Расійскі Тэлеграм-канал “Сігнал” апублікаваў фотаздымкі, атрыманыя ад аднаго з мясцовых жыхароў, якія пацвярджаюць інфармацыю пра будаўніцтва пад Асіповічамі ваеннага лагера для ПВК “Вагнер”.
Ваенны лагер разгортваецца ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна. На фота можна заўважыць намёты, усталяваныя ў іх буржуйкі і насцілы. У адной такой палатцы можа размясціцца да 60 чалавек, а на ўстаноўку кожнай палаткі ідзе не больш за 30 хвілін.
Нядаўна ў каналах вагнераўцаў паявілася інфармацыя, што ПВК часова прыпыняе прыём на працу новых наймітаў у Расіі ў сувязі з няўдзелам у вайне і пераездам у Беларусь.
Шэраг цікавых матчаў адбыліся ў зоне “Усход”. Тур скончыўся разгромам аўтсайдэраў, а таксама некалькімі ўпарнымі і відовішчнымі матчамі.
Нечаканым вынікам з’явілася лёгкая перамога клімавіцкіх футбалістаў над гаспадарамі з крычаўскага “Сожа”. Гаспадары нядоўга гулялі на роўных з гасцямі і ўжо ў сярэдзіне першага тайма клімавіцкія футбалісты вялі ў ліку 1:2. Адзначым, што ўвесь першы адрэзак матчу пакінуў добрыя ўражанні футбольным заўзятараў, якіх было дзве сотні на крычаўскім стадыёне.
Аднак, у другім тайме госці цалкам захапілі ініцыятыву і не далі ніводнага шансу гаспадарам пераламіць хаду матча. Вынікам гэтага сталася маса нябеспечных атак, якія скончыліся двума галамі гасцей, што выйгралі з агульным лікам 1:4.
Слаўгарадскія футбалісты таксама не зусім чакана слаба згулялі з гасцямі з Краснаполля. Хоць гаспадары стараліся супраціўляцца і перыядычна арганізоўвалі небяспечныя вылазкі ў штрафную краснапольцаў, аднак першы тайм цалкам застаўся за гасцямі, якія змаглі арганізаваць шэраг галявых момантаў, двойчы забіўшы.
У другім тайме гульня гаспадароў мацнейшай не стала, хоць пару стандартных палажэнняў прапойскіх футбалістаў былі вельмі небяспечнымі. Але ж напрыканцы гульні госці паднапружыліся і забілі яшчэ адзін мяч, цалкам пахаваўшы надзеі ггаспадароў на годны лік. У выніку сустрэча, што прайшла пад дыктоўку гасцей і завяршылася з лікам 0:3.
Значна больш упартым атрымаўся матч паміж футбалістамі мсціслаўскай “Віхры” і гасцямі з Касцюковічаў. Гаспадары ў першым тайме глядзеліся годна і гулялі на роўных з больш моцнымі гасцямі. У нейкі момант гаспадары нават ледзь не выйшлі наперад, аднак першы тайм скончыўся з роўным лікам 1-1.
Пасля перапынку госці значна прыбавілі ў гульні і распачалі з першых хвілін другога тайму асаду брамы гаспадароў. Нечаканая змена ў гульні прымусілі мсціслаўскіх футбалістаў перайсці да рэдкіх контратак, якія не прынеслі поспеху. А вось касцюкоўцы сапраўды моцна згулялі другую палову матча, забіўшы два мячы і ўпэўнена давёўшы гульню да ўпэненай перамогі — 1:3.
Найбольш упартым матчам тура сталася сустрэча чавускай “Нівы” і лідара турнірнай табліы зоны Усход “Сервалюкса-Агра” з Мяжысетак. Гульня была практычна роўнай і гаспадары годна глядзеліся ў сустрэчы з моцным фаварытам. Першы тайм прайшоў ў вязкай барацьбе ў цэнтры поля і нешматлікіх, але вострых атаках абедзьвух каманд.
У другім тайме ўсё ж вышэйшы ўзровень футбалістаў “Сервалюкса” паўплываў на малюнак гульні і яны на кароткі час перахапілі ініцыятыву, забіўшы адзіны мяч у матчы. Тым не менш, чавускія футбалісты імкнуліся зраўняць лік і шанцы на гэта ў іх былі, аднак досыць граматна дзейнічалі абаронцы каманды супернікаў, не дапусціўшы гола ў браму сваёй каманды. У выніку адбылася цяжкая перамога гасцей 0:1.
Але найбольш разгромным атрымаўся матч паміж дрыбінскімі і горацкімі футбалістамі. Горацкія гульцы з’яўляліся нашмат больш моцнымі на працягу двух перыядаў. Прычым ужо у першыя дваццаць хвілін гульні галы паляцелі ў браму дрыбінскай каманды па прынцыпе – з рогу ўсяго многа.
Першы тайм прынёс ажно сем галоў і паказаў усю няроўнасць супернікаў. У другім тайме “футбольных карлікаў” з Дрыбіна працягвалі знішчаць горацкія гульцы, якія сыпалі мячы ў браму супернікаў адзін за адным, забіўшы за другі тайм яшчэ шэсць галоў. У выніку рэкордны лік усяго тура 0:13.
Сенсацыі не здарылася і ў матчы паміж бабруйскімі “тарпедаўцамі” і шклоўскімі “спартакоўцамі”. Гаспадары ў гэтым сезоне выглядаюць больш моцнымі. Тым не менш, разгромнага ліку 6:1 ніхто не чакаў, а думалася, што будзе ўпартая барацьба.
Першы тайм, які скончыўся з лікам 3:1 даваў шансы на хоць нейкі прыстойны вынік матча, але другая палова сталася проста жудаснай для гасцей. Яны саступілі па ўсіх паказчыках, прапусціўшы яшчэ тры мячы і прайграўшы з лікам 6:1. Прычым іх атакі глядзеліся зусім бяззуба на фоне вострых і скаардынаваных нападаў на браму суперніка гаспадароў.
Не адбылося нечаканасцяў і ў матчы глускай “Пцічы” з магілёўскім “Дняпром Юні”. Магілёўцы без сумневу лічыліся фаварытамі сустрэчы, што і даказалі на полі. Усе два таймы яны не пакідалі суперніку шанса для таго каб забіць хоць адзін мяч, пры гэтым у саміх было шмат разнастайных момантаў. Толькі невялікі адрэзак гульльні ў пятнаццаць хвілін гаспадары паспрабавалі напіцснуць на гасцей, але іх атакі праваліліся, а яны ў адказ прапусцілі два мячы на прыгожых контратаках. У выніку сустрэча скончылася з непрыстойным 0:5 на карысць гасцей.
Матч паміж кіраўскімі футбалістамі і гасцямі з бялыніцкай “Друці” адбываўся не ў самых спрыяльных прыродных умовах, бо ўсю гульню ліў дождж. Аднак гэта не перашкодзіла гасцям паказаць шыкоўны футбол, раскатаўшы супернікаў нібыта падлеткаў.
Першы тайм выглядаў на маральнае збіццё і прыніжэнне гаспадароў – былі забіты шэсць галоў у браму кіраўскай каманды. А вось у другім тайме госці крыху расслабіліся і забілі ўсяго пяць мячоў у браму суперніка, а гаспадарам дазволілі забіць гол прыстыжу. У выніку матч скончыўся з самым буйным лікам зоны “Захад” 1:11.
Новым дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова стаў Аляксандр Кісялёў, кандыдат сельскагаспадарчых навук і дацэнт. Перад прызначэннем ён працаваў начальнікам аддзела рэалізацыі праграм давузаўскай адукацыі і прафарыентацыі гэтага ж універсітэта.
На пасадзе дэкана ён замяніў кандыдата гістарычных навук Віктара Буракова.
51-гадовы жыхар вёскі каля Мсціслава загінуў ад атручэння невядомай вадкасцю. Па словах яго жонкі, якія прыводзяць “Магілёўскія ведамасці”, мужчына быў частым госцем на палігоне побытавых адыходаў. Там ён пабачыў пяцілітровую бутыль з нейкай вадкасцю. Пераліўшы вадкасць у дзве меншыя бутэлькі, жыхар Мсціслаўскага раёна прыйшоў дахаты і выпіў з паўлітра сваёй здабычы.
Калі праз пару гадзін яму стала дрэнна, жонка прапанавала выклікаць хуткую, але муж забараніў гэта рабіць. Нараніцу медыкі канстатавалі смерць мужчыны. Як высветлілі супрацоўнікі судовай экспертызы, у склад вадкасці ўваходзіў этыленгліколь – таксічнае рэчыва, якое і стала прычынай смерці. У большасці выпадкаў смяротная доза – усяго 100-150 мл вадкасці, якая змяшчае этыленгліколь. У выпадку своечасовага аказання медыцынскай дапамогі магчымы спрыяльны зыход.
На гэтых выхадных на пляцоўцы каля Каменскага сельскага дома сабраліся жыхары і госці аграгарадка, каб адсвяткаваць Дзень вёскі.
Песні ад народных калектываў і ансамбляў, а таксама таленавітых вучняў Каменскай сярэдняй школы стваралі добры настрой удзельнікам свята.
Дзень вёскі парадаваў усіх ад малога да вялікага, бо ўсе маглі знайсці нешта цікавае і прыемнае для сябе – паведамляе раённая газета “Іскра”.
Менавіта 1 ліпеня 1604 года ў гістарычных дакументах згадваецца вёска Каменка, якая знаходзілася ў Пуцькоўскім ваяводстве Магілёўскай эканоміі. Паселішча мела 23 двары, быў свой млын. Частка насельніцтва, акрамя земляробства, займалася швейнымі і іншымі рамёствамі.
Прэс-служба МНС распавяла падрабязнасці пажару ў Касцюковічах, пра які пісалі mogilev.media. На момант узгарання ў кватэры знаходзіліся маці шматдзетнай сям’і 1996 года нараджэння і дзве дачкі. Усяго ў сям’і пяцёра дзяцей, два хлопчыкі гасцявалі ў гэты дзень у бабулі а адна дзяўчынка гуляла на вуліцы. Бацька быў на працы.
Як толькі гаспадыня дома заўважыла задымленне, яна пачала грукаць у дзверы суседзяў з крыкамі пра дапамогу. Адзін з суседзяў, Андрэй Мірынкоў увайшоў у абнятую дымам кватэру і пачуў плач 2-месячнай Евы. Дзяўчынку ён вынес на свежае паветра, але вярнуцца за яшчэ адной дзяўчынкай ужо не змог – настолькі моцны стаяў дым.
Другую дзяўчынку, што заставалася ў кватэры на момант пажару, 2017 года нараджэння знайшлі ратавальнікі. Непрытомную, яе вынеслі з кватэры і праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы да прыезду медыкаў. Таксама супрацоўнікі МНС эвакуявалі жыхароў з верхніх паверхаў, усяго 13 чалавек. Прычына пажару высвятляецца.
Менавіта па гэтых фотаздымках мы можам уяўляць сабе як выглядаў крычаўскі мураваны касцёл Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі, што быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя. У 1937 годзе касцёл быў цалкам зруйнаваны бальшавікамі.
Бадай самай галоўнай фотаграфіяй з’яўляецца здымак фасаду касцёла, які паказвае ўсю прыгажосць помніка сакральнай архітэктуры.
На пачатку ХХ стагоддзя касцёл бясспрэчна быў самым прыгожым будынкам у тагачасным Крычаве, выглядаючы велічна і ўрачыста. Цікава, што на 1913 год касцёл налічваў каля 500 парафіянаў, што для невялікага 6-тысячнага мястэчка на той час было нямала.
Яшчэ два здымкі адлюстроўваюць унутранае ўбранне касцёла.
Храмавая прастора падзялялася магутнымі слупамі і аркадамі на тры нефы. Апсіду касцёла ўпрыгожваў 2-ярусны алтар неабарочнай формы, які якраз можна ўбачыць на адным з фотаздымкаў.
На вялікі жаль, гэты шыкоўны архітэктурны помнік быў знішчаны савецкай уладай у 1937 годзе ў межах палітыкі змагання з рэлігійнымі праявамі і пабудаваннем новага пантэона бальшавіцкіх “бостваў”. Што цікава, то нават на фотаздымку 1937 года, які паказвае першамайскую дэманстрацыю ў Крычаве, на заднім фоне можна ўбачыць кавалак касцёла і будынак плябаніі, што ўтваралі адзіны архітэктурны ансамбль.
На сённяшні дзень на месцы касцёла знаходзіцца двухпавярховы будынак крычаўскага раённага ваенкамата. На адной з яго сценаў можна ўбачыць схематычную выяву знішчанага касцёла.
Стогадовыя фота цяпер з’яўляюцца каштоўнымі гістарычнымі крыніцамі і даюць магчымасць уявіць, як выглядаў касцёл звонку і знутры, а таксама зразумець наколькі вялікую страту панесла архітэктурная спадчына горада.
Крычаўскім камунальшчыкі збіраюцца пашырыць тэрыторыю могілак каля вёскі Глушнева, упарадкаваўшы іх, бо гарадскія могілкі практычна ўсе зачынены. Пры гэтым па Крычаве наадварот ходзяць чуткі аб закрыцці загарадных могілак.
Апошнім часам сярод крычаўлянаў папаўзлі чуткі, што загарадныя могілкі каля вёскі Глушнева збіраюцца зачыняць. І некаторых жыхароў Крычава гэта пытанне вельмі ўстурбавала, бо практычна ўсе гарадскія могілкі афіцыйна зачынены ці ўжо вельмі блізка да такога статусу. Фактычна на ўсіх гарадскіх могілках нельга хаваць людзей, не ўлічваючы калі чалавека хаваюць каля яго бацькоў ці блізкіх сваякоў.
Ледзь не адзіныя могілкі ў горадзе, дзе працягваюць адпраўляць у апошні шлях людзей – яўрэйскія могілкі. Гэты працэс знішчае старыя ўнікальныя надмагіллі, якія носяць гісторыка-культурную каштоўнасць для мінуўшчыны Крычава, пра што раней пісалі mogilev media.
Як паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”, чуткі пра закрыццё загарадных могілак аказаліся надуманымі і безпадстаўнымі. Больш за тое, камунальныя службы будуць працаваць над пашырэннем могілак у раёне вёскі Глушнева. Прычым сёлета распачнецца не толькі іх тэрытарыяльнае пашырэнне, але і праца па добраўпарадкаванню, а таксама прылеглай да могілак тэрыторыі.
Медыкі змагаюцца за жыццё двух дзяўчынак, 6 гадоў і 2-х месяцаў – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Вечарам 1 ліпеня ў адной з кватэр 5-павярховага дома ў Касцюковічах успыхнуў халадзільнік, які стаяў у дзіцячым пакоі. Маці, якая была ў суседнім пакоі, адчула пах гары і пабачыла дым у пярэднім пакоі. Яна змагла вынесці з кватэры толькі адну з трох сваіх дачок, чатырохгадовую дзяўчынку, якая была разам з ёй. Суседзі выклікалі ратавальнікаў.
Работнікі МНС выратавалі яшчэ дваіх дзяцей гаспадыні кватэры (6 гадоў і 2 месяцы). На момант пажару яны былі ў дзіцячым пакоі і самастойна пакінуць кватэру не змаглі. У непрытомным стане дзяўчынкі перададзены медыкам. Цяпер за іх жыцці змагаюцца ўрачы.