З 1 красавіка адмяняюць аўтобус Крычаў-Рослаў

З 1 красавіка адмяняюць аўтобус Крычаў-Рослаў – крычаўляне супраць

Кіраўніцтва крычаўскага філіяла «Магілеўаблаўтатранс» вырашыла з першага красавіка адмяніць аўтобус з Крычава ў расійскі Рослаў. Адмена маршрута стала балючым пытаннем для крычаўскіх студэнтаў. 

У транспартным прадпрыемстве такое рашэнне аргументуюць тым, што такі аўтобусны маршрут эканамічна нявыгадны. Такім чынам, транспартныя зносіны паміж прымежнымі гарадамі з новага месяца перастаюць дзейнічаць, нягледзячы на іх падбрацімства. У Рослаў аўтобус з Крычава ездзіў у пятніцу, панядзелак і аўторак. 

Аднак жыхары горада абураны такім рашэннем, бо іншага транспарта каб дабрацца да Рослава няма, а наймаць машыну – дастаткова дарагое задавальненне. Асаблівую праблему адмена транспартнага маршрута стварае крычаўскім студэнтам, якіх шмат навучаецца ў сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установах Рослава.  

Раённая газета “Крычаўскае жыццё” піша, што бацькі студэнтаў, якія навучаюцца ў Рославе, прапануюць кіраўніцтву крычаўскага аўтапарка пакінуць аўтобусны маршрут, аднак скараціць паездку ў аўторак. Яны таксама прапануюць зрабіць пятнічны выезд з Рослава на Крычаў пазнейшым: не а 11-й раніцы, а ў 16.00, каб навучэнцы пасля заняткаў маглі на яго паспець. 

Ці разгледзіць кіраўніцтва крычаўскага аўтапарку прапанаваны варыянт давадаемся ў бліжэйшы час. 

Фота ілюстратыўнае