Магілёўская дзятва непакоіла журналістаў грызеннем няспелых пладоў, але шыкоўнае сена дадавала карэспандэнтам асноўнай гарадской газеты прыемных ўражанняў. Нататка з “Магілёўскага весніка” за 22 лмпеня 1911 года – увазе чытачоў mogilev.media.
Category: Раёны
Крычаўскія краязнаўцы знайшлі не толькі рэдкае фота часоў акупацыі, але яшчэ і бочку, выяўленую на ім
Рэдкае фота часоў нямецкай акупацыі Крычава было выяўлена краязнаўцамі, а потым яны таксама знайшлі ніжнюю частку нямецкай бочкі 1941 года вядомай кампаніі SULO, што спецыялізуецца на баках для смецця.
Аматарамі гісторыі быў знойдзены нямецкі здымак (з прыватнай калекцыі) часоў акупацыі Крычава войскамі Трэцяга Рэйха.
На фота бачна, як нямецкія жаўнеры разгружаюць бочкі з палівам ў раёне чыгуначнага вакзала Крычава.
Адметна, што краязнаўчыя росшукі прывялі яшчэ да адной цікавай знаходкі – той самай нямецкай бочкі, у якой захоўвалася і перавозілася паліва. Яна знойдзена на адным з падворкаў у старой частцы Крычава, дзе ніжняя частка адрэзанай бочкі выкарыстоўваецца ў якасці ёмістасці для вады.
На дне бочкі можна ўбачыць выціснутыя словы.
Sulo 1941
KRAFTSTOFF
200L
FEUERGEFÄHRLICH
HFFR
“Kraftstoff 200 L feuergefählich” абазначае “паліва 200 літраў пажаранебяспечна”, а самая ніжняя абрэвіятура HFFR – Halogen Free Fire Retardant (безгалагенны вогнеахоўны склад) – паведамляе інстаграм-старонка “Невядомы Крычаў”.
Прычым назва “SULO”, што выціснута на дне бочкі – гэта сусветна вядомая нямецкая кампанія, якая займаецца выпускам бакаў для смецця. Гэтая кампанія была заснавана яшчэ ў 1890 годзе і пачынала з вытворчасці металічных бакаў для смецця.
Па меркаванню аўтараў інстаграм-праекта “Невядомы Крычаў”, падчас Другой сусветнай вайны дзейнасць прадпрыемства была перанакіравана на ваенныя рэйкі і кампанія стала выпускаць металічныя бочкі для паліва на патрэбы арміі Трэцяга Рэйха.
У Асіповіцкім раёне Яўген Прыгожын зарэгістраваў кампанію
Як высветлілі беларускія СМІ, у вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў кампанію «Канкорд Мэнэджмент і Кансалтынг». Яе кіраўніком указаны Яўген Прыгожын. Інфармацыя пра гэта ўтрымліваецца ў Адзіным дзяржрэгістры юрыдычных асоб і ІП Мінюста Беларусі.
Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Канкорд Менеджмент і Кансалтынг” са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў Магілёўскі аблвыканкам зарэгістраваў 19 ліпеня 2023 года. Асноўным відам дзейнасці новай кампаніі заяўлена “Кіраванне нерухомай маёмасцю”. Поўны адрас юрыдычнай асобы – Рэспубліка Беларусь, 213727, Магілёўская вобласць, Асіповіцкі раён, Пратасевіцкі сельсавет, в. Цэль, вул. Усходняя, д. 2а. Менавіта там знаходзіцца палявы лагер, куды з Расіі прыбылі найміты ПВК “Вагнер”.
Фота з адкрытых крыніц
Заўтра “Днепр” згуляе з “Белшынай” у Магілёве
Дзве мацнейшыя футбольныя каманды Магілёўскага рэгіёна сустрэнуцца ў 1/16 фіналу Кубка Беларусі. Паядынак пройдзе 23 ліпеня ў 17.00 на стадыёне “Тарпеда” ў Магілёве.
“Белшына” гуляе ў Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе і ідзе на 13-м месцы (з 15-ці) пасля 14 гульняў і з пасівам у -2 ачкі, прысуджаным за ўдзел у дамоўных матчах. “Днепр” гуляе ў першай лізе і пасля 15-ці тураў ідзе на пятым месцы, адстаючы ад лідараў на восем ачкоў.
Каманды з Бабруйска і Магілёва правялі паміж сабой 52 сустрэчы. У 19 матчах перамогу святкавалі «чырвона-чорныя», ў 20 лепшымі былі футбалісты з Магілёва, і 13 сустрэч скончыліся ўнічыю.
Фота: fc-dnepr.by
У Магілёве пачалі чысціць Святое возера
На Святым возеры ў Магілёве пачаліся працы па расчыстцы вадаёма – пры дапамозе тэхнікі вядзецца ачыстка дна ад глею і расліннасці. Пасля гэтага комплекса работ пачнуцца працы па добраўпарадкаванні пляжа – пішуць “Магілёўскія ведамасці”.
Фота: “Магілёўскія ведамасці”
Дзяўчынка хацела выпіць энергетык і атруцілася сродкам ад каларадскіх жукоў пад Слаўгарадам
У Слаўгарадскім раёне 4-гадовая дзяўчынка вырашыла паспрабаваць «энэргетык» і патрапіла ў лякарню з атручваннем. Аказалася, у бутэльцы ад энэргетыка быў сродак ад каларадскіх жукоў.
Маленькая дзяўчынка знаходзілася ў гасцях у бабулі. У хаце захоўваўся сродак ад каларадскіх жукоў, які быў наліты ў бутэльку з-пад энергетычнага напою. Жанчына вырашыла скарыстацца сродкам, паставіла бутэльку на кухні і адлучылася. Дзіця вырашыла паспрабаваць “энергетычны напой”. Добра, што бабуля своечасова вярнулася і зразумела, што адбылося. Яна адразу ж выклікала хуткую дапамогу.
На шчасце, медыкі досыць хутка аказалі дапамогу маленькай пацыентцы. Цяпер з ёй усё добра.
Па выніках судовай медыцынскай хімічнай экспертызы ў вадкасці аб’ёмам 68 мілілітраў знойдзены тыялакрыд, што з’яўляецца небяспечным для здароўя як дзяцей, так і дарослых – паведамляе камітэт судовых экспертызаў.
Фота: sudexpert.gov.by
У Магілёве жанчына адсудзіла 8 тысяч рублёў за зламаную ў аўтобусе руку сваёй дачкі
Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва спагнаў 8 тысяч рублёў з транспартага прадпрыемства “Магілёўаблаўтатранс” – кампенсацыю за маральную шкоду, прычыненую здароўю дзіцяці. Праўда, гэта ў пяць разоў меней чым складала першапачатковая сума пазовы.
21 лістапада 2022 года падчас паездкі ў аўтобусе 11-гадовай дзяўчынцы заціснула правую руку паміж дзвярыма і поручнем. У той жа дзень ёй аказалі медыцынскую дапамогу ў сувязі з закрытым пераломам правай прамянёвай косткі.
Маці дзяўчынкі падала пазоў з патрабаваннем спагнаць з Магілёўаблаўтатранса на карысць дзіцяці 50 тысяч рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. Але суд задаволіў патрабаванні толькі часткова, бо спагнана з транспартага прадпрыемства сума ў памеры васьмі тысяч рублёў.
Суд улічыў, што шкода дзіцяці прычыненая крыніцай падвышанай небяспекі, але сума кампенсацыі вызначалася зыходзячы з патрабаванняў разумнасці і справядлівасці. Апеляцыйная скарга, пададзеная “Магілёўаблаўтатрансам”, была пакінутая без задавальнення, рашэнне суда ўжо набыло моц – паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелТА.
Фота ілюстрацыйнае
У Круглым хлопчыку так заціснула нагу ў дрэве, што прыйшлося выклікаць ратавальнікаў
Вечарам 20 ліпеня ў Круглым 9-гадовы школьнік засеў на дрэве. Нагу заціснула на вышыні аднаго метра ад зямлі, але дарослыя не змаглі яго вызваліць – маці прыйшлося выклікаць ратавальнікаў, паведамляе прэс-служба МНС. Пасля вызвалення, медыцынская дапамога хлопчыку не спатрэбілася.
Фота: МНС
Кулаком у твар, нагамі біў ляжачую – жыхару Бялыніцкага раёна далі поўгады прымусовых работ
За жорсткае збіццё жонкі хатні гвалтаўнік з Бялыніцкага раёна асуджаны на 6 месяцаў папраўчых прац з утрыманнем 15% заробка. Як даказалі пракуроры, мужчына ў стане алкагольнага ап’янення, падчас сваркі са сваёй жонкай, нанёс ёй не менш за два ўдары кулаком у твар, а таксама штурхнуў сваім плячом у яе плячо, пасля чаго жанчына ўпала. Тады ён ударыў яшчэ ў патылічную вобласць галавы, а таксама адзін удар нагой у вобласць правага сцягна і адзін удар нагой у вобласць левага сцягна – выявілі эксперты.
Прыгавор у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку – піша “Зара над Друццю”.
Фота ілюстрацыйнае
Рэха быхаўскай трагедыі – на Мсціслаўшчыне праверылі пясчаныя кар’еры
Пасля трагедыі ў Быхаве, дзе 11 ліпеня на кар’еры засыпала пяском 10-гадовага хлопчыка, праверкі на бяспеку гаспадарчых кар’ераў пракаціліся па ўсёй вобласці. У Мсціслаўскім раёне, у прыватнасці, эколагі і ратавальнікі правялі маніторынг усіх сямі наяўных кар’ераў, пяці агульнагаспадарчых і двух прамысловых – піша “Святло Кастрычніка”.
Недахопы былі знойдзены – у адрас арганізацый інспекцыяй былі накіраваны інфармацыйныя лісты аб устараненні парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Ратавальнікі праінфармавалі зацікаўленыя службы аб недапушчальнасці знаходжання на тэрыторыі кар’ераў дзяцей і пабочных асоб.
Фота: “Святло кастрычніка”