У Бялынічах з больніцы спрабаваў збегчы расіянін з нарказалежнасцю. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа, а сам ён у СІЗА

У адзежы хворага міліцыя адшукала папулярны ў моладзі хімічны наркотык – альфа-PVP. Супраць яго распачатая крымінальная справа за незаконны абарачэнне наркатычных сродкаў.

Паводзіны 21-гадовага пацыента бялыніцкай больніцы тамтэйшыя медыкі называюць неадэкватнымі. Ён кідаўся на ўрачоў і спрабаваў уцякаць, кажуць яны.

З цяжкай інтаксікацыяй хворага перавезлі ў лякарню абласнога цэнтру і да ложка прывязалі спецыяльнымі рамянямі. Аналіз пацвердзіў падазрэнні медыкаў, што пацыент – солевы наркаман, піша газета «Зара над Друццю».

У адзежы маладога чалавека міліцыянты адшукалі 0,051 грамаў альфа-PVP, які маладзёны называюць «хуткасць»і «зомбі». Супраць яго распачалі крымінальную справу па 1 частцы 328 артыкулу – «Незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

На допыце малады чалавек прызнаўся, што перыядычна ўжывае солевыя наркотыкі.

«Паколькі малады чалавек – грамадзянін Расіі, каб ён не схаваўся за мяжой напярэдадні суда, парушальніка беларускага заканадаўства з бальнічнага ложка пад вартай адправілі ў Магілёўскае СІЗА», – піша бялыніцкая раёнка.

Расіяніну пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

фота: medlux.net.ua

Прастытуцыя крочыць у глыбінку. У Бялыніцкім раёне злавілі на секс-паслугах двух дзяўчын

Абедзве толькі адзначылі паўналецце. Супраць іх распачатыя адміністрацыйныя працэсы «за заняцце прастытуцыяй».

Адна з дзеўчын рэкламавала свае сэкс-паслугі, выкарыстоўваючы магчымасці інтэрнэту, а другая аб сваім сервісе паведамляла праз знаёмых. Кліент за паслугу меўся заплаціць 50 рублёў.

Паводле мясцовай міліцыі за 8 месяцаў выкрытыя дзве работніцы сэкс-індустрыі, піша бялыніцкага раёнка «Зара на Друццю».

У выпадку, калі іх заспелі за такім заняткам упершыню, ім пагражае ад максімальнага штрафу ў 640 рублёў да адміністрацыйнага арышту. Другі раз штраф паболей – да 960 рублёў. Пагроза адміністрацыйнага арышту таксама застаецца.

За тыя ж 8 месяцаў у раёне ўзбуджана адна крымінальная справа за ўступленне ў палавыя зносіны паўналетняга з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту.

Пакаранне за гэтае злачынства больш жорсткае – ад 4 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Асоба, якая трапіла за такое супрацьпраўнае дзеянне пад крымінальны пераслед вызваляецца ад яго, калі пагодзіцца ўступіць у шлюб з пацярпелай, ці пацярпелым. У такім выпадку злачынства перастае быць грамадска небяспечным.

фота з адкрытых крыніц 

У Магілёве перапахавалі прах пісьменніка Ігара Шклярэўскага, прывезены з Расіі

Месцам свайго вечнага спачыну літаратар абраў могілкі ў Магілёве. На тутэйшых Машэкаўскіх кладах пахаваныя бацькі Ігара Шклярскага. Ён завяшчаў, каб яго паклалі разам з імі. 14 жніўня ягоную волю выканалі брат і дачка пісьменніка.

«14 жніўня 2022 года назаўжды ўвойдзе ў гісторыю Магілёва, як дзень апошняга вяртання паэта Ігара Шклярэўскага на радзіму, якая была ўслаўленая ў яго вершах, і якая заўсёды ганарылася сваім вялікім сынам», – адрэагаваў на навіну аб пахаванні праху літаратара на радзіме адзін з яго знаёмцаў.

Ігар Шклярэўскі нарадзіўся ў 1938 годзе ў Бялынічах, у сям’і настаўнікаў. Дзяцінства і юнацтва правёў у Магілёве. Затым выбраўся, як кажуць ягоныя калегі, скараць маскоўскія літаратурныя вышыні, але ніколі не забываўся аб сваёй малой радзіме.

Пра Ігара Шклярэўскага пішуць, што ён належаў да пакалення шасцідзясятнікаў. На пачатку творчага шляху сутыкнуўся з цэнзурнымі забаронамі. Набор першага зборніка вершаў «Я іду!» быў рассыпаны ў друкарні і выйшаў з купюрамі.

Як паэт Шклярэўскі дэбютаваў у 1969 годзе. Ён аўтар дух дзясяткаў вершаваных кніг. Многія з іх перакладзены на італьянскую, нямецкую, польскую і нават японскую мовы. Шклярэўскі – лаўрэат некалькіх літаратурных прэміяў.

Пісаў ён таксама прозу, пераважна кароткія эсэ і апавяданні.

Шклярэўскі пакутліва перажываў трагедыю беларускай зямлі, якую прынесла ёй Чарнобыльская катастрофа. Яго намаганнямі збіраліся сродкі для пацярпелых ад Чарнобылю.

Дзяржаўную прэмію, атрыманую ў 1987 годзе, ён патраціў на высаджванне лесу ў Беларусі. Гэтак літаратар зрабіў унёсак у справу пераадолення барацьбы землякоў-беларусаў з радыяцыйным забруджваннем радзімы. Высаджаны ім лес названы «Лесам паэта Шклярэўскага».

Пра Ігара Шклярэўскага кажуць, што ён быў заўзятым гульцом, захапляўся рулеткай, картамі, більярдам і разнастайнымі латарэямі.

Памёр Ігар Шклярэўскі 7 верасня 2021 году, не адужаўшы наступстваў COVID-19.

 

Не хапіла асфальту. Вяскоўцы з Бялыніцкага раёну заклікаюць уладу адрамантаваць 500 метраў дарогі

Паводле жыхароў пасёлку, які разлёгся вакол чыгуначнай станцыі Друць, сёлетняй вясной дарогу да Бялынічаў рамантавалі, аднак, іхнае паселішча гэтыя працы абмінулі.

Вяскоўцы наракаюць, што іхны бальшак увесь у калдобінах. Яго разбіла сельскагаспадарчая тэхніка і лесавозы. Каб супакоіць незадаволенасць мясцовай грамадскасці заасфальтавалі пляцоўку, дзе звычайна разварочваецца аўтобус з райцэнтру ды спыняюцца аўтамабілі з дачнікамі.

Дарожнікі, паводле пасялкоўцаў, не дарамантавалі да іх участак у 500 метраў.

«Няўжо цяжка было заадно ўкатаць і гэтыя няшчасныя некалькі сотняў метраў?!»- абураюцца вяскоўцы ў лісце бялыніцкай раёнцы «Зара над Друццю».

Як адзначае выданне, у кепскім стане і дарогі ў самім пасёлку. Яны таксама ў выбоінах. «Зара над Друццю» піша, што чакае ад дарожнікаў адказу на яе запыты.

фота: zara.by

У лясгасе прэміямі працоўных сплачвалі выкрытую кантралёрамі шкоду ад махінацыяў адміністрацыі

У Бялыніцкім лясгасе падраблялі накладныя і сумысля завышалі нормы расходавання сыравіны на вытворчасць піламатэрыялаў, каб утоіць прапажу прадукцыі. Сума шкоды ацэненая ў 33 тысячы рублёў (амаль 12 тысяч долараў).

Гэтыя парушэнні выявілі кантралёры яшчэ ў сакавіку. Як вынікае з публікацыі інфармацыйнага агенцтва «Белта» адміністрацыя паабяцала сплаціць шкоду і скарысталася хітрыкамі.

Частка шкоды ў 10,5 тысяч рублёў была кампенсаваная за кошт выдачы прэміяў работнікам, якія не былі прыналежныя да выкрытых парушэнняў. Гэтыя прэміі ў іх забіралі, а далей накіроўвалі на пагашэнне шкоды.

Імя кіраўніка лясгасу не называецца. На сайце прадпрыемства пазначана, што ў ім начальствуе Аляксандр Ходас.

У 2016 годзе ў інтэрв’ю Беларускай лясной газеце на пытанне пра поспехі аднаго з падраздзяленняў лясгасу адказаў: «Галоўнае ў працы прадпрыемства – гэта атрыманне прыбытку ад вырабленай прадукцыі і скарачэнне затрат на яе вытворчасць».

фота: yandex.net

Праект новага музея на Буйніцкім полі – у палоне гігантаманіі і пафасу. Было складана, але мы знайшлі прыкметы грамадскай дыскусіі праекту

Пра планы пабудовы на Буйніцкім полі пад Магілёвам новага музейнага комплексу ў 2023 – 2024 гадах мы нядаўна паведамлялі. Аналізавалі таксама, што ў выніку рэалізацыі праекту ў такім выглядзе, як гэта падаюць чыноўнікі і праўладныя гісторыкі музейны комплекс стане месцам паказнога патрыятызму з ідэалагізаванай экспазіцыяй, засяроджанай на тэме рускай зброі.

 

Экспазіцыя магла б мець скіраванасць на ансамблевы тып экспазіцыі

Да 23 чэрвеня Магілёўскі райвыканкам праводзіць грамадскае абмеркаванне праекту будучага музею. Прыкмет прафесійнага, узважанага і зацікаўленага абмеркавання гэтага безумоўна важнага праекту, на старонках галоўных інфармацыйных рэсурсаў Магілёўшчыны намі выяўлена не было. А, абмяркоўваць сапраўды ёсць што.

Было б цікава прааналізаваць меркаванні спецыялістаў, як варта арганізаваць праблему ўзаемадзеяння наведніка з музейнай экспазіцыяй – адну з цэнтральных праблем у сучасным музеязнаўстве.

Савецкія салдаты аглядаюць падбітую нямецкую тэхніку на Буйніцкім полі

Размяшчэнне музею непасрэдна на месцы вядзення баявых дзеянняў падштурхоўвае да думкі, што экспазіцыя магла б мець скіраванасць на ансамблевы тып экспазіцыі. Гэта дало б магчымасць на дакументальнай аснове рэканструяваць рэальную баявую абстаноўку і жыццёвы свет чалавека, які апынуўся па Буйніцкім полі 11 ліпеня 1941 года.

 

Мала шанцаў пабачыць на Буйніцкім полі музей, экспазіцыю вольнай ад ідэалагічнага пафасу

Нам прыйшлося пашукаць, каб выявіць прыкмету хоць нейкага абмеркавання праекту новага музею на старонках «Прыдняпроўскай нівы». Але, лепш слова «абмеркаванне» тут узяць у двукоссі.

Матэрыял, апублікаваны на сайце выдання не мае прыкмет дыскусіі. Усе ўдзельнікі апытання паўтараюць адзін за адным наборы фраз з клішэ і штампамі.

Дадаюць яўнае перабольшванне – так, старшыня ветэранскай арганізацыі Магілёўскага раёну Віктар Пінчук выказаўся, што пад Буйнічамі чырвонаармейцы і народнае апалчэнне сарвалі бліцкрыг. Заўважым – калі б бліцкрыг быў сарваны менавіта пад Буйнічамі, нямецкай арміі не ўдалося б дайсці да Масквы.

wikimedia.org

«Новы музей знойдзе вялікі водгук у сэрцах жыхароў і гасцей Магілёва, стане яшчэ адным знакавым месцам памяці і славы, сімвалам гонару і яднання». – кажа вучаніца 8 «Б» класа Раманавіцкай школы, Настасся Жданко.

«Музей на Буйніцкім полі стане сэрцам мемарыяльнага комплексу, цэнтрам патрыятычнага выхавання насельніцтва і наглядным увасабленнем памяці, якую захаваюць будучыя пакаленні». – працягвае Вячаслаў Арлоўскі, дырэктар школы ў Вендаражы.

Як бачым з характару выказванняў, у магілёўцаў вельмі мала шанцаў пабачыць на Буйніцкім полі музей, экспазіцыя якога была б вольнай ад ідэалагічнага пафасу і патрыятычнага ўгару. Вольнай – каб даць месца рэальным людзям у іх непасрэдным жыццёвым свеце.