Унікальны малюнак Магілёва ХІХ стагоддзя быў прададзены на маскоўскім аўкцыёне

Стала вядома пра продаж на аўкцыёне “Літфонд” у Маскве арыгінальнага малюнка з відам Магілёва 1822 года. Навіной пра гэта падзяліўся вядомы магілёўскі калекцыянер і краязнавец Алег Давід Лісоўскі.

Упершыню гэты акварэльны малюнак стаў вядомы восем гадоў таму, калі ён з’явіўся на адным з амерыканскіх аўкцыёнаў. “Акварэль была ўнікальная сваім ракурсам, які дапамог удакладніць канфігурацыю замкавых умацаванняў.” – адзначае Лісоўскі. На малюнку на пярэднім плане выяўлены спуск з Замкавай гары ў тым месцы, дзе зараз знаходзяцца прыступкі бакавога спуска з парка Горкага да Быхаўскага рынку. Выяўлены на акварэлі вал дэманструе рэальныя памеры і структуру старажытнага магілёўскага замка ў гэтым месцы.

Акварэль невядомага мастака “Від горада Магілёва” была прададзеная 9 кастрычніка 2025 года ў аўкцыённым доме “Літфонд”. Канчатковы кошт пакупкі не паведамляецца на афіцыйным сайце, але крыніцы mogilev.media са спасылкай на афіцыйных прадстаўнікоў аўкцыённага дома адзначаюць, што кошт малюнка аказаўся параўнальна невысокім для падобнай унікальнай выявы – усяго некалькі соцень еўра ў эквіваленце.

Будынак псіхбальніцы з жудаснай гісторыяй прадаюць у Магілёве

Будынак лабараторыі Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы, дзе былі расстраляны каля тысячы чалавек, выстаўлены на аўкцыён.

Пабудова знаходзіцца на вул. Сурганава, 53. Цяпер гэта пустуючы аднапавярховы будынак, які пабудавалі ў 1804 годзе. 

Аб’ект знаходзіцца пад статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці трэцяй катэгорыі «будынак пачатак XIX стагоддзя». У перыяд нямецка-савецкай вайны фашысты знішчылі ў яго сценах звыш 1200 хворых.

Варта адзначыць, што падчас вайны большасць будынкаў бальніцы было разбурана, але пасля 1945 года яе працу аднавілі. У 2009 годзе на адным з карпусоў бальніцы з’явіўся памятны знак ахвярам фашызму.

Пачатковы кошт лота – 481 243 рублі. Падаць заяўку на ўдзел у аўкцыёне можна да 18 снежня. Таргі пройдуць на пляцоўцы «БУТБ-маёмасць» 22 снежня 2025 года.

Фотаздымак: БУТБ-маёмасць

Быхаўскую “піраміду майя” зноўку прадаюць – кошт зніжаны

Пабудова невядомага прызначэння ў Быхаве, больш падобная на піраміду майя альбо зікурат, працягвае шукаць свайго гаспадара. Канструкцыя, да вяршыні якой вядуць таямнічыя прыступкі, належыла прадпрыемству ПМК-247 і зараз арыштаваная з-за запазычанасцяў. Раней за яе прасілі 3 000 рублёў – пісалі mogilev.media. Зараз жа кошт зніжаны да 2 000, і да заканчэння аўкцыёна на сайце “БелЮрЗабеспячэння” сёння яшчэ можна паспець.
быхаў
Фота: “БелЮрЗабеспячэнне”

Шкілет тыраназаўра прададзены за 6 мільёнаў долараў на аўкцыёне ў Швейцарыі

Тыраназаўра прадаваў ананімны амерыканец, а набыў прыватны еўрапейскі калекцыянер. Навукоўцы занепакоены.

Шкілет гіганцкага тыраназаўра Рэкса быў прададзены за 5,55 мільёна швейцарскіх франкаў (6,2 мільёна даляраў) Гэта першы выпадак, калі тыраназаўр быў выстаўлены на аўкцыён у Еўропе, што адбыўся ў швейцарскім Цюрыху – паведамляе інфармацыйная карпарацыя ВВС.

Шкілет дыназаўра пад назвай “Трыніці” складаецца з 293 костак трох дыназаўраў, раскапаных паміж 2008 і 2013 гадамі ў фармацыях Хел-Крык і Ланс-Крык у штатах Мантана і Ваёмінг. Ён мае 3,9 метра ў вышыню, 11,6 метра ў даўжыню і 2,65 метра ў шырыню. Больш за палову костак шкілета з’яўляюцца арыгінальнымі, а астатнія зроблены з гіпсу і эпаксіднай смалы.

https://www.youtube.com/watch?v=c_Pwg26I7lA

Чакалася, што шкілет, узрост якога складае ад 65 да 67 мільёнаў гадоў, будзе прададзены за больш высокую цану. Яго выставіў на продаж ананімны грамадзянін ЗША. Шкілет дыназаўра набыў прыватны еўрапейскі калекцыянер сучаснага мастацтва і рэштак дыназаўраў у аўкцыённым доме Koller у Цюрыху.

У сваю чаргу навукоўцы занепакоены гэтым аўкцыёнам і ростам выпадкаў, калі акамянеласці дыназаўраў трапляюць у прыватныя калекцыі, паколькі такія ўнікальныя матэрыялы становяцца недаступнымі для даследчыкаў.

Фота: Koller Auctions