Развітанне з Марынай Несцярук пройдзе сёння – удакладненне

Сёння адбудзецца развітанне з вядомай магілёўскай мастачкай Марынай Несцярук, пра заўчасную смерць якой пісалі mogilev.media. Цырымонія пройдзе з 10.30 да 13.30 ў рытуальным зале на вуліцы Чавуская шаша, 2 (раён завода Кірава).

У 10.30 ад плошчы Славы, ад дома №2 па вуліцы Першамайскай да рытуальнай залы будуць адпраўляцца два аўтобусы для ўсіх, хто захоча прыняць удзел у цырымоніі.

Не стала Марыны Несцярук, вядомай магілёўскай мастачкі

Марына Уладзіміраўна Несцярук працавала мастаком Музея гісторыі Магілёва, была сябрам Саюза мастакоў Беларусі, аўтарам шматлікіх мастацкіх выставаў. Апошняя яе выстава “Клумбавосень” адкрылася ў Выставачнай зале Магілёва ў лістападзе мінулага года.

Марына Несцярук – аўтар габеленаў, якімі ўпрыгожаная ратуша Магілёва, жыццярадасных і натхняльных мастацкіх палоцен, што шмат разоў былі прадстаўленыя на найлепшых выставах у Магілёве і ў Беларусі. Яна таксама вылучалася выбітным пачуццём выставачнай экспазіцыі – калегі і прафесіяналы вылучалі яе ў лік адной з лепшых у краіне па мастацтве стварэння выстаў. Несцярук раней узначальвала магілёўскае аддзяленне Саюза мастакоў Беларусі. 

Габелен Марыны Несцярук “Анёл з сэрцам Хрыста і гербам Магілёва” паводле малюнка невядомага мастака XVII ст. у ратушы

Марыны Уладзіміраўны не стала 15 лютага, пасля працяглай хваробы сэрца. Муж мастачкі – таксама вядомы магілёўскі мастак Юрый Несцярук, мастацтвам займаецца таксама і сын Леанід – адзін з музыкаў знакамітага гурта “Nizkiz”.

Рэдакцыя mogilev.media далучаецца да спачуванняў родным і блізкім Марыны Несцярук.