“Магілёўсаюздрук” ратаваць не будуць, прадпрыемству засталося існаваць паўгода

Прадпрыемства павінна крэдыторам суму, большую на 230 тысяч чым кошт усіх актываў па вобласці.

Mogilev.media распавядалі, што праблемы «Магілёўсаюздруку» з’явіліся некалькі гадоў таму праз нястачу грашовых сродкаў. Фінансаў не хапала, каб разлічыцца з насельніцтвам за прададзеную прадукцыю. 

Цяпер жа эканамічны суд Магілёўскай вобласці адкрыў ліквідацыйную вытворчасць у дачыненні да ААТ “Магілёўсаюздрук” – паведамляе “Веснік Магілёва” са спасылкай на прэс-службу суда.

«Магілёўсаюздрук» сам звярнуўся ў эканамічны суд з заявай аб прызнанні яго банкрутам. Дэпартамент па санацыі і банкруцтве Мінэканомікі Беларусі на падставе праверкі фінансавага стану плацежаздольнасці прадпрыемства зрабіў высновы аб тым, што арганізацыя неплацежаздольная і неплацежаздольнасць мае ўстойлівы характар.

На агульным сходзе акцыянеры ААТ “Магілёўсаюздрук” прыйшлі да высновы аб немэтазгоднасці прыняцця мер па дасудовым аздараўленні і накіраванні заявы даўжніка аб эканамічнай неплацежаздольнасці у эканамічны суд.

З прадстаўленых у эканамічны суд кіраўніком матэрыялаў вынікае, што крэдыторская запазычанасць не аплачана і складае 7 173 995,98 рубля, а маёмасці даўжніка на суму 6 941 000,36 рубля недастаткова для задавальнення патрабаванняў усіх крэдытораў.

Зыходзячы з праведзенага аналізу фінансава-гаспадарчай дзейнасці, кіраўніком складзены план ліквідацыі, які зацвердзіў сход крэдытораў. Тэрмін ліквідацыі ўстаноўлены па 12 ліпеня 2023 года.

Фота: mogilev.media

Шапікі «Магілёўсаюздрук» аднаўляюць працу па вобласці

З канца кастрычніка сталі аднаўляць працу асобныя кіёскі “Магілёўсаюздруку” ў Магілёве, Бабруйску, Чавусах. Супрацоўнікі сеткі нясмела выказваюць аптымізм, што да канца года адновяць працу некалькі дзясяткаў гандлёвых кропак прадпрыемства. Шматлікія шапікі прадпрыемства не працавалі з чэрвеня-ліпеня бягучага года.

Кіраўніцтва ААТ «Магілёўсаюздрук» ў жніўні падало хадайніцтва ў суд аб прызнанні банкруцтва – пісалі Магілёў.media – хаця яшчэ ў чэрвені на прадпрыемстве заяўлялі, што не збіраюцца ліквідавацца. 

Праблемы ў прадпрыемства пачаліся яшчэ ў 2016 годзе, калі ўзніклі цяжкасці ў разліках з дзелавымі партнёрамі. Затрымкі выплат пацягнулі за сабой штрафныя санкцыі. На 1 студзеня 2020 года чыстая страта ад яе дзейнасці павялічылася амаль у 50 разоў – з 19 да 900 тысяч рублёў.

У 2022 годзе «Магілёўсаюздрук» стаў паступова закрываць свае гандлёвыя кропкі. Паліцы ж многіх з аб’ектаў гандлю, якія засталіся, стаялі напаўпустымі. З-за фінансавых цяжкасцей прадпрыемства не магло закупаць увесь ранейшы асартымент тавараў.

Сярод крэдытораў “Магілёўсаюздруку” было 523 арганізацыі, і далёка не ўсе з іх згодныя былі цярпліва чакаць вяртання даўгоў. Ужо да сярэдзіны ліпеня было ўзбуджана 289 выканаўчых спраў па запазычанасцях.

«Магілёўсаюздрук» мусіў на жнівень выплаціць агульную суму ў 4 859 087 рублёў. Немагчымасць пагасіць такую буйную суму і прымусіла прадпрыемства самому хадайнічаць аб прызнанні яго банкрутам.

У жніўні быў прызначаны крызісны кіраўнік, «Магілёўсаюздрук» узяў курс на вяртанне пазык крэдыторам.


Даведка. На студзень 2018 года “Магілёўсаюздрук”, які якраз адзначаў свой 100-гадовы юбілей, меў гандлёвую сетку з 224 кропак, у тым ліку 10 магазінаў, 28 павільёнаў і 186 кіёскаў.


На жнівень 2022 года засталося толькі 43 аб’екты ў Магілёве, Бабруйску і Чавусах, але і тыя да верасня закрыліся.

Безумоўна, гандаль друкаванымі выданнямі сёння не з’яўляецца самай прыбытковай справай. Па-першае, наймацнейшую канкурэнцыю тут складаюць сеткавыя рэсурсы. Па-другое, з-за розных прычын людзі ўвогуле сталі менш чытаць. Па-трэцяе – “Саюздрук” у значнай меры выжывае за кошт гандлю рознымі дробнымі таварамі, уключаючы тытунёвыя вырабы, талоны і праязныя білеты. Напрыклад, у некаторых кіёсках цыгарэты давалі да 65% абароту. Але сёння розныя гандлёвыя сеткі запоўнілі сабой і сваімі таварамі ўсё навокал, у тым ліку вядуць рознічны гандаль і праз вулічныя кіёскі.

Пры гэтым РУП “Белсаюздрук”, куды ўваходзіць і яго магілёўскае падраздзяленне, з’яўляецца найбуйнейшай нацыянальнай сеткай па распаўсюджванні перыёдыкі.

“Магілёўхлебапрадукт” можа стаць банкрутам

Заяву пра неплацёжаздольнасць прадпрыемства падаў аблвыканкам.

Эканамічны суд Магілёўскай вобласці адкрыў конкурсную вытворчасць адносна ААТ “Магілёўхлебапрадукт” – паведамляе сайт Вярхоўнага суда Беларусі.

Агульная сума крэдыторскай запазычанасці прадпрыемства складае 37 373 056,87 рублёў. Пры гэтым кошт маёмасці даўжніка недастатковы для задавальнення патрабаванняў крэдытораў. Так, актывы даўжніка па стане на 1 жніўня 2022 года складаюць 24 056 тысяч рублёў.

Акцыянерамі 15 жніўня 2022 года прынята рашэнне аб немэтазгоднасці дасудовага аздараўлення і аб падачы ў эканамічны суд заявы аб эканамічнай неплацежаздольнасці даўжніка. Асноўнымі акцыянерамі “Магілёўхлебапрадукта” з’яўляюцца Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт з доляй у 99,26% і Слаўгарадскі раённы выканаўчы камітэт з доляй 0,73%.

Наступнае судовае паседжанне па справе прызначанае на 7 лютага 2023 года, на якім плануецца прыняць рашэнне аб санацыі альбо ліквідацыі прадпрыемства. Санацыя дазволіць прадпрыемству пазбегчы банкруцтва.

“Магілёўхлебапрадукт” – буйное беларускае прадпрыемства, якое больш за 60 гадоў займаецца выпускам прадукцыі птушкагадоўлі, мяса і мясных вырабаў, жытняй і пшанічнай мукі оптам. Гэта шматпрофільная арганізацыя, у складзе якой знаходзіцца некалькі прадпрыемстваў, у тым ліку – “Магілёўская птушкафабрыка”.

Апошнія кіёскі “Саюздруку” ў Бабруйску зачынены, у Магілёве некаторыя яшчэ працуюць

ААТ «Магілёўсаюздрук» банкрут. Больш за паўсотні бабруйскіх кіёскаў «Саюздруку» выстаўлены на продаж за даўгі. 

Калісьці больш за паўсотні кіёскаў працавалі ў горадзе, а цяпер сем апошніх кіёскаў зачынены. Прычынай закрыцця стала стратная работа гэтых гандлёвых аб’ектаў. 

Нядзіўна, што з пачатку кастрычніка «Саюздрук» канчаткова пакінуў Бабруйск. Яго кіёскі будуць прададзены, а сродкі накіраваны на пагашэнне шматмільённых даўгоў прадпрыемства.

Як нам стала вядома, цяпер газеты, часопісы, іншую друкаваную прадукцыю, канцылярскія тавары бабруйчане змогуць набыць толькі ў асобных гарадскіх магазінах. 

У Магілёве некаторыя шапікі “Саюздруку” яшчэ працуюць. 

Нагадаем, у жніўні 2022 года суд прыняў заяву аб банкруцтве ААТ «Магілёўсаюздрук» – паведамлялі Магілёў.media.

«Могілкі кіёскаў». Як выглядае вытворчая база збанкрутаванага «Магілёўсаюздруку» (відэа)

Акцыянернае таварыства «Магілёўсаюздрук» само звярнулася ў Эканамічны суд Магілёўскай вобласці, каб яго прызналі банкрутам. Цяпер суд пачаў працэс конкурснай вытворчасці – працэдуры, якую выкарыстоўваюць у справе аб банкруцтве для задавальнення патрабаванняў крэдытораў.

Манапаліст продажу газетаў і іншай прадукцыі вінаваты крэдыторам 5 160 864,45 рублёў і супраць яго распачата 130 працэсаў прымусовага спагнання даўгоў,піша Магілёў.media.

Кошт маёмасці даўжніка паводле бухгалтарскага ўліку – 5 544 580,33 рублёў.

28,89% акцыяў прадпрыемства валодае дзяржава. Яны перададзены ва ўпраўленне. 65,96% акцыяў належаць 4 юрыдычным асобам. 58 асоб фізічных маюць 5,15%.

Праблемы ў арганізацыі з’явіліся некалькі гадоў таму праз нястачу грашовых сродкаў. Фінансаў не хапала, каб разлічыцца з насельніцтвам за прададзеную прадукцыю і нават аплаціць працу работнікаў. З ім спынілі супрацоўніцтва дзяржаўныя прадпрыемствы.

«Магілёўсаюздрук»спыніў продаж газетаў і іншай прадукцыі праз фінансавыя праблемы і стаў прадаваць свае кіёскі ў рэгіёне.

Справа «Магілёўсаюздрука». Падрабязнасці з працэсу аб банкруцтве манапаліста продажу друкаванай прадукцыі

«Магілёўсаюздрук» вінаваты крэдыторам 5 160 864,45 рублёў і супраць яго распачата 130 працэсаў прымусовага спагнання даўгоў.

Таварыства «Магілёўсаюздрук» само звярнулася ў Эканамічны суд Магілёўскай вобласці, каб яго прызналі банкрутам. Адпаведны зварот быў пададзены 16 чэрвеня.

На першым пасяджэнні суд абавязаў антыкрызіснага кіраўніка прааналізаваць да 16 жніўня бягучы фінансава-гаспадарчы стан арганізацыі і вынесці рашэнне наконт яго далейшага лёсу. У выпадку ўзбуджэння конкурснай вытворчасці работа «Магілёўсаюдруку» можа быць працягнена.

Стала вядома, што суд пачаў працэс конкурснай вытворчасці – працэдуру, якую выкарыстоўваюць у справе аб банкруцтве для задавальнення патрабаванняў крэдытораў.

Агульная сума крэдыторскай запазычанасці Магілёўсаюздруку сягае 7 819 287,71 рублёў. Дэбіторская запазычанасць – 261 900 рублёў. У адносінах да прадпрыемства ўзбуджана 130 працэсаў прымусовага спагнання доўгу, які складае 5 160 864,45 рублёў.

Кошт маёмасці даўжніка паводле бухгалтарскага ўліку – 5 544 580,33 рублёў, піша «Веснік Магілёва».

28,89% акцый валодае дзяржава. Яны перададзены ва ўпраўленне. 65,96% акцыяў належаць 4 юрыдычным асобам. 58 асоб фізічных маюць 5,15%.

Наступнае судовае паседжанне прызначанае на 12 снежня 2022 года. На ім можа быць прынятае рашэнне аб санацыі альбо ліквідаванні прадпрыемства.

Праблемы «Магілёўсаюздруку» з’явіліся некалькі гадоў таму праз нястачу грашовых сродкаў. Фінансаў не хапала, каб разлічыцца з насельніцтвам за прададзеную прадукцыю. З ім спынілі супрацоўніцтва дзяржаўныя прадпрыемствы. Сярод іх было Бабруйскае тралейбуснае ўпраўленне, якое прадавала праз кіёскі «Белсаюздруку» талоны на праезд, пісаў Магілёў.media.

Рэгіянальны манапаліст продажу газетаў і іншай прадукцыі праз фінансавыя праблемы стаў прадаваць кіёскі ў рэгіёне.

У студзені 2017 года былога дырэктара «Магілёўсаюздруку» суд пакараў на дзесяць гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за крадзеж у тым ліку грашовых сродкаў кіраванай ім арганізацыі. Было ўстаноўлена, што фігурант справы з лютага 2014 па сакавік 2015 года неаднаразова забіраў выручку з касы прадпрыемства.