Пад Крычавам не закрываюць могілкі, а збіраюцца пашыраць

Крычаўскім камунальшчыкі збіраюцца пашырыць тэрыторыю могілак каля вёскі Глушнева, упарадкаваўшы іх, бо гарадскія могілкі практычна ўсе зачынены. Пры гэтым па Крычаве наадварот ходзяць чуткі аб закрыцці загарадных могілак.

Апошнім часам сярод крычаўлянаў папаўзлі чуткі, што загарадныя могілкі каля вёскі Глушнева збіраюцца зачыняць. І некаторых жыхароў Крычава гэта пытанне вельмі ўстурбавала, бо практычна ўсе гарадскія могілкі афіцыйна зачынены ці ўжо вельмі блізка да такога статусу. Фактычна на ўсіх гарадскіх могілках нельга хаваць людзей, не ўлічваючы калі чалавека хаваюць каля яго бацькоў ці блізкіх сваякоў.

Ледзь не адзіныя могілкі ў горадзе, дзе працягваюць адпраўляць у апошні шлях людзей – яўрэйскія могілкі. Гэты працэс знішчае старыя ўнікальныя надмагіллі, якія носяць гісторыка-культурную каштоўнасць для мінуўшчыны Крычава, пра што раней пісалі mogilev media.

Як паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”, чуткі пра закрыццё загарадных могілак аказаліся надуманымі і безпадстаўнымі. Больш за тое, камунальныя службы будуць працаваць над пашырэннем могілак у раёне вёскі Глушнева. Прычым сёлета распачнецца не толькі іх тэрытарыяльнае пашырэнне, але і праца па добраўпарадкаванню, а таксама прылеглай да могілак тэрыторыі.

Фота ілюстрацыйнае і mogilev media.