Магілёўскія чыноўнікі ўзнагародзілі самі сябе медалямі, а «дэпутаты» – граматамі

За ўнёсак у сацыяльна-эканамічнае развіццё Магілёўшчыны – медалі, і граматы за правалы атрымалі чыноўнікі і «дэпутаты».

Бездакорнай службай вызначыліся чыноўнікі Магілёўшчыны. Указам галоўнага чыноўніка краіны Лукашэнкі медалі атрымалі:

  • кіраўнік спраў аблвыканкама;
  • начальнік аддзела культуры Мсціслаўскага райвыканкама;
  • начальнік аддзела інвестыцыйных праграм і аховы працы камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама;
  • намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Магілёўскага аблвыканкама.

У прэс-рэлізе пра ўзнагароджанне пра дасягненні чыноўнікаў пісалі выключна ў найвышэйшых ступенях. Узгадвалася пра

  • шматгадовую плённую працу;
  • эфектыўнае кіраўніцтва;
  • неацэнны асабісты ўклад.

«Дэпутаты», на сваім сходзе, абмежаваліся ўручэннем адзін аднаму грамат. Яны, як высвятляецца, таксама з усіх сіл спрыялі «росквіту Магілёўскай вобласці і павышэнню якасці жыцця яе жыхароў».

Праблема ў тым, што адзінкі вымярэння росквіту і павышэння якасці, выкарыстаныя для ацэнкі працы «слуг народа», прыдуманыя імі самімі і ніяк не звязаныя з рэальнымі эканамічнымі паказчыкамі, якімі Магілёўшчына ніколі не блістала.

Бо, калі ацэньваць заслугі чыноўнікаў і «дэпутатаў» вобласці ў рублях і працэнтах, то гаворка ішла б ужо не пра медалі і граматы, а пра крымінальныя справы.

Фотa “Магілёўскія ведамасці”.

Прагулкі ў святле ліхтароў – у Чавусах улада засяродзілася на электрычнасці

Старшыня чавускага райвыканкама вырашаў пытанні асвятлення і ўтылізацыі батарэек.

Старшыня Чавускага райвыканкама Дзмітрый Акуліч падыходзіць да вырашэння надзённых задач метадычна і не звальвае ўсё ў адну кучу.

Гэтым разам ён засяродзіўся выключна на электрычнасці. Разам з «дэпутатам палаты» Аляксандрам Лук’янавым праверыў хуткасць усталявання слупоў вулічнага асвятлення для таго, каб жыхары вуліц Азарава і Івуценкі «ў навагоднюю ноч змаглі прагуляцца пад святлом ліхтароў».

Акрамя таго, Акуліч вывучыў пытанне ўтылізацыі другасных адходаў, у прыватнасці батарэек.

Логіка ў кіраўніка Чавусаў жалезная – калі на вуліцах уключаць асвятленне, ліхтарыкі больш не спатрэбяцца, і народ пачне масава пазбаўляцца ад батарэек.

Фота раённай газеты.

У Шклоўскім раёне да ўборкі буракоў прыцягнулі дэпутатаў

У Шклоўскім раёне да ручной уборкі цукровых буракоў прыцягнулі супрацоўнікаў гарадскіх прадпрыемстваў і нават мясцовых дэпутатаў. 

Работы праводзіліся ў буднія дні і будуць аплачаны арганізацыямі, якія накіравалі сваіх супрацоўнікаў. Улады пазіцыянавалі гэтую ініцыятыву як “акт салідарнасці” перад гадавіной Кастрычніцкай рэвалюцыі і “праяву сапраўднага патрыятызму”. Мясцовая раёнка лічыць, што “менавіта ў такія моманты нараджаецца тое, што не вымераць ні ў тонах, ні ў гектарах – пачуццё локця і гонар за родную зямлю”.

Насамрэч, сельгаспрадпрыемства Шклоўшчыны сутыкнуліся з сур’ёзнымі цяжкасцямі. У рэгіёне ўжо прайшлі першыя начныя замаразкі, а сіноптыкі прагназавалі хуткае выпадзенне снегу. З-за недахопу працоўнай сілы калгасы зноў аказаліся не гатовыя завяршыць уборку ўраджаю ў тэрмін. 

Супрацоўнікі гарадскіх прадпрыемстваў, якія прыбылі на палі, сутыкнуліся і з арганізацыйнымі праблемамі: не ўсім змаглі забяспечыць неабходны інвентар. Некаторыя работнікі былі вымушаныя выкарыстоўваць замест вёдраў абрэзаныя пластыкавыя каністры, прыстасаваныя пад падручны інвентар.

Фотаздымак shklovinfo.by