Пажар у Касцюковічах – паявіліся падрабязнасці

Пажар у Касцюковічах – паявіліся падрабязнасці. Выратавалі 13 чалавек, адну дзяўчынку рэанімавалі

Прэс-служба МНС распавяла падрабязнасці пажару ў Касцюковічах, пра які пісалі mogilev.media. На момант узгарання ў кватэры знаходзіліся маці шматдзетнай сям’і 1996 года нараджэння і дзве дачкі. Усяго ў сям’і пяцёра дзяцей, два хлопчыкі гасцявалі ў гэты дзень у бабулі а адна дзяўчынка гуляла на вуліцы. Бацька быў на працы.

Як толькі гаспадыня дома заўважыла задымленне, яна пачала грукаць у дзверы суседзяў з крыкамі пра дапамогу. Адзін з суседзяў, Андрэй Мірынкоў увайшоў у абнятую дымам кватэру і пачуў плач 2-месячнай Евы. Дзяўчынку ён вынес на свежае паветра, але вярнуцца за яшчэ адной дзяўчынкай ужо не змог – настолькі моцны стаяў дым.

Другую дзяўчынку, што заставалася ў кватэры на момант пажару, 2017 года нараджэння знайшлі ратавальнікі. Непрытомную, яе вынеслі з кватэры і праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы да прыезду медыкаў. Таксама супрацоўнікі МНС эвакуявалі жыхароў з верхніх паверхаў, усяго 13 чалавек. Прычына пажару высвятляецца. 

Фота: МНС