Беглы прэм’ер-міністр Кіргізіі прэзентаваў у Быхаве біятэхналагічную карпарацыю

У Быхаве з прэзентацыяй дзейнасці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі выступіў Данііл Урыцкі – звергнуты ў 2010 годзе прэм’ер-міністр Кіргізіі Даніяр Усенаў, які памяняў сваё прозвішча і перакрэсліў усю сваю старую біяграфію 

Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя рэалізуе маштабны інвестпраект па вытворчасці высокапрадукцыйных збалансаваных камбікармоў. Mogilev.media прысвячала глыбокі эканамічны агляд дзейнасці гэтай карпарацыі ў трох раёнах Магілёўскай вобласці – Глускім, Бабруйскім і Асіповіцкім. Першую частку гэтага агляду можна знайсці тут, а другую тут.

Калі коратка – першапачаткова БНБК выступала як прыватная ініцыятыва і збіралася прыцягнуць маштабныя кітайскія інвестыцыі для стварэння высокатэхналагічнай вытворчасці ў галіне сельскай гаспадаркі. Для гэтага карпарацыі перадаваліся ў кіраванне па некалькі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці і ў іншых рэгіёнах. Аднак з часм высветлілася, што праект рэалізуецца цалкам за сродкі беларускага бюджэта. На выхадзе ў краіне можа з’явіцца дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст у сельскай гаспадарцы, а пакуль што ініцыятыва, здаецца, буксуе – “калгасы” паказваюць зніжэнне ўраджайнасці, іх магутнасцяў яўна не хапае для такога буйнога праекта.

Быхаўская раённая газета “Маяк Прыдняпроўя” паведамляе, што з прэзентацыяй біякарпарацыі ў горад прыяжджаў генеральны дырэктар БНБК Данііл Урыцкі. Гэта не хто іншы, як былы прэм’ер-міністр Кіргізскай Рэспублікі Даніяр Усенаў, які ў выніку народных пратэстаў, што перараслі ў рэвалюцыю, разам з прэзідэнтам краіны Курманбекам Бакіевым уцёк у Беларусь на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Ужо ў Беларусі Даніяр Усенаў памяняў імя і прозвішча на Данііла Урыцкага. Кіргізскае выданне Кактус.медыя высветлілі прычыну гэтага ўчынку – Усенаў вырашыў цалкам парваць са сваім мінулым. 

Выданне прыводзіць словы Курманбека Бакіева, які таксама быў здзіўлены тым, што Даніяр Усенаў вырашыў змяніць імя і прозвішча і стараўся адгаварыць, бо ведаў яго бацьку, што даў Даніяру імя.

“Ён мне адказаў: “Курманбек Саліевіч, я так стаміўся ад усяго гэтага. Я хачу выкрасліць усё са свайго мінулага жыцця і пакінуць у спакоі” – распавёў беглы кіргізскі прэзідэнт.

У Быхаве ЗАТ “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя” сустрэлася з кіраўніцтвам раёна, спецыялістамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, а таксама кіраўнікамі і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў.

У давернае ўпраўленне тэрмінам на тры гады БНБК перададзены акцыі васьмі сельгаспрадпрыемстваў Быхаўскага раёна.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

14 месяцаў калоніі атрымала быхаўчанка, якая схлусіла пра выбух і стукнула нагой міліцыянта

Жанчыне інкрымінавана заведама ілжывае паведамленне аб выбуху ў пажарную службу, а таксама гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Як высветліла следства, нецвярозая быхаўчанка ў канцы мінулага года са свайго мабільнага тэлефона патэлефанавала ў мясцовую пажарную службу і паведаміла ілжывую інфармацыю аб выбуху, які нібыта рыхтуецца. У гэты ж дзень праваахоўнікі ўстанавілі асобу, якая тэлефанавала, і для разбіральніцтва запрасілі яе ў раённы аддзел міліцыі. Жанчына з’явілася ў стане алкагольнага ап’янення і ў фае будынка міліцыі нанесла удар нагой аднаму супрацоўніку органаў унутраных спраў – паведамляе генеральная пракуратура.

На судовым паседжанні жанчына прызнала сваю віну і папрасіла прабачэння ў пацярпелага. За здзейсненыя ўчынкі жыхарка Быхава атрымала пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год і 2 месяцы з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя таго, у абвінавачанай канфіскавалі мабільны тэлефон у даход дзяржаве.

Фота ілюстратыўнае

Пад Быхавам прайшоў рытуал “адмыкання крыніц”

Каля вёскі Гамарня Быхаўскага раёна, на каскадзе крыніц “Захарынка” работнікі мясцовага цэнтра культуры апускалі на ваду крыжык з воска, дарылі калодзежу манеткі і цукеркі. Таксама яны ўмываліся вадой, павязалі новы ручнік на крыжы каля крынічкі і прачыталі малітву. Усё гэта стала рэканструкцыяй абрада “адмыкання крыніц”, пра які работнікам культуры распавяла мясцовая жыхарка, пенсіянерка Г. Касцова. У дзяцінстве яна сама назірала, як гэты рытуал праводзілі дарослыя жанчыны.

Малітва ў гэтым абрадзе служыць для таго, каб вада ў крыніцах не перасыхала і не разлівалася, падтапляючы пасевы. Паввешаны на крыж каля крыніцы новы ручнік  азначае, што ў гэтым месцы б’е крыніца.  Пакінутыя каля крыніцы цукеркі неабходныя, каб вада заўсёды была салодкай – распавядае “Маяк Прыдняпроўя”.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”

Паўночнае ззянне бачылі нават пад Быхавам

Карыстальнікі соцсетак масава дзеляцца фотаздымкамі з паўночным ззяннем, якое назіралася ў ноч на 24 красавіка па ўсёй Беларусі. Выкліканае моцнай геамагнітнай бурай з-за ўспышкі на сонцы, яно радавала вока магілёўцаў і нават жыхароў Быхава.

Фота: соцсеткі

П’яны вясковец на ўгнанай машыне перавярнуўся разам з цяжарнай жонкай пад Быхавам

Жыхар адной з вёсак Быхаўскага раёна за адзін вечар здзейсніў адразу кучу подзвігаў. Выпіўшы на хаце ў свайго сябра, ён без дазволу гаспадара завалодаў машынай прыяцеля. Разам з сужыцельніцай. якая знаходзілася на апошнім месяцы цяжарнасці, ён паехаў у суседнюю вёску, але не справіўся з кіраваннем. Машына з’ехала ў кювет і перавярнулася. Толькі цудам абодва – вясковец і яго грамадзянская жонка не пацярпелі, піша “Маяк Прыдняпроўя”.

Па сукупнасці вясковец атрымаў адзін год папраўчых работ, выплату 10% заробка ў даход дзяржавы, пазбаўленне правоў на пяць гадоў і два штрафы – 7400 і 259 рублёў.

Фота ілюстрацыйнае.

Быхаўчанін скраў тону камбікорму

У Быхаве супрацоўнікамі ДАІ быў спынены мікрааўтобус, у кузаве якога праваахоўнікі знайшлі 20 мяшкоў камбікорму без суправаджальных дакументаў на суму каля 800 рублёў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама.

Міліцыянеры ўстанавілі, што мяшкі з кармавой сумессю выкраў 38-гадовы жыхар Быхава, які дзейнічаў у змове з вартаўніком аднаго з філіялаў раённай птушкафабрыкі. 

Перад крадзяжом вартаўнік адключыў камеры відэаназірання, а мужчына забраў падрыхтаваныя для яго мяшкі і загрузіў іх у мікрааўтобус.

Фота mogilev.mvd.gov.by

Рэкі падняліся па ўсёй Магілёўшчыне – шмат фота

Працягваем сачыць, як разліваюцца рэкі і ручаіны на Магілёўшчыне з-за адлігі.

Вось так выглядае цяпер даліна з відам на Дняпро каля вёскі Новы Быхаў.

Пад’ём вады ў пойме Бярэзіны з відам на ФанДОК у Бабруйску.

Бярэзіна з Цітаўскага (Рагачоўскага) моста у Бабруйску, ад рачнога порта.

Ручаі ператварыліся ў шырокія рэкі. Траса Бабруйск-Гомель, каля вёскі Цялуша Бабруйскага раёна.

Рака Ала.

Рака Добасна, на мяжы Кіраўскага і Рагачоўскага раёнаў.

Больш за ўсё здзівіла Друць у нізоўях. Вада падтапляе прыватны сектар Рагачова.

Дняпро у Быхаве, від ад лясніцтва.

Фота: mogilev.media

Ядзерная зброя ў Беларусі, надзвычайная адліга і скарачэнне насельніцтва ніжэй за мільён – дайджэст мінулага тыдня

Дзве галоўныя тэмы мінулага тыдня – абмеркаванне планаў размяшчэння на Беларусі ядзернай зброі і надзвычайная паводка на рэках рэгіёна ў выніку адлігі.

З-за адлігі на Магілёўшчыне Чэрыкаў адрэзала ад левага берага Сожа, у Мсціславе абрынуўся схіл Замкавай гары а ў Крычаве абвясцілі рэжым надзвычайнага становішча. У дадатак у рэгіён прыходзіў шторм і вярнулася зіма. Затапіла мост пад Мсціславам, а ў Клімавічах прыватны сектар.

Ад непагадзі ў Быхаве легкавушку выкінула на слуп і ледзь не разарвала напалам.

У Магілёве ў парушэнне ахоўных норм перад будынкам музея імя П. Масленікава паставілі вертыкальную паркоўку.

У Зэльве знеслі помнік Ларысе Геніуш.

У Санкт-Пецярбургу ўзарвалі прапагандыста Уладлена Татарскага.

На мінулым тыдні статыстычны камітэт абвясціў, што насельніцтва Магілёўскага рэгіёна стала складаць менш за мільён чалавек.

На мінулым тыдні было абвешчана, што культурнай сталіцай Беларусі ў 2024 годзе стануць Бялынічы.

Пад Асіповічамі выпрабавалі беларускую сістэму залпавага агня “Шквал”.

Украінскія вайскоўцы паказалі, колькі тэхнікі рыхтуецца да контрнаступу. Таксама адзначалася гадавіна вызвалення Бучы.

Смяротная пастка ў ваннай забрала жыцці двух бабруйчанак.

На “Белшыну” і ў тры раёны вобласці прызначылі новых кіраўнікоў.

На Магілёўшчыне пачаўся нераст, які працягнецца да канца мая – нельга лавіць рыбу іначай як з берага на адну вудку, нельга плаваць на лодках.

Толькі каб застацца начаваць з дзяўчынай, хлопец у Клімавічах парэзаў сябе і прыдумаў рабаванне.

Магілёў і Бабруйск атрымалі новыя тралейбусы з аўтаномным ходам.

Мсціслаўскія малочнікі вырабілі рэкордную галоўку сыру.

Фота: mogilev.media

У Быхаве легкавушку выкінула на слуп з-за непагадзі

Машыну занесла на дарозе ў Быхаве так, што яна ледзь не склалася ад удару. 28-гадовая вадзіцельніца атрымала траўмы і была шпіталізаваная. Адзначаецца, што заднія калёсы на аўтамашыне Nissan не былі прыдатнымі для язды – піша БелТА са спасылкай на ДАІ аблвыканкама.

Фота: ДАІ

Дождж змыў апошні снег і пераўтварыў гарадскі пляж у Магілёве ў востраў. Фотазамалёўка.

Начныя дажджы змылі снег і абверглі прагнозы на мінімальную паводку Дняпра. Рака ўжо выйшла месцамі з берагоў у Магілёве і падтапіла гарадскі пляж.

Яшчэ пару дзён таму крыгі ад студзеньскага крыгахода ўпрыгожвалі берагі Дняпра. І здавалася, што паводка зноўку будзе мінімальнай, як і ўсе апошнія гады. Але адзін моцны дождж змыў снег з палеткаў і дазволіў Дняпру выйсці месцамі ў пойму.

Дняпро ў Магілёве ўпёрся ў мураваную набярэжную. Толькі маленькая дарожка яшчэ вядзе на тэрыторыю гарадскога парку.

Месцамі ўжо затоплены пешаходныя і веладарожкі гарадскога парку.

Ужо некалькі дзён стражытная ратуша ізноў бачыць былую веліч Дняпра.

Любавацца шырынёй паўнаводнага Дняпра ў Шклове, Магілёве, Быхаве можна будзе яшчэ некалькі дзён.