Не стала Марыны Несцярук, вядомай магілёўскай мастачкі

Не стала Марыны Несцярук, вядомай магілёўскай мастачкі

Марына Уладзіміраўна Несцярук працавала мастаком Музея гісторыі Магілёва, была сябрам Саюза мастакоў Беларусі, аўтарам шматлікіх мастацкіх выставаў. Апошняя яе выстава “Клумбавосень” адкрылася ў Выставачнай зале Магілёва ў лістападзе мінулага года.

Марына Несцярук – аўтар габеленаў, якімі ўпрыгожаная ратуша Магілёва, жыццярадасных і натхняльных мастацкіх палоцен, што шмат разоў былі прадстаўленыя на найлепшых выставах у Магілёве і ў Беларусі. Яна таксама вылучалася выбітным пачуццём выставачнай экспазіцыі – калегі і прафесіяналы вылучалі яе ў лік адной з лепшых у краіне па мастацтве стварэння выстаў. Несцярук раней узначальвала магілёўскае аддзяленне Саюза мастакоў Беларусі. 

Габелен Марыны Несцярук “Анёл з сэрцам Хрыста і гербам Магілёва” паводле малюнка невядомага мастака XVII ст. у ратушы

Марыны Уладзіміраўны не стала 15 лютага, пасля працяглай хваробы сэрца. Муж мастачкі – таксама вядомы магілёўскі мастак Юрый Несцярук, мастацтвам займаецца таксама і сын Леанід – адзін з музыкаў знакамітага гурта “Nizkiz”.

Рэдакцыя mogilev.media далучаецца да спачуванняў родным і блізкім Марыны Несцярук.