Крынічку ў паселішчы пад Мсціславам жыхарам прапанавалі добраўпарадкаваць талакой

Жыхары аграгарадка Падсолтава ў Мсціслаўскім раёне звярнуліся да старшыні райвыканкама ў тым ліку і з праблемай уборкі і рамонта крынічкі на ўскрайку вёскі. Гэта адбылося падчас выязной сустрэчы старшыні з жыхарамі, піша “Святло Кастрычніка”. Акрамя таго абмяркоўвалі праблемы рамонту і чысткі шахтавага калодзежа, размешчанага на вуліцы Савецкай, стан дарог, працу аддзялення паштовай сувязі, забеспячэнне сучасным касавым абсталяваннем мясцовай крамы.

Варта адзначыць, што год таму жыхары Падсолтава ўрачыста адкрылі помнік землякам, што загінулі ў часы Другой Сусветнай вайны за кошт складак. Відаць, паспяховы вопыт самаарганізацыі жыхароў паселішча не быў незаўважаны. Падчас сустрэчы чыноўнікам з народам старшыня Падсолтаўскага сельвыканкама Аксана Лісоўская патлумачыла аднавяскоўцам, што працу па добраўпарадкаванні воднай крыніцы можна выканаць у форме сумеснай ініцыятывы – а гэта значыць талакой, да якой далучацца ўлады.

Фота: “Святло Кастрычніка”.

Аграгарадок Падсолтава на Мсціслаўшчыне адзначыў 575-годдзе

Дзень вёскі правялі ў мясцовым сельскім клубе. 

Падсолтава – даволі буйны населены пункт для сельскай мясцовасці. Вёска налічвае больш за тры сотні жыхароў. Першая дакументальная ўзгадка пра Падсолтава адносіцца да 1447 года, гэта была адна з вёсак Мсціслаўскага княства. Знаходка гэтай архіўнай інфармацыі – плён працы знакамітага беларускага гісторыка і археолага Андрэя Мяцельскага, які спецыялізуецца на гісторыі Мсціслаўскага княства.

У гонар круглай даты ў сельскім клубе зладзілі тэматычную выставу, паведамляе мсціслаўская раённая газета. Павіншаваць вяскоўцаў прыехала старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Клеянкова.

– Дзень вёскі – гэта свята, якое аб’ядноўвае аднавяскоўцаў. – адзначыла яна – Жадаю, каб яго правядзенне стала добрай традыцыяй у будучыні ў вашым населеным пункце. Таксама гэта магчымасць адзначыць людзей, якія прыкладаюць намаганні для таго, каб дапамагчы ў добраўпарадкаванні мястэчка, адклікаюцца на просьбы аб дапамозе, неабыякавыя да жыцця вёскі. Ад душы жадаю ўсім жыхарам шчасця, здароўя і росквіту.

фота: mstlife.by