтобусны парк № 1 ААТ «Магілёўаблаўтатранс» інфармуе, што з  мэтай дастаўкі пасажыраў ад станцыі Галынец да станцыі Магілёў-1 і назад 10, 11, 13 кастрычніка будзе арганізаваны дадатковы гарадскі аўтобусны маршрут № 66 “Прывакзальная плошча – чыгуначная станцыя Галынец” у экспрэсных зносінах. 

Для падвозу пасажыраў ад чыгуначнай станцыі “Галынец” да станцыі “Магілёў-1” і назад рух будзе ажыццяўляцца ў наступным напрамку:

— Прывакзальная плошча — вуліца Першамайская — вуліца Камсамольская — вуліца Чалюскінцаў — вуліца Вішнявецкага — в. Цішоўка (вуліца Шашэйная) — аўтадарога Р123 — чыгуначная станцыя «Галынец» (без прыпынкаў);

— Чыгуначная станцыя Галынец — аўтадарога Р113 — в. Цішоўка (вуліца Шашэйная) — вуліца Вішнявецкага — вуліца Чалюскінцаў — вуліца Камсамольская — вуліца Першамайская — Прывакзальная плошча з пасадкай і высадкай пасажыраў на прыпыначных пунктах “Завод сінтэтычных плёнак”, “Каледж мастацтваў”, “Тэатр лялек”, “Прывакзальная плошча”.

Гарадскія праязныя білеты для гэтага аўтобуса не будуць дзейнічаць, звяртаюць увагу ў аўтапарку № 1. Кошт праезду 90 капеек. 

Мінск плануе ў 2023 годзе закупіць у Магілёве на 176 ліфтаў менш, чым сёлета

Замена ліфтаў у Мінску моцна дапамагла “Магілёўліфтмашу” больш менш стабільна працаваць у апошнія гады. Але планы па замене ліфтавага абсталявання на наступны год у сталічных шматпавярхоўках значна меншыя, бо большасць ліфтаў новыя. 

Замена ліфтавага абсталявання ў жылых дамах сталіцы прадугледжана праграмай “Камфортнае жыллё”, якая зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – паведамляе БелТА. Замене падлягаюць ліфты, якія адпрацавалі нарматыўны тэрмін у 25 гадоў і старэйшыя за яго. Работы праводзяцца на 100% за кошт сродкаў бюджэту, самі жыхары не ўкладаюць асабістыя зберажэнні. 

У 2022 годзе ў сталіцы павінна быць заменена 440 ліфтоў у шматкватэрных дамах. Большасць магілёўскіх ліфтаў ужо ўсталяваныя. Засталося замяніць яшчэ каля 70 ліфтаў. У сярэднім на замену ліфта і ўводу яго ў эксплуатацыю сыходзіць 2-2,5 месяца.  

Сёлета пры замене выкарыстоўваюцца ліфты толькі беларускай вытворчасці ААТ “Магілёўліфтмаш”. Раней калектывы жыхароў дамагаліся ўсталявання таксама і нямецкіх ліфтаў.  

Праграма на наступны год яшчэ фарміруецца, але папярэдне плануецца ў жылых дамах Мінска замяніць у 2023 годзе толькі 264 ліфты. Гэта на 40% менш за план на 2022 год. Тлумачыцца гэта тым, што з кожным годам ліфтаў, якія падлягаюць замене, становіцца ўсё менш. У асноўным усё старое ліфтавае абсталяванне, якое адпрацавала нарматыўны тэрмін, у Мінску ўжо замянілі.

 

Што можа знайсці ў магілёўскім архіве звычайны магілёвец – расказваем у сусветны дзень архівіста

Дзейнасць архіваў цяжка пераацаніць. Яны – матэрыалізаваная памяць грамадства. Як чалавек без памяці, так і грамадства без архіваў не можа паўнацэнна функцыяваць. Архівы насамрэч даюць вялізныя аб’ёмы інфармацыі па запытах грамадзян і арганізацый. Апошнія гады адным з важных напрамкаў іх дзейнасці з’яўляецца аблічбоўка дакументаў архіўных фондаў, што не толькі спрашчае пошук звестак, але і забяспечвае захаванасць першакрыніц. Але што з таго звычайнаму чалавеку?

Што могуць даць архівы звычайнаму грамадзяніну?

У Магілёве і вобласці працуюць шэраг архіўных устаноў, якія маюць сваю спецыялізацыю. 

Дзяржаўны архіў грамадскіх аб’яднанняў знаходзіцца ў будынку гарвыканкама. Там знаходзяцца не толькі справы пра дзейнасць камсамольскіх і партыйных арганізацый у савецкі час, але і тысячы персанальных спраў камуністаў. Калі вашы сваякі імі былі, то вам сюды для вывучэння гісторыі сваёй сям’і. 

Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці знаходзіцца на Рабочым пасёлку па вуліцы Чалюскінцаў. Тут месцяцца справы арганізацый і ўстаноў усіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы пераважна пасля 1917 году. Калі вы ведаеце, дзе працавалі вашы продкі, то можаце знайсці і інфу пра іх працу. Часцяком тут шукаюць інфармацыю пра гады працы для пенсій, нават пра прыналежнасць будынкаў для судовых спраў…

Магілёўскі гарадскі архіў размешчаны на вуліцы Маўчанскага д. 52 (былы будынак АТС). Калі арганізацыю, дзе вы працавалі закрылі, то вам сюды. Тут можна знайсці дадзеныя па асабістаму складу і зарплаце для пацверджання стажу працы і афармлення дакументаў для прызначэння пенсіі. 

Архіў Органаў ЗАГС – вул. Першамайская 71, Магілёў (Дом Саветаў). Тут інфармацыя па нараджэнню і датах смерці вашых продкаў. 

Яшчэ працуюць рэгіянальныя архівы ў Бабруйску і Крычаве, якія абслугоўваюць і суседнія раёны. 

Маюцца архівы юстыцыі і КДБ, дзе захоўваецца інфармацыя па крымінальных справах, але яны закрытыя для шараговых грамадзян. 

Кожнае дзейнае прадпрыемства ці ўстанова таксама мае свой архіў. 

А тым часам

100-годдзе дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі адзначылі магілёўскія архівісты.

Лепшымі архівістамі Магілёўшчыны з уручэннем дыпломаў прызнаны Аксана Каюшнікава і Марыя Мардэсава. Прынята рашэнне аб перадачы абласному архіву будынка па вуліцы Карла Маркса плошчай 6 тысяч кв.м. Будуць выдзелены сродкі і праведзена сур’ёзная рэканструкцыя будынка для пераезда туды архіва. Гэта доўгачаканая падзея. 

фота з адкрытых крыніц

Сёння адкрылі, але зноў закрыюць двухбаковы рух па пуцеправодзе па вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве

Важны пуцеправод у бок Бабруйска запрацаваў у два бакі. Але працы яшчэ не скончаны. 

Са спазненнем у рабочы тыдзень адкрылі рух транспарту ў два бакі на пуцеправодзе, які злучае цэнтр горада і Рабочы пасёлак і прапускае транзітны транспарт на Бабруйск праз чыгунку

Мы паведамлялі, што рух транспарту па гэтым пуцеправодзе будаўнікі па плане павінны былі адкрыць яшчэ 1 кастрычніка. 

Тым не менш, рамонтныя работы працягваюцца на тратуарах і пад пуцеправодам. На выхадныя дні на левым баку рух транспарту зноў будзе перакрыты.

Рамонт маста пачаўся яшчэ ў маі, а канчаткова завяршыць усе працы плануецца да канца года. 

 

Калектар на Фаціна ў Магілёве размываецца дажджамі, прорва хутка дойдзе да жылых дамоў

Як паведамляюць нашы чытачы, ліўневая каналізацыя каля Фацінскай затокі за апошнія дні моцна апаўзла. У глыбокім рве калектара бязладна валяюцца кольцы трубы, па якой мусіць выцякаць вада з ліўнёвак мікрараёна. 

На спадарожнікавым здымку, размешчаным ніжэй, можна пабачыць, якім быў памер размытай часткі калектара на 2021 год – сіняя стрэлка – і дзе пачынаецца роў цяпер – чырвоная стрэлка.

“Вялікі Фацінскі каньён”, як называюць яго чытачы, дабраўся ўжо да імпазантнага карабліка, выкінутага на бераг, а да прыватнага сектара засталося метраў пяцьдзясят.

 

Масачны рэжым і абмежаванні на масавыя мерапрыемствы ўведзены ў Крычаўскім раёне

Абмежаванні ўведзены з-за ўздыму захворвання COVID-19.

Сродкі аховы органаў дыхання павінны выкарыстоўваць работнікі пасажырскага транспарту, аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, у арганізацыях бытавога абслугоўвання насельніцтва.

Ва ўстановах адукацыі выкарыстоўваць ахоўныя маскі павінны работнікі і навучэнцы.

Пры наведванні месцаў з вялікай колькасцю людзей цяпер дзейнічае абавязковае захаванне наведвальнікамі бяспечнай дыстанцыі не менш за 1-1,5 метра і выкарыстанне ахоўнай маскі.

Акрамя гэтага, дзейнічае зараз і абмежаванне на правядзенне спартыўных, культурна-масавых, іншых відовішчных мерапрыемстваў.

У памяшканнях устаноў павінны стаяць дэзінфектары для рук.

Да гэтага першым у Беларусі пасля афіцыйнага заканчэння пандэміі масачны рэжым вярнулі і абмежавалі масавыя мерапрыемствы ў Баранавіцкім раёне. 

Таксама масачны рэжым з канца верасня ўведзены для супрацоўнікаў магілёўскай сеткі крам “Санта”, некаторых іншых гандлёвых кропак.

 

Аўтамабіль выбухнуў у двары Першамайскай вуліцы ў Магілёве

Здарэнне адбылося ў раёне чыгуначнага вакзала, каля магазіна “Хіт” – паведамляюць відавочцы. Відэа з палаючым аўтамабілем у сваім тэлеграм-канале выклалі журналісты магілёўскай рэдакцыі “Беларусь 4”.

 

Апошнія кіёскі “Саюздруку” ў Бабруйску зачынены, у Магілёве некаторыя яшчэ працуюць

ААТ «Магілёўсаюздрук» банкрут. Больш за паўсотні бабруйскіх кіёскаў «Саюздруку» выстаўлены на продаж за даўгі. 

Калісьці больш за паўсотні кіёскаў працавалі ў горадзе, а цяпер сем апошніх кіёскаў зачынены. Прычынай закрыцця стала стратная работа гэтых гандлёвых аб’ектаў. 

Нядзіўна, што з пачатку кастрычніка «Саюздрук» канчаткова пакінуў Бабруйск. Яго кіёскі будуць прададзены, а сродкі накіраваны на пагашэнне шматмільённых даўгоў прадпрыемства.

Як нам стала вядома, цяпер газеты, часопісы, іншую друкаваную прадукцыю, канцылярскія тавары бабруйчане змогуць набыць толькі ў асобных гарадскіх магазінах. 

У Магілёве некаторыя шапікі “Саюздруку” яшчэ працуюць. 

Нагадаем, у жніўні 2022 года суд прыняў заяву аб банкруцтве ААТ «Магілёўсаюздрук» – паведамлялі Магілёў.media.

Магілёўскі ліцэіст заваяваў срэбра на Сусветнай астранамічнай алімпіадзе

Беларусы сталі аднымі з лідараў спаборніцтва, у якім паўдзельнічалі прадстаўнікі шасці краін, а магілёвец Уладзімір Грамыка ўзяў срэбны медаль.  

Першая адкрытая міжнародная астранамічная алімпіяда праходзіла з 26 верасня па 2 кастрычніка на базе Мардоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.П. Агарова. Сусветная алімпіяда сабрала ў расійскім правінцыйным Саранску прадстаўнікоў толькі 6 краін. У складзе кожнай каманды было па шэсць удзельнікаў. 

Спаборніцтва ўключала чатыры туры: тэарэтычны, практычны, наглядальны, тэставы і праходзіла на англійскай мове з выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій узаемадзеяння. 

Беларуская каманда выступіла выдатна і заваявала адзін сярэбраны і чатыры бронзавыя медалі.  “Срэбра” атрымаў Уладзімір Грамыка – навучэнец 11-га класа Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 – паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі. Падрыхтаваў свайго вучня да перамогі настаўнік фізікі і астраноміі Аляксей Бакарэвіч.