Маці і дачка заблукалі ў ягадах пад Магілёвам, іх шукалі некалькі гадзін

Днём 11 ліпеня дзве жанчыны, маці і дачка пайшлі ў лес па ягады каля вёскі Лыкава Магілёўскага раёна. У 14:43 яны патэлефанавалі выратавальнікам, бо не змаглі самі выйсці з лесу. Выратавальная аперацыя доўжылася некалькі гадзін – паведамляе прэс-служба МНС. Жанчын знайшлі ў шасціста метрах ад вёскі Бароўка ў добрым стане.

Фота: МНС

У Быхаве загінуў школьнік, яго засыпала пяском на кар’еры

Днём 11 ліпеня трое школьнікаў прыехалі на роварах на пясчаны кар’ер у Быхаве. Пакінуўшы веласіпеды, пачалі караскацца па абрыве кар’еры. 10-гадовы хлопчык працягнуў сваё “скалалазанне” нават пасля таго, як частка грунта абсыпалася – ён стаў забірацца яшчэ вышэй. Пясок абвяліўся разам з ім зноў. Ратавальнікі, якія прыбылі на месца трагедыі, ужо толькі канстатавалі гібель школьніка – паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Фота: Следчы камітэт, скрыншот

Новы віток канфлікту – на паседжанні крычаўскага райвыканкама разносілі дзейнасць мсціслаўскага райпо

На пасяджэнні крычаўскага райвыканкама былі разгледжаны пытанні аб абслугоўванні насельніцтва Крычаўскага раёна мсціслаўскім спажывецкім таварыствам. Вынікі працы гандлёвага прадпрыемства былі прызнаны незадавальняючымі.  

Ужо неаднойчы mogilev.media пісалі пра канфлікт, які ўзнік паміж прадстаўнікамі мсціслаўскага спажывецкага таварыства і крычаўскімі чыноўнікамі. Разгарэўся ён яшчэ напачатку года з-за таго, што прадстаўнікі райпо хацелі зачыніць краму ў вёсцы Ермакоўка Крычаўскага раёна, аб чым пісалі mogilev.media. 

Аднак крычаўскія чыноўнікі і мясцовыя жыхары краму адстаялі. Працягам канфліктнай сітуацыі стаў рэйд старшыні Крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова і старшыны раённага Савета дэпутатаў Ірыны Пруднікавай у вясковую краму аргагарадка Касцюшкавічы, пра што таксама паведамлялі mogilev.media. Тады галоўныя крычаўскія чыноўнікі засталіся назадаволеныя працай гандлёвай кропкі мсціслаўскага райпо.

Поўны разнос

На гэты раз адбыўся новы віток канфліктнай сітуацыі, а менавіта – прылюдны разнос працы мсціслаўскага райпо на паседжанні крычаўскага райвыканкама. 

На ім начальнік аддзела эканоміі крычаўскага райвыканкама Таццяна Барзенкова адзначыла, што мсціслаўскае райпо не выконвае паказчыкаў па росту тавараабароту. Больш за тое, па яе дадзеных знізілася і ўдзельная вага спажывецкага таварыства ў тавараабароце раёна і складае менш за 7 працэнтаў. 

Па меркаванню крычаўскіх чыноўнікаў прычына зніжэння тавараабарота ў тым, што не выконваецца асартыментны пералік, выяўляюцца пратэрмінаваныя прадукты, прычым такая сітуацыя як ў стацыянарных крамах, так і аўталаўцы. 

Выявілася, што ў мясцовай санітарнай службы таксама шмат пытанняў да мсціслаўскага райпо наконт упарадкавання саміх аўталавак, дзе неаднаразова фіксавалі бруд і гармідар. 

Пазіцыя кіраўніка крычаўскага райвыканкама Андрэя Седукова наконт гэтай сітуацыі аналагічная: з-за абуральных і сістэмных парушэнняў знікае давер пакупнікоў, пагэтаму тавараабарот і паменшыўся. Больш за тое, Седукоў катэгарычна выказаўся наконт запісу тавараў “на вексель”, загадаўшы такую практыку выкараніць, а таксама працягнуць рэжым працы крамаў на перыяд уборачнай кампаніі і праводзіць маніторынгі сельскіх крамаў толькі пры ўдзеле прадстаўнікоў сельвыканкамаў – паведамляе раённая газета “Крычаўскае жыццё”.  

Старшыня райсавета Ірына Пруднікава, якая непасрэдна ўдзельнічала ў разбурэнні крычаўскага райпо і вінаватая ў сённяшніх праблемах раённага гандлю, выказалася наконт таго, што павінны задавальняцца патрэбы пакупнікоў пажылога ўзросту, якія часта жывуць у аддаленых вёсках. 

Акрамя таго, на паседжанні прагучала прапанова адкрыць райспажыўтаварыству ў Крычаве краму прамысловай групы тавараў, дзе б жыхары маглі набыць і адзенне, і абутак, і бытавую тэхніку. У сваю чаргу прадстаўнік мсціслаўскага райпо, выслухаўшы ўсё крытыку крычаўскіх чыноўнікаў, запэўніў іх, што парадак на гандлёвых аб’ектах будзе наведзены.  

Ад рэдакцыі. Частка высокіх прамоваў галоўных крычаўскіх чыноўнікаў былі выключна папулізмам без сувязі з рэальнасцю, хоць некаторыя правільныя ацэнкі і рацыянальныя прапановы былі. Што з агучанага і прапанаванага будзе здзейснена пакажа толькі час і далейшае вырашэнне праблематыкі крычаўскіх раённых крамаў, што належаць да мсціслаўскага райпо. 

Падобна на тое, што мсціслаўскае райпо сапраўды неадказна ставіцца да сваіх пакупнікоў Крычаўскага раёна і сістэмна парушае розныя паказчыкі, але канфлікт перарос ледзь не на ўзровень асабістага, калі ідзе незадавальненне ўсім, што робяць прадстаўнікі мсціслаўскага райспажыўтаварыства. Гэта абурэнне дзейнасцю райпо кожны раз транслюе крычаўская раённая газета.  

Таксама варта адзначыць, што няма інфармацыі пра спробы прыцягнення прыватнага бізнэсу для вырашэння пытанняў, звязаных ў забеспячэннем насельніцтва на сяле ў Крычаўскім раёне.

Фота ілюстрацыйнае

Барацьба аўтсайдэраў, нічыі і перамога лідараў – вынікі дзевятага тура Магілёўскай вобласці па футболе

Чарговы тур другой лігі Магілёўскай вобласці па футболе прынёс шэраг цікавых, а часам і нечаканых вынікаў. Шэраг матчаў адбыліся з мінімальнымі нічыйнымі вынікамі, разгромных перамог няшмат, а слабыя каманды далі бой мацнейшым.

Агляд пачнем з прадказальных вынікаў матчаў у зоне “Усход”. Клімавіцкія футбалісты дома без асаблівых праблем выйгралі гасцей з Дрыбіну. Першы тайм быў цалкам пад дыктоўку гаспадароў, якія змаглі забіць адразу тры мячы і стварыць шэраг небяспечных момантаў ля брамы суперніка. Атакі клімавіцках форвардаў былі эфектнымі і прыгожымі, што радавала вока мясцовых заўзятараў. Здавалася, што адбудўецца разгромная перамогай над гасцямі. 

Але ў другім тайме дрыбінскія футбалісты супраціўляліся гаспадарам, часта контратакуючы, напрыканцы сустрэчы нават заробілі пенальці. 11- метровы дрыбінскі гулец рэалізаваць не змог, але яго калега падаспеў на дабіванні. Вынік матча крыху здзівіў – 3-1 на карысць гаспадароў, тым больш што пасля забітага мяча госці маглі забіць яшчэ раз. 

Горацкая каманда, якая з’яўляецца адной з лідараў усходняй зоны, дома прымала чавускую “Ніву”. На восьмай хвіліне першага тайма адбыўся хуткі гол гаспадароў, якім яны збянтэжылі гасцей з Чавусаў. З гэтага моманту горацкія футбалісты цалкам завалодалі перавагай у гульні і моцна наваліліся на браму суперніка. 

Футбалісты “Нівы” спрабавалі адказваць атакамі і небяспечна гуляць, але напрыканцы перыяда прапусцілі яшчэ раз ад горацкіх гульцоў. А вось другі тайм атрымаўся больш напружаным для гаспадароў, бо госці годна змагаліся і мелі свае небяспечныя моманты, якія маглі рэалізаваць. Але ж і другі тайм скончыўся з лікам 1-0 на карысць горацкіх футбалістаў, бо гаспадары за дзесяць хвілін да канца матча змаглі забіць у выніку хуткай атакі. У выніку 3-0 на карысць горацкай каманды, якая ўпэўнена займае другі радок турнірнай табліцы.

Упартай сустрэчай атрымаўся матч паміж касцюковіцкімі і слаўгарадскімі футбалістамі. На працягу ўсей сустрэчы градус накалу не спадаў, а супернікі былі вартыя адзін аднога. Першы тайм быў роўны па гульні, панавала барацьба ў цэнтры поля, небяспечных атак было няшмат. 

Другі тайм быў не менш напружаным, хоць атак стала куды больш, але доўгі час абедзьве каманды не маглі рэалізаваць галявыя моманты. Урэшце на 81-й хвіліне слаўгарадскія гульцы змаглі арганізаваць прыгожую атаку, якая завяршылася голам. 

Але праз тры хвіліны гаспадары правялі сваю атаку, якая таксама скончылася голам. Праўда, гэта быў аўтагол, бо гулец гасцей перакрываючы небяспечную атаку, зрэзаў мяч у браму сваёй каманды. Канцоўка сустрэчы парадавала заўзятараў моцным накалам, але вынік матча заканамерны 1-1, бо ў цэлым абедзве каманды глядзеліся роўна.

Не зусім чакана атрымалася лёгкая перамога краснапольскіх футбалістаў над гульцамі крычаўскага “Сожа”. Хоць сустрэча пачалася з хуткага гола гасцей на дзявятай хвіліне. Гаспадары праз некалькі хвілін арганізавалі небяспечную атаку ў выніку якой крычаўскі футбаліст зрэзаў мяч ў браму сваёй каманды. Аднак пасля краснапольцы завалодалі ініцыятывай у гульні і пачалі навязваць свой малюнак гасцям, без праблем разрываючы на кавалкі абарону крычаўскай каманды. 

Гаспадары ў першым тайме змаглі забіць яшчэ двойчы, адзін з мячоў быў са штрафнога. У другім тайме краснапольцы крыху расслабіліся, дазволіўшы гасцям часта контратакаваць. Але небяспечныя выпады футбалісты “Сожа” так і не змаглі рэалізаваць. А вось гаспадары напрыканцы матча паднапружыліся і забілі яшчэ адзін гол ў браму гасцей, паставіўшы фінальную кропку у матчы – 4-1.

Матч паміж лідарам турнір табліцы “Усход” Серваклюкс Агра і аўтсайдэрам мсціслаўскай “Віхрой” быў прадказальны. Матч хоць і скончыўся буйной перамогай гаспадароў 6-2, аднак чакалася разгромная параза гасцей, якой не адбылося. Першы і другі тайм скончыліся з лікам 3-1 і ў абодвух перыядах панавалі гаспадары, хоць мсціслаўскія футбалісты часам таксама небяспечна атакавалі. 

Футбалісты “Серваклюкс Агра” паказвалі моцную гульню, з наладжанай атакай і абаронай, прыгожымі розыграшамі стандартаў, але і госці таксама супраціўляліся. Мсціслаўцы ў гэтым матчы паказалі сябе годна і даказалі, што могуць пазмагацца з мацнейшым за сябе супернікам, хоць па ліку гэта не зусім адлюстроўваецца.

Напружаны матч атрымаўся паміж лідарамі турнірнай табліцы зоны “Захад” – магілёўскім “Дняпром Юні” і бабруйскім “Тарпеда”. Абедзьве каманды ў матчы гулялі моцна, паказалі добры дрыблінг, але на працягу ўсёй сустрэчы футбалісты змагаліся на роўных. У першым тайме гаспадары адкрылі лік забітых мячоў, завяршыўшы контратаку эфектнымі ударам у вугал брамы. Гэта адбылася на 42-й хвіліне і гасцям было непрыемна атрымаць гол “у раздзявальню”. 

Але ў другой палове матча бабруйскія футбалісты выраўнялі лік на табло, забіўшы ў сярэдзіне тайма. Мачт спадабаўся нешматлікім гледачам сваім накалам і ўзаемна вострай гульнёй, якая пераходзіла ад брамы гасцей да брамы гаспадароў.

Гульня паміж быхаўскай камандай і гасцямі з Глуску таксама парадавала добрым футболам з шматлікімі небяспечнымі момантамі. У першай палове матча гульня была з невялікай перавагай футбалістаў глускай “Пцічы”, якія гэту перавагу змаглі рэалізаваць у першы гол у сустрэчы. Быхаўскія гульцы гулялі не моцна, але часам адказвалі атакамі, хоць і не надта вострымі.

Другі тайм распачаўся спачатку з гола гасцей, а пасля адказу гаспадароў на табло з’явілася 1-2 на карысць “Пцічы”. Гаспадары стараліся зраўняць лік, але ў выніку прапусцілі небяспечную атаку і атрымалі пенальці ў сваю браму. Глускі футбаліст не змог яго рэалізаваць, бо добра згуляў быхаўскі брамнік, але на дабіванне паспеў форвард гасцей і павялічыў лік да 1-3. Пасля гола глускія футбалісты ўмела абараняліся і не дапускалі асабліва небяспечных момантаў у сваёй штрафной і давялі гульню да ўпэўненай перамогі.

На дзіва напружаным матчам сталася сустрэча шклоўскіх футбалістаў і гасцей з Кіраўска. Першы тайм атрымаўся сумнаватым, з малай колькасцю галявых момантаў і вастрыні, хоць гаспадары ўсё ж змаглі на 30-й хвіліне адкрыць лік у сустрэчы. 

А вось другая палова матча была насычана кучай небяспечных момантаў, разанстайных па форме і рэалізацыі атак, стандартных палажэнняў і галоў. Спачатку госці зраўнялі лік у матчы на 55-й хвіліне, але ж гаспадары забілі праз тры хвіліны ў адказ. Прайшло яшчэ тры хвіліны і госці зноўку зраўнялі лік на табло – 2-2. 

Але ж прайшло ўсяго шэсць хвілін як гульцы шклоўскага “Спартака” арганізавалі хуткі і прыгожа арганізаваны выхад да брамы суперніка, які завяршыўся дакладным ударам і голам. Госці спрабавалі штурмаваць браму суперніка, але няўдала. Хоць “спаркакоўцы” мелі таксама некалькі момантаў, але забіць больш не змаглі. У выніку атрымалася перамога шклоўскага “Спартака” над кіраўскім футбольным клубам з мінімальным лікам 3-2.

Фота rodniva.by, gorkiv.by, golk.by і з адкрытых крыніц.

У Магілёве зяць выкраў у цешчы 7 800 долараў – цішком забіраў па 200-300

Як паведамляе прэс-служба абласнога УУС, 23-гадовы магілёвец паглядзеў, дзе трымае грошы яго 55-гадовая цешча. У яго прысутнасці яна пералічвала свае накаплення за шмат гадоў, 7 800 долараў. Маючы свой камплект ключоў ад кватэры – цешча неаднойчы прасіла выгуляць яе сабаку – малады мужчына па 200-300 долараў цягаў з заначкі і нарэшце выкраў усю суму. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

Фота ілюстрацыйнае

Вяртаючыся з вяселля, жанчына насмерць збіла юнака пад Кіраўскам

Ноччу 9 ліпеня два маладыя хлопцы вярталіся з базы адпачынку ў Кіраўск. Частку дарогі яны пад’ехалі папуткай, але папрасілі кіроўцы іх высадзіць на трасе, на 89-м кіламетры дарогі Магілёў-Бабруйск. Адзін з юнакоў пайшоў па патрэбе ў хмызы, а іншы, 18-гадовы жыхар Бабруйска выйшаў на прязную частку.

Тут яго збіла кіроўца аўтамабіля Kia, 61-гадовая жанчына, якая разам з мужам  вярталася з вяселля. Ад атрыманых траўмаў юнак памер на месцы – піша газета “Кіравец”.

Фота: “Кіравец”

На Магілёўшчыне гарэлі салома і інтэрнат – дайджэст здарэнняў

Днём 10 ліпеня пажар адбыўся на пятым паверсе дзевяціпавярховага інтэрната ў Бабруйску на вуліцы Ульянаўскай – паведамляе прэс-служба МНС. Падгарэў адзін з пакояў, закуродыміла блок. Ніхто не пацярпеў.

У той жа дзень каля вёскі Цішоўка Магілёўскага раёна згарэла 10 тон саломы – скірда 2022 года ўраджаю. Яшчэ 65 тон саломы былі выратаваныя ад агню работнікамі МНС. Бліжэй да вечара 10 ліпеня загарэлася сенасховішча ў аграгарадку Семукачы Магілёўскага раёна. 3 тоны сена агонь пашкодзіў, астатнія 27 тон былі выратаваныя.

Фота ілюстрацыйнае.

Віктар Лукашэнка расказаў пра свае спартыўныя дасягненні

Старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі, прэзідэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка наведаў у Шклове Спартыўную дзіцяча-юнацкую школу алімпійскага рэзерва – піша інфармацыйнае агенцтва БелТА. Падчас размовы з трэнерамі і навучэнцамі СДЮШАР ён расказаў пра свае спартыўныя дасягненні. З паведамлення БелТА вынікае, што ў Віктара Лукашэнкі быў як мінімум адзін сярэбраны медаль, аднак застаецца няясным, на спаборнцтвах якога ўзроўню ён быў атрыманы. Вось як пра гэта гаворыцца ў тэксце.

“Дарэчы, свой першы сярэбраны медаль Віктар Лукашэнка заваяваў менавіта ў зале барацьбы гэтай СДЮШАР. Паводле яго слоў, у раённым цэнтры варыянтаў у выбары віду спорту для заняткаў было няшмат. Вольнай барацьбе ён аддаў перавагу футболу і лёгкай атлетыцы. Гаворыць, у дзяцінстве быў моцным хлопцам, і калі іх школьны клас прывялі ў СДЮШАР для адбору, трэнер адразу вызначыў яго ў ліку перспектыўных хлопцаў для барацьбы. Трэніроўкі праходзілі па-рознаму – як любому дзіцяці, у нечым даводзілася з сабой змагацца. Напрыклад, больш за ўсё ён не любіў адпрацоўваць прыёмы і заняткі на турніку. Маральна гэта давалася складана.”

Фота: БелТА

Заўтра ў Бабруйску стартуе “АРТ-Жыжаль”

Міжнародны пленэр па кераміцы ў Бабруйску пачне сваю працу 12 ліпеня і працягнецца 18 дзён. У ім прымуць удзел 18 прафесійных мастакоў-керамістаў з Беларусі, Расіі і Егіпта. Асноўнай тэмай пленэру сёлета стане культура і мастацтва ў гістарычных фактах, асобах і падзеях.

Падчас пленэру прадугледжана правядзенне майстар-класаў і эксперыментальных абпалаў, а таксама шоу-абпал “Вогненная скульптура”. Завершыцца пленэр урачыстым адкрыццём выніковай выставы “Кераміка жывога агню”, якая пройдзе 28 ліпеня ў Бабруйскім мастацкім музеі – паведамляе БелТА.

Фота: komkur.info

Пад Мсціславам прайшлі спаборніцтвы па паляўніча-стралковым мнагаборстве

Побач з кар’ерам каля вёскі Парадзіна Мсціслаўскага раёна прайшлі спаборніцтвы па паляўніча-стралковым мнагаборстве. Іх арганізатарам стала мсціслаўская раённая арганізацыя “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.

У праграму спаборніцтваў уваходзіла стральба з 35 метраў па мішэні з малюнкам казулі і стэндавая стральба па лятаючых талерках.

Згодна з умовамі спаборніцтва кожны ўдзельнік мог зрабіць чатыры кулявыя стрэлы па мішэні з казуляй і дзесяць дробавых па лятаючых талерках.

У стральбе па талерках лепшы вынік паказаў Іван Клеянкоў – 46 з 50 магчымых, а дакладней за іншых па мішэні з казуляй страляў малады паляўнічы Уладзіслаў Балтушэнка (37 ачкоў), хоць гэта яму не дапамагло ўвайсці ў тройку мацнейшых. 

Па выніках дзвюх дысцыплін першае месца заняў Іван Клеянкоў, які набраў 70 ачкоў і адарваўся ад іншых больш чым на дзесяць балаў – паведамляе мсціслаўская раённая газета “Святло кастрычніка”.

Фота: “Святло кастрычніка”