З 1 красавіка адмяняюць аўтобус Крычаў-Рослаў – крычаўляне супраць

Кіраўніцтва крычаўскага філіяла «Магілеўаблаўтатранс» вырашыла з першага красавіка адмяніць аўтобус з Крычава ў расійскі Рослаў. Адмена маршрута стала балючым пытаннем для крычаўскіх студэнтаў. 

У транспартным прадпрыемстве такое рашэнне аргументуюць тым, што такі аўтобусны маршрут эканамічна нявыгадны. Такім чынам, транспартныя зносіны паміж прымежнымі гарадамі з новага месяца перастаюць дзейнічаць, нягледзячы на іх падбрацімства. У Рослаў аўтобус з Крычава ездзіў у пятніцу, панядзелак і аўторак. 

Аднак жыхары горада абураны такім рашэннем, бо іншага транспарта каб дабрацца да Рослава няма, а наймаць машыну – дастаткова дарагое задавальненне. Асаблівую праблему адмена транспартнага маршрута стварае крычаўскім студэнтам, якіх шмат навучаецца ў сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установах Рослава.  

Раённая газета “Крычаўскае жыццё” піша, што бацькі студэнтаў, якія навучаюцца ў Рославе, прапануюць кіраўніцтву крычаўскага аўтапарка пакінуць аўтобусны маршрут, аднак скараціць паездку ў аўторак. Яны таксама прапануюць зрабіць пятнічны выезд з Рослава на Крычаў пазнейшым: не а 11-й раніцы, а ў 16.00, каб навучэнцы пасля заняткаў маглі на яго паспець. 

Ці разгледзіць кіраўніцтва крычаўскага аўтапарку прапанаваны варыянт давадаемся ў бліжэйшы час. 

Фота ілюстратыўнае 

У школах уводзяць новы факультатыў з-за праблем у кадрах на чыгунцы

У магілёўскіх старшакласнікаў з’явіцца новы факультатыў – «Увядзенне ў прафесію чыгуначнага транспарту». 

У СССР чыгунка была дзяржавай у дзяржаве. Яна не проста кіравала і абслугоўвала дарогі, але мела сваю сістэму гандлю, аховы здароўя і нават сістэму часу. 

У незалежнасці ад мясцовай часавой зоны паўсюль ад Брэста да Ўладзівастока расклад пісаўся па маскоўскім часе. Заробкі на чыгунцы былі вялікімі і стабільнымі. На прэстыжную працу можна было ўладкавацца пераважна па блату. 

Цяпер беларуская чыгунка практычна банкрут. Не дзіўна, што ў школах пачынаецца прафарыентацыйная праца для рэкрутавання новых работнікаў. Зроблена гэта з прычыны дэфіцыту кадраў па многіх спецыяльнасцях на беларускай чыгунцы. 

Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал апублікаваў пастанову Міністэрства адукацыі ад 13 студзеня 2023 года аб увядзенні факультатыўных заняткаў для 10-11-х класаў сярэдняй адукацыі. Праграма разлічана на 70 гадзін (па 35 гадзін у кожным класе, 1 гадзіна ў тыдзень) і арыентавана на азнаямленне навучэнцаў з агульнымі абавязкамі работнікаў арганізацый чыгуначнага транспарту.

Галоўнай мэтай факультатыву стане стварэнне ўмоў для выбару прафесіі навучэнцамі. Асноўнай формай навучання стануць групавыя заняткі з правядзеннем семінараў, канферэнцый, экскурсій, выязных заняткаў.

Крычаў змагаецца з адлігай, надзвычайшчыны ўжо менш

Крытычная сітуацыя была ліквідаваная за ноч, ратавальнікі і камунальнікі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме – паведамляе прэс-служба МНС. 

На вуліцы Куйбышава аказаліся падтопленымі 6 шматкватэрных жылых дамоў і 2 прыватныя дамы. Вада аказалася і ў падвалах дамоў. Работнікі МНС адпампавалі ваду з падворкаў і падвалаў.

Ратавальнікі і камунальнікі праводзяць падворны абход – жыхарам падтопленых дамоў пры жаданні прапануецца часова перасяліцца ў жыллё падменнага фонду або свабоднае арэнднае жыллё.

Фота: МНС

Рэцыдывіст у Магілёве лёгка абакраў ангар, таму што раней у ім працаваў

З прыватнага ангара па завулку Гаражным у Магілёве невядомы выкраў маёмасць на агульную суму каля 1500 беларускіх рублёў – паведамляе прэс-служба УУС аблвыканкама. 

Сышчыкі высветлілі, што чужыя рэчы вынес 37-гадовы беспрацоўны, ужо судзімы магілёвец. Раней ён працаваў у заяўніка і ведаў працоўны распарадак, а таксама тое, як можна адчыніць уваходныя дзверы. Ён неаднаразова прабіраўся ўнутр ангара, адкуль і вынес дарагія рэчы. 

Фота мае ілюстрацыйны характар

“Укралі са склада” – двое работнікаў шчыра прызналіся свайму кіраўніку, адкуль вязуць зерне

Двух работнікаў сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Горацкім раёне позна вечарам на дарозе сустрэў кіраўнік гэтай арганізацыі. Ён пабачыў, што мужчыны вязуць на падводзе два мяшкі зерня. Як потым высветлілася, на 820 кілаграмаў. На пытанне кіраўніка, адкуль узялі мяшкі, работнікі шчыра прызналіся, што скралі іх са склада арганізацыі. Начальнік выклікаў міліцыю і дзежураваў каля злодзеяў да прыезда праваахоўнікаў.

Камітэт судовых экспертыз пацвердзіў – пранікнуць на склад прасцей простага, а на ўваходзе быў выяўлены адбітак абутку аднаго з работнікаў, затрыманых дырэктарам – паведамляе прэс-служба Камітэта.

Фота: Прэс-служба Камітэта судовых экспертыз

Пахмурна, дождж са снегам – прагноз надвор’я на уікенд

На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць +4 +5°С у сярэднім, з ваганнямі ноччу ад -4°С да +5°С, днём – ад +2°С да +8°С. Будзе пераважаць пахмурнае, галоўным чынам з ападкамі надвор’е. 

З пятніцы па нядзелю працягласць дня вырасце на 9 хвілін з 12 гадзін і 57 хвілін у апошні дзень сакавіка да 13 гадзін 6 хвілін 2 красавіка. У нядзелю сонца ўзыйдзе а 6:31, зойдзе а 19:37.

Сінаптычны прагноз на апошні рабочы дзень тыдня і апошні дзень месяца, 31 сакавіка: уноч да  -4°С, раніцай каля -1°С, удзень і ўвечары да +2°С. Цэлы дзень воблачна, чакаецца дождж са снегам. Вецер на працягу сутак паўднёвы, хуткасцю да 3-7 м/с. На асобных участках дарог захаваецца галаледзіца. Неустойлівае геамагнітнае поле. Прырастаючы Месяц.

Суботняе, першакрасавіцкае, надвор’е абяцае быць пахмурным, з снегам і дажджом зрання, з дажджом на працягу астатняга дня. Раніцой тэмпература каля +1 +2°С, днём да +6°С, ноччу да +4 -5°С. На працягу сутак будуць вятры з паўднёвага ўсходу і поўдня, хуткасцю 2-3 м/с.

У нядзелю, 2 красавіка, раніцай тэрмометры пакажуць каля +5°С, удзень да +8°С. На працягу сутак вызначаць надвор’е будуць паўднёвыя і паўднёва-заходнія вятры хуткасцю да 2-5 м/с. Пахмурна, дажджы.

Ранак панядзелка 3 красавіка пачнецца з воблачнага надвор’я, з тэмпературай +1  +2°С. Днём і ўвечары пройдуць дажджы.

Фота: mogilev.media 

У Мсціславе абрынуўся схіл Замкавай гары

На старадаўнім гарадзішчы Замкавая гара ў Мсціславе адбылося абрушэнне схілу.

Абвал схілу, які адбыўся з-за непагадзі, стаў прычынай частковага абрушэння агароджы. Як паведамляе “Святло Кастрычніка”  камунальныя службы ўжо распачалі работы па рамонце агароджы. 

Адзначым, што Замкавая гара гэта цэнтр старажытнага Мсціслава, на якім знаходзіцца гісторыка-музейны комплекс. Менавіта тут праходзяць асноўныя мерапрыемствы, падчас фестывалю сярэднявечнай культуры “Рыцарскі фэст”.

Фота з адкрытых крыніц, ілюстрацыйнае

Паводка ідзе па Магілёўшчыне – фота

Затопленыя шэсць мастоў і дзесяць участкаў аўтадарог, гароды і прыдамавыя тэрыторыі ў Чэрыкаве, Крычаве – паведамляе прэс-служба МНС. Нагадаем, што з-за затаплення прыватных гаспадарак у Крычаве абвясцілі рэжым надзвычайнай сітуацыі.

Пасля снегападу, што прайшоў па Магілёўшчыне 29 сакавіка, варта чакаць далейшага пад’ёму грунтовых вод, улічваючы пацяпленне ў бліжэйшыя дні.

Фота: МНС

Па тры дзіцячых пляцоўкі пабудуюць у Круглым і Чавусах

Сёлета ў Круглым і Чавусах з’явяцца па тры новыя дзіцячыя пляцоўкі – пішуць круглянскае “Сельскае жыццё” і чавуская “Іскра”.

Раней абсталяванне дзіцячых пляцовак было звычайнай справай жыльцоў дамоў, жылкамгасаў, а цяпер справа знаходзяцца пад асабістым патранатам кіраўнікоў раёнаў. 

У раённных Круглым і Чавусах з жыхарамі прайшлі абмеркаванні будаўніцтва дзіцячых пляцовак. 

Яны будуць пабудаваны ў Круглым у дварах дамоў па вул. Энгельса, 1, Савецкай, 94, Жуніна, 10, у Чавусах у дварах па вуліцах Сіманава, 6, 60 гадоў СССР, 90, Піянерская, 14.

Ва ўсіх выпадках будуць добраўпарадкаваны сапраўдныя гульнявыя комплексы з горкамі, міні-каруселямі, спартыўнымі ўстаноўкамі. Прадугледжваецца і добраўпарадкаванне тэрыторый з устаноўкай лаваў і азеляненнем.

Фота ілюстрацыйнае 

Перад музеям Масленікава ў Магілёве ставяць вертыкальную паркоўку, парушаючы ахоўныя нормы

З цяжкасцю адстаяўшы будынак гісторыка-культурнай каштоўнасці, магілёўцы сутыкнуліся з новай праблемай. Без уліку прававых і эстэтычных норм, проста перад будынкам музея імя Масленікава ставяць агромністую спаруду вертыкальнай паркоўкі з “Магілёўліфтмаша”.

У пачатку 2010-х будынак музея імя П. Масленікава ў Магілёве даводзілася бараніць актыўным гараджанам – уласнік гандлёвага цэнтра “Магніт” запланаваў пашырэнне свайго будынка і абсталяванне фасада люстэркавымі вокнамі. Шматмесячныя абмеркаванні, зборы подпісаў у той час завяршыліся перамогай магілёўцаў – было вызначана, што дадатковыя абёмы “Магніта” перашкодзяць візуальнаму ўспрыняццю музея, які з’яўляецца помнікам архітэктуры. Будаўніцтва новых частак гандлёвага цэнтра было адмененае.

Выяўляецца, што памяць пра вызначальныя рашэнні захоўваецца ненадоўга. Вечарам 29 сакавіка звязаны з Магілёўскім гарвыканкамам Тэлеграм-канал “Могилев мой город” абвясціў пра будаўніцтва перад будынкам музея імя Масленікава вертыкальнай ротарнай паркоўкі ад прадпрыемства “Магілёўліфтмаш”.

“На вуліцы Міронава ў гэтыя дні ўстанаўліваюць і робяць наладку мадэлі ПР-12, гэта будзе вертыкальная паркоўка, якая змесціць у сябе да 12 легкавых аўтамабіляў.” – піша “Могилев мой город”. 

Нейкая страшная жалязяка

Публікацыя звязанага з гарвыканкамам Тэлеграм-канала сабрала негатыўныя водгукі – “Навошта так нявечыць прыгожае месца ў цэнтры горада?”, “Нейкая страшная жалязяка, на якой будуць стаяць машыны, і проста перад прыгожым старадаўнім будынкам…”

На будаўніцтва паркоўкі звярнуў увагу таксама Тэлеграм-канал Aktahon, які спецыялізуецца на ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

“Гаргара” ў прынцыпе не можа тут узводзіцца – па законе

“Ізноў з Магілёва: перад фасадам будынка пазямельна-сялянскага банка (цяпер абласны мастацкі музей), які пабудаваны ў стылі мадэрн у 1903-1914 гадах і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, узводзіцца сінія металічная гаргара – вертыкальная паркоўка ад мясцовага «Магілёўліфтмаша». – піша аўтар канала Aktahon.

Па-першае, гэтае дысгарманічнае збудаванне парушае візуальнае ўспрыманне помніка архітэктуры, па-другое — яна ў прынцыпе не можа быць зараз узведзена ў гэтым месцы. 

Прычын таму дзве: у 2021 годзе былі значна пашыраны на поўнач граніцы гістарычнага цэнтра, але ягоны праект зон аховы так і застаўся нескарэктаваным аж у версіі 2005 года. Паколькі ў 2020 годзе катэгорыя гістарычнага цэнтра горада была паднятая да другой (рэспубліканскага значэння), узгадненні работ у яго межах адбываюцца праз Міністэрства культуры. 

Другая прычына – будынак банка хоць і знаходзіцца цяпер у межах гістарычнага цэнтра, але з’яўляецца самастойнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю, для якой увогуле не выяўлены зацверджаны праект зон аховы. Без яго зацвярджэння распрацоўка праектнай дакументацыі для аб’ектаў побач з ім забаронена палажэннямі Кодэкса аб культуры.”

Такім чынам, ахоўнае заканадаўства катэгарычна забараняе будаваць падобныя канструкцыі ў межах гістарычнага цэнтра і паблізу ад гісторыка-культурнай каштоўнасці. і ўлічаць гэта ўлады горада?

Фота з адкрытых крыніц.