Заўтра “Днепр” згуляе з “Белшынай” у Магілёве

Дзве мацнейшыя футбольныя каманды Магілёўскага рэгіёна сустрэнуцца ў 1/16 фіналу Кубка Беларусі. Паядынак пройдзе 23 ліпеня ў 17.00 на стадыёне “Тарпеда” ў Магілёве.

“Белшына” гуляе ў Вышэйшай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе і ідзе на 13-м месцы (з 15-ці) пасля 14 гульняў і з пасівам у -2 ачкі, прысуджаным за ўдзел у дамоўных матчах. “Днепр” гуляе ў першай лізе і пасля 15-ці тураў ідзе на пятым месцы, адстаючы ад лідараў на восем ачкоў.

Каманды з Бабруйска і Магілёва правялі паміж сабой 52 сустрэчы. У 19 матчах перамогу святкавалі «чырвона-чорныя», ў 20 лепшымі былі футбалісты з Магілёва, і 13 сустрэч скончыліся ўнічыю.

Фота: fc-dnepr.by

Сёння ў Магілёве пачнецца Кубак Беларусі па баскетболе

На пляцоўцы спарткомплексу “Алімпіец” будзе разыграны чарговы, XXVI Кубак краіны па баскетболе.

Уваход на фінальную частку першынства вольны. 

У першым паўфінальным матчы баскетбалісты “Гродна-93” будуць супернічаць з віцебскім “Рубонам” (пачатак гульні ў 17.00). Потым дзейны ўладальнік Кубка “Мінск” сустрэнецца з магілёўскім “Барысфенам” (20.00). 

Заўтра пераможцы паўфіналаў вызначаць пераможцу, а няўдачнікі сустрэнуцца ў гульні за бронзу – паведамляе прэс-служба магілёўскага клуба “Барысфен”.

Фота: bcborisfen.by