Выканкам Беларускай федэрацыі футбола прыняў канчатковае рашэнне адносна рэгламента Чэмпіяната краіны па футболе на 2023 год.
У сувязі з тым, што каманда з першай лігі “Макслайн”, што прабілася ў вышэйшы дывізіён праз стыкавыя матчы, занадта маладая і не з’яўляецца сябрам федэрацыі патрэбныя два гады, яна была выключаная з розыгрышу чэмпіяната. Просьбу кіраўніцтва каманды прымяніць у дачыненні да “Макслайн” з Рагачова выключэнне адхілілі. У выніку колькасць каманд Вышэйшай лігі будзе няцотнай – 15 клубаў.
У эліце застаецца “Белшына”, якая ў мінулым сезоне заняла 12-ты радок з 30 ачкамі за 30 гульняў. “Днепр” з 12 баламі заняў апошні радок турнірнай табліцы ў 2022 годзе і вылецеў у Першую лігу.
Чэмпіянат стартуе 17 сакавіка, а завершыцца 3 снежня. Гуляць, дарэчы, будуць афіцыйным мячом чэмпіянату свету-2022, піша pressball.
У студзені 2023 года аб’ём рэспубліканскай прамысловай вытворчасці ў бягучых цэнах прасеў на 4,1% да ўзроўню студзеня 2022 года. Магілёўская вобласць заняла другі радок па падзенню аб’ёмаў – на 12,3%. Яе аперажае Мінская з паказчыкам ў 15,5% – сведчаць дадзеныя Белстат.
“Плюсуюць” па аб’ёмах прамысловай прадукцыі толькі сталіца – 105,1% і Брэсцкая вобласць – 102,0%.
Калі браць дадзеныя па асобных відах эканамічнай дзейнасці, то павялічіся аб’ёмы вытворчасці толькі ў горнай здабычы – 102,8%, у іншых – знізіліся. Найбольшае зніжэнне паказалі апрацоўчая прамысловасць – на 3,7%, забеспячэнне электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам – на 7,8%
34-гадовая жыхарка абласнога цэнтра пазбавілася сумкі з маёмасцю на суму каля 2100 рублёў, калі яна выходзіла з начнога рэстарана – паведамляецца ў зводцы УУС Магаблвыканкама.
Праваахоўнікі высветлілі, што падчас пераапранання ў гардэробе, у яе з сумкі незаўважна для уласніцы выпаў рыдыкюль з маёмасцю. Яго і прыхапіла незнаёмая наведвальніца ўстановы, што знаходзілася побач.
Незнамка на вуліцы выкінула сумку і тэлефон, пакінуўшы сабе кашалёк. Выкрадзенае канфіскавана часткова. У дачыненні да фігуранткі ўзбуджана крымінальная справа.
Сёння адбудзецца развітанне з вядомай магілёўскай мастачкай Марынай Несцярук, пра заўчасную смерць якой пісалі mogilev.media. Цырымонія пройдзе з 10.30 да 13.30 ў рытуальным зале на вуліцы Чавуская шаша, 2 (раён завода Кірава).
У 10.30 ад плошчы Славы, ад дома №2 па вуліцы Першамайскай да рытуальнай залы будуць адпраўляцца два аўтобусы для ўсіх, хто захоча прыняць удзел у цырымоніі.
На выходныя ў Магілёўскай вобласці сіноптыкі прагназуюць адносна цёплае для зімы надвор’е, невялікія начныя маразы, пахмурнасць, з праясненнямі, узмацненне вятроў. Працягласць дня расце на 4-5 хвілін і ўжо ў суботу, 18 лютага складзе амаль 10 гадзін. Усход сонца а 8:13, заход а 18:12.
Вялікіх марозаў да -24 -27°С, як у 1979 годзе, і цяпла да +6 +8°С, як ў 1998 годзе не прагназуецца.
Сінаптычны прагноз на апошні рабочы дзень тыдня, 17 лютага: раніцай да -3 -4°С, удзень да -3°С, уноч да -2°С, неба захаваецца пахмурным, на працягу дня пройдзе невялікі снег, уночы чакаецца снегапад. Вецер паўднёва-усходні хуткасцю да 4-7, месцамі да 10 м/с. На дарогах захаваецца галаледзіца.Уноч і ўранні месцамі магчымы туман, раніцай і днём ў асобных раёнах – наліпанне мокрага снега.
Суботняе, 18 лютага, надвор’е абяцае быць у асноўным пахмурным, у першай палове дня магчымы снегапад, у другой палове – невялікі снег. Раніцой і ўвечары тэмпература 0 +2°С, днём чакаецца +2 +4°С. На асобных участках дарог захаваецца галаледзіца. Прагназуецца панаванне паўднёва-ўсходніх і заходніх вятроў, хуткасцю да 8 м/с, месцамі пры парывах – да 10 м/с.
Агата (народны каляндар). Прыкметы.
Калі ў гэты дзень мароз, то вясна будзе “дружная”, а лета – сухое і спякотнае.
18 лютага 1979 года ў пустыні Сахара, на поўдні Алжыра выпаў снег.
У нядзелю, 19 лютага, раніцай і ўдзень магчымы тэмпературы да 0 +1°С, уноч да 0 -1°С. На працягу сутак працягнуць заходнія вятры хуткасцю да 4-8 м/с, месцамі да 10-12 м/с. На працягу дня магчымы невялікі снег, пахмурнае, месцамі з праясненнямі надвор’е. Захаваецца галаледзіца.
Вукола Цялятнік.
Мароз на Вуколу прадвесціць, што вясна будзе бурлівай, а лета сухім і спякотным.
19 лютага 1855 года ў Еўропе была створана першая карта надвор’я.
Марына Уладзіміраўна Несцярук працавала мастаком Музея гісторыі Магілёва, была сябрам Саюза мастакоў Беларусі, аўтарам шматлікіх мастацкіх выставаў. Апошняя яе выстава “Клумбавосень” адкрылася ў Выставачнай зале Магілёва ў лістападзе мінулага года.
Марына Несцярук – аўтар габеленаў, якімі ўпрыгожаная ратуша Магілёва, жыццярадасных і натхняльных мастацкіх палоцен, што шмат разоў былі прадстаўленыя на найлепшых выставах у Магілёве і ў Беларусі. Яна таксама вылучалася выбітным пачуццём выставачнай экспазіцыі – калегі і прафесіяналы вылучалі яе ў лік адной з лепшых у краіне па мастацтве стварэння выстаў. Несцярук раней узначальвала магілёўскае аддзяленне Саюза мастакоў Беларусі.
Габелен Марыны Несцярук “Анёл з сэрцам Хрыста і гербам Магілёва” паводле малюнка невядомага мастака XVII ст. у ратушы
Марыны Уладзіміраўны не стала 15 лютага, пасля працяглай хваробы сэрца. Муж мастачкі – таксама вядомы магілёўскі мастак Юрый Несцярук, мастацтвам займаецца таксама і сын Леанід – адзін з музыкаў знакамітага гурта “Nizkiz”.
Рэдакцыя mogilev.media далучаецца да спачуванняў родным і блізкім Марыны Несцярук.
Праваахоўнікі абласнога цэнтра прадухілілі вываз за мяжу для заняцця прастытуцыяй дзвюх 20-гадовых магіляўчанак – паведамляе прэс-служба УУС Магілёўскага аблвыканкама.
39-гадовы расіянін разам з жонкай знаёміліся з дзяўчатамі ў інтэрнеце і прапаноўвалі ім зарабіць, аказваючы інтым-паслугі ў суседняй краіне. Дзяўчатам абяцалі заробак да 5 000 долараў, канфідэнцыяльнасць і бяспеку.
Пару трафікёраў затрымалі на чыгуначным вакзале Магілёва пры спробе вывазу завербаваных.
Узбуджана крымінальная справа. Злачынцам пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
На пажары ў Магілёве ў мінулую ноч загінулі два браты-пенсіянеры – паведамляе абласное ўпраўленне МНС.
Аб узгаранні дома па вуліцы Максіма Горкага паведамілі суседзі. У доме жылі два браты 79 і 63 гадоў. Падчас тушэння пажару ратавальнікі знайшлі ў палаючым пакоі целы абодвух мужчын. Прычына пажару высвятляецца.
Нагадаем, што ў мінулым месяцы ў вобласці адбылося 77 пажараў (у 2022 годзе – 76), загінула 11 чалавек (у 2022 годзе – 12). Пацярпела 9 чалавек (у 2022 годзе – 9). У выніку пажараў знішчана 10 будынкаў, 2 адзінкі тэхнікі. Асноўнымі прычынамі ўзнікнення ўзгаранняў – неасцярожнае абыходжанне з агнём і парушэнне правілаў прылады і эксплуатацыі ацяпляльнага абсталявання.
Ліхаманкавы рост коштаў на самую банальную гародніну ў Беларусі высвеціў прагматычнасць масавых гандлёвых сетак на фоне папулісцкіх заяваў пра замарожванне коштаў і паказальныя суды за павышэнне цэн на тры капейкі.
Mogilev.media прайшліся па некалькіх самых папулярных крамах абласнога цэнтра і высветлілі, якімі сталі рэальныя цэны на такую элементарную сельскагаспадарчую прадукцыю, як агуркі і памідоры, і параўналі гэтыя кошты з экзатычнай садавіной, якая не расце ў нашым клімаце і дастаўляецца з далёкіх краін.
Пачнем мы з гіпермаркета сеткі “Тройка”, якая лічыцца адной з самых дэмакратычных на фоне іншых гігантаў рынку. Гуркоў у цэнтральнай краме сеткі, што месціцца ў ЦУМе не знайшлося наогул, а таматы з Туркменістана заважылі без адной капейкі 9 рублёў за кілаграм.
Як мы пабачым далей, гэта нешта сярэдняе паміж зусім бесцырымоннымі рашэннямі і – сапраўднымі дыскаўнтэрамі. Дарэчы, у той жа “Тройцы” гранаты каштавалі 6,59, бананы 4,99 а грэйпфруты 4,38.
“Суседзі” ў “Атрыўме” прадвалі толькі адзін гатунак таматаў, расфасаваны па 250 грамаў мараканскі чэры за касмічную цану 24,80 за кілаграм. Гэта абсалютны рэкорд сённяшняга назірання. А вось гуркі тут жа – 12,72 побач з манга за 8,99 (на загалоўным фота). Па гурках – таксама блізка да космасу. Звярніце ўвагу, што на цэнніку да таматаў, на фота ніжэй, кошт 6,20 выстаўлены за 250 грамаў, а за кілаграм сума ўказаная ў самым нізе. Пры гэтым какос – 7,27, кумкват 19,99, пасіфлора 16,99.
“Александрыйскае” таматы прапаноўвала за сярэдне-высокі кошт 9,55, а вось “Грошык” апраўдаў сваё пазіцыянаванне ў сектары самых дэмакратычных гіпермаркетаў, дэманструючы два гатункі памідораў і самы нізкі кошт на тамат – 7,49. Агуркі тут 9,29, але гэта не рэкорд таннасці.
Дасягненне “Грошыка” па кошце на памідоры паўтарыла нядаўна адкрытая на базе “Перакросткаў” сетка “Впрок”, таксама выставіўшы кошт у 7,49. І менавіта ў “Впрок” мы сустрэлі самыя танныя гуркі ў горадзе – сустракайце, 6,47.
Ну, і для паўнаты агляду. Агуркі ў “Радыусе” на Астроўскага – 7,86. У “Грыне” – астранамічныя 14,29 за кілаграм агуркоў (рэкорд, нават авакада тут танней – 12,99), а памідоры па 9,20.
9,99 – і за агуркі, і за памідоры ў прадуктовым “Плюс” каля кінатэатра “Радзіма”, у яшчэ адным дыскаўнтэры, “Копеечка” таматы прадавалі за 7,99 а гуркі за 7,55.
Такім чынам, мы не знайшлі ніводнай крамы, абышоўшы ў агульнай суме амаль дзясятак, дзе гуркі альбо памідоры каштавалі б танней за такі экзатычны прадукт, як манга – 5,49 у “Грошыку”.
Фантастычны ўзлёт коштаў на гэтыя два тавары за апошнія дні – гуркі і памідоры – выглядае здзекам над той папулісцкай рыторыкай пра замарожванне цэн, якая ўжо не адзін месяц грыміць па ўсіх дзяржаўных каналах інфармацыі.
Пачаўся доўгачаканы рамонт дарожкі, якая праз парк вядзе ад вуліцы Крупскай да школы № 40 і прыйшла ў заняпад ад няправільнай эксплуатацыі. Шматпакутны парк унутры мікрараёна Саломенка горада Магілёва мясцовыя ўлады ніяк не могуць прывесці ў парадак, хаця мясцовыя дэпутаты абяцалі гэта перад кожнымі выбарамі пачынаючы з канца 1990-х гадоў.
Парк утварыўся ў выніку забудовы шматпавярховымі будынкамі тэрыторыі вакол хваёвых лесапасадак у канцы 1970 – 1980-х гадоў. Тады ж яшчэ савецкай вялікай пліткай ад магістральнай вуліцы Крупскай праклалі дарожку да школы нумар 40.
З таго часу дарожка з трох плітачных нітак паціху занепадала, яле якасць савецкага бетону аказалася такой трывалай, што да апошніх гадоў заставалася здавальняючай. І раптам у апошнія гады дарожка рэальна ўспучылася, стала паўкруглай, пліткі пачалі распаўзацца ў бакі.
Прычына аказалася банальнай – тэрыторыю лесапасадак некалькі гадоў таму перадалі зелянгасу. Калі раней тэрыторыю вакол яе чысцілі навучэнцы і работнікі школ, то цяпер – так званыя “зялёныя” – зелянгасаўцы. А яны пачалі прымяняць цяжкую тэхніку, якая націскаючы на крайнія пліткі зрабіла з плоскай дарожкі паўкруглую. Хадзіць па дарожцы стала непрыемна і нават небяспечна. Жыхары пачалі скардзіцца.
І вось цяпер зелянгасаўцы выпраўляюць свае ўласныя памылкі пры эксплуатацыі пешаходнай дарожцы. Кладуць яны праўда нанава тую самую савецкую плітку толькі не ў тры, а ў два рады.
Але калі і далей прымяняць цяжкую беларускую спецтэхніку, то адрамантаваная дарожка можа зноў сапсавацца. А мініатурных заходніх машын у нашых дзяржаўных камунальных прадпрыемстваў папросту няма.