У Горацкім раёне бабуля папрасіла пазбавіць бацькоўскіх правоў дачку і зяця

Састарэлай жанчыне надакучыла, што ані дачка, ані зяць не займаюцца сваімі малымі дзецьмі, і іх пазбавілі бацькоўскіх правоў.

Як паведамляе пракуратура, з лютага гэтага года маці аднагадовай дзяўчынкі і двухгадовага хлопчыка сістэматычна сыходзіла з дому, пакідаючы дзяцей на бабулю. Акрамя таго, за супрацьпраўныя паводзіны гора-маці прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці. Бацька больш за год сумесна з сям’ёй не пражывае, удзелу ў выхаванні і ўтрыманні дзяцей не прымае, працяглы час не працуе і жыве за кошт выпадковых заробкаў.

Яшчэ раней, з траўня 2024 года па люты 2025 года дзеці прызнаваліся як такія, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, паколькі бацькі не выконвалі важныя для іх медыцынскія рэкамендацыі.

Праца з сям’ёй вынікаў не дала. Ужо ў жніўні дзяцей зноў прызналі такімі, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, з-за амаральнага ладу жыцця бацькоў, злоўжывання імі сваімі правамі і жорсткага абыходжання з дзецьмі. Акрамя таго, было ўстаноўлена неналежнае расходаванне дапамогі па доглядзе за дзецьмі.

Паколькі бацька і маці высноў для сябе не зрабілі, то бабуля малалетніх прасіла абараніць правы і законныя інтарэсы дзяцей, у тым ліку шляхам прыняцця выключнай меры – пазбаўлення бацькоў бацькоўскіх правоў.

У выніку ў суд звярнулася пракуратура Горацкага раёна і непуцёвых дарослых пазбавілі бацькоўскіх правоў. Рашэнне пакуль у законную сілу не ўступіла.

Фотаздымак: пракуратура Горацкага раёна

Дзяўчынка хацела выпіць энергетык і атруцілася сродкам ад каларадскіх жукоў пад Слаўгарадам

У Слаўгарадскім раёне 4-гадовая дзяўчынка вырашыла паспрабаваць «энэргетык» і патрапіла ў лякарню з атручваннем. Аказалася, у бутэльцы ад энэргетыка быў сродак ад каларадскіх жукоў.

Маленькая дзяўчынка знаходзілася ў гасцях у бабулі. У хаце захоўваўся сродак ад каларадскіх жукоў, які быў наліты ў бутэльку з-пад энергетычнага напою. Жанчына вырашыла скарыстацца сродкам, паставіла бутэльку на кухні і адлучылася. Дзіця вырашыла паспрабаваць “энергетычны напой”. Добра, што бабуля своечасова вярнулася і зразумела, што адбылося. Яна адразу ж выклікала хуткую дапамогу.

На шчасце, медыкі досыць хутка аказалі дапамогу маленькай пацыентцы. Цяпер з ёй усё добра.

Па выніках судовай медыцынскай хімічнай экспертызы ў вадкасці аб’ёмам 68 мілілітраў знойдзены тыялакрыд, што з’яўляецца небяспечным для здароўя як дзяцей, так і дарослых – паведамляе камітэт судовых экспертызаў.

Фота: sudexpert.gov.by