Беглы прэм’ер-міністр Кіргізіі прэзентаваў у Быхаве біятэхналагічную карпарацыю

Беглы прэм’ер-міністр Кіргізіі прэзентаваў у Быхаве біятэхналагічную карпарацыю

У Быхаве з прэзентацыяй дзейнасці Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі выступіў Данііл Урыцкі – звергнуты ў 2010 годзе прэм’ер-міністр Кіргізіі Даніяр Усенаў, які памяняў сваё прозвішча і перакрэсліў усю сваю старую біяграфію 

Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя рэалізуе маштабны інвестпраект па вытворчасці высокапрадукцыйных збалансаваных камбікармоў. Mogilev.media прысвячала глыбокі эканамічны агляд дзейнасці гэтай карпарацыі ў трох раёнах Магілёўскай вобласці – Глускім, Бабруйскім і Асіповіцкім. Першую частку гэтага агляду можна знайсці тут, а другую тут.

Калі коратка – першапачаткова БНБК выступала як прыватная ініцыятыва і збіралася прыцягнуць маштабныя кітайскія інвестыцыі для стварэння высокатэхналагічнай вытворчасці ў галіне сельскай гаспадаркі. Для гэтага карпарацыі перадаваліся ў кіраванне па некалькі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Магілёўскай вобласці і ў іншых рэгіёнах. Аднак з часм высветлілася, што праект рэалізуецца цалкам за сродкі беларускага бюджэта. На выхадзе ў краіне можа з’явіцца дзяржаўнае прадпрыемства-манапаліст у сельскай гаспадарцы, а пакуль што ініцыятыва, здаецца, буксуе – “калгасы” паказваюць зніжэнне ўраджайнасці, іх магутнасцяў яўна не хапае для такога буйнога праекта.

Быхаўская раённая газета “Маяк Прыдняпроўя” паведамляе, што з прэзентацыяй біякарпарацыі ў горад прыяжджаў генеральны дырэктар БНБК Данііл Урыцкі. Гэта не хто іншы, як былы прэм’ер-міністр Кіргізскай Рэспублікі Даніяр Усенаў, які ў выніку народных пратэстаў, што перараслі ў рэвалюцыю, разам з прэзідэнтам краіны Курманбекам Бакіевым уцёк у Беларусь на запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі.

Ужо ў Беларусі Даніяр Усенаў памяняў імя і прозвішча на Данііла Урыцкага. Кіргізскае выданне Кактус.медыя высветлілі прычыну гэтага ўчынку – Усенаў вырашыў цалкам парваць са сваім мінулым. 

Выданне прыводзіць словы Курманбека Бакіева, які таксама быў здзіўлены тым, што Даніяр Усенаў вырашыў змяніць імя і прозвішча і стараўся адгаварыць, бо ведаў яго бацьку, што даў Даніяру імя.

“Ён мне адказаў: “Курманбек Саліевіч, я так стаміўся ад усяго гэтага. Я хачу выкрасліць усё са свайго мінулага жыцця і пакінуць у спакоі” – распавёў беглы кіргізскі прэзідэнт.

У Быхаве ЗАТ “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя” сустрэлася з кіраўніцтвам раёна, спецыялістамі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, а таксама кіраўнікамі і спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў.

У давернае ўпраўленне тэрмінам на тры гады БНБК перададзены акцыі васьмі сельгаспрадпрыемстваў Быхаўскага раёна.

Фота: “Маяк Прыдняпроўя”