Жыхары Каменкі святкавалі Дзень вёскі, якой ужо больш за 400 год

На гэтых выхадных на пляцоўцы каля Каменскага сельскага дома сабраліся жыхары і госці аграгарадка, каб адсвяткаваць Дзень вёскі. 

Песні ад народных калектываў і ансамбляў, а таксама таленавітых вучняў Каменскай сярэдняй школы стваралі добры настрой удзельнікам свята. 

Дзень вёскі парадаваў усіх ад малога да вялікага, бо ўсе маглі знайсці нешта цікавае і прыемнае для сябе – паведамляе раённая газета “Іскра”.

Менавіта 1 ліпеня 1604 года ў гістарычных дакументах згадваецца вёска Каменка, якая знаходзілася ў Пуцькоўскім ваяводстве Магілёўскай эканоміі. Паселішча мела 23 двары, быў свой млын. Частка насельніцтва, акрамя земляробства, займалася швейнымі і іншымі рамёствамі. 

Фота: chausynews.by

Аграгарадок Падсолтава на Мсціслаўшчыне адзначыў 575-годдзе

Дзень вёскі правялі ў мясцовым сельскім клубе. 

Падсолтава – даволі буйны населены пункт для сельскай мясцовасці. Вёска налічвае больш за тры сотні жыхароў. Першая дакументальная ўзгадка пра Падсолтава адносіцца да 1447 года, гэта была адна з вёсак Мсціслаўскага княства. Знаходка гэтай архіўнай інфармацыі – плён працы знакамітага беларускага гісторыка і археолага Андрэя Мяцельскага, які спецыялізуецца на гісторыі Мсціслаўскага княства.

У гонар круглай даты ў сельскім клубе зладзілі тэматычную выставу, паведамляе мсціслаўская раённая газета. Павіншаваць вяскоўцаў прыехала старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Клеянкова.

– Дзень вёскі – гэта свята, якое аб’ядноўвае аднавяскоўцаў. – адзначыла яна – Жадаю, каб яго правядзенне стала добрай традыцыяй у будучыні ў вашым населеным пункце. Таксама гэта магчымасць адзначыць людзей, якія прыкладаюць намаганні для таго, каб дапамагчы ў добраўпарадкаванні мястэчка, адклікаюцца на просьбы аб дапамозе, неабыякавыя да жыцця вёскі. Ад душы жадаю ўсім жыхарам шчасця, здароўя і росквіту.

фота: mstlife.by