Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.

Сяргей Сацук


Следчы камітэт перадаў супраць рэдактара выдання «Ежедневник» крымінальную справу ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд.

Журналіст за кратамі ад 8 снежня 2021 года. Першапачаткова яго абвінавацілі ў «Атрыманні хабару». У траўні сканчаўся максімальны тэрмін утрымання рэдактара пад вартай па гэтай справе, і яму выставілі абвінавачанні па новых артыкулах: «Распальванне варожасці з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў» і «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў з карысных ці іншых памкненняў».

Ірына Слаўнікава


Дзяржаўны абвінаваўца патрабуе для журналісткі 4 гады пазбаўлення волі.

Пра гэта даведаліся яе калегі. Працэс над Слаўнікавай праходзіць у закрытым рэжыме ў Гомелі.

Журналістку затрымалі разам з мужам 30 кастрычніка ў мінскім аэрапорце. Яе судзяць за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак», або «актыўны ўдзел у іх, а таксама за стварэнне ці ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні».

Аляксандр Казакевіч


Музыку і экс-палітвязня затрымалі ў Маладзечне

Праваабаронцы паведамляюць, што прычына невядомыя.

19 ліпеня Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым за «абразу прадстаўніка ўлады» і прысудзіла 1,5 гады «хатняй хіміі», а таксама выплаціць 2 тысячы рублёў на карысць трох «пацярпелых».

Падаражэлі школьныя падручнікі. На колькі і чаму, чытайце ў матэрыяле

Сёлета камплект падручнікаў для вучняў з 1 па 11 класы абыдзецца ў 16 рублёў. Летась кошт таго ж камплекту складаў 14,5 рублёў.

Школьнікам са шматдзетных сем’яў за карыстанне дапаможнікамі трэба будзе заплаціць – 8 рублёў. Вучням з сацыяльна неабароненых семʼяў кнігі выдадуць бясплатна.

Кошт падручнікаў прывязаны да паловы базавай велічыні. Год таму яна была 29 рублёў. Сёлета – 32 рублі.

 

Крымінальныя хронікі дня – махлярка, злодзейка і сем тон металалому

Тры крымінальныя гісторыі з жыцця Магілёўшчыны.

51-гадовая прадавачка адной з прадуктовых крам Магілёва ўгаварыла сваю 48-гадовую знаёмую ўзяць для яе крэдытаў. Нібыта ёй самой банк адмаўляе па прычыне маленькага заробка. Сума ўзятых крэдытаў у выніку дасягнула 3 600 рублёў. Як толькі прыйшла пара плаціць першую выплату ў банк, прадавачка перастала выходзіць на сувязь. Як высветлілася, усе грошы яна траціла на сябе. Жанчыне выстаўлена абвінавачванне ў прысабечванні чужых грошай падманным шляхам, – паведаміла прэс-служба абласнога УУС.

Заплечнік з мабільным тэлефонам і таварамі на 340 рублёў адна з наведвальніц гандлёвага цэнтру ў Магілёве пакінула ў камеры захавання, якую забыла заперці на ключ. Гэтым скарысталася 50-гадовая жыхарка абласнога цэнтру, якая выняла з заплечніка пару рэчаў, і забрала яго з астатнім змесцівам сабе – расказала сайту Mycity.by прадстаўніца Ленінскага РАУС Алена Сіманава. Жанчыну затрымалі.

Двух нелегальных перавозчыкаў металалому затрымалі ў Касцюковіцкім і Быхаўскім раёнах. Як піша прэс-служба УУС аблвыканкаму, груз без адпаведных суправаджальных дакументаў перавозілі непрацуючыя мясцовыя жыхары. Касцюковіцкі перавозчык меў у машыне больш за 5 тон чорнага металу. У Быхаўскага было канфіскавана дзве тоны.

У Магілёве паболела лавак. Іх паставілі ля пляцоўкі, дзе танцуюць пенсіянеры

Лаўкі расставілі ўздоўж кветнікаў на вуліцы Ленінскай, акурат насупраць будынку КДБ. На тутэйшай пляцоўцы ля фантану ў скверы 40-гаддзя Перамогі для пажылых людзей у нядзелі ладзяць танцавальныя вечары.

Яны настолькі папулярныя, што наведваюць іх не толькі жыхары прылеглых да цэнтральнай часткі гораду раёнаў, але, нават прыязджаюць з ускрайкаў, пісаў днямі Магілёў.media. Недахоп лавак змушае людзей сталага веку ўсаджвацца на барткі фантану.

Магілёў.media звяртаў увагу на брак лавак у цэнтры гораду. Тады гаворка вялася пра сітуацыю з імі на пагулянцы ўздоўж ракі Дубравенкі.

«Праяўляйце сацыяльную адказнасць». Чыноўнікі раяць не злоўжываць цэнамі на школьную форму і нагадваюць, што сочаць за гэтым

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю папярэдзіла вытворцаў і пастаўшчыкоў школьнай формы аб неабходнасці ўлічваць эканамічную сітуацыю і праяўляць сацыяльную адказнасць пры фармаванні цэнаў на тавары для школьнікаў.


Да школьных тавараў адносяцца адзенне і абутак дзелавога стылю, бялізна, панчошна-шкарпэткавыя вырабы, ранцы, заплечнікі, партфелі, сумкі для навучэнцаў, дзіцячыя сумкі, сшыткі, альбомы, дзённікі, вокладкі для сшыткаў, дзённікаў, падручнікаў, канцылярскія тавары.


Рэкамендацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю тычыцца цэнаў на гэтыя тавары і накіраваны на тое, каб яны былі даступныя для насельніцтва, піша Белта

Ведамства раіць вытворцам, каб тыя пры фармаванні адпускных цэнаў і вызначэнні сумы прыбытку не дапускалі перавышэння фактычнага ўзроўню рэнтабельнасці, які склаўся за 2021 год на адпаведную таварную пазіцыю.

Імпарцёры аптовага і рознічнага гандлю мусяць выстаўляць надбаўку на школьныя тавары не большую за 30%.

Ведамства нагадвае, што сочыць за сітуацыяй на рынку і праводзіць кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы.

У чэрвені старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Таццяна Лугіна казала, што спрошчаны варыянт школьнай формы сёлета можна будзе купіць за 150-170 рублёў.

Абутак беларускай вытворчасці будзе каштаваць у дыяпазоне ад 45 да 160 рублёў у залежнасці ад матэрыялу і памеру. За заплечнік бацькам трэба выкласці ад 60 да 120 рублёў.

 

Каровы дохнуць і не хочуць цяліцца. У Клімавіцкім раёне зменшыўся каровін статак амаль на 2 тысячы галоў

Кіраўніцтва раёну патрабуе карміць і даглядаць жывёлаў згодна з існуючымі нормамі і правіламі. Чыноўнікі ўпікаюць аграрыям, што тыя не выконваюць працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

Па стану на 1 ліпеня ў сельгасарганізацыях раёну буйной рагатай скаціны было 22870 галоў. Гэта на 1862 жывёлы менш, чым летась.

Асноўнымі прычынамі зніжэння пагалоўя ската называецца «недаатрыманне прыплоду і павелічэнне выбыцця жывёлаў», піша газета Клімавіцкага райвыканкаму «Родная ніва».

За першыя сёлетнія паўгода ў сельгаспрадпрыемствах надаілі 7964,7 тоны малака (гэта 64,5% да ўзроўню мінулага года).

Малако гатунку «Экстра» прадаюць толькі з трох ферм сельгасарганізацыяў.

Старшыня райвыканкаму Дзмітрый Хайноўскі патрабуе ад кіраўнікоў «калгасаў» выправіць сітуацыю і арганізаваць кармленне і догляд жывёлы згодна з існуючымі нормамі і правіламі.

Паводле яго, некаторыя спецыялісты “па-ранейшаму не выконваюць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну, што наўпрост адбіваецца на выніках працы”.

“Гаспадаркі недаатрымліваюць фінансавыя сродкі”, – наракае ён.

Дзень у гісторыі: 26 ліпеня. Нарадзіліся друкар і руплівец беларушчыны Марцін Кухта, мовазнаўца Зміцер Саўка. Пачаўся ІІ З’езд беларусаў свету. Выдадзеная кніга на мове эсперанта

26 ліпеня 1875 года нарадзіўся Марцін Кухта.

Друкар, выдавец кніг на беларускай, польскай і літоўскай мовах.

23 лістапада 1906 году надрукаваў першы нумар газеты «Наша ніва». Часам друкаваў яе ў крэдыт.

Друкаваў творы Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа.

У апошнім вершы Багдановіч напісаў: «…Я не самотны, я кніжку маю / З друкарні пана Марціна Кухты».


1887 года ў Варшаве надрукавана брашура «Міжнародная мова» на мове «эсперанта».

Выдаў яе ўраджэнец Беластоку акуліст Людвіг Заменгоф пад псеўданімам Эсперанта.

У кнізе на выдуманай мове былі апублікаваныя малітва «Ойча наш», урывак з Бібліі, арыгінальныя вершы Заменгофа, пераклад верша Генрыха Гейнэ.

Цяпер на эсперанта гавораць у свеце блізу 2 мільёнаў чалавек. У Беларусі ёсць лічаныя спецыялісты.


1931 года памёр Міхал Пятроўскі.

Хрысціянскі дэмакрат, каталіцкі святар.

Прыхільнік беларусізацыі касцёлу ў Беларусі, беларускага характару школьніцтва, культурнай і грамадскай дзейнасці.

Прамаўляў казанні на беларускай мове.

26 ліпеня 1941 года Магілёў акупаваны фашысцка-нямецкімі захопнікамі.

Перад вайной жыло больш за 100 тысяч чалавек. 28 жніўня 1941 году, паводле звестак акупацыйнай адміністрацыі, засталося 45,2 тысячы. На 1 ліпеня 1944 году – 10,1 тысячы.

У Магілёве і раёне загінула больш за 70 тысяч чалавек, каля 30 тысяч вывезена на працу ў Нямеччыну.

Гітлераўцы стварылі 5 лагераў смерці, уключаючы Грабянёўскі, Лупалаўскі, 341-ы перасыльны, гета на Дубравенцы.

Горад быў вызвалены ад нацыстаў Савецкімі войскамі 28 чэрвеня 1944 году.


26 ліпеня 1965 года нарадзіўся Зміцер Саўка 

Мовазнаўца.

Вучыўся ў ЗША, занатоўваў успаміны амерыканскіх беларусаў. Аўтар і суаўтар прац «Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі. Бібліяграфія», «Беларуская цывілізацыя ў Амерыцы», «Беларускі клясычны правапіс».


1997 год – пачаўся Другі з’езд беларусаў свету.

Быў прысвечаны «Праблемам захавання беларускай прысутнасці ў свеце».

Прысутнічалі 123 дэлегаты і 111 гасцей з Аўстраліі, Бельгіі, Вялікай Брытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Кыргызстану, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, Эстоніі.

У выніковай заяве З’езду было адзначана: «Краіна перажывае сістэмны крызіс, які ахапіў усе бакі грамадскага жыцця. Своеасабліваю вехаю ў яго развіцці стаў лістападаўскі рэферэндум 1996 году, які раскалоў беларускую нацыю. Частка народу прыняла яго вынікі і новы парадак у краіне, другая засталася абыякаваю. Трэцяя ўспрыняла яго, як канстытуцыйны дзяржаўны пераварот, лічыць нелегітымнымі новыя органы заканадаўчай улады, ацэньвае змены, як пераход да аўтарытарнага рэжыму з тэндэнцыяй ператварэння ў таталітарны. Вынікі рэферэндуму, яго легітымнасць не прызнаныя многімі дзяржавамі свету. Беларусь усё больш аказваецца ў міжнароднай ізаляцыі, эканоміка краіны ў крытычным стане»


У публікацыі выкарыстаныя звесткі рэсурсу «Вікіпедыя» і іншых адкрытых у інтэрнэце крыніцаў


 

Хроніка прыхаванай рэальнасці. Суды, зняволенні, вызваленні

Звесткі пра пераслед паводле праваабаронцаў, мэдыяў і родзічаў тых, хто зазнае яго.


Аляксандр Лучыновіч

Асуджаны на 2 гады калоніі за дасланае ў адзін з тэлеграм-каналаў відэа з расійскай вайсковай тэхнікай, паведамляюць праваабаронцы.

Паводле выраку пакараны за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Аляксандр Лучыновіч прызнаў, што здымаў расійскую тэхніку на відэа, але адпрэчыў абвінавачванне ў інкрымінаваным злачынстве.

Справа разглядаламя ў судзе Гомельскай вобласці пад старшынствам суддзі Аляксандра Хлышчакова.


Кацярына Іванова

Пакараная на 2 гады «хатняй хіміі» за абразу Лукашэнкі

Разглядалася справа судзе Баранавіцкага раёну.

Праваабаронцам не ўдалося высветліць, у чым выявілася абраза.


Сяргей Канановіч і Аляксей Арцецкі

Фігуранты «карагоднай справы» выйшлі на волю.

Сяргея Канановіча затрымалі 24 сакавіка 2021 года. 31 верасня асудзілі на 1,5 гады за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх. Адбываў пакаранне ў калоніі адкрытага тыпу, гэтак званай «хіміі».

Вызвалены 25 ліпеня, паведамілі праваабаронцы.

Аляксею Арцецкаму 15 сакавіка 2021 года прысудзілі 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. За кратамі ўтрымлівалі больш за 16 месяцаў. Ён выйшаў на волю 23 ліпеня, дазналіся праваабаронцы.

«Карагодная справа» стала адной з самых масавых палітычных спраў сучаснай Беларусі. У ёй праходзілі больш за сто фігурантаў. Ужо асудзілі 114 чалавек у 11 групах.

13 верасня 2020 году людзі вадзілі вялікі карагод пад музыку, спявалі, танцавалі. Удзельнікі, гаворачы пра тыя падзеі, успамінаюць «атмасфэру свята».

У Харкаве арыштаваная маёмасць прадпрыемства, частка якога належыць грамадзяніну Беларусі

Агульны кошт арыштаваных актываў складае больш за 112 млн грыўняў, або амаль 2, 9 млн долараў па рынкавым курсе на 25 ліпеня.

Асноўным відам дзейнасці суб’екта гаспадарання была вытворчасць вымяральных прыбораў, даследчых і навігацыйных сродкаў, адзначана на сайце Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Аператыўнікі Упраўлення стратэгічных расследаванняў Нацпаліцыі высветлілі, што ўладальнікам прадпрыемства зʼяўляецца грамадзянін Рэспублікі Украіна. Часткай актываў валодае грамадзянін Беларусі.

Каб не дапусціць адчужэння маёмасці і правядзення з ім якіх-небудзь аперацый суд наклаў арышт на беларускую частку карпаратыўных правоў прадпрыемства і нерухомую маёмасць плошчай 20 тыс. квадратных метраў коштам 82 млн грыўняў.

Актывы перададзены ў Нацыянальнае агенцтва па вышуку і менеджменце актываў. Накладзены арышт на маёмасць, забраную падчас ператрусу.

Анансаванае падвышэнне пенсіяў. Уздымуць на 10 працэнтаў, але ў кожнага надбаўка будзе свая

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў жніўні складзе 638 рублёў (уключаючы даплаты).

У выніку пераразліку памер працоўнай пенсіі будзе падвышаны на 10 працэнтаў, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ведамства, аднак, папярэджвае, што надбаўка ў кожнага будзе сваёй у залежнасці ад стажу і заработку, на якія зважалі налічваючы пенсію, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пенсіі.

Гэта другое павышэнне працоўных пенсіяў у бягучым годзе. З 1 сакавіка надбаўка складала 7 працэнтаў.

Паводле Міністэрства працоўную пенсію маюць больш за 2,3 мільёны беларусаў. У жніўні расходы на выплату пенсіяў складуць 1,4 мільярды рублёў. 122 мільёны рублёў – сума, якая пайшла на падвышэнне пенсіяў.

Указ пра павелічэнне пенсіяў падпісаў Аляксандр Лукашэнка 25 ліпеня.

25 ліпеня Міністэрства працы і сацыяльнай дапамогі паведаміла пра падвышэнне дапамогі дзецям да трох гадоў. Яна стане больш, з 1 жніўня на 2,7 працэнты.